Беларускіе казкі (1912)/Хаўрус
← Вада памагла | Хаўрус Беларуская народная казка 1912 год |
Куча грошы → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хаўрус (казка). |
ХАЎРУС.
Налавіў мужык вельмі харошае рыбы і панёс у двор да пана. Чуць цягне мужык рыбу, а на сустрэч бяжыць цыган.
— Што ты нясеш, Янка?
— Рыбу. — Ну, а каму ты яе нясеш? — Панясу пану гасьцінца, мо што дасць. — Beдаеш, што, бацько, вазьмі мяне у хаўрус. — Хадзем, калі хочэш, — кажэ Янка. От, прыходзяць яны у двор да пана. Забегся мужык у пекарню і расказаў, як прычапіўся цыган да яго, каб узяць у хаўрус. Пачуў тое лякай і сказаў пану. От, пазвалі мужыка с цыганом да пана. Мужык стаў уперад, а цыган з заду. — Дзень добры пану! — А што скажаш, Янка? — Усё добрае, паночку! — А па добрым што? — От, прынёс пану гасьцінца рыбы. — Добра, дзякую. А ты, цыгане, што скажэш? — Я разам, паночку. — Як разам? — У хаўрусе паночку. — А ну, то добра. Што-ж табе даць за гэту рыбу? — пытае пан у Янкі. — Дам табе паўмеры пшаніцы. — Э, дзякаваць паночку, але мае дзеці ніколі ня елі пірагоў, на што мне пшаніца, — кажэ мужык. А цыган стаіць з боку, ды штоўхае мужыка: Янка, дурэнь, бяры пшаніцу. — Ня хочэш? — каже пан. Ну то я дам табе каня. — Э, куды мне, паночку, панскі конь. Ешчэ разнясе мяне. Мужык, дурэнь, бяры каня, — шэпчэ Янку цыган. — Ну, то я дам табе, янка, дзесяць рублёў. — Э, куды мне, паночку, гэткіе грошы. Ешчэ хто забье. Мае і бацькі ніколі ня мелі гэтулькі грошы. — Мужык, дурэнь, варона, бяры грошы! — шэпчэ цыган. Тады, як закрычыць пан на Янку: дык якога ражна табе трэба? Пшаніцы ня хочэш, каня ня хочэш, грошы ня хочэш, дык я табе дам пяцьдзесят бізуноў! — Дзякаваць, паночку! Вось гэта бралі мае бацькі і дзяды. — Павялі мужыка с цыганом на стайню і давай лупіць. Палажылі мужыка бліжэй, а цыгана далей. Хурман размахнецца, размахнецца, ды як смальне цыгана, дык таму аж зорачкі з вачу сыплюцца, а мужыку бізуном толькі перэцягне. Круціцца цыган, як на гаручым жалезе, лае ды кляне мужыка, а Янка раве на ўсё горла, нібы-то яму вельмі балюча. Адлічылі цыгану дваццаць пяць. Усхапіўся ён схапіў свае штаны у жменю, ды наўцекача, толькі пяткі мітусяцца. Заплаціў пан мужыку за рыбу i ешчэ даў гасьцінца. Ідзе сабе Янка, ды люлечку пакурывае; бачыць, аж бяжыць на сустрэч цыган. — А што, трасца цябе, — крычыць цыган: не хацеў пшаніцы, не хацеў каня і грошы не хацеў, дык вот табе і ўздалі. — Ды і табеж-ж, мабыць, крыху дасталося? — Што мне? Мяне толькі кончыкам, а цябе ўсім бізуном. — Гэ, калі хаўрус, дык хаўрус. Трэба, каб было па роўну, — кажэ Янка; — хадзем хiба ешчэ да пана. Падняў гэта цыган полы ды як сунуў, дык і камянём не дагоніш. Адбегся трохі і крычыць: але мяне толькі кончыкам, а цябе ўсiм бiзуном! Ага!..