Перайсці да зместу

Беларускі каляндар «Нашай Нівы» (1910—1916)/кірыліца/1915/З роднай нівы/Горсць пшаніцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як лечыць жывёлы Горсць пшаніцы
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
1914 год
Арыгінальная назва: Garść pszenna (1856)
Пераклад: Янка Лучына
Міхаська
Іншыя публікацыі гэтага твора: Горсць пшаніцы (Сыракомля/Лучына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Горсць пшаніцы.

Піліп стары у грамадзі
Старшыною быў с паўвека.
Ці у працы, ці у радзі
Німаш як ён чалавека.
Шчыры, добры і разумны,
Гаспадар прытом на дзіва,
Вёў найлепей сход наш шумны,
Судзіў, радзіў справядліва.
На усю воласць гаспадары
Гутарылі так часамі:
«Дай Бог, каб наш доўга стары
«Старшыною быў над намі!»
Толькі Піліп ўсё матае
Сваей сівай галавою:
«Не змагу я, Бог то знае,
«Быць вам, дзеткі, старшыною.
«Летак многа мне на карку,
«Сталі сілы як дзіцяці,
«Цяжка весьці гаспадарку
І грамадзкі справы знаці.
«Прышла старасць, горб на плечы
«Ад вялікай сеў натугі;
«Пара, дзеткі, легч на печы,
«Самі сабе радзьца, другі!»
Пашоў гоман на ўсём людзе
І ня вымысьлім нічога,
Як яно уперэд будзе
Без Піліпа, без старога?…
Крыкі, сваркі былі многі.
От — прышлі мы вёскай ўсею,
Пакланілісь яму у ногі,
Ды і кажэм: «Дабрадзею!
«Не кідай нас сіратамі!
«Які пень, така галіна:
«Як ня можеш правіць намі,
«То, будзь ласкаў, дай нам сына!»
— «А катораго?» — «Не знаем;
«Ты сам дзетак пазнаў болі!
«Каго, старым абычаем,
«Па сваей нам радзіш волі?»
— «За чэсьць, дзякуй, гаспадары,
«І за ласку, і за веру!..
«Сыны мае — не нездары,
«Знаюць праўду, знаюць меру.
«Але, Богам і сумленем,
«Хто-ж іх знае, што за людзі.
«Мы над новым пакаленем,
«Шчыра кажучы, — ня судзі.
«Трудна сказаць дзеткам, ўнуку:
«Выбірай дарогу гэту!..
«От, сыноў я на науку
«Усіх трох пушчу па свету:
«Ніхай свет пабачуць ясны,
«Што там права, што там крыва,
«Каб свой кут радзімы, ўласны
«Распазналі справядліва.
«А як звернуцца у хату,
«Мы пабачым тэй парою,
«Быць катораму з іх брату
Над грамадай старшыною.»
— «Добра!» кажэм. Пашлі скора
Андрэй з Янкам на віціну,
А найменшаго Грыгора
Паслаў Піліп на Ўкраіну.
От Андрэй прышоў у хату
Не пазналі, так адзеты.
— «Кепска у нас ходзюць, тату!
Злы мужыцкі звычай гэты:
«Усе чорны, усе брыдкі,
«Закарэлі ад работы!
«Лепей кінем нашы світкі,
«Нашы лапці, нашы боты,
«І, як немцы з за граніцы,
«Возьмем курткі пекны, сіні!
Дзеўкі! хусткі і спадніцы
«Я для вас прывёз у скрыні!»
Стары Піліп у куточку
Адно круціць галавою.
— «Брэшэш, кажэ, ты сыночку,
«Ня быць табе старшыною!»
Прышоў дамоў срэдні, Янка.
Папаў як раз на вяселля:
У суседа іх гулянка,
Вялік гоман і пахмелле;
Стары, малы — ўсе у тане,
Аж дрыжыць старая хатка.
— «Ты чаму не скачэш, Яне?»
— «Брыдка у нас скачуць, татка!
«Каліб толькі захацелі,
«Научыў бы, добра знаю,
«Скакаць вальцы і кадрылі,
«Як у тым танцуюць краю.»
Пашоў Піліп у куточэк,
Сеў і круціць галавой.
— «Брэшэш, кажэ, ты сыночэк,
«Ня быць табе старшыной!»
Прышоў Грыгор. Абнімае
Бацьку, матку, сёстры, брата,
С кім нацешыцца не знае,
Гдзе прыткнуцца серед хаты.
— «Пекна, кажэ, Украіна;
«Там цяплее свеціць сонцэ.
«Як кінь вокам — усё раўніна,
«Стэп на ўсей залёг старонцы.
«Добра там, а толькі — нуды
«Па радной зямліцы нашай.
«Нашу вёску сніў я ўсюды
«З ляском, з рэчкай, с полем, с пашай!
«Адно, што — там завістна — глеба!
«Як той вугаль усюды чорна!
«Божэ мілы, што там хлеба!
«Ураджай які там спорны!
Сівы волы шэсцярнёй
«Аручы, валочуць плугі,
«Ну, і родзіць! — Там парой
«Усе калосься, якбы пугі.
«Я прывёз, дасць Бог, не дарам,
«Цэлы мех аттуль пшаніцы;
«Дам па горсці гаспадарам,
«Можэ з нашай Бог зямліцы
«Нас надзеліць ураджаем,
«Як на гэнай Украіне!?»
Піліп сказаў: «Цяпер знаем:
«Старшыною будзеш, сыне!
«З дурня — глупая навіна,
«Шчырай праўды ані знаку.
«Каму світка славяніна
Не прыходзіцца да смаку,
«Хто наш звычай, ці ігрышчэ
«На пасьмешышчэ падыме,
«Што-ж з яго край родны зышчэ?!
«Што-ж с пустой каліты выне?
«А хто серцэм, душой рады,
«Да сваіх прыльнуцца скоры,
Той нам брат! Будзь над грамадай
«Старшыною ты, Грыгоры!»

Янка Лучына