Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 16. Правапіс дзеясловаў § 17. Правапіс прыслоўяў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 17. Правапіс прыслоўяў.

Правіла 39. Большасьць прыслоўяў — гэта акасьцянелыя формы зьменных часьцін мовы. Яны служаць у сказе акалічнасьцямі і звычайна пішуцца зьлітна з рознымі дапаможнымі словамі, напр.: зранку, змалку, зьнячэйку, знадворку, здалёк, патроху, патрошкі, памалу, паціху, пабеларуску, палатыні, пазаўчора, пазалетась, удаўжкі, ушыркі, паасобку, неўзабаве, спадыспаду, надарэмна, наўцёкі, аможа, нікуды, некалісь, няма, зраньня, аберуч, ніколі, некалі, нідзе і т. далей.

Але часам трудна адрозьніць прыслоўя ад назоўніка (акалічнасьці ад дапаўненьня), і калі яно стаіць з прыназоўнікам, то мы ня пэўны, як іх пісаць — зьлітна ці асобна.

Гэта бывае ў тых разох, калі слова можа быць і дапаўненьнем, і акалічнасьцю, напр.: перапалохацца на сьмерць — убраньне на сьмерць, вучыць на памяць — браць сабе на памяць, на што дарма траціцца — на што паставіць лямпу, прыехаць да дому, вярнуцца да хаты, гаварыць да рэчы і так далей.

Дзеля таго, што ў мове йснуюць падобныя нявыразныя звароты, то ў правапісе прыслоўяў трэба кіравацца наступнымі увагамі:

1) Прыслоўі, вытвараныя з іменьнікаў, лічэбнікаў, займеньнікаў і прыметнікаў, з прыназоўнікамі можна пісаць і зьлітна, і асобна, напр.: збоку — з боку, насустрэчу — на сустрэчу, уніз — у ніз, уверх — у верх, зьнізу — з нізу, увосень — у восень, увесну — у весну, утрох — у трох, ушасьцёх — у шасьцёх, панашаму — па нашаму, спачатку — з пачатку, наадварот — на адварот і так далей.

2) Зьлітна з прыназоўнікамі пішуцца тыя словы, што без прыназоўніка ня ўжываюцца або ўжываюцца вельмі рэдка, напр.: здалёк, спавагу, панямецку, памаленьку, насустрэч, бясконца, павоўчы, наўцекі, навыперадкі, удаўжкі, ушыркі, напавер, наўздагон, улетку, узімку, напярод, навотлех, паасобку, напрыклад і шмат іншых.

Увага. Цьвёрда ўстанавіць правапіс такіх зваротаў у мове можна было-б толькі ў тым выпадку, калі-б усе прыназоўнікі пісаць зьлітна з назоўнікамі, як мы пішам іх зьлітна з дзеясловамі. Агулам-жа сказаць, зьлітнае ці асобнае пісьмо такіх прыслоўных зваротаў шмат залежыць ад таго, як часта ўжываюцца іншыя склоны такога слова. Поводле гэтага, напрыклад, словы „ўлетку“, „узімку“, „напрыклад“ лепш напісаць зьлітна, а словы „ў восень“, „у зіму“, наадварот — асобна, бо першыя рэдка або зусім ня ўжываюцца асобна ад прыназаўнікаў („летка“), а другія сустракаюцца ў іншых формах заўсёды.

3) Прыслоўі з прыназоўнікамі заўсёды пішуцца зьлітна, бо прыслоўе, як нязьменнае слова, ня можа мець пры сабе асобнага прыназоўніка, напр.: пазаўчора, пазаўтра, пазалетась, назаўсёды, напотым, надарэмна, зьнячэўку, нанава, завідна, вобмаль, помаль і іншыя, а таксама: неўзабаве, неахоцьцю (неахоцьцю пашоў на работу), аможа, таквеля, малавеля, таксама, калі, таксама, калі „таксама“ не выражае параўнаньня.

4) Трэба заўважыць правапіс прыслоўных зваротаў з націскам на прыназоўніку: поначы, подню, нанач, сосну, сосьмеху, насьмехі (падняць на сьмехі) вобземлю, подчас, замуж, зараз, (за раз забраць), потым, раз-по-раз[1], перш-на-перш, гады-ў-рады, калі-ні-калі, як-ні-як, дзе-ні-дзе, ледзьвя-ні-ледзьвя, ледзь-ледзь, чуць-чуць, больш-меньш, абы-дзе, абы-як.

5) Правапіс канцавых гукаў у прыслоўях найчасьцей залежыць ад таго, як гэтыя прыслоўі вытвараны, г. зн., якую форму ад якой часьціны мовы яны становяць. Такім парадкам:

а) я ў канцы знаходзім ў тых прыслоўях, што становяць сабою формы даўнейшых дзеяслоўных прыслоўяў цяперашняга часу, напр.: наўмысьля, адумысьля, загадзя, ледзьвя, як хаця, пасьля або проша, а таксама ў прыслоўях: сёньня (сёдня, сягодня) і — сёньні, зраньня і інш., бо гэта формы роднага склону йменьнікаў, як сёлета.

б) Прыслоўі, што канчаюцца на „на“, часам ужываюцца з „не“, напр.: пэўна—пэўне, слушна—слушне, сільна—сільне, нудосна—нудосьне, надарэмна—надарэмне, зграбна—зграбне, наўмысна—умысьне, а таксама тымчасове (тымчасова, тымчасам), годзе—годзі, дзе е ў канцы паказвае на форму меснага склону йменьніка, як балазе (=добра; „балазей“ форма параўнальнай ступені ад „балагі“=добры, як лепей ці ляпей).

в) Прыслоўі з неазначальнай часткаю „ці“: дзесьці, калісьці, некалісьці.

Практыкаваньне 52. Сьпісаць і падчыркнуць набратыя курсывам словы.

Сонца зранку жарам пыша; ветрык лісьце чуць калыша, вее чуць паўз верх зямлі (Я. Кол.). Што ўвесну ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп. Гэта зроблена наўмысьля. Ішлі мы памаленьку, вобмацкам, каб напацёмку (попацемку) на што не наткнуцца. Абы-як прышло — лёгка й з рук сышло. Увесну (у весну) кораб вады, да коўш гразі, а ў восень коўш вады, да кораб гразі. Дзе недагляд, там заўсёды наклад. Грозен рак, да з заду вочы. Папаў, як у нерат: ні ў зад, ні ў перад. Ні адтуль, ні адсюль. Не сядзі бокам: тут табе не нарокам. Сеў уперак: ні назад, ні наперад. Ляціць конь заморскі, іржэ папольскі (камар). Шатавіла-матавіла панямецку гаварыла (ластаўка). Ветрык ледзь-ледзь набяжыць. Пусты улетку нашы сёлы. У восень уся прырода пачынае заміраць. Падарожныя ад утомы ледзь перастаўлялі ногі. Ад кургана да кургана, ад гаю да гаю ў пяць нітак лягла цьмяна дарожка крывая. Усьлед (у сьлед) думкам неспакойна вецер падпявае. Апалае ў восень лісьце пойдзе расьлінам на карысьць. Усе пералётныя птушкі пакідаюць нас назіму ды ляцяць у вырай; застаюцца зімаваць толькі галкі, вароны, вераб’і, сарокі, цецярукі ды яшчэ некаторыя птушкі. Страхі найчасьцей здараюцца ў ночы (уночы). У ночы чалавек кепска бачыць, і тады баязьлівы чалавек самую пустую рэч прымае за няма ведама што. Баба перапалохалася на сьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы. У канцы зашла гутарка пра розныя здарэньні. Ой памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрца не ўражай! Гэта ўжо занадта! Памажы мне, галубка, ячмень зьвязаць! — Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца! Наша ластавачка, напрыклад, лятучы ў вырай, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Воўк увелькі з сабаку. Ажно падышлі нарэсьце тыя самыя людзі. Каля самога берагу, у вадзе, чуць-чуць шарасьцеў чарот. Сьпераду ляцяць самыя дужыя птушкі — правадыры. На чужыне птушкі жывуць усе разам: і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі, а навокала — драбяза: валасянкі, падманкі, беражанкі й жаваранкі. Дзе-ні-дзе садок зялёны. Памалу далей станеш. Часам я ў ночы (уночы) сны дзіўныя бачу. Жаданы час нарэшце настаў. Заўтра рана, яшчэ досьвіту, пойдуць яны ў дарогу. Навет (нават) свойскія качкі й гусі пачуваюць час выраю. І ўспомнілася мне казка, каторую даўно-даўно, у часы шчасьлівага дзяцінства расказвала мне нябожчыца баба. А вясна тым часам рабіла сваё дзела. Перш-на-перш, мы суседзі. Сонца ў дзень распускае там косы свае, ночкай зоры глядзяць залатыя. Праца марудна бясконца цяжка! Не аб шумна-разгульнай бяседзе-разгульлі, не аб славе забытага краю гэту песьню сягоньня складаю (Я. Куп.). Хоць раз да наўскач. Усяго патрошку. Да дому было тры вярсты. Мы прышлі да дому (дадому—дамоў) раніцай. Сьпераду (з пераду) грэе, а ззаду (з заду) вецер вее. Шатавіла-матавіла панямецку гаварыла, патурэцку заварочвала; сьпераду шыльца-вільца, спадыспаду (з падыспаду) палатно, а зьверху (з верху) аксаміт (ластаўка). Так-сяк, накасяк (на касяк), абы не палюдзку. Свой свайму паняволі брат. Па няволі ня плачуць. Аднаму годзі (годзе) а другому глодзі (глодзе). На яду мастак, а на работу сяк-так. Па верх дзярэўю ходзіць. Поўна, роўна, к верху дном. Галоднаму воўку і заветра по-нутру. Затым (за тым) сьляпы плача, што сьцежкі ня бача. За тым домам расьце дуб. Пад’еў ды на-бак. І адсюль баляча, і адтуль гарача. Змоладу прарэшына, а пад старасьць дзірка. Любага гасьця ўлетку частуюць мядком, а ў восень (увосень) — малачком. Датуль збан воду носіць, покі вушка цэла. Здалёка бачыць тваё вока. Знасілу ніхто ня служыць. У яго і ўзімку лёду не дастанеш. У ніз (уніз) пашоў. Ня войтава дачка, а да рэчы (дарэчы) гаворыць. Упоперак стала. Калісьці было, да быльлём зарасло. Ні калі то было, ні калі то будзе. Наўрад, каб хлеба стала да каляд. Пакуль на гумне цэп, патуль на стале хлеб. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! Сваю будову мурашкі пачынаюць з нізу. Хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля? Гэта — мурашнік. Мурашкі працуюць у дзень бесьперастанку.


  1. Усё гэта прыслоўі-акалічнасьці, бо ў беларускай мове дапаўненьне ніколі ня мае націску на прыназоўніку.