Беларуская совецкая паэзія (1936)/Да новых творчых вышынь
← Любоў да радзімы і пролетарскі інтэрнацыяналізм | Да новых творчых вышынь Крытыка Аўтар: Андрэй Александровіч 1936 год |
ДА НОВЫХ ТВОРЧЫХ ВЫШЫНЬ
Мы ўстанавілі бясспрэчны факт, што беларуская совецкая паэзія на даным этапе знаходзіцца на асабліва вялізным творчым уздыме.
Упарта перамагаючы цяжкасці росту, вызваляючыся ад спадчыны правінцыялізма, нацыянальнай абмежаванасці, захоўваючы сваю нацыянальную своеасаблівасць, беларуская паэзія расце i развіваецца ў адзіным магутным патоку з усёй усесаюзнай совецкай паэзіяй.
Беларускую совецкую паэзію родніць з паэзіяй другіх брацкіх народаў наш рэволюцыйны аптымізм, народжаны ў практыцы рэволюцыйнай барацьбы, народжаны перамогамі соцыялістычнага будаўніцтва.
Беларускую совецкую паэзію родніць з паэзіяй другіх брацкіх народаў наша гарачая любоў да роднай вялікай соцыялістычнай радзімы, якой прысвечана нашае жыццё; яднае нас нашая гатоўнасць да абароны яе браніраваных граніц.
Беларускую совецкую паэзію родніць з паэзіяй другіх брацкіх народаў наша бязмежная любоў да лепшага сына чалавецтва, правадыра народаў, Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. (Доўгія, бурныя апладысменты.)
Нашу дружбу, нашае адзінства, нашую любоў да правадыра выразіў яркай страфой Янка Купала.
Мы ідзем у сонцы з сонцам |
Цікавы працэс адбываецца з жанрамі паэтычнай творчасці. Совецкая паэзія распрацоўвае пераважна два асноўных віды паэтычнай творчасці. Асаблівую ўвагу паэтаў прыкоўвае эпас. Імкненне стварыць эпічны твор, выразіць ідэю твору праз сістэму персанажных вобразаў, характараў мы назіраем у Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Чарота, П. Броўкі, П. Глебкі, А. Куляшова, яўрэйскіх паэтаў Ізі Харыка і Кульбака. Але эпаса, ізаляванага ад іншых жанраў, эпаса ў чыстым выглядзе, калі можна так сказаць, мы ў нашай паэзіі не сустракаем. Адбываецца цікавы працэс скрыжоўвання лірыкі і эпаса. У эпічныя творы ўключаецца лірыка, укропліваецца лірычнае адхіленне ад імя аўтара, лірычныя адхіленні ўносяць героі твору. І адваротнае. У лірычных вершах выкарыстоўваюцца тон і манеры эпічнага пісьма.
Некаторыя паэты, працуючы раней у галіне публіцыстычнай паэзіі, скаціліся да эстэтычных зарысовак сваіх інтымных пачуццяў, не маючых грамадскай каштоўнасці, да зарысовак пейзажа, да пераліву фарбаў на небасхіле, і гэтае сваё «лірычнае» адхіленне матывуюць тым, што жанр публіцыстычнай лірыкі, лірыкі вялізнай страснасці і палітычнай насычанасці ўжо страціў сілу сваёй дзейнасці.
Часткова гэтыя няправільныя настроі жывяцца няўдала кінутай фразай Н. І. Бухарыным на Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў, што: «час агітак ужо мінуў», часткова проста таму, што гэтыя паэты не разумеюць усёй гістарычнай соцыяльнай значымасці падзей, якія адбываюцца ў краіне.
Адкрыта сказаў В. Шклоўскі ў сваёй кнізе «Поиски оптимизма», што: «Мне лягчэй апісаць стары горад Бярозаўку і яго рынак, чым трэцюю канферэнцыю калгасніц». Вузкасць светапогляду ў некаторых пісьменнікаў не дазваляе ім зразумець усіх працэсаў нашай рэчаіснасці.
Тут вельмі да рэчы будзе ўспомніць творчы шлях «лепшага паэта совецкай эпохі», як сказаў таварыш Сталін, шлях Владзіміра Маякоўскага. Яго паэтычная практыка з’яўляецца залатым фондам усесаюзнай совецкай паэзіі. (Апладысменты.)
Наша жыццё, гістарычны стаханаўскі рух, дні сусветных рэкордаў, ды па сутнасці штодзённае нараджэнне падзей, якія набываюць міжнароднае значэнне, гаворыць аб неабходнасці смелага далейшага развіцця публіцыстычнай лірыкі, трыбуна аратарскага голасу, які клікаў-бы да барацьбы за новыя перамогі.
Бліскуча сказаў Вл. Маякоўскі:
Капитализм (Бурныя апладысменты.) |
Тыя беларускія паэты, якія вывучалі і вывучаюць літаратурную спадчыну В. Маякоўскага, выяўляюць вялікі свой творчы рост, вялікую эмацыянальную сілу свайго голасу. Тая нязначная група, якая знаходзілася пад уплывам Сяргея Есеніна, перапяваючы яго на свой кулацкі лад, скацілася ў нацыяналістычнае балота.
У барацьбе за сапраўдную нашу паэзію мы злачынна мала выкарыстоўваем фальклор. Буйнейшыя майстры сусветнай паэзіі ўмела і шырока выкарыстоўвалі скарбніцу народнай творчасці. Лепшыя творы нашага, часу іменна тыя, дзе выкарыстоўваецца паэтычнае багацце фальклору. Успомніце «Дванаццаць» А. Блока, успомніце мноства твораў В. Маякоўскага — хіба там няма ярчэйшых элементаў фальклору!
Успомнім вершы Дзям’яна Беднага, А. Безыменскага — яго паэму «Трагедыйная ноч», паэму Кірсанава «Золушка», вершы Пракоф’ева, Карнілава, песні Асеева, Суркова, Галоднага і інш.
Ва украінскай паэзіі шырока і з поспехам выкарыстоўваюць фальклор Паўло Тычына, Л. Первамайскі ў яго вершах аб грамадзянскай вайне. У яўрэйскай паэзіі — Ізі Харык, якому асабліва таленавіта ўдалося выкарыстаць фальклор у вялікай эпічнай паэме «На чужым піры», І. Феферу — у паэмах «Пласты» і «Вялікія граніцы».
У беларускай паэзіі з выключным майстэрствам, з вялізным пачуццём усёй многастайнасці народнай творчасці, выкарыстоўваюць фальклор Янка Купала, Якуб Колас.
Крыніцамі народнай творчасці жывяць свае творы і шмат хто з пісьменнікаў Кастрычніцкага пакалення.
Часта некаторыя паэты, у сувязі з вострай пастаноўкай пытання аб неабходнасці выкарыстоўвання фальклора, становяцца на няправільны шлях. Часта гэтыя паэты займаюцца стылізацыяй, як самамэтай, ізалявана ад ідэйнай накіраванасці твору, не ўключаючы асобныя элементы фальклору ў агульны комплекс мастацкіх сродкаў.
Некаторыя крытыкі спрабуюць даказаць, што фальклор нельга выкарыстоўваць у публіцыстычнай лірыцы, у гэтым аператыўным жанры паэтычнага мастацтва. Іх разважанні разбіты творчай практыкай паэтаў. Мы маглі-б прывесці прыклады, калі паэты, вырашаючы палітычна актуальную тэматыку, выкарыстоўваюць фальклор, і голас уздзеяння паэта на чытача — мастацкая сіла твору — значна ўзмацняецца.
Распрацоўваючы фальклор, мы заўсёды павінны помніць, што ў народнай творчасці ёсць дэмакратычныя і кулацкія элементы. Кулацкімі элементамі фальклору жывілі сваю творчасць Сяргей Есенін, Клюеў, на Беларусі — паэты-нацыяналісты.
У сувязі з пастаноўкай пытання аб фальклоры, для беларускай паэзіі, і наогул для ўсёй беларускай літаратуры, паўстае пытанне праблемы мовы.
Перад беларускім пісьменнікам стаіць дадатковая цяжкая, але ганаровая задача. Ствараючы твор
ПЯТРО ГЛЕБКА
зусім новы па сваіх ідэйных якасцях і мастацкіх сродках, беларускаму пісьменніку, які працуе ў маладой літаратуры, адначасова прыходзіцца больш чым каму іншаму быць удзельнікам стварэння літаратурнай мовы.
Гэта — дадатковая адказная справа. Толькі пасля Кастрычніцкай рэволюцыі мы атрымалі поўную магчымасць і ўсе ўмовы для разгортвання барацьбы за літаратурную мову, а якасць літаратурнай мовы непасрэдна звязана з якасцю мастацкага твору. Пра гэта шмат пісаў А. М. Горкі ў сваіх артыкулах «Пра мову».
На ўчастках барацьбы за культуру мовы, за правільны шлях развіцця беларускай літаратурнай мовы адбываецца жорсткая класавая барацьба.
Буржуазныя нацыяналісты глядзелі на моўны фронт, як на вельмі важны аб’ект сваёй шкодніцкай дзейнасці. Яны імкнуліся затрымаць развіццё беларускай мовы, прапагандавалі «тэорыю» самабытнага шляху развіцця мовы, «тэорыю», якая выражае ясную антысовецкую сутнасць. Нацыяналісты ўводзілі ў сучасную беларускую мову архаізмы з розных сярэдневяковых дакументаў, змагаючыся за адрыў літаратурнай мовы ад мовы пролетарыята, працоўнага сялянства, рашуча выганялі з мовы элементы інтэрнацыяналізма, змагаліся супроць слоў, народжаных пролетарскай рэволюцыяй, супроць слоў, адпаведных з рускай мовай. Яны пашыралі анкеты па збору жывой беларускай мовы і ў спецыяльнай інструкцыі давалі дырэктыву пры запісах слоў арыентавацца на мову старых непісьменных бабулек і на мову дзяцей, якія яшчэ не вучацца ў нашых совецкіх школах.
Нацыяналісты замест агульнапрынятых слоў, якія з’яўляюцца інтэрнацыянальнымі, спрабавалі ўводзіць словы невядомыя і непатрэбныя беларусу. Некалькі прыкладаў: балаціроўка — лёсы; суфлёр — падказнік; поршань — саўгач; дамкрат — паднімач.
З асаблівай ненавісцю нацыяналісты адносіліся да слоў, у якіх ярка выражана класавая сутнасць. Напрыклад, слова буржуазія перакладаецца — мяшчане; пролетарыят — бядота, убоства, бясхатнік, бабыль; бядняк — галыш, худак, злыдзень; сялянства — мужыкі, хамы, халопы.
Гэтая, контррэволюцыйная «моўная» работа праводзілася пісьменнікамі-нацыяналістамі ў мастацкай літаратуры.
Пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі мы правялі вялізную работу па ачыстцы мовы. Але сляды гэтай варожай нам слоўнікавай палітыкі адчуваюцца часам і цяпер у творах некаторых паэтаў. У прыватнасці асабліва моцны ўплыў адчуваецца нацыяналістычнай моўнай сістэмы ў лірыцы Ул. Хадыкі. І калі чытаеш яго.
Што мокла ў макроце адлець На гліцах правеена жвавых. |
„Я спрабаваў заводзіць запісныя кніжкі і падслухоўваць „слоўцы“. Але калі я ўклейваў іх пасля ў тканіну апавядання, атрымлівалася тое-ж, калі-б мастак прыклеіў да партрэта нос, адрэзаны ў нябожчыка“.
За адзіную высокай якасці літаратурную мову, супроць хутаранскай цвілі, супроць механічнага ўключэння дыялектаў, без суровага адбору — пад гэтым знакам павінна праходзіць уся барацьба за культуру мовы, не забываючыся, што мова для нас не з’яўляецца самамэтай, што мова — гэта толькі сродак у барацьбе за ажыццяўленне тых задач, якія ставіць праграма партыі, якія акрэслены ў работах Леніна і Сталіна.
Мова ўзбагачаецца. Новыя паняцці, новыя тэрміны і словы аднолькава ўліваюцца ў скарбніцу моваў усіх народаў СССР і гэта з’яўляецца найлепшым узорам перамог пролетарскага інтэрнацыяналізма. Пад гэтым сцягам павінна развівацца барацьба за культуру мовы, пад гэтым сцягам да канца будуць знішчаны рамкі нацыянальнай абмежаванасці.
У гэтай справе велізарную ролю набываюць узаемныя пераклады мастацкай літаратуры, — я не гавару пра другое вялізнае палітычнае і культурнае значэнне гэтай справы.
Для беларускіх паэтаў вялікае значэнне мела работа над стварэннем «Анталогіі рускай совецкай паэзіі». Гэтая кніга з’яўляецца буйнейшым укладам у беларускую культуру і фактарам адзінства паэтаў народаў СССР.
Даць выключна станоўчую ацэнку якасці перакладаў гэтай кнігі нельга. Не ўсе пераклады аднолькава роўныя, але бясспрэчна тое, што ў беларускай літаратуры «Анталогія рускай совецкай паэзіі» адыгрывае вялікую ролю.
Работа над авалоданнем класічнай спадчынай сусветнай паэзіі з’яўляецца першачарговай задачай нашых паэтаў.
Мы вучыліся і будзем вучыцца на творчасці генія рускай літаратуры Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Бліжэйшая наша задача — даць высока-мастацкі пераклад яго магутных твораў.
У перыядычным друку ў нас змяшчаліся ў перакладзе на беларускую мову творы лепшых рускіх паэтаў — Асеева, Тіханава, Светлова, Галоднага, Лугоўскага, Пракоф’ева, Безыменскага і інш.; украінскіх паэтаў — Тычыны, Рыльскага, Первамайскага; яўрэйскіх паэтаў — Харыка, Аксельрода, Кульбака, Фефера, Маркіша. Асабліва блізкая сувязь у нас існуе з таварышамі грузінскімі паэтамі.
Значна павялічылася колькасць перакладаў з беларускай мовы на мовы іншых народаў і, галоўным чынам, на рускую мову. Калі раней стаяла пытанне аб колькасці перакладаў, бо іх было зусім мала, дык зараз праблема якасці — вузкае месца. Час не дазваляе ілюстраваць прыкладамі рад перакладаў, якія па сутнасці з’яўляюцца актамі кампраметацыі паэта, якога перакладаюць. Пашчаслівілася грузінскім таварышам, за пераклады творчасці якіх узяліся такія майстры слова, як Нікалай Тіханаў і Барыс Пастэрнак. З перакладаў з беларускай мовы вылучаюцца сваёй якасцю зробленыя М. Галодным, М. Светловым, О. Колычевым, П. Антакольскім, М. Ісакоўскім.
Апошняе, на чым я хачу спыніцца, гэта — нашыя кадры. Як ніколі, у літаратуру цяпер, у сувязі з агульным культурным ростам краіны, вялізны прыток моладзі. Літаратурны маладняк ідзе да нас сямімільнымі крокамі. Але не заўсёды адчуваюць у нас належную цеплыню. Работа па літаратурнай вучобе з маладымі ў нас правільна не наладжана. Казённа-бюракратычны стыль у гэтай важнейшай рабоце бясспрэчна дае дрэнныя вынікі. Шмат у чым гэтай справе шкодзяць некаторыя дасужыя крытыкі. З’яўленне аднаго ўдалага верша пачынаючага паэта яны захваляць, узнясуць да нябёс, і гэтай сваёй «паслугай» губяць дараванне: галава закруціцца, вучоба закідваецца.
У беларускую паэзію ідуць, звяртаючы на сябе ўвагу сваім дараваннем, маладыя паэты Сяднёў, Аляксеенка, Няхай, Бурдзель, Калачынскі і інш.
Квітнеюць маладыя парасткі беларускай паэзіі. З кожным годам усё званчэй і мацней гучаць галасы песняроў беларускага народу. Гэтыя галасы ўліваюцца ў магутны хор усесаюзнай соцыялістычнай літаратуры.
Беларускія совецкія паэты шчаслівыя тым, што яны жывуць у дзівоснай краіне соцыялізма, што аб іх клапоціцца партыя большэвікоў Беларусі на чале з Н. Ф. Гікало. (Апладысменты.)
Адна ў іх задача жыцця — стаць творцамі, вартымі эпохі вялікага Сталіна. (Апладысменты.)
Скрышаючы косці развалін старызны |
(Бурныя, працяглыя апладысменты.)
Голас: Таварышу Сталіну «ура!»
(Бурныя, працяглыя апладысменты. Усе ўстаюць.)