Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/16
← § 15. Правапіс займеньнікаў | § 15. Правапіс дзеясловаў Падручнік Аўтар: Язэп Лёсік 1925 год |
§ 17. Правапіс прыслоўяў → |
§ 16. Правапіс дзеясловаў.
Правіла 33. Галосныя ў канчатку дзеясловаў І-га і ІІ-га спражэньня абвяшчальнага ладу.
Калі націск прыходзіцца на канчатак, то галосныя, будучы пад націскам, чуваць ясна і заўсёды аднолькава:
І-е спражэньне: няс—у, няс—еш, няс—е, няс—ём, нес—яце, няс—уць; бяр—у, бяр—эш, бяр—э, бяр—ом, бяр—аце, бяр—уць.
ІІ-е спражэньне: сядж—у, сядз—іш, сядз—іць, сядз—ім, сядз—іце, сядз—яць; маўч—у, маўч—ыш, маўч—ыць, маўч-—ым, маўч—ыце, маўч—аць.
Тут трэба заўважыць толькі тое, што калі націск на канцы, то ў 2-й асобе множнага ліку ў дзеясловах І-га спражэньня пішацца ў канчатку я або а (нес—яце, бер—аце), як у першым складзе перад націскам.
Калі-ж націск не на канцы, то ў І-м спражэньні маем е (пасьля зяцьвярдзелых — а), а ў ІІ-м — і або ы: дума—еце, каж—аце; нос—іце, гавор—ыце і т. д.
Калі націск прыходзіцца на канчатак, то адразу відаць, якое спражэньне: ідзеш, сядзіш, арэш, маўчыш і т. д. Тут ясна, што пісаць.
Але калі націск не прыпадае на канчатак, то трэба глядзець, што стаіць у канчатку неазначальнай формы. Калі стаіць і або ы, то гэта дзеясловы ІІ-га спражэньня[1], і ўсюды трэба пісаць і або ы, а ў З-яй асобе множнага ліку — я або а: маліць—моліш, моліць, молім, моліце, моляць; варыць—варыш, варыць, варым, варыце, вараць. У праціўным разе гэта дзеяслоў І-га спражэньня, і ўсюды трэба пісаць е (пасьля зацьвярдзеўшага — а, а ў 3-яй асобе множнага ліку юць або уць: ведаць—ведаеш, ведае, ведаем, ведаеце, ведаюць; казаць—кажаш, кажа, кажам, кажаце, кажуць і т. д.).
2) Дзеяслоўныя прыметы і прыслоўі выводзяцца ад 3-яе асобы множнага ліку, дзеля чаго ў І-м спражэньні канчаюцца на учы, ючы, а ў другім — на ачы, ячы: яны кажуць, мыюць—кажучы, мыючы; яны гавораць, стаяць—гаворачы, стоячы.
Практыкаваньне 49. Галоднаму асьцюкі ня колюцца. Гавораць, гамоняць, а ня ведаюць, дзе звоняць. І кормяць, і пояць, і вочы колюць. Глухі не дачуе, дык прыложыць. Вымету разком — вывезу вазком. Далей паложыш — бліжай возьмеш. Прочкі ходзяць без сарочкі. Калі не нажнём, то й не назьбіраем. Не ўрадзіў мак — перабудзем і так. Калі не намалоцім, то й не накалоцім. Тады пабачым, як заплачам. Гаворыце, гамоніце, а ня ведаеце, дзе звоняць. Што пасееце, то й сажняце. Калі гаспадар у карчме скача, то гаспадарка ў дварэ плача. Маеш статак, мусіш мець і ўпадак. Многа ложыш, да мала можаш. Ня там траціш, дзе купляеш, а там, дзе прадаеш. Праворны ўсюды пасьпее. Нуда бядзе не паможа. Каяньне позна ходзіць. Гоенае раны ня трэба дражніць. На чужы лоб шыбаючы, трэба й свой падставіць. Ой пайду я гукаючы, свае долі шукаючы. Каля вады ходзячы абмочышся. Пасеяўшы на ўсходу, не чакай харошага плоду. Сьліны не падымеш, а слова ня вернеш. Ходзіць ціхенька, а думае ліхенька. Што там дзеецца — і бяжыць і грэецца? Браць — бераце, а не аддаяце.
Практыкаваньне 50. Сьпісаць і дзеясловы падчыркнуць.
Летняя ноч.
Ціха на землю спушчаецца ноч. Усё заціхае. Птушкі перасталі сьпяваць і дрэмлюць на сваіх седалах. Край неба, дзе зашло сонца, блішчыць шырокаю чырвонаю стужкаю. Тонкія лёгкія хмаркі ахварбаваліся ў залаты цьвет. Белаватаю пялёнкаю ўздымаецца туман над лугамі. Цемната ўсё гусьцее й гусьцее ды закрывае ад вачэй і поле, і лес. Узышла ўжо першая зорка. Кажаны вылецелі з сваіх месц, дзе яны сядзелі ўвесь дзень. На балоце закракталі жабы. За лесам ясьнее: гэта круглы месяц запаліў ліхтарык і сьвеціць над чорнаю зямлёю. Вёска заціхае. Тухнуць агні. Адзін толькі месяц і зоркі цараць над сонным сьветам.
ЗАДАЧКА 32-ая. Сьпісаць і паставіць прапушчаныя літары е або а.
Сабака бега+, а птушка лята+. Рыба плава+, а вуж поўза+. Пісар піш+, а касец косіць. Кравец шы+, а каваль ку+. Журавель ляціць, а жаба скач+. Ластаўка лепіць гняздо, а верабей ў+. Узіму вада замярза+, а ўлетку раста+. Дзе араты плач+, там жняя скач+. Хто ўлетку халадку шука+, той узімку галада+. Хто дба+, той і ма+. Дом буду+цца цесьлямі. Цемната ўсё гусьце+ й гусьце+. Неба ясьне+. Прыгрэ+ сонца, і сьнег растан+. Дожджык пакропіць, сонца прыгрэ+ — цьвіце вярбіна, рунь зеляне+. Улетку сонца падыма+цца высака і сьвеціць доўга. Чым даўжэй сьвеціць сонца, тым болей яно награва+ зямлю. Чу+цца ў Нёмнавай гутарцы жаль. Дожджык се+ беспрастанку. Цяжка працу+ чалавек на полі і ў гародзе. Знойдз+цца кожнаму праца. Сядзіць паня ў чырвоным жупане; хто жупан здыма+, той сьлёзы раня+ (цыбуля). Сьпераду грэ+, а ззаду ве+. Рыечка ры+, а скачка шчабеч+ (сьвіньня і сарока). Шчука сун+ — лес павяне, на тым месцы цэркаў стан+ (каса).
Правіла 34 (паўторнае). Дзеясловы першага спражэньня ў 3-й асобе множнага ліку цяперашняга й будучага часу маюць канчаткі уць—юць (ідуць, пішуць, капаюць), а дзеясловы другога спражэньня — аць—яць (крычаць, гавораць, гамоняць).
- Увага. Калі націск прыходзіцца на канчатак, то адразу відаць, якое спражэньне (ідуць, п’юць — I-е спражэньне, крычаць, сядзяць — II-е спражэньне).
- Калі націск ня прыходзіцца на канчатак, то трэба глядзець, што стаіць у канчатку неазначальнае формы. Калі стаіць і або ы, то гэта дзеяслоў II-га спражэньня (прасіць, дарыць). У праціўным разе гэта дзеяслоў I-га спражэньня (казаць, ведаць).
- У дзеясловах — кры-ць, мы-ць, ві-ць, шы-ць, ры-ць, — ы адносіцца да кораня; гэта дзеясловы I-га спражэньня.
ЗАДАЧКА 33-яя: Заместа крыжыкаў паставіць у—ю або а—я.
Перад невадам рыбы ня лов+ць. Галоднаму асьцюкі ня кол+цца. Лепей сьмяяцца, як плак+ць. За пастой ня плац+ць, а дорага бяруць. Здраду прыма+ць, а здрадніка веша+ць. З песьні слова не выкіда+ць. І корм+ць, і пояць, і вочы кол+ць. І смал+ць, і агнём пал+ць. Клін клінам выганя+ць. Калі паны ліку+ць, тады мужыкі гаруюць. Лета на зіму, а зіма на вясну працу+ць. Ня ўсе птушкі лята+ць. Не тады сабак корм+ць, як на ўловы ехаць. Паны балю+ць, а наш брат гаруе. Пра адны дрожджы не гавор+ць трожды. Прочкі ходз+ць без сарочкі. Саломеным валом не араць, а сенным канём не ваяв+ць. З незабітага ліса шубы ня шы+ць.
Правіла 35 (паўторнае). 1) Дзеясловы першага спражэньня ў 2-ой асобе адзіночн. ліку цяперашняга й будучага часу маюць канчатак еш (пасьля зацьвярдзелага зычнага — аш), а другога спражэньня — іш, ыш (ты чытаеш, кажаш, ты ходзіш, гаворыш).
2) Дзеясловы першага спражэньня ў 3-й асобе адзіночнага ліку цяперашняга й будучага часу маюць канчаткі е (ць), а (ць), а другога спражэньня — іць, ыць (ён думае, кажа; ён паліць, гаворыць).
ЗАДАЧКА 34-ая. Сьпісаць і заместа крыжыкаў паставіць, дзе трэба, літары е, а, і, ці ы.
Вым+ту разком — выв+зу вазком. Гвалтам возьм+ш, але даць — не дасі. Глухі не дачу+, дык прылож+ць. Дай на тры дні, а возьм+ш злыдні. Далей палож+ш — бліжай возьм+ш. Далей паедз+ш — скарэй у дварэ будзеш. Думаю горад+ ня возьм+ш. Дурань не дабачу+ць, а разумны прабач+ць. Душа мая крывая — усё прыма+. Душа меру зна+. Заглян+ сонца і ў наша аконца. Затым сьляпы плач+, што сьцежкі ня бач+ць. Шылам патакі ня хвац+ш. Зямелька, матка наша, і корм+ць, і по+ць, і адзява+ нас. Зямля ні тон+, ні гарыць. Зьзя+, зьзя+ дый блісьн+. Золата і ў краме дастан+ш, а свайго розуму нікому ня прыстав+ш. З малое іскры быва+ часам вялікі пажар. І курыцаю запя+, калі за жывое каго забярэ. Цыган, як гале+, дык сьмяле+. Кінь хлеб-соль ззаду — знойдз+ш наперадзе.
Правіла 36 (паўторнае). 1) Дзеясловы першага спражэньня ў 1-й асобе множнага ліку цяперашняга й будучага часу маюць канчатак ем (пасьля зацьвярдзелага зычнага — ам): мы думаем, кажам, а дзеясловы другога спражэньня — ім, ым: палім, гаворым.
2) Дзеясловы першага спражэньня ў 2-й асобе множнага ліку цяперашняга й будучага часу маюць канчатак еце (пасьля зацьвярдзелага зычнага — аце), а другога спражэньня — іце, ыце: вы думаеце, кажаце; вы паліце, гаворыце; вы пасееце, скажаце; вы спаліце, зварыце.
3) Але калі націск прыходзіцца на канец, то ў 2-й асобе множнага ліку дзеясловы І-га спражэньня маюць у канчатку я—а: несяцё, берацё, а 2-га — і—ы: сядзіцё, крычыцё.
- Увага. Калі націск на канчатку, то ў дзеясловах 2-га спражэньня ў форме 1-ае асобы множнага ліку, побач з формамі на ім—ым, могуць ужывацца формы на ём—ом, як у 1-м спражэньні: стаім, сядзім, маўчым, крычым і — стаём, сядзём (сяджом), маўчом, крычом і т. д.
ЗАДАЧКА 35-ая. Сьпісаць і заместа крыжыкаў паставіць патрэбныя літары: а, я, і, ы.
Два вякі жыць ня будз+м. Зна+мся дома — знаймася і ў людзях. Калі не нажн+м, то й не назьбіра+м. Калі не намалоц+м, то й не накалоц+м. Не ўрадзіў мак — перабудз+м і так. Пераначу+м — болей пачу+м. Прышло махам — і пойдз+ прахам. Праглынутага ня выплюн+ш, а выплюнутага не падым+ш. Тады пабач+м, як заплач+м. Сядз+м на калодзе, пагаворхм а прыгодзе. Гавор+це, гамоніце, а ня веда+це, дзе звон+ць. Што пасе+це, то й сажн+цё. Што вы нес+цё? Мы няс+м жыта на продаж. Калі гаспадар у карчме скач+, то гаспадарка ў дварэ плач+. Калі ма+ш грошы, ня будз+ш хадзіць босы. Калі матка сына балу+, пятлю яму гату+. Тады хіба перастане, калі ўся сарока бела стан+. Ласка — не каляска: сеўшы не паедз+ш. Ма+ш статак — мусіш мець і ўпадак. Матка — не граматка: за злотку ня куп+ш.
Правіла 37. 1) Дзеясловы з зваротным займеньнікам ся.
Некаторыя дзеясловы зрастаюцца з зваротным займеньнікам ся: мыюся, сьмяюся; мыешся, чэшашся і так далей. Пры спражэньні займеньнік дадаецца да дзеяслова: чашуся, чэшашся; мыемся, мыецеся і т. д. Толькі ў З-яй асобе адзіночн. і множн. ліку і ў неазнач. форме канчатак цься зьліваецца ў цца (ён мыецца, яны мыюцца, мыцца заместа — ён мыецься, яны мыюцься, мыцься).
Але калі перад ца стаіць зычны, то пішацца адно ц (здасца, ад’есца).
2) Формы загаднага ладу.
а) Калі дзеяслоў загаднага ладу ў 2-ой асобе адзіночн. ліку мае на канцы ь (будзь, кінь, пасунься), то ь застаецца і ў 1-ай і ў 2-ой асобе множнага ліку (будзьма, кіньма, пасуньмася; будзьце, кіньце, пасуньцеся). У праціўным разе ь ніколі ня пішацца (рэжце, не саромся).
б) Калі дзеяслоў загаднага ладу ў 2-ой асобе адзіночнага ліку канчаецца на і ці ы, то ў 1-ай ці 2-ой асобе множнага ліку і звьмяняецца на е, а ы —на э (ідзі—ідзем, ідзеце; бяры—бярэм, бярэце; нясі—нясем, нясеце).
Практыкаваньне 51. Ня ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. За мухай не наганяешся з абухам. Калі станеш трэсца, то й хлеб лепей есца. Калі вядзецца, то й на шчэпку прадзецца. З роспачы і ў агонь кінешся. Ня хочацца, дык і няможацца. Калі топішся, то й за брытву хопішся. Язык Кіева дапытаецца. З кім пазнаешся, такім сам станешся. Не баішся ківа, пабаішся кія. Ня трацьце марна часу!
Ня верце, а прымерце. Падступецеся бліжэй, пакланецеся ніжэй. Хто ня ўмее, той заўсёды мыляецца. І на мулкім высьпішся, калі спаць хочацца. Проці вады ня сплывешся. Пытаючыся, дапытаешся. Не кажэце, шэры гусі, што я тут гарую, а скажэце, шэры гусі, што я тут паную. Пазычаны хлеб еж ды аглядайся. Кіньце стрэльбу й вуду, і я ў вас буду. Што сабе ня міла, таго й другому ня зычце. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Ехаўшы бачком, ні з кім не зачэпішся. Век жывеш, век вучышся. Вярнецеся, млоды леты, хоць да мяне ў госьці! Што ў лесе родзіцца — у дварэ згодзіцца. Адважна, брацьця, наперад ідзеце цьвёрдай і правай ступою, кожнаму ў вочы сьмела глядзеце, праўду нясеце з сабою!
Правіла 38 (паўторнае). 1) Калі дзеяслоў загаднага ладу ў 2-й асобе адзіночнага ліку мае на канцы ь (будзь, кінь, пасунься), то ь астаецца і ў 1-й і 2-й асобе множнага ліку (будзьма, кіньма, пасуньмася; будзьце, кіньце, пасуньцеся). У праціўным разе ь ніколі ня пішацца (рэжце, не саромся).
2) Калі загадны лад у 2-й асобе адзіночнага ліку канчаецца на і, ы, то ў 1-ай і 2-ой асобе множнага ліку і пераходзіць у е, а ы ў э (ідзі—ідзем, ідзеце; бяры—бярэм, бярэце).
ЗАДАЧКА 36-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літары: ь, е, э.
Ня трац+це марна часу! П+це, да часу ня трэце. Плачце вочы, хоць павылаз+це: бачылі, што куплялі! Пі горкае, еж кіслае: і памрэш — ня згніеш. П+це горкае, еж+це кіслае: і памр+цё — не згні+цё. Падступ+ц+ся бліжэй — паклан+ц+ся ніжэй! Пазычаны хлеб еж ды аглядайся. Кін+це стрэльбу й вуду, і я ў вас буду. Прысядз+ — госьць будзеш! Цёсачка, цёсачка, а потым — стой, воўк цябе рэж! Што сабе ня міла, таго й другому ня зыч+це. Сядз+ма мы паабедайма, паабедаўшы пагавор+ма! (п.). Б+це, б+це біты камень, агню даставайце, маладую застрыгайце! (п.). Не каж+це, шэры гусі, што я тут гарую, а скаж+це, шэры гусі, што я тут паную. (п.).
ЗАДАЧКА 37-ая. Сьпісаць і паставіць цц або ц.
Чуткай душою толькі паслухай — здас+а там гэтакі голас чуваць: „Гэй, ня дзівуйся, мой дружа нядбалы, што я сягоньня так злосна шумлю!“ (Я. Куп.). У весну лес адзене+а, а ў восень ня весьць дзе падзене+а. У мор намру+а, а ў вайну налгу+а. У горы нагаруе+а, а ў дабры накрасуе+а. Конь і на чатырох нагах спатыкае+а. Лістам сьцеле+а. На беднага Макара шышкі валя+а. Адны вочы й плачуць, і сьмяю+а. Ад чужога шалу ў галаве круці+а. Пытае+а люты — ці добра абуты? Рассыпае+а драбней маку. Роўны з роўнага цешы+а. Хто ня ўмее, той заўсёды мыляе+а. Што ў лесе родзі+а, тое ў дварэ згодзі+а. Як гукнеш, так і адгукне+а. У голад і нішчымнае смачна ес+а. Ціха на землю спушчае+а ноч. Чуць-чуць дрогне, праліе+а чырвань на усходзе: гэта неба ўсьміхне+а людзям і прыродзе. (Я. Кол.). Вецер злосна ў хату рве+а, у полі стогнам аддае+а.
- ↑ У дзеясловах — кры—ць, мы—ць, вы—ць, шы—ць, ры—ць ы адносіцца да кораню. Гэта дзеясловы І-га спражэньня: крыеш, крые, крыем, крыеце, крыюць; мыеш, мые, мыем, мыеце, мыюць і так далей.