Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 12. Правапіс іменьняў § 13. Правапіс прыметнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 14. Правапіс лічэбнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 13. Правапіс прыметнікаў.

Правіла 40. 1) Прыметнікі мужчынскага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне — які?) маюць канчатак ы або і (добры, малады конь; сіні колер, воўчы зуб).

2) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне — якая?) маюць канчатак ая або яя (добрая сястра, сіняя папера, воўчая лапа).

3) Прыметнікі ніякага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне — якое?) маюць канчатак ае (пад націскам ое) або яе (добрае дзіця, сіняе неба, глухое месца).

4) Прыметнікі множнага ліку ўсіх радоў у назоўным склоне (на пытаньне — якія?) маюць канчатак пры цьвёрдай аснове ыя, а пры мяккай — ія (новыя сталы, новыя кнігі, новыя вокны; сінія калёры, сінія стужкі, сінія нябёсы).

Практыкаваньне 41. Стары верабей на мякіну ня квапіцца. Новае сіта на калку вісіць, а старое пад лавай валяецца. Апошні раз бываю ў вас. Апошняе спатканьне. Чужая хата горай ката. Чужое дабро ня грэе. Жоўтае жытняе поле ціха калосьсем шуміць. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хмурна выглядае стары лес. Узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Раньняя птушачка носік цярэбіць, а позьняя вочкі працірае. Сіняе неба стала яшчэ сінейшае. Чую звон я нудны, рэдкі, невясёлы. Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Добрае ляжыць, а злое бяжыць. Лішняя дабрата — дурата. Перастала грэць яснае сонейка. Насталі кароткія туманныя асеньнія дні. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Па траве лёталі беленькія й чырвоненькія матылёчкі. Воўчая доля расьце скора. Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей. Лішняя нітка — палатну завада. Не апалі яшчэ раньнія росы. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Свае леты маладыя ўспамінаці буду. Старыя дубы стаялі спакойна і важна. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст. На доўгі век, на добрае здароўе. Ласкавае цялятка дзьвюх матак сьсе. Старыя ластаўкі перасталі палохацца людзей.

Практыкаваньне 42. Сьпісаць і прыметнікі падчыркнуць.

Зіма.

Прышла зіма халодная, нягодная зіма. Цярпі, зямелька родная: няма дабра, няма! Прыцьмілась сонца яснае, прыціх шум баравы. На полі пустка страшная — ні збожжа, ні травы. Сьнег белы мёртва сьцелецца пасьцеляй грабавой. Сапе, шуміць мяцеліца, мяце сьнег, як мятлой. Мароз, як кат бязжаласны, у лёд рэчку закаваў, стральбой сваёй праклятаю ўлёт слабых птушак б’е, пры хаце і за хатаю спакою не дае.

(Янка Купала).

Практыкаваньне 43. Спісаць і падчыркнуць канчаткі ія, ыя.

Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Белыя хмаркі па небе плывуць. Мне ўспамінаюцца вобразы мілыя роднага краю, палёў; бедныя вёскі, хаты пахілыя, песьні зялёных гаёў, вузкія стужкі меж залаценькіх, узгорак, курганчык, лясок. Нізка зьвісьлі над зямлёю хмары дажджавыя. Хмурыя ёлкі панура шумяць. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Апошнія словы бацька сказаў да Міхася. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Здалёк відаць былі зялёненькія стужкі лёну. Некаторыя раньнія птушкі павыводзілі дзетак і клапатліва шчабечуць каля гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Не апалі яшчэ раньнія росы. Зоры, як матылёчкі, трапяталі й дрыжэлі ў небе. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Раньнія жаваранкі затрапяталі ў небе крыльцамі. Вясёлыя ды шчасьлівыя йшлі хлопцы дадому. Старыя дубы стаялі спакойна й важна. Глуха шумелі маладыя расьліны. На грудку расьлі прыгожыя чырвоныя красачкі. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст.

Правіла 41. 1) Прыметнікі мужчынскага й ніякага роду адзіночн. ліку ў прыладным і месным склоне маюць канчаткі ымім (новым сталом, новым акном; на новым стале, на новым акне; сінім аксамітам, на сінім аксаміце; сінім небам, на сінім небе).

2) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў родным склоне канчаюцца на аеай, (пад націскам — оеой) і яеяй (добрае або добрай сястры; старое або старой жанчыны; сіняе або сіняй паперы).

3) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне канчаюцца на уююю (бачу: вялікую кнігу, раньнюю зорку).

Практыкаваньне 44. Пустыя адзінокія могілкі прытуліліся на пясчаным узгорку. На шырокім і доўгім панадворку было весела й крыкліва. Люблю я летнюю месячную ноч. У летнюю ноч вячэрняя зара з ранічнай сходзіцца. Многа работы залатому сонейку ў раньнюю вясну. Ляцелі гусі з Беленькае Русі, селі яны, палі на ціхім Дунаі. Па вуліцы пацяклі равочкі каламутнае вады. Цякла крынічка халоднае чыстае вады. Не шчабячы, салавейка, у зялёным гаі, калі родная сямейка сірацее ў краі! Па ласым кусе я й вады нап’юся. Плачуць думкі па вясьне, хочуць лепшай долі. Родную песьню ціха сьпявае сын Беларусі — мужык. Волю далёкую мне ўспамінаюць дні маладыя вясны. У ліпавым кусьце мяцеліца мяце (сіта). Сядзіць пані на мурку ў чырвоным каптурку — хто йдзе, той паклоніцца (суніца). Кукавала зязюлёчка ў зялёным гаі. Кажаны цьвіркаюць тоненькім піскам. У далёкім чыстым небе сьвецяцца зоркі. У цёмным яловым лесе вывела ваўчыха трох ваўчанят. Дзяўчынка прасіла Хлеба для свае хворае мацеры. Ня было толькі сіняе стужкі. Маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні. На шырокім полі расла старая купчастая бярэзіна. Кожная грамада птушак выбірала сабе лепшае, выгаднейшае месца.

Правіла 42. 1) Склонавыя канчаткі прыметнікаў усіх радоў падлягаюць аканьню. Напрыклад: формы роднага й давальнага склону мужчын. і ніякага роду адзіночн. ліку (сіняга, сіняму, як яго, яму); формы роднага, давальнага, прыладнага й меснага склонаў жаночага роду адзіночн. ліку (сіняе(й) вады, сіняй вадзе, сіняю(й) вадою, на сіняй вадзе).

2) Прыметнікі памяншальныя й ласкальныя канчаюцца на енькі, дзе е, як пасьля націску (сіненькі, тоненькі, новенькі, як — маленькі); пасьля зацьвярдзелага зычнага будзе анькі (харошанькі, прыгожанькі).

Практыкаваньне 45. Бачнеліся палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі ды сіненькімі кветачкамі. На раньняй ральліцы родзіць жыта, пшаніца; на позьняй ральліцы родзіць кукаль, мятліца. Раньняй вясною мы выехалі з гораду. Ластаўкі вылепілі харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі. Лішняй капейкі ні ў кога няма. Каля суседняга сяла было вялікае возера. У сіняй далі слаўся туман. Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Сьціхлі песьні зімняй буры. Толькі дзе-ня-дзе жаўцее палоска позьняга аўсу ці ячменю, ды пачарнеўшыя лапінкі грэчкі чакаюць сярпа. З поўначы цёмнае, з сіверу дальняга нудная восень прышла. Пшаніца дае бялюсенькую муку. Відаць былі зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі. Сіненька, маленька — увесь сьвет адзяе (іголка). Перапаўся, бедненькі, як мядзьвежая лапа. Уляцела ластаўка ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка.

Правіла 43. Калі аснова скарочанага прыметніка мужч. роду канчаецца на злучэньне двух зычных, то паміж гэтымі зычнымі зьяўляюцца галосныя а (пад націскам о) або е, дзе ненаціскное е застаецца, як пасьля націску ў аснове, напр.: горкі—горак, кожны—кожан, салодкі—саладок; поўны—повен, годны—годзен, жадны—жадзен, вінны—вінен і т. д.

Практыкаваньне 46. Сьпісаць і скарочаныя прыметнікі з устаўнымі гукамі а (о)—е падчыркнуць.

Грозен, да ня боязен. Мудзер лях па шкодзе. Хоць бяздворан, да ўсюды праворан. Дзякуй за полудзень: я й так ня голадзен. Повен хлявец белых авец (зубы). Жадзен (ніхто) з нас ня пойдзе туды. Ён нам не патрэбен. Сядзіць мой сакол смуцен, не вясёл. Чоран воран, да ня птах, шэсьць ног, да ня зьвер (жук). Урадзіўся канапель тонак, долаг, валакніст. Ня волен стаў яму белы сьвет. Ні думак, ні песень яго ніхто ня зваў і ня чуў ці не хацеў чуць. Удаўся гарох тонак і высок, і на лісьце шырок. Скажу, пан, табе бяз спорак: мне ўжо твой хлеб стаў горак. Славен наш гаспадар, славен над усімі гаспадарамі. Вот цяпер які, люд стаў: хіцер, зол, ня ўдал, лукаў. Хто абадраны і нагі, к таму ніякай увагі, а адзетага багата мае пан за панібрата. Знаюць, ён крутнёй разжыўся; знаюць, сьлёз людзкіх напіўся, да чэсьць ад усіх яму, калі прыдзе ён к каму. А бядняк душой будзь чэсьцен — ён і злодзей, і бясчэсьцен (з старасьвецкага народнага вершу).