Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 11. Правапіс не, ні § 12. Правапіс іменьнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 13. Правапіс прыметнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 12. Правапіс іменьнікаў.

Правіла 29. 1) Калі іменьнік жаночага роду адзіночнага ліку стаіць у назоўным склоне (калі да яго можна дадаць слова мая), то ў мяккім складзе на канцы пішацца я (доля, вішня, лазьня, чарэшня), як зямля.

2) Калі іменьнік ніякага роду адзіночнага ліку стаіць у назоўным склоне (калі да яго можна дадаць слова маё), то ў мяккім складзе на канцы пішацца е (поле, шчасьце, сьнеданьне, чытаньне). Толькі ў такіх словах, як — цемя, вымя, рамя, бярэмя, стрэмя, зерня — на канцы будзе я, як імя, кураня, парася і інш.

3) Але калі йменьнік ніякага роду адзіночнага ліку з мяккім канчаткам стаіць у родным склоне (на пытаньне каго — чаго няма?), то на канцы будзе я (няма чаго? — поля, шчасьця, сьнедання, чытаньня).

Практыкаваньне 31. Каб воля, знашоў-бы сабе поле. Ня разам Вільня збудавалася. Няведаньне ня чыніць граху. Нас запрасілі на вясельле. Лазьня стаяла за гумнамі. Яго доля ў канцы поля. На вуліцу сьмецьця ня выносяць. Наша поле блага родзіць. Пры гасьцінцы стаяла кузьня. На хаценьне ёсьць цярпеньне. Няволя і плача, і скача. Прыглядайцеся да жыцьця белага сьвету! Старая чарэшня ссохла. Не канечне яму яечня. Поле роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Вам незнаёма нядоля людзкая, беднага жыцьця нуда. Ня шукай ты шчасьця-долі на чужым далёкім полі! Змалочанае зерня веюць. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветры. Полымя ахваціла ўвесь будынак. Гаспадыня падала сьнеданьне. Белае поле, чорнае насеньне; хто яго сее, той разумее (пісьмо). Чую прычытаньне, чую плач я нечы. Іван любіў езьдзіць на паляваньне. Гняздо сваё вожык робіць з сухога лісьця. Ускінуў бярэмя на рамя. Вецьце было купчастае. Дарма надзея была. Дурное палажэньне й добраму спакушэньне. Шчасьце цьвіло тут, як макавы цьвет. Круціць вецер сухое лісьце.

Правіла 30 (паўторнае). Калі слова азначае прадмет жаночага роду адзіночнага ліку і да яго можна дадаць слова мая, то ў мяккім складзе на канцы пішацца Я (вішня, лазьня, доля, паня).

Калі слова азначае прадмет ніякага роду адзіночнага ліку і да яго можна дадаць слова маё, то ў мяккім складзе на канцы пішацца Е (поле, сьнеданьне, чытаньне). Толькі ў такіх словах, як — вымя, племя, цемя, імя, семя, рамя, бярэмя, стрэмя і — цяля, парася, зерня, кураня і інш. — на канцы будзе Я.

ЗАДАЧКА 23-яя. Сьпісаць і, замест крыжыкаў, паставіць літару я або е.

Круглае пол+. Каб вол+, знашоў-бы сабе пол+. Няшчасьц+ ў дзецях — няшчасьц+ ў лецех. Лазьн+ стаяла за гумнамі. Нас запрасілі на вясельл+. Пры гасьцінцы стаяла кузьн+. На хаценьн+ ёсьць цярпеньн+. Нявол+ і плача, і скача. Старая чарэшн+ ссохла. Не канечне яму яечн+. Пол+ роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Поўна пун+ авец. Загула малатарн+. Змалочанае зерн+ веюць. Падае сухое лісьц+ з дрэў. Стала пол+ чыстае. Белае поле, чорнае насеньн+; хто яго се+, той разуме+. Чую прычытаньн+, чую плач я нечы. Брат любіў езьдзіць на паляваньн+. Чалавек мае ўяўленьн+ й сумленьн+. Сьмецьц+ выносяць на сьметнік. Вецьц+ было купчастае. Студн+ была на панадворку. Не караньн+, а сваё дураваньне. Нядзел+ — сёмы дзень у тыдні. Гаспадын+ падала сьнеданьн+. Полым+ ахваціла ўвесь будынак. Ускінуў бярэм+ на рам+. Дарма надзе+ была. Спаленай нівы жаданьне ня збыта: міма хмурынка прашла. Усё пра шчасьц+ нам казала. Пазычаньн+ на неадданьн+. Зельл+ заглушыла грады. Карэньн+ пасохла. Няхай плачам ў сіняй далі песьн+ разальлецца! Круціць вецер сухое лісьц+. Шчасьц+ цьвіло тут, як макавы цьвет.

Правіла 31. 1) Калі йменьнік мужчынскага роду адзіночнага ліку азначае прадмет жывы, то ў родным склоне канчатак будзе ая (няма каго? — брата, чалавека, злодзея, як вала, каня).

2) Канчатак ая ў родным склоне маюць і тыя йменьнікі мужчынскага роду, што азначаюць прадметы няжывыя, але вобразныя, а таксама ў назовах месяцаў (куст—куста, малаток—малатка, кошык—кошыка, пень—пня, 1-га мая, студня, кастрычніка).

3) Усе іншыя йменьнікі мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне звычайна маюць канчатак ую (няма чаго? — туману, свету, дажджу, сну, шроту, грому, розуму, смутку, люду, народу, роду, бору, лесу, сьнегу, попелу, плачу, прымусу, агню, жалю, ценю (мой цень), болю, алею, ячменю, гаю, раю). Бач. прав. 35.

Практыкаваньне 32. За туманам сьвету ня відно. У чужое проса ня сунь носа. У пужлівага купца ні грошай, ні тавару. На гэта ня было ўгавору. Маленькі сабачка да веку шчаня. Нідзе агню ня відно. Жаўцеюць палоскі позьняга аўсу ці ячменю. Бегала ліска каля лесу блізка. Без правадыра войска гіне. За вачыма сьвету ня бачыць. Няма дыму без агню. Вада затапіла многа берагу. На беразе стаяла многа народу. Далёка ад нашага краю ёсьць вялікія азёры, або моры. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. У чужую галаву розуму не накладзеш. Шукай ветру ў полі. Каяньне ёсьць, да павароту няма. Голы разбою не баіцца. У страха вочы вялікія. Ня мела баба клопату, дык купіла парася. Без абручыка, бяз дна — нідзе дзірачкі няма (яйцо). Пасярод лесу дзежка кісьне (яблык). Не разьбіўшы гаршочка, ня будзеш есьці кашкі (арэх). Тань, да тавару ня гань. З чужога коніка і ў гразі злазяць. Нават свойскія качкі й гусі пачуваюць час выраю. Усе птушкі слухаюць свайго правадыра. Каля шляху, у чыстым полі, магіла стаіць. Недалёка ад берагу было падводнае каменьне. Баючыся трэску, і ў лес ня трэба хадзіць. Што дня варкатня.

Правіла 32. 1) Усе йменьнікі адзіноч. ліку з цьвёрдым зычным перад канчаткам (з цьвёрдай асновай) у месным склоне канчаюцца на е (на дубе, на беразе, на парозе, у хаце, у вакне, на кнізе, на рабоце, як — на стале, на вадзе і г. д).

2) Іменьнікі з мяккім зычным перад канчаткам (з мяккай асновай) у месным склоне адзіночнага ліку канчаюцца на і (на кані, на камені, на полі, пры жыцьці, на гальлі, на зямлі, у кузьні).

Таксама ў месным склоне будзе і ў іменьніках адзіночнага ліку, што канчаюцца ў назоўным склоне на й (гай—у гаі, Дунай—на Дунаі, рай—у раі, салавей—пры салаўі, верабей—пры вераб’і).

Практыкаваньне 33. Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыне. Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе рэчкі. Ціха месяц адзінокі ходзіць у небе над зямлёй. Усё зьмяшалася ў тумане. Толькі на лузе блішчыць яшчэ сьнег і лёд. На злодзеі шапка гарыць. Бяда не па лесе, а па людзях ходзіць. Дзесятая вада на кісялі. Над збожжам убогім вецер гуляе на волі. У белым сьнезе маладняк. Ходзяць па полі ў задуме мужчыны. Моцна хлопец занудзіўся па бацьку, па маме. На старасьці дзьве радасьці. Пад стольлю ў павуціне б’ецца муха-сіраціна. На гальлі старога дуба было буслава гняздо. Кветка красуе на грунце ўбогім. Сьвежая магіла выкапана ў доле. Узімку ў лесе й на полі шмат менш птушак і зьвяроў. Салавейка жыў у зялёным гаі. Зябнуць вербы на марозе. Ходзіць шум па лесе. Пастушкі сядзелі пры агні. У родным краі ёсьць крыніца жывой вады. Каня водзяць на вобраці. Многа смутку ў песьні гэтай. Быў на кані і пад канём. На дварэ было цёмна, як у скляпеньні. Па сіняй раўніне за хмаркаю хмарка плыве. У хаце сьвяцілася газьніца.

Правіла 33. Іменьнікі з асноваю на ж, ш, ч, ц, р, а ў жаночым родзе і на н, у месным склоне канчаюцца на ы (на нажы, у кашы, на абручы, у бары, на тапары; на плячы, на вогнішчы, на сонцы, на сэрцы, у дабры, на моры; на дзяжы, на душы, на печы, на гары, на вуліцы, на лаўцы, пры матцы, у шапцы).

Але калі іменьнік з асноваю на ж, ш, ч, ц і р азначае асобу, чалавека мужч. роду, то ў месным склоне будзе у (пры мужу, пры Лукашу, пры Багдановічу, пры Грыгору, пры купцу, немцу, кітайцу, але — пры дачцы, пры сястры і г. д.).

У месным склоне таксама будзе у, калі іменьнікі мужч. й ніякага роду маюць аснову на н (на суку, у Менску, у Слуцку, пры чалавеку; на воку, на веку, аб воўку).

Увага. 1) Іменьнікі жаночага роду з асноваю на к, калі націск прыходзіцца на канчатак, у месным і давальным склоне маюць э (на руцэ, у руцэ, на рацэ, у рацэ. Рыба ў рацэ, да ня ў руцэ).
Здараецца й мужч. род з асноваю на р у месным склоне з канчаткам э (на дварэ, у дварэ).
2) Іменьнікі жаноч. роду адзіночн. ліку з гартаннаю (задня-нёбнаю) асновай у давальным і месным склоне зьмякчаюць г на з, кц, хс (нага—назе—на назе, шапка—шапцы—у шапцы, саха—сасе—на сасе), прычым, іменьнікі жаноч. роду адзіночн. ліку ў давальным і месным склоне заўсёды маюць аднолькавы канчатак (зямлі, на зямлі; галаве, на галаве; гары, на гары).
3) Іменьнікі мужч. й ніякага роду ў месным склоне таксама могуць зьмякчаць сваю гартанную аснову, але не заўсёды (у страху—у страсе, на парогу—на парозе; у вуху—у вусе, на воку—на воцы і г. д.).

Практыкаваньне 34. Ярка, на камінку смольны корч палае. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Птушка сядзела на суку. На гасьцінцы рос стары беразьняк. І на сонцы ёсьць плямы. Нудна на сэрцы. Маладзенькая травіца блішчыць на сонцы. У ціхую пагоду хораша на моры. Па возеры плавалі гусі й качкі. Вада ў моры горка-салоная. Марскія стварэньні й расьліны ў рэчцы ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшку ня купляюць. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. На вяку ўсяго нажывеш. Шкадлівай кошцы хвост уцінаюць. На сваім сьметніку й певень сьмелы. На ўзгорку былі сялянскія могілкі. Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Сірату пакінулі жыць пры купцу. Рана была на пальцы. Агонь разлажылі на леташнім вогнішчы. Блішчалі зоры ў нябесным прасторы. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Старой бабцы хораша і ў шапцы. Пры цару была паншчына. А воўку памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. На пажарышчы часова стаяла новая будова. У канцы грэблі шумяць вербы. За сялом, у полі, у жоўценькім пясочку пахавала маці маладую дочку. Ня было ўцехі ў мацярынскім горы. На абшары тым шырокім прыгожа нівы красавалі.

Правіла 34. Склонавыя канчаткі йменьнікаў звычайна падлягаюць аканьню. Напрыклад: 1) формы роднага склону множн. ліку ўсіх трох радоў на яў: локцяў, прыяцеляў, гоняў, здарэньняў і г. далей; 2) формы давальнага, прыладнага й меснага склону множн. ліку ўсіх трох радоў на ам, амі, ах: вучням, локцям, землям, здарэньням; вучнямі, прыяцелямі, землямі, здарэньнямі; вучнях, прыяцелях, землях, здарэньнях, на локцях і г. далей.

Толькі ў прыладным склоне адзіночнага ліку йменьнікі мужчын. й ніякага роду з мяккаю асноваю бяз націску на канчатку маюць канчатак ем (кім? чым? — локцем, аленем, гаем, раем, полем, пытаньнем, здарэньнем).

У жаночым родзе ў такіх разох канчатак будзе яюяй: лазьняй, або лазьняю, кузьняй, гаспадыняй і т. далей.

Практыкаваньне 35. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. Вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. Белым інеем пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Уюцца думкі смутным роем. Крыўдзіцеляў зможаш, як цёмен ня будзеш. За баляваньнем ходзіць галадаваньне. За гаем пачыналася роўнае поле. За хвалямі хвалі бягуць. Песьняй душу весялі. Пасьпех — людзям на сьмех. Грады зарасьлі зельлем. Бачаньнем жорава ня зловіш. Некім жалем веяла ад старэнькае хаты. Вада патрэбна і расьлінам, і стварэньням. Конь прывязан повадам, а госьць полуднем. З надзеяй сеем жыта мы ў восень; з надзеяй сустрачаем выраі вясной. Ой пад гаем зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! На ўсходзе неба грала полымем пажару. Блескам-дрыгаценьнем зорка замігала. Як я полем іду, колас гнецца ка мне. Жалем сьціскаюцца грудзі. Любая думачка зданьнем шчасьлівым, сонейкам ясным стаіць. Дурань з дурнем схадзіліся ды адзін на другога дзівіліся. Кучка топаляў стаіць. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім.

Правіла 35. 1) Іменьнікі мужч. роду адзіночнага ліку ў родным склоне маюць канчатак У (ю) ў тых разох, калі йменьнік абазначае прадмет бязформены або ўяўны (няма тутуну, туману; з вялікага клопату, гневу); частка такіх прадметаў звычайна называецца імем цэлага прадмета, чаго ня можа быць у такіх прадметаў (вобразных, з пэўнаю формаю), як стол, сук, пень.

Такім парадкам, канчатак У (ю) азначае родны склон часьці ад неазначальнага цэлага: няма — сьнегу, дыму, туману, попелу, пяску, агню, ветру, суму, клопату, запалу, поступу, рынку, грому, лому, факту і шмат іншых.

Часам адзін і той-жа йменьнік вытварае родны склон то з канчаткам А (я), то з У (ю), у залежнасьці ад таго, што ён абазначае. Калі абазначае асобны прадмет з пэўнаю формаю, то ў родным склоне будзе канчатак А (я), а калі гэтым-жа йменьнікам абазначаецца нешта зборнае, бясформенае, то будзе У (ю), напр.: няма каменя (асобнага прадмета)—няма каменю (каменьняў, масы); ня бачыў гада, зьвера—там зьверу шмат і ўсялякага гаду; няма ліста—назьбіралі лісту, няма папера (дакумэнта, напр.)—не хапіла паперу.

2) У назовах устаноў чужаземнага пахаджэньня ў родным склоне таксама пішацца У (ю), напр.; народнага камісарыяту, вакол парлямэнту, да інстытуту і т. далей.

3) У некаторых словах (іх вельмі мала) у родным склоне канчатак УА, ўжываецца аднолькава, з роўным значэньнем, напр.: з мосту—з моста, аўса—аўсу, чацьвярга—чацьвяргу, дня—дню, плоту—плота.

Але ў формах „сеў каля столу—стаў каля стала“ ёсьць розьніца ў значэньні: у першым выпадку абазначаецца месца агулам, а ў другім — навочны прадмет — стол.

4) У родным склоне множн. ліку ўсе йменьнікі мужчынск. роду звычайна маюць канчатак пад націскам ОЎ (ёў): братоў, пнёў, а не пад націскам — АЎ (яў): народаў, локцяў.

Чыстую аснову (без канчатка) у родным склоне множн. ліку маюць іменьнікі з устаўкаю анян: мяшчан, сялян (ад „мяшчане, сяляне“), слова „дзён“ (ад „дзень“) і часам пры лічэбніках: сто раз, пяць раз, шэсьць год (замест „разоў, гадоў“), пяць чалавек, бяз рог і інш.

Канчатак ей (не пад націскам яйай) у родным склоне множн. ліку мужч. роду маюць толькі тры словы: госьць—гасьцей, конь—коняй, грош—грошай, як людзей, а часам — лапцей (Вышлі на поле жнеі з сярпамі ў лапцях лазовых, а хто без лапцей. Я. Кол.).

ЗАДАЧКА 24-ая. Сьпісаць і паставіць канчаткі ая або ую.

У чужое проса ня сунь нос+. Няма дыму без агн+. У пужлівага купц+ ні грошай, ні тавар+. Маленькі сабачка да век+ шчаня. Гэтага цьвет+ па ўсяму сьвету. За туманам сьвет+ ня відно. І дн+ таго няма, каб было спакойна. Нідзе агн+ ня відно. На гэта ня было ўгавор+. Жаўцеюць палоскі позьняга аўс+ ці ячмен+. Вада залівала многа бераг+. Далёка ад нашага кра+ ёсьць вялікія вазёры, або моры. З вялікага гром+ часам малы дождж бывае. Дожджык+ просіць зялёнае жыта. Хоча даждж+ ярына. У страх+ вочы вялікія. Ня мела баба клопат+, дык купіла парася. Без язык+, а мудра гаворыць (кніга). Без абручык+, бяз дна — нідзе дзірачкі няма (яйцо). Пасярод лес+ дзежка кісьне (яблык). Багатаму шкада карабл+, а беднаму кашал+. Не разьбіўшы гаршочк+, ня будзеш есьці кашкі (арэх). Паложана пячаць, без тапар+ не пачаць (лёд). Бегала ліска каля лес+ блізка. Бяз провад+ войска гібне. Ні род+, ні плод+, як бел-камень у воду. Ані гарэлага шэлег+ няма. Што з воз+ ўпала, то прапала. Баючыся трэск+, і ў лес ня трэба хадзіць. Дай каню аброк+, прыедзеш к сроку. Шукай ветр+ у полі. Мур+ лобам не разаб’еш. За посул гнев+ няма. З поўначы цёмнае, сівер+ дальняга нудная восень прышла; з луг+ зялёнага жыцьце-красу прыняла. Недалёка ад бераг+ было падводнае каменьне. Ад холад+ мошкі зашываюцца ў шчыліны. Навет свойскія качкі й гусі адчуваюць час выра+. Усе птушкі слухаюць правадыр+. Каля шлях+, у чыстым полі, магіла стаіць. Свайго розум+ нікому ня ўложыш.

ЗАДАЧКА 25-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа крыжыкаў, літары Е або І.

Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышын+. Ціха месяц адзінокі ходзіць ў неб+ над зямлёю. Усё зьмяшалася ў туман+. Ціха на пол+ ў палудзень гарачы. Сьвішчуць сані на мароз+. У белым сьнез+ маладняк. Моцна хлопец занудзіўся па брац+, па мам+. Над збожжам убогім вецер гуляе на вол+. Ходзяць па пол+ ў раздум’+ мужчыны. Бронісь быў самы малёнькі ў хац+. Сьвежая магіла выкапана ў дол+. Узіму ў лес+ й на пол+ шмат менш птушак і зьвяроў. У родным кра+, як у рах+. Салавейка жыў у зялёным га+. На бераз+ рэчкі стаяла цэлая куча народу. На злодзе+ і шапка гарыць. Дзесятая вада на кісял+. Зябнуць вербы на мароз+. Ходзіць шум па лес+. Пацямнела ў хац+. Вее вецер за вугламі, у комін+ галосіць. Кветка красуе на грунце ўбогім. На пагорку, ў чыстым пол+, крыж стаіць убогі. Па сіняй раўнін+ за хмаркаю хмарка плыве. На балоц+ з чаратамі лазьнякі шапталі. Трэцца жыта ў пыл на просьц+. Многа смутку ў песьн+ гэтай. У родным кра+ ёсьць крыніца жывой вады. Пад стольлю ў павуцін+ б’ецца муха-сіраціна. Ветрык паўднёвы ў луз+ квяцістым калыша траву-сенажаць. Бусел клякоча ў гнязьдзе над хваінай. На дварэ было цёмна, як у скляпеньн+. На гальл+ старога дуба было буслава гняздо. На старасьц+ дзьве радасьці. Каня водзяць на вобрац+, а злодзея на ланцузе. Гэты цьвеце па ўсім сьвец+. Ня шукай ты шчасьця-долі на чужым далёкім пол+! На курган+ расла прыгожая грушка. У хац+ сьвеціць газьніца. У жыцьц+ ўсяго нажывеш. Сядзеў на прысьб+ стары дзед.

ЗАДАЧКА 26-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літары Ы, У.

Птушка сядзела на сук+. На гасьцінц+ рос стары беразьняк. Нудна на сэрц+. Ярка на камінк+ смольны корч палае. Бацька на калодц+ лапаць выплятае. На магілц+ стаяў трухлявы крыж. І на сонц+ ёсьць плямы. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонц+. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветр+. На паліц+ дзьве сініцы. У ціхую пагоду хораша на мор+. Па возер+ плавалі гусі й качкі. Вада ў мор+ горка-салоная. Марскія стварэньні й расліны ў рэчц+ ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшк+ ня купляюць. На вяк× ўсяго нажывеш. Прыехала каляда на сівым конік×. Яго доля ў канц× поля. На адным месц× й камень абрастае. Будзе кірмаш і на нашай вуліц×. Шкадлівай котц× хвост уцінаюць. На сваёй лаўц× й памерці добра. На сваім сьметнік× й певень сьмел×. Па вуліц× бегалі дзеці. На ўзгорк× былі сялянскія могілкі. У вёсц× па хатах засьвяціліся агні. У бар× растуць баравікі. Па летнік× грэбля была да ракі. Вада ў рэчц×. У гушчар× яловага лесу вывела ваўчыха трох ваўчанят. Блішчалі зоры ў нябесным прастор×. Сірату аставілі жыць пры купц×. На пальц× была рана. Па гасьцінц× ехалі людзі. Агонь разлажылі на леташнім вогнішч×. Кепска ў Менск×, пане Каранеўскі! Пры цар× была паншчына. А воўк× памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычк×, а кароўцы на вяроўц×. Эа сялом, у полі, у жоўценькім пясочк×, пахавала матка маладую дочку. Ня было ўцехі ў мацярынскім гор×. Я цяжкі смутак у сэрд× маю. На пажарышч× часова стаяла новая будова. У бярэзьнік× стаяла лясьнікова будка. На абшар× тым шырокім прыгожа нівы красавалі. Матылёчкі залатыя на сонц× крыльцамі блішчалі. У гаспадарц× быў парадак. У канц× грэблі шумяць вербы.

ЗАДАЧКА 27-ая. Сьпісаць і паставіць, заместа крыжыкаў, літары Е, Я.

За баляваньн×м ходзіць галадаваньне. Цярпеньн×м і працай горы пераносяць. Белым іне×м пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Уюцца думкі смутным ро×м. Песьн×й душу весялі. За хвал×мі хвалі бягуць. За га×м пачыналася роўнае поле. Пасьпех — людз×м на сьмех. Грады зарасьлі зельл×м. Бачаньн×м жорава ня зловіш. Некім жал×м павявала ад старэнькае хаты. Вада патрэбна і расьлінам, і стварэньн×м. На зямлі жыве многа ўсялякіх стварэньн×ў. З шчасьц×м добра й грыбы зьбіраць. Ліхадзе×м на безгалоўе, а добрым людз×м на здароўе. Конь прывязан повадам, а госьць полудн×м. З надзе×й сеем жыта мы ў восень; з надзе×й сустрачаем выраі вясной. Ой пад га+м зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! На ўсходзе неба грала полым+м пажару. Блескам-дрыгаценьн+м зорка замігала. Як я пол+м іду, колас гнецца ка мне. Чорныя хмары па неб+ плывуць. Колас н+зжаты на нів+ стаіць. Вучэньне паможа змагацца з нядол+й, з нявол+й.

Правіла 36. 1) У клічнай форме (клічны склон) іменьнікі мужч. роду адзіночн. ліку маюць канчаткі еа, у (ю).

Канчатак у маюць: а) іменьнікі з суфіксам —к—: братку, галубочку, дубочку, коніку, лебедзіку, хлопчыку, чалавечку, сынку, дзядзьку і інш.;

б) іменьнікі з асноваю на ж, ш, ч, р, напр.: мужу, крыжу, вужу, пісару, гаспадару, бору, яшчару, Лукашу і інш.

в) канчатак у бывае (часам поплеч з е) яшчэ ў такіх словах: сыну (бачыш, сыну мой, як гаруема, бачыш, сыне мой, як працуема), дзеду, духу, тату, люду, дубу (і — дубе), свату (і — сваце).

Канчатак ю маюць усе йменьнікі з мяккаю асновай (з мяккім зычным перад канчаткам) і з асноваю на ёт (й), напр.: коню, прыяцелю, селезьню, кавалю, дурню, краю, гаю, раю, гультаю, дабрадзею, пакою, караваю і інш.

Усе іншыя йменьнікі з цьвёрдаю асновай звычайна маюць канчатак е, прычым аснова на г, к, х, ц зьмяняецца на ж, ш, ч, і тады замест е будзе канчатак а, напрыкл.: браце, Іване, голубе, дубе, Паўле, родзе, суседзе, Сямёне, саколе, гаросе (і — гароша), абедзе; чалавеча, ойча, дружа, казача, воўча, хлопча, купча, лужа, ляша (лях), небарача і іншыя.

У множным ліку клічная форма ад іменьнікаў мужч. роду мае канчатак ове, напрыкл.: мужове, сватове, людкове, швагрове, жыдове, братове, сынове і інш.

Практыкаваньне 38. Сьпісаць і клічныя формы падчыркнуць.

Барысе, Барысе, сам бараніся! Языча, ячыча! ці ліха цябе мыча? ва мне сядзіш, а мне дабра ня зычыш. Сівы галубочку сядзеў на дубочку. Едзе казача, едучы плача. Дзень добры, братове! Бачыш, сыну, як гаруема; бачыш, сынку, як працуема. Ой, панове старастове, каб вы не даждалі, каб мы вам па дрова ў нядзелю ехалі! Станьма, Ясю, начаваці, агонь сіні раскладаці! Ой, воўча, сядзі моўча! На табе, нябожа, што мне ня згожа. Мой мілы пакою, добра мне з табою! Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Люлі, сьпі, мой сынку! Ой, Дунаю, Дунаю! як-жа нам да пазваць цябе? Павесь шапачку, мой сыне! Краю мой родны, сколькі ты зносіў нядолі?! За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой! Не хадзі, коце, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы, дам табе, косю, крынічнай вады. Ты, злотнічку, ды, работнічку, скуй ты мне тры надобачкі! Ой бору, мой бору, што ты, бору, ня шумён? Ой сынку, мой сынку, жджы каляд, Васільку! Ой сватку, наш сватку, пусьці нас у хатку! Вы, мужове, гаварэце мужское! Сядай, малойча, паедзем разам. А мой малойчыку! Хадзі да нас, будзе нам весялей.

Правіла 37. Іменьнікі множнага ліку ў назоўным склоне для ўсіх радоў маюць пры цьвёрдай аснове канчатак ы, а пры мяккай і гартаннай (заднянёбнай) — і, напр.: браты, хлопцы, гарады, подпісы, вокны, колы, нябёсы, сёстры, галовы, каліны, кавалі, рогі, краі, салаўі, полі, долі, ногі, рукі, здарэньні, іменьні і т. д.

Ад гэтага правіла здараюцца такія адступленьні:

а) іменьнікі з суфіксам —анян пішуцца з канчаткам е, хоць лепш пісаць ы, напр.: сяляне—сяляны, мяшчане—мяшчаны, цыгане—цыганы, мінчане—мінчаны, баяра—баяры (у слове „баяра“ гук „а“ на месцы „я“ (е) пад уплывам аканьня).

б) іменьнікі з суфіксам —атят— (назовы маладых жывёлін) таксама, поплеч з канчаткам ы, часта пішуцца з а, напр.: куранята—кураняты, лісянята—лісяняты, ваўчанята—ваўчаняты, цялята—цяляты, небажата—небажаты, дзяўчата—дзяўчаты, курчата—курчаты і т. далей, а часам: рукава—рукавы, варота—вароты, дрова—дровы;

в) канчатак а заўсёды маюць наступныя словы: жыта, луга, хляба, грунта, а таксама брацьця, плацьця; гэта зборныя йменьнікі жаночага роду, як — дзятва, чарва, мальгва, благата, напр.:

Хоць сінія плацьця, а ўсё наша брацьця (п.).

Шэсьць палоцен — ці ня плацьця была? (п.).

г) наступныя йменьнікі з цьвёрдаю асновай заўсёды маюць канчатак і: сусед—суседзі, люд—людзі, гон—гоні (пэўная мера зямлі), чорт—чэрці, кален-а—калені, а часам вароці (варота) боці(боты); радзей сустракаецца ў гэтых словах канчатак ы: чарты, суседы, гоны, калены.

Правіла 38. У родным склоне множн. ліку йменьнікі ніякага й жаночага роду звычайна маюць форму чыстае асновы (без канчатка), напр.: сёлы—сёл, вароты—варот, дровы—дроў, полі—поль, леты—лет, яйцы—яец, плечы—плеч, гарадзішчы—гарадзішч, рэкі—рэк, галовы—галоў, маліны—малін і т. далей, а таксама: сяляне—сялян, мяшчане—мяшчан, цыгане—цыган і т. д.

У такіх разох, калі аснова канчаецца на злучэньне двух ці больш зычных, паміж зычнымі зьяўляюцца ўстаўныя гукі —О (Ё) пад націскам, а не пад націскам АЕ, напр.: кросны—красён—кросен, вёдры—вядзёр—вёдзер; землі—зямель, песьні—песень, палотны—палацён—палоцён, лазьня—лазень; вішня—вішань, вокны—вакон—вокан, жорны—жарон—жоран, сарочкі—сарачок—сарочак і т. далей, але вёрсты—вёрст.

Устаўное е застаецца ў такіх разох, як у васнове пасьля націску.

Такія ўстаўныя гукі бываюць і ў скарочаных прыметніках іменных (бач. § 13, пр. 43).

Практыкаваньне 39. Сьпісаць і формы родн. склону йменьнікаў мужч., жан. й ніякага роду множн. ліку падчыркнуць.

Гасьцей з усіх валасьцей. Няхай нас сустрэнуць з касамі, з сярпамі грамады працоўных людзей! Дзе нянек многа, там дзіця бязнога. Аж дзервянее ў жнеек рука. Поўна хатка людзей — нідзе ні вокан, ні дзьвярэй (гарбуз). Стаіць Грыгор паміж гор, палкаю падпёршыся, шапкаю накрыўшыся (грыб). З сямі поль пшанічанька, з васьмі крыніц вадзічанька, дзевяці кароў масла, а яец паўтараста (п.). Лятала стада курапат па полю, вялі зязюлечку з сабою (п.). Саладок мядок для нашых дзяток. Дзеці нарабілі сабе лялек. Калі сам ня знаеш, то ў людзей пытай. Ліс хоць сьпіць, але курэй бачыць. У нашым садзе многа вішань. Ляціць бяз крыл у гадзіну сто міль (вецер). На сем вёрст адзін мост. Семсот сарочак, семсот намётак, а падзьме вецер, адкрые ўсё цела, хоць адзежа на ёй цэла (птушка, курыца). Рук ня мае, а піша (мароз). Купіў-бы сяло, але грошай гало. Коняй патапілі, сукні памачылі. Ёсьць у нашым краю многа азёр. Людзі любяць сяліцца каля рэчак. Ня ўважыць чужаніца ручак тваіх белых. Палавіна лет мінае — я шчасьця ня знаю. Сонца блеск свой апусьціла на зямлю з высот. Ты куды бяжыш, дарога — тканка ног і кола? Скажу табе бяз спорак: мне ўжо хлеб твой стаў горак.

Правіла 39. Некаторыя памяншальна-ласкальныя йменьнікі маюць устаўку (суфікс) ак або ык, напр.: ельнічак, пальчык, галубчык. Каб пазнаць калі трэба пісаць ак, а калі ык, трэба слова паставіць у родным склоне, і калі нявыразны гук выпадзе, то будзе ак (ельнічка—ельнічак), а калі ня выпадзе, то будзе ык (дубчыка—дубчык).

Практыкаваньне 40. Сьпісаць і словы з суфіксам акык падчыркнуць.

Бедна наша галовачка, што чужая староначка. Няма лепшай вячэрачкі, як у мамкі за столікам з родным браткам-саколікам. Разумен гаршчочак, а ў ім сем дзірачак (галава). Поўны падпечак белых курачак (зубы). За бярэзьнічкам брэша талалайчык (язык). Гаспадарочак, гаспадарочак! прымі наш вяночак. Напаілі жнеечак з дубовае бочкі. А што-ж цябе прынясло — ці чаўночак, ці вясло? Мяне сюды прынясло ні чаўночак, ні вясло: прынёс мяне сівы конь да матчыных вакон (п.). Прыляцеў сакалочак у зялёны садочак. Хлопчык абрэзаў пальчык. Ветрык павее — ня зьвее. Выслужыў хлеба кусочак да солі драбочак. Колькі я сьцежачак перашла, нідзе роднага татачкі не знашла. Зьбірайцеся, тучкі, ў кучкі, да зараз дожджык будзе гаспадаром на ўздыханьне, а жнейкам на аддыханьне! З-пад правай рукі вылецеў ясны сакалочак, а страла за ім у сьлядочак. Ступай, коню, шырэй у садочак, стукні капытам у церамочак. Запалю сьвечачку, пагляджу ў печачку: чатыры качачкі, гаршчочак кашачкі. Запалі мамачка сьвечку да выйдзі дзеткам на сустрэчку! Колькі я сьцежачак перашла, роднага ойчанькі не нашла; колькі баяры перабрала, роднага ойчанькі не пазнала.