Перайсці да зместу

Беларуская граматыка для школ (1920)/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Часьціны мовы Падзе́л слова
Падручнік
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1920 год
Правапіс

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІІ.

Падзе́л слова.

§ 91. Карэнь, канчатак, прыстаўка, устаўка

Словы — настольнік, застольны, стольніца, сталаўнік, сталяр — маюць карэнь стол; словы — засьце́нак, прысьце́нак, сьце́нны, сьцяна — маюць карэнь сьцен; словы — ле́с, лясун, лясьнік, лесавік — маюць карэнь лес і г. д.

Каранёў дзяліць не́льга.

Карэнь ёсьць такая непадзе́льная часьць слова, ад каторае можна тварыць другія родныя паміж сабою словы.

Сам па сабе́ карэнь можа быць часам асобным сло­вам — стол, ле́с; але найчасьце́й ён асобна зусім ня ўжываецца: сьцен-, лож-, вод- і г. д.

Каб пазнаць які галосны стаіць у карані, трэба зьмяніць слова так, каб націск прышоўся на галосны: засьце́н-ак, сьце́н-ны (хоць у такім разе, як сьцяна, чуваць а).

Зычныя так сама могуць зьмяняцца стоячы ў канцы караня: воўк — воўч-а, дуг-а — дуз-е́, лаўк-а — лаўц-ы, гарох — гарос-е, нарог — нароз-е, дарог-а — дарожн-ы і г. д.

Пры склане́ньні і спражэньні апошнія склады слова зьмяняюцца: стал-а, стал-у, стал-ом, стал-е́; стал-ы, стал-оў, стал-амі, стал-ох; маўч-у, маўч-ыш, маўч-ыць; маўч-ом, маўч-ыцё, маўч-аць і г. д. Гэтыя зьме́нныя склады таго самага слова называюцца канчаткамі.

Тая нязьме́нная часьць слова, што стаіць паміж каранём і канчаткам, называецца ўстаукай: застоль-н-ы, застоль-н-ага і г. д.; ляс-ун, ляс-ун-а і г. д.; гаспад-ар, гаспад-ар-а і г. д.

Кожная ўстаўка прыдае́ караню асобнае значэньне.

§ 92. Вось некаторыя ўстаўкі імя, прыме́ты і дзеяслова:

1) Устаўкі іме́нныя:

ар, ец, ік (ык), ок, цель, ыр, ун і інш. азначаюць не́шта ажыўленае, дзе́йнае: гаспад-ар, стал-яр, знах-ар, куп-е́ц, хлап-е́ц; лясьн-ік, муж-ык, язд-ок, вучы-цель, багат-ыр, ска­-кун і г. д.

іч, овіч, евіч і інш. азначаюць патомкаў і фаміліі: Бабіч, Богдан-овіч, Марцінк-е́віч.

ць, асьць, ін(я), ын(я) і інш. азначаюць словы непрадме́тныя жан. р. — памя-ць, люб-асьць, веліч-ыня, глыб-іня і г. д.

л (а), ішч (а),- ышч (а), ств (о) і інш., для азначэньня неажыўленых слоу ніяк. р.: мы-л-а, шы-л-а, вогн-ішч-а, пажар-ышч-а, хара-ств-о і г. д.

Некаторыя ўстаўкі прыдаюць слову павялічанае або паме́ншанае значэньне (павялічальныя і памяншальныя ўстаўкі) лап-ішч-а, лап-к-а.

Дужа часта памяншальныя ўстаўкі прыдаюць ласкавае значэньне слову: брат-к-а, сястр-ыц-а, ле́ц-ейк-а і шмат інш.

2. Устаўкі прыме́тныя:

к, ок, р, л, н, ав, ів, ат, іст, ав-ат, аньк, еньк, ан (ян), ов, ск і інш. — лёг-к-і, глыб-ок-і, шчод-р-ы, ве́т-л-ы, ве́р-н-ы, ласк-ав-ы, міласьл-ів-ы, зуб-ат-ы, зярн-іст-ы, бел-ав-ат-ы, добр-аньк-і, дараг-е́ньк-і, мядз-ян-ы, ял-ов-ы, гаспадар-ск-і і г. д.

3. Устаўкі дзеяслоўныя:

нун — цяг-ну-ць, цяг-н еш;

іе — хвал-і-ць, сядз-е-ць;

ая — бр-а-ць, се́-я-ць;

авау[1] — баран-ава-ць, баран-у-ю, гандл-ява- ць, гандл-ю-ю і г. д.

Тыя прыйме́ньні, што неразьдзе́льна зрасьліся з словам называюцца прыстаўкамі: на-стаўнік, па-ставіць, за-гадка, уз-рост, усь-цягнуць, пера-ход, а-сьцярожны, ад-біць, па-мале́ньку, на-ўце́кі і г. д.

Карэнь злучаны з прыстаўкай і ўстаўкай называецца асновай слова. Такім парадкам пры склане́ньні і спражэньні дадаём канчаткі да асновы слова.

Апрача слоў простых, што маюць толькі адзін карэнь, ёсьць словы складаныя, што маюць два карані: палу-дзень, поў-нач, пара-ход. люда-е́д, нач-ле́г і шмат інш.

Задачка. Падзялі на часьці і напішы карэнь кожнага слова:

Гародчык, вада, краска, лявоніха, мяце́ліца, нядоля, Бела­русь, беларускі, красавік, веснавы, ме́сяц, пляме́ньнік, звада, вучыцель, вучыцелька, земляроб, панядзе́лак, асьцярожны, ле́ташні. Няма служкі для пастушкі.



  1. Як баран-ава-ць, баран-у-ю, дужа часта здараецца расказаваць — расказую, перапісаваць — перапісую і г. д. заме́ста перапісаваю, расказаваю або перапісваю, расказваю.