Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 17. Правапіс прыслоўяў § 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 19. Правапіс складных слоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў.

Правіла 40. 1) Злучнікі пішуцца зьлітна, напр.: абы, або, ажно, ато, навет—нават, аднож, нібыта, нібы, альбо, каб, бытта (быць то), быццам, нашто, зашто, затым, затое, штоб, прынамсі, чымсі (апошнія два з неазначальнаю часткаю „сі“, у займеньніка будзе „ся“: чымся).

Складаныя злучнікі трэба адрозьніваць ад займеньнікаў з прыназоўнікамі або дапаможнікамі, бо займеньнікі пішуцца асобна, напр.: у сказах — „Затым казак гладак, што пад’еў ды на-бак“, „Кося, кося, штоб толькі злавіць удалося“ — словы „затым“, „штоб“ злучнікі і напісаны зьлітна. Але калі скажам: „За тым домам быў вялікі сад“, „Што-б ты даў за гэта?“, то тут, „за тым“, , „што-б“ будуць займеньнікі — першы з прыназоўнікам, „за“, а другі з дапаможнікам, „б“ (бы), дзеля гэтага яны напісаны асобна, толькі, „што-б“ — з злучком, бо:

2) дапаможнікі б—бы, ж—жа, то пішуцца з папярэднім словам з злучком, напр.: добра было-б, каму-б гэта даць; рад-бы, пашоў-бы; а мой-жа ты, суседзька! Ды куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся? Ці-то птушка кінула зярнё, ці-то ветрам занясло яго? Што-то будзе, што-то будзе? і т. далей.

Калі-ж гэтыя дапаможнікі сходзяцца разам, то яны паміж сабою злучком ня зьвязваюцца, напр.: куды-ж бы мне пайсьці? вот быў-бы ж рад! то-то б была радасьць!

Увага. Дапаможнікі „б“, „ж“ стаяць пасьля галосных, а „бы“, „жа“ — пасьля зычных, напр.: які-б, чаму-ж, ён-бы пашоў, дай-жа мне! і т. далей.
3) Дапаможнік „няўжо“ сустракаецца ў форме „няўжо-ж“ і „нёж“, напр.: Пойдзеш ты туды? — Няўжо-ж не (=Нёж не!).

Практыкаваньне 53. Сьпісаць і заўважыць правапіс набраных курсывам слоў.

Ня зыч ліха другому, каб не давялося самому. Ці-то птушка тая кінула зярнё, ці-то заняслося бураю яно? Сам ня ведаю, чым мілы, чым вы сэрцу любы, выхаванцы веку, сілы, маладыя дубы! Чымся мілым, чымся родным ад вас павявае, аж мне сэрца ў сьпеў лагодны ціха ахінае (Я. Кол.). Які-б то быў крук, каб выпусьціў з рук. Чымсі з благім квасам, дык лепей з вадою, абы не з бядою. Хоць з вадою, абы не з бядою. За што купіў, за тое й прадаў. І паху яго штоб ня было тут. Каб-жа то была праўда! Каб воля, знашоў-бы сабе поле. Калі-ж бы я што калі каму якое, а то я ніколі нікому нічога, — дык за што-ж мне тое? Каму за шутку прымаюць, а другому за тое-ж шкуру зьдзіраюць. Касіць-бы касіў, калі-б хто косу насіў. Лепей лычны мір, чымсі раменная справа. Ня тут-то было. Нібыта была жывая вада. Рад-бы даць шага на малебен, да самому патрэбен. Сьвініна-псіна, дрозд-саланіна, да калі-б к гэтаму дразду да кусок сала, то-то б была патрава. Хоць Міхайла, абы-б не папіхайла. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. Што-б было з нашаю чайкай, калі-б мы ехалі ў ёй подчас буры на моры? Вагар стаў-бы пералівацца цераз край, і нам не ўдалося-б вярнуцца пад бераг, асабліва, калі недалёка ад берагу ёсьць падводнае каменьне. Разгарыся, вячэрняя зорка, перад раньняю, разгарыся! Расхадзіся, наша гаспадынька, перад жнейкамі, расхадзіся! Адмыкай-жа высокія церамы залатымі ключмі, адмыкай-жа! Засьцілай-жа тонкімі абрусамі цясовыя сталы, засьцілай-жа! Да вітай-жа першую жнейку-пастацяначку, да вітай-жа! Адтаго мы пагалелі, што соладка пілі й елі. Ад таго месца да места пяць вёрст. Што нам да таго, што ён няўзоркі! А датаго, ён яшчэ ня ў сталых гадох. Тады-то й было, як па вадзе плыло. Ці ўсё-то спажыць, што ў чужой клеці ляжыць! Нашто козамі сена травіць? Нашто ў клець ісьці па муку, калі торба вісіць на круку? У ёй і крупы драныя, і кускі ламавыя. Грошы круглы, адтаго й коткі. Дай свае табакі, ато ад чужое нос баліць (прыказка). Высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў; борзда лятуць яны з поўначы на поўдзень, і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё апошняе разьвітаньне. Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цень! Няма двара, няма хаткі, штоб было бяз жаднай звадкі.