Перайсці да зместу

Беларуская совецкая паэзія (1936)/Любоў да радзімы і пролетарскі інтэрнацыяналізм

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Творчы шлях совецкіх паэтаў Любоў да радзімы і пролетарскі інтэрнацыяналізм
Крытыка
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Да новых творчых вышынь

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЮБОЎ ДА РАДЗІМЫ І ПРОЛЕТАРСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗМ


У беларускіх паэтаў, як і сярод паэтаў іншых народаў, нараджаецца новае пачуццё, высокае пачуццё чалавека краіны соцыялізма, пачуццё, якое не мае яшчэ свайго імя, але якое лепш за ўсё выражана ў бязмежнай любові паэта да сваёй соцыялістычнай радзімы.

Радзіма, бацькаўшчына ў мінулым, апявалася многімі паэтамі толькі ў рамках сваёй нацыянальнай тэрытарыяльнасці, як нацыяналістычны «культ», як сімвал ідэала нацыяналістычнай буржуазіі, як міжнацыянальная ненавісць, як пагром, як разня паміж народамі і не пазакласавая радзіма, як спрабавалі тлумачыць «тэарэтыкі» буржуазіі, a сугубакласавая капіталістычная «Маці-Беларусь» або «Нэнька-Украіна».

Новае пачуццё совецкага паэта — яго любоў да соцыялістычнай радзімы — аснована на высокай дружбе народаў былой царскай імперыі, народаў, вызваленых вялікай пролетарскай рэволюцыяй ад прыгнёту «чужых» i «сваіх» эксплаататараў. Гэта бязмежная любоў да радзімы мабілізуе ў адно усе пачуцці, усе сілы і сродкі мастака і пашырае дыяпазон паэзіі кожнага народу.

«Дружба паміж народамі СССР — вялікае і сур’ёзнае заваяванне. Бо пакуль дружба існуе, народы нашай краіны будуць свабодныя і непераможныя: ніхто не страшны нам — ні ўнутраныя, ні знешнія ворагі, пакуль гэтая дружба жыве і здраўствуе», — так сказаў Іосіф Вісарыёнавіч Сталін на сустрэчы з таджыкскімі і туркменскімі калгаснікамі.

Неабсяжныя прасторы СССР у вершы паэта Алеся Звонака прасякнуты вялікай творчай работай, навокал «бягуць удаль нязмераныя рэйкі», радзіма —

Яна авеяна вятрамі маладымі,
Умыты твар яе расою свежай.
І сем марэй ляглі з бакоў радзімы,
Вартуючы спакой вялікіх межаў.

У мінулым нацыяналісты, стараючыся ўтрымаць сцяг сваёй самабытнасці, трымалі літаратуру ў рамках нацыянальнай абмежаванасці, па сутнасці ў рамках правінцыялізма. За апошнія гады беларуская літаратура, знішчыўшы гэтыя перашкоды, смела і ўпэўнена пайшла наперад. У беларускую совецкую паэзію ўключаюцца матывы жыцця, барацьбы, прыроды краін другіх брацкіх народаў. Мікола Хведаровіч выступіў з цыклам вершаў пра Грузію. Міхась Багун у вершы «Чэлюскінка Ала» здолеў абагульніць пачуццё трывогі і радасці народаў у дні чэлюскінскай эпапеі. Адзінства ўсіх народаў, іх агульныя задачы адлюстраваны ў вершы П. Броўкі «Браты», у паэме І. Харыка «Круглыя тыдні», у шэрагу вершаў яўрэйскіх і польскіх паэтаў БССР (Тэйф, Камянецкі, Кавальскі).

Пачуццё пролетарскага інтэрнацыяналізма, калі яно ў належнай ступені развіта ў паэта, прыводзіць яго на вышэйшую ідэйную ступень, прыводзіць яго да больш глыбокага разумення жыцця.

Спрабуюць нашы паэты стварыць карціну жыцця працоўных на Захадзе. Аднак, няведанне ўмоў барацьбы, іх своеасаблівасці прыводзіць да таго, што поўнацэннага твору на гэту тэму паэтам стварыць не ўдалося.

Не можа не звярнуць увагі чытачоў верш Міхася Багуна «Ганаровая віза», дзе аўтар гаворыць пра той недалёкі час, калі Генрых Гейне, цяпер выгнаны фашыстамі, атрымае ганаровую візу на ўезд у родную Германію, а таксама шэраг палітычных вершаў З. Аксельрода («Спакойна ў Вене» і інш.) на такую-ж інтэрнацыянальную тэму. У вершы «Рэволюцыйным паўстанцам Аўстрыі» маладая паэтэса Эдзі Агняцвет, некалькі агульна паказваючы жыццё рабочага ў капіталістычнай краіне і яго барацьбу, усё-ж насычае страфу вялікай верай у перамогу сусветнага пролетарыята:

… І кожны там баец,
Калі яго спакойна запытаеш:
— Ці скончан бой?

М. КУЛЬБАК

— Ці барацьбы канец?
Адкажа ён:
— Мы толькі пачынаем!

Ярка ў беларускай совецкай паэзіі адлюстравана рабскае жыццё працоўных Заходняй Беларусі, якая знаходзіцца пад гнётам польскага фашызма. Барацьбе за нацыянальны вызваленчы рух нашых братоў у Заходняй Беларусі амаль у кожнага беларускага совецкага паэта прысвечаны лепшыя старонкі яго творчасці. Пра Заходнюю Беларусь мы знойдзем вершы ў Янкі Купалы, у Якуба Коласа, у Міхася Чарота, у Крапівы, у М. Хведаровіча, у яўрэйскага паэта Тэйфа. Вядомы ўмовы жыцця працоўных у зарубежнай Беларусі: голад і беспраўе, здзекі і турма. Тыя некалькі беларускіх пачатковых школ, якія існавалі раней у заходне-беларускіх вёсках, польскімі панамі ліквідаваны. Пра магчымасць культурнай работы і думаць нельга. Беларуская рэволюцыйная мастацкая літаратура развіваецца толькі ў падпольных умовах і на старонках рукапісных часопісаў, якія сакрэтна выдаюцца ў турмах нашымі зняволенымі братамі.

У нас, у Совецкай Беларусі, за адзін толькі год кніг на беларускай мове выдаецца ў 15 разоў больш, чым было выдана за ўсе часы ўсімі выдавецтвамі да Кастрычніцкай рэволюцыі. (Апладысменты.) Я не гавару пра той гіганцкі рост прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Вялізны кантраст: радаснае, вясёлае, багатае жыццё беларускага народу ў Совецкай Беларусі, і галоднае, прыгнечанае, бяспраўнае і цёмнае жыццё працоўных Заходняй Беларусі гэта матыў многіх твораў пісьменнікаў БССР.

У зарубежнай Беларусі звяртае ўвагу на сваю творчасць паэт Машара. Шлях Машары вельмі супярэчлівы і складаны. У апошні час гэты творча адароны паэт стаіць ідэйна на раздарожжы. Пабываўшы ўжо ў турме за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху, пазнаўшы ўвесь цяжар сезоннае сельскагаспадарчае працы ў памешчыка, ён — разгублены — толькі фіксуе цяжкае рабскае жыццё, не бачыць той рэволюцыйнай перспектывы, да якой трэба моцным голасам клікаць прыгнечаных братоў. Тыя творы, у якіх вельмі бегла, але ўсё-ж прабіваецца соцыяльна-насычаны голас Машары — запамінаюцца. Яны заклікаюць і маюць тэмперамент, інакш кажучы, у гэтых рэчах — мастацкая сіла паэта.

Хлеба дайце, хлеба мала,
Душыць вёску чорны госць!

У тых жа яго вершах, дзе адчуваецца бездапаможнасць, разгубленасць перад «чорным госцем», і ў вершах, напісаных з жаданнем дагадзіць пану-выдаўцу, адчуваецца пераважна набор слоў, схематызм. Машара павінен задумацца над сваім творчым шляхам і, калі ён хоча стаць сапраўды паэтам беларускага народу, ён павінен усё сваё дараванне ўключыць у барацьбу працоўных за сваё вызваленне, за новае вольнае творчае жыццё, уключыцца ў рэволюцыйную барацьбу пролетарыята. (Апладысменты.)

Даўно папісвае ўжо лірычныя вершыкі заходне-беларуская паэтэса Наталья Арсен’ева, якая ганарыцца сваімі, праўда, далёкімі сваяцкімі сувязямі з паэтам Лермантавым. Яе лейтматыў — гэта пераважна лірычныя зарысоўкі прыроды, альбомная «інтымнасць». Калі чытаеш зборнік Арсен’евай, дык астаецца дзіўнае пачуццё, быццам яна жыве не ў бурную эпоху класавых баёў, быццам яна не бачыць разгулу польскага пана ў беларускіх вёсках. Вершы яе пасіўныя, бязрадасныя, быццам яна не дыхае паветрам, накаленым барацьбой.

У лагеры фашызма нямала бяздарнасцей. Такі Хв. Ільяшэвіч. Яго апекуны нацыянал-фашысты спяваюць яму дыфірамбы, узносяць яго на вышыні, а па сутнасці гэта чалавек, які не мае нічога за душой, што рабіла-б яго літаратарам.

Нічога іншага не астаецца нацыянал-фашыстам, тыпу Луцкевіча, як толькі выдаваць мыльныя пузыры за перамогу. Трапна пра фашыста Луцкевіча і яго кампанію сказаў беларускі совецкі паэт Кандрат Крапіва ў яго сатыры «З фашыстоўскай падваротні».

Пёс рахманы ды ласкавы, —
Даць яму вянгліны й кавы!
Пан Луцкевіч — еш, еш,
Будзеш гаўкаць лепш.

Аб нацыянал-фашыстах, вернападданых сынах польскага фашызма, нямала пісаў Крапіва — «Майстры крывавага джаз-банда», «Балабонь да пары балабонь», і інш.

Класавых ворагаў па-за межамі краіны і ўнутры яе часта з вялізным поспехам можна знішчаць бічуючым смехам сатырыка.

Кандрат Крапіва — адзіны ў беларускай совецкай літаратуры паэт-сатырык, байкар.

У сваіх першых зборніках сатыры і баек Крапіва накіроўвае ўвесь агонь на цемнату і некультурнасць вёскі, супроць рэлігійнага дурману, супроць язваў старога жыцця. Мова Крапівы, узбагачаная народнымі прыказкамі, афарызмамі, надала сатырам вялікую сілу ўздзеяння на масы. Адыходзячы ад раней уласцівых яму элементаў дыдактызма, узбройваючы сваю паэзію сатырычнымі асаблівасцямі фальклору, паэт выявіў шлях свайго творчага росту.

Знаходжанне ва «Узвышшы» паклала сваю згубную пячатку на творчасць Крапівы. Слова Крапівы пачало прытупляцца, стала больш грубым, менш дзейсным. Крапіва, які так паспяхова працаваў у сатырычным жанры і знаходзіў аб’екты для сваёй творчасці (бюракрата, растратчыка, папа, кулака, падхаліма, п’яніцу), пачаў няправільна разважаць аб немагчымасці развіцця сатыры ў гады соцыялістычнага будаўніцтва. Пераключаючыся на іншыя жанры, ён піша раман пра калектывізацыю, піша п’есу аб праблеме дружбы і ўсё далей і далей адыходзіць ад сатыры. Яго фельетоны, якія з’яўляюцца ў апошні час у друку, якасна ніжэйшыя за поўныя баявітасці і сарказма раннія творы.

Крапіва напісаў некалькі баек з жыцця Чырвонай арміі.

Зусім не захапляючыся, мы павінны сумленна прызнаць і зрабіць для сябе адпаведныя вывады, што ў нашай беларускай паэзіі вельмі мала адлюстравана сучаснае жыццё Чырвонай арміі. Вершы, прысвечаныя пераможным баям Чырвонай арміі ў грамадзянскай вайне, мы знаходзім у многіх паэтаў (М. Чарота, П. Глебкі, А. Звонака, яўрэйскіх паэтаў З. Аксельрода і Камянецкага), аб імперыялістычнай вайне (у Якуба Коласа — паэма «На шляхах волі», у Броўкі — «1914 год»). Але пра Чырвоную армію сёнешняга дня і, галоўным чынам, пра пагранічнікаў, што здавалася-б для беларускіх паэтаў павінна быць асабліва блізкім, твораў надзвычайна мала.

У Беларусі ёсць значная колькасць пісьменнікаў, якія пішуць на рускай мове, якія прышлі з Чырвонай арміі або цяпер знаходзяцца ў Чырвонай арміі: А. Шарапаў, Шапавалаў, Сцяпан Хадыка, Васілеўскі і інш. Калі гавораць пра беларускую абаронную літаратуру, гавораць, галоўным чынам, пра творчасць толькі гэтых таварышоў. Але задача стварэння мастацкіх твораў пра абарону нашай радзімы — гэта задача ўсёй нашай літаратуры, задача беларускіх паэтаў, бо адсутнасць твораў на беларускай мове пра Чырвоную армію, пра пагранічнікаў не робіць гонару беларускім пісьменнікам, а да гэтага асабліва настойліва заклікаў А. М. Горкі ў сваім лісце, які зачытаў Суркоў у сваім дакладзе.

Усе жыццёвыя з’явы, якія адбываюцца ў нашай краіне, хвалююць беларускіх паэтаў. Няма нівонай значнай падзеі, ускалыхнуўшай нашу радзіму, каб беларускія паэты на яе не адгукнуліся. Але гэта мала датычыць Уладзіміра Хадыкі. Кола яго тэматыкі вельмі вузкае. Сістэма вобразаў — з арсенала нацыяналістычнай лірыкі. З вобразамі выключна цесна звязаны моўныя сродкі паэта. Псіхалагічнае перапяванне сваіх пачуццяў і настрояў, перапяванне старой «дзедаўскай» Беларусі, амаль над гэтым толькі працуе Хадыка. Фармальна вершы Хадыкі адрозніваюцца рытмічнай аднастайнасцю. Яго кніга вершаў «Радасны будзень», выданая ў 1935 годзе, вялікага грамадскага значэння не мае. Раздзел «За строем дат і рубрык», адзіны ў зборніку, дзе паэт робіць першыя нясмелыя крокі, першыя спробы ўключыцца ў бурнае радаснае жыццё краіны. У гэтым Ул. Хадыку, у яго жаданні ўключыцца ў грамадскае жыццё краіны, мы ўсямерна абавязаны дапамагчы. І гэтая дапамога павінна ісці па лініі крытыкі яго твораў, па лініі ўскрыцця нацыяналістычных карэнняў, якія жывяць яго творчасць; разбурэння моўнай сістэмы, крытыкі

КАНДРАТ КРАПІВА

прынцыповай і таварыскай у імя яго росту, як совецкага паэта. На жаль, таропкія крытыкі, разважаючы пра «дзіўныя» асаблівасці хадыкавай лірыкі, затрымліваюць яго ў нацыяналістычных сецях, толькі збіваюць паэта з сапраўднага шляху, па якім сам паэт імкнецца пайсці. Хадыку трэба па-таварыску проста і ясна сказаць: чым хутчэй ён актыўна ўключыцца ў соцыялістычнае жыццё, тым творчасць яго стане багацейшай, больш дзейснай і новыя вобразы знойдуць новыя лексічныя сродкі.

Калі гаварыць пра працэсы ідэйна творчай перабудовы паэтаў, дык у першую чаргу даводзіцца паказаць на яркія ўзоры такой перабудовы ў творчасці Купалы і Коласа.

Працэс творчай перабудовы ў Якуба Коласа і Янкі Купала праходзіў асабліва ўскладнёна.

Якуб Колас займае вялікае месца ў беларускай паэзіі.

Яго паэмы «Новая зямля» і «Сымон музыка», не гледзячы на рад іх ідэйных недахопаў, — вялізны ўклад у беларускую літаратуру.

Надзвычайна добрае веданне жыцця старой вёскі, яе людзей, іх побыту і звычаю, вялізнае пачуццё прыроды, любоў да палескага пейзажа, бездакорнае веданне сялянскай мовы, — дазволіла таленавітаму майстру стварыць рад вялікіх эпічных паэм і белетрыстычных твораў. І яго паэмы, і яго аповесці («У Палескай глушы» і інш.) для сёнешняга маладога чытача маюць значнае пазнавальнае значэнне.

Апошнія гады Якуб Колас працуе над вялікай эпічнай паэмай «На шляхах волі», дзе месцамі выключна ярка, з мастацкай пераканальнасцю паказвае казарменны быт царскай арміі, людзей мінулага часу, карціны імперыялістычнай вайны. Паэма ахоплівае два гістарычных перыяды часу: імперыялістычную вайну і ператварэнне імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. Над другім перыядам аўтар працуе ў апошні час. Гэтая выдатная паэма, якой нецярпліва чакае наш чытач, мяркуючы па асобных раздзелах, надрукаваных у часопісу «Полымя рэволюцыі», хварэе на некаторую расцягнутасць, ужо зараз вырысоўваецца небяспека для паэта. Яна выражаецца ў залішняй колькасці дэталяў, якія заграмаджаюць рух апавядання, разгортванне сюжэта і ў асобных раздзелах прыводзіць аўтара да некаторых элементаў натуралізма.

Асабліва за апошнія некалькі год (1933—1935 гг.) Якуб Колас пачаў актывізавацца, як паэт-публіцыст. Няма колькі-небудзь значнай падзеі ў краіне, на якую-б не адгукнуўся Якуб Колас вершамі. Вершы — актуальнай палітычнай сілы — у Якуба Коласа заўсёды завостраныя, заклікаючыя да пільнасці, да творчай работы. Так, вершы, прысвечаныя героям Совецкага саюза — бясстрашным пілотам, што выратавалі чэлюскінцаў, гучаць патрыятычнай гордасцю, упэўненасцю ў непахіснай магутнасці краіны. Вершы пра фашыстаў, пра іх захопніцкія планы, вершы пра Заходнюю Беларусь сведчаць пра палітычную актывізацыю паэта, хоць не ўсе публіцыстычныя вершы Якуба Коласа мастацкі роўнацэнныя.

Амаль як правіла, Якуб Колас заўсёды ў заключнай страфе вершаў заклікае да абароны краіны, да аховы соцыялістычных граніц. Якуб Колас больш за другіх паэтаў прысвячае свае творы пытанням абароны краіны, і не толькі ў паэзіі. Яго аповесць «Дрыгва» — пра беларускіх партызанаў, пра барацьбу з белапалякамі стала папулярнейшай кнігай сярод чытачоў, i нават больш папулярнай, чым усе іншыя, як белетрыстычныя, так і паэтычныя яго творы. У 1935 годзе Якуб Колас напісаў цыкл вершаў «Восеньскае». У гэтым цыкле аўтар паказвае, галоўным чынам, кантрасты жыцця Беларусі — яе мінулае і цяперашняе. У гэтым цыкле аўтар гаворыць, галоўным чынам, пра жыццё калгаснікаў, пра калгасную вёску, успамінаючы жыццё беларускіх сялян да рэволюцыі. У 1931 годзе Якуб Колас напісаў цыкл вершаў «Калгаснае». Калі прачытаць цяпер цыкл вершаў «Калгаснае» і «Восеньскае», рэзка кінецца ў вочы паглыбленая распрацоўка совецкай тэматыкі ў вершах «Восеньскае», рост светапогляду паэта.

Даць належны аналіз 30-гадовай паэтычнай творчасці Якуба Коласа ў гэтым дакладзе немагчыма. Мы хацелі толькі паказаць, наколькі актыўна Якуб Колас уключыўся ў совецкую літаратуру, заваяваўшы як майстра мастацкага слова адно з самых першых месц.

Творчы шлях Якуба Коласа складаны і многастайны. Як-бы люта ні сіпелі нацыянал-фашысты за рубяжом, што, маўляў, Якуб Колас сваімі апошнімі творамі «здаў экзамен на большэвіка», мы радасна пацвярджаем: так, Якуб Колас — наш народны паэт, ён у першых радах беларускай совецкай мастацкай літаратуры, ён, як верны сын соцыялістычнай радзімы, лепшыя свае песні, сваё шчырае слова аддае вялікаму класу-пераможцу, росквіту разумнага, соцыялістычнага жыцця. (Апладысменты.)

Для гісторыкаў літаратуры творчасць Янкі Купалы 1934 г. і асабліва 1935 г. набывае выключна вялікую цікавасць і значэнне. 1935 год у Янкі Купалы — гэта год вялікай плённай работы.

У 1934 г. у вершы, прысвечаным першаму з’езду Саюза совецкіх пісьменнікаў, «Трэба нам песень» паэт ужо ставіць перад нашай паэзіяй і перад сабой задачу напісання такіх твораў, якія-б «і славу вякоў, пакаленняў мінулых, сваёй перамогай геройскай устрэслі-б». У вершы, прысвечаным Якубу Коласу, Янка Купала выразна заявіў:

Як калісь спявалі
Аб горы, няволі,
Так спяваць не будзем
Болей ўжо ніколі.

І гэтую паэтычную заяву з мастацкім майстэрствам ажыццяўляе Янка Купала.

Кніга вершаў «Песні будаўніцтва», выданая ў 1935 годзе, — яркі дакумент вялікага талента паэта. Кніга пакідае ў памяці чытача цэльны вобраз чалавека нашага часу. Трапныя дэталі характару, дэталі ўзаемаадносін чалавека ў грамадстве, яго адданасці соцыялістычнай справе, пададзеныя ў многіх вершах, ствараюць агульную гармонію, адзіны цэльны абагулены вобраз.

Зусім без пераўвелічэння трэба адзначыць, што тая творчая энергія Янкі Купалы, якую праявіў ён у апошнія два гады, яго творчая актыўнасць можа і павінна паслужыць прыкладам для многіх маладых паэтаў. А гэтая творчая актывізацыя ўзнікла дзякуючы таму, што Янка Купала зразумеў, што пад мудрым кіраўніцтвам вялікага Сталіна краіна ідзе да росквіту, што толькі ў саюзе совецкіх рэспублік, пры дапамозе вялікага рускага пролетарыята, Беларусь становіцца ў рады перадавых рэспублік з высока развітай прамысловасцю, з сельскай гаспадаркай і культурай, што толькі соцыялістычны шлях — адзіны шлях шчасця чалавецтва. (Апладысменты.)

Што гэта іменна так, што сапраўдная крыніца, якая жывіць творчасць Янкі Купалы, — гэта яго любоў да соцыялістычнай радзімы, бліскуча пацвярджае верш «Сыны».

Сыноў бацька сваіх кліча
На нараду ў хату,

А ўрачыста, як-бы кліча,
На якое свята.
І з павагаю пытае
Кожнага ў асобку,
Кім з іх кожны быці мае,
Якім жыць заробкам.

Адказ сыноў, выдатных людзей краіны, насычан адданасцю справе партыі на ўсіх участках соцыялістычнага будаўніцтва — на заводах, у калгасах, у Чырвонай арміі, на культурным фронце. Верш «Сыны» — гэта мастацкае абагульненне пачуццяў, імкненняў усяго совецкага народу. І верш «Лён», і верш «Хлопчык і лётчык», і верш «Дзве дзяўчыны» — гэта песні пра тыя новыя якасці чалавека, якія выкоўваюцца ў бязлітаснай класавай барацьбе, у барацьбе за трыумф перамог соцыялістычнага ладу.

Калі ў першых совецкіх вершах Янкі Купалы былі значныя элементы голай публіцыстыкі, дык гэта ні ў якой ступені не характэрна для наступных яго твораў. У кожным вершы адчуваецца кавалак жыцця, няма агульных разважанняў, чуецца жывы голас, ясны вобраз чалавека, які з выключнай цеплынёй і майстэрствам абрысаваны паэтам.

Апошнія творы Янкі Купалы і асабліва яго паэма «Над ракой Арэсай» гавораць, што паэт можа шырока ахапіць і выразіць чалавечыя пачуцці, гавораць аб прастаце выкладання. Рытміка народнай творчасці, глыбокая лірыка, песеннасць,

ЗЕЛІК АКСЕЛЬРОД

яснасць мовы — тыя элементы, якія надаюць купалаўскаму вершу сілу мастацкага ўздзеяння і заваёўваюць любоў чытача.

Янка Купала вышаў з рамак нацыянальнай абмежаванасці. Яго вершы хвалююць не толькі чытачоў Совецкай Беларусі, але і ўсяго Совецкага саюза. І чым больш расце папулярнасць Янкі Купалы і Якуба Коласа сярод мільённых мас працоўных нашай соцыялістычнай радзімы, тым больш люта і нахабна паклёпнічаюць на іх за граніцай нацыянал-фашысты. Кожнае буйнае творчае выступленне Купалы і Коласа там выклікае шалёны скрогат зубоў.

Гэта перамога нашай партыі, перамога беларускай совецкай літаратуры, гэта — вялізная перамога народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта перамога нашай партыі таму, што яна цярпліва перавыхоўвае людзей, уключае ўсю іх энергію, волю, сілу іх таленту і страсці ў справу стварэння бяскласавага соцыялістычнага грамадства.

Нацыянал-фашысты ўжо друкавалі ў сваіх і ў польскіх фашысцкіх газетах некролагі памяці Янкі Купалы і яго партрэты ў жалобных рамках, пралівалі слёзы па «замучанаму ў падвалах ЧК сыну беларускага народу». Але не ўдасца фашыстам усіх масцей ашукаць працоўных Заходняй Беларусі. Яны надзвычай добра ведаюць, што Янка Купала жыве, жыве ў краіне росквіту, жыве вясёлы і шчаслівы, што ён — на творчым уздыме. Хоць гэта і непрыемна беларускаму і польскаму панству, але ў Заходняй Беларусі Янку Купалу чытаюць і ведаюць, што

Балюе панская Варшава,
Ксяндзы частуюць сакрамэнтам;
Парадак дня — сягоння справа
пра аб’яднанне інтэрвентаў.

Таксама надзвычай добра ведаюць і тыя вершы Янкі Купалы, дзе ён голасам соцыялістычнага народу заяўляе:

Інтэрвенцкім бандам
Не гуляці болей
На совецкім буйным
Нязмераным полі.

(Апладысменты.)