Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 10. Правапіс прыназоўнікаў і прыставак § 11. Правапіс не, ні
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 12. Правапіс іменьняў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 11. Правапіс адмоўных дапаможнікаў НЕ, НІ.

Правіла 27. Адмоўе не (ня) пішацца асобна й зьлітна.

1) Зьлітна яно пішацца з тымі словамі, што без яго ня ўжываюцца (нябожчык, небарака, немач, недасол, нягода).

2) Таксама не (ня) пішацца зьлітна з тым словам, якое можна замяніць другім, падобным па значэньню словам без адмоўя не (няшчасьце—гора, няпрыяцель—вораг, няпраўда—падман; нягодны—благі, невялікі—малы, нявёсела—смутна, неспадзявана—раптоўна), або калі слова без адмоўя мае адваротнае, супраціўнае значэньне (няшчасьце—шчасьце, няпраўда—праўда, неахайны—ахайны).

3) НЕ пішацца зьлітна яшчэ з неазначальнымі займеньнікамі (некаторы, неякі, некага, нечага, нехта, нешта, нечы, неякісь) і з некаторымі меснымі й часоўнымі прыслоўямі (некалі, недзе, некуды, неадкуль), прычым, у такіх разох на не прыходзіцца націск.

4) Ад дзеясловаў не (ня) заўсёды пішацца асобна за выключэньнем слоў — недамагаць, ненавідзець, няволіць, няможацца.

5) НЕ пішацца яшчэ асобна тады, калі за сказам з адмоўем ідзе сказ з адваротным, супраціўным значэньнем, г. значыць, калі пасьля адмоўя стаяць злучнікі а, але (Не векавое, а ракавое. Гэта былі не разумныя, а хітрыя людзі), а таксама тады, калі пасьля адмоўя можна сказаць ёсьць: Ня дзіва (ня ёсьць дзіва), што малако сіла. Багацьце ня шчасьце (ня ёсьць шчасьце, а нешта іншае).

Практыкаваньне 29. Няпраўдаю сьвет пройдзеш, але назад ня вернешся. Пісаў пісака, што не перачытае небарака. На бітай дарозе трава не расьце. Сыты галоднаму не спагадае. З незабітага ліса шубы ня шыюць. Шкода — у дварэ няўзгода, а на дварэ непагода. Калі нярод, дык і неўмалот. Ня дзіва, што карова чорна, а малако сіва. Не называўся забытым мой край. Хто пытае, той ня блудзіць. Што сабе ня міла, таго й другому ня зыч. Мой брат здольны, але не старанны. У хаце было неахайна. Недасол на стале, а перасол на сьпіне. Чоран воран, да ня птух; хоць з крыльлямі, да ня сокал; шэсьць ног мае, зямлю капае (жук). Нявесела выглядае надвор’е ўвосень. Наш дзед стаў недамагаць. Нудна й няпрытульна навокала. Бела мыецца, да нячыста ходзіць. Вясна не мясна, а восень не малочна. Вачом завідна, да жывату не пажытачна. Дзе недагляд, там наклад. Гэта не пярэліўкі. І мала, і ня ўдала. Грозен, да ня боязен. Госьць, як нявольнік. Гулі не аднаго ў лапці абулі. Лецейка ня ўлежна, дык уежна. На табе, нябожа, што мне ня гожа. Нябітаму няма чаго плакаць.

Правіла 28. Адмоўе ні пішацца:

1) калі выражаецца поўная адмоўнасьць (ні разу, ні гугу; ні грозьбаю, ні просьбаю; ні вала, ні кала); у такіх разох вельмі часта, заместа ні, кажуць ані: Ані вухнуў, ані рухнуў. Ані вухам не вядзе. Аніяк няма спосабу.

2) калі ні можна замяніць злучнікам і (Ня ўмее ні чытаць, ні пісаць—Ня ўмее і чытаць і пісаць).

3) Калі сказ пачынаецца словамі — як, куды, каго, адкуль і інш. ды мае станоўны сэнс (Як ні круці, а давядзецца ўмярці. Куды ні кінь — усюды клін. Каго ні спытай — усе маўчаць).

4) Калі ў сказе некалькі адмоўяў, то пры выказьніку пішацца не (ня), а пры іншых словах ні (Ні расінкі ня было ў роце. Ні да якой работы няма ахвоты. Ні панюхаць не далі).

Адмоўе ні пішацца зьлітна з адмоўнымі займеньнікамі (ніхто, нішто, нічый, ніякі, ніводзін) і з адмоўнымі прыслоўямі (ніколі, нідзе, нічуць, нікуды).

Практыкаваньне 30. Папаў, як у нерат: ні ўзад, ні ўперад. Бяда, калі ў жыце лебяда, але няма горшай бяды, калі ні жыта, ні лебяды. Колькі вутка ні мудруй, а лебедзем ня будзеш. Ні мора, ні зямля — караблі ня плаваюць, бо нельга (балота). Ішоў маладзён ні дарогай, ні пуцём; умыўся ні вадою, ні расой, а ўцёрся ні тканым, ні праным (месяц). Коціцца брыльца — ні дна, ні рыльца (яйцо). Ні відам ня відаць, ні ў казках сказаць. Ні гадана, ні жадана, а само прышло. Ні за што, ні пра што. Ні ладу, ні складу. Ні сьцяты, ні павешаны. Ні мукі пылінкі, ні солі драбінкі, ні пітва расінкі. Ні самому паглядзець, ні людзям паказаць. Ні стуку, ні груку. Ні то рыба, ні то мяса. Дзіравага мяшка як ні супаўняй, ніколі ня супоўніш. Як ваўка ні кармі, а ён усё ў лес глядзіць. Не сядзі, дзіцятка, бокам: тут табе не нарокам. Нядбаламу, ня жаль часу. Гулявы нож ні на што ня згож. Нібы то была жывая вада. Ні выплюнуць, ні праглынуць. Ні да якой работы няма ахвоты. Нідзе так, як там. Ні калі тое было, ні калі тое будзе. Ні к воднаму берагу ня прыстаў. Ні адтуль, ні адсюль. Ні нашым, ні вашым. Ні туды, ні сюды. Ніхто ня знае, што яго чакае. Каму няймецца, таму заўсёды лжэцца. Як ні валяйся, а ў чужое ня кідайся. З дурным ні знайсьці, ні згубіць.