Беларуская граматыка для школ (1920)/IV
← Падзе́л слова | Правапіс Падручнік Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч 1920 год |
Сказ → |
IV.
Правапіс.
§ 93. Правапіс дае́ нам правілы, як трэба пісаць у тых разох, калі пішацца ня так, як чуваць.
У беларускім правапісе трэба ве́даць перад усім два найпе́ршыя правілы: адно аб пісаньні галосных, другое — зычных.
Галосныя так пішуцца, як вымаўляюцца: сталы, валы, сьцяна, лясы і г. д. (а не сьцена, лесы, столы, хоць карані слоў: стол-, вол-, сьцен-, лес-).
Зычныя, наадварот, пішуцца гле́дзячы на тое, які зычны ў карані, прыстаўцы ці канчатку: мёд, калодка, падтрымаць, мыешся і г. д. (а ня так, як чуваць — мёт, калотка, паттрымаць, мыесься — дзеля таго, што карэнь мёд-, колод-, прыстаука — под, канчатак — ш[1]
Ад гэтых правілаў здараюцца дзе-ня-дзе́ адступле́ньні.
§ 94. Галосныя. Аканьне. Галосны о можа быць толькі пад націскам; ва ўсіх іншых складох о замяняецца на а: дом, стол, гарод, водны, вокны, дабро, але дамы, сталы, гарады, вада, вакно, сэрца і г. д.
На а замяняецца і кожнае э ў цьвёрдым складзе (пасьля цьвёрд. зыч.): (рака, цана, пераме́на, кажам (хоць пад націскам — э: рэкі, цэны, кажэце).
У мягкіх складох перад націскам е замяняецца на а (я) не заўсёды.
У трэцім, чацьве́ртым і дале́йшых складох (лічачы ад націску да пачатку слова) е не замяняецца ніколі на а (я): верацяно, без верацяна; не выпускай і г. д.
У другім складзе — толькі тады е замяняецца на а (я), калі ў пе́ршым няма а: лясуна́, бядуна́, нявучо́ны, ня была́, бяз дзіцяці і г. д. Калі-ж у пе́ршым складзе ёсьць а (я), то ў другім пішацца е: цецярук, лесавік, не знайшла, не магу не хачу, без мяне́ і г. д.
У пе́ршым складзе заўсёды бывае а (я): бяда, дзяжа, вяду, зялёны, няма, няхай, ня буду, бяз нас, бяз духу і г. д.
- Увага. 1. Не і без у гэтым разе лічацца за склад таго слова, перад якім яны стаяць.
- 2. Склады тут лічацца ад націску да пачатку слова такім парадкам: ля(2)-су(1) на̀ (су — пе́ршы склад, ля — другі). Так сама: без(4) ве(3)-ра(2)-ця(1)на̀ і г. д.
У мягкіх складох пасьля націску пішацца е: восень, возера, ве́церь, вучыцель, у хаце, у садзе, поле, ле́цейка, сіняе (не́ба), сіненькі, тое, думаеш, будзе і г. д.
З гэтага правіла выключаюцца такія разы, як:
1) памяць, ме́сяц, дзе́вяць, дзе́сяць, дзе а ў аснове, або дзе а канчатак іме́ньняў жан. р (гаспадыня, паня, як зямля), або дзе а з о: дзе́дзя[2] (з дзе́дзё) і інш.
2) формы роднага скл. адз. л. мужч. і ніяк. р. на а: вучыцеля, вучня, поля, зе́льля і г. д.
3) формы родн. скл. мн. л. усіх трох радоў на — аў: прыяцеляў, зе́мляў, гоняў і г. д.
4) формы дав., твор. і ме́с. склону мн. л. ўсіх трох радоў на — ам, амі, ах: вучням, зѐмлям, здарэньням, прыяцелямі, зѐмлямі, здарэньнямі, прыяцелях, зе́млях, здарэньнях.
5) формы прыме́таў назоўнага склону адз. л. жаноц. і ніякага роду: сіняя вада, добрая галава, сіняе мора і г. д.
6) формы родн. і давал. скл. прыме́таў мужч. і ніяк. роду: сіняга, сіняму і інш. (як яго, яму).
7) родны склон прыме́ты жаноцкага роду: сіняе воды, добрае кніжкі і г. д., (як яе́, тае́).
8) назоўн. і вінав. склон прыме́ты мн. л. ўсіх трох радоў: добрыя, зялёныя, чырвоныя, каме́нныя і г. д.
9) формы 3 ас. мн. л. дзеясловаў 2 спраж.: ходзяць, носяць, водзяць і г. д.; так сама дзеяслоўная прыме́та і прыслоўе: ходзячы, водзячы, носячы і г. д. (бо яны выводзяцца ад 3 ас. мн. л.: ходзяць, носяць, водзяць).
10) займе́ньне — ся: робішся, гонішся і г. д.
Калі е пад націскам, то на ім трэба ставіць знак націску: хле́б, не́ба і г. д.[3]
Такім парадкам, літара е́ азначае выразны націснуты галосны, так сама як о: каме́ньне, голад.
Літара е азначае ненаціснуты гук або шырэйшы за е́ (бліжэй да а), або вузе́йшы (бліжэй да і): у садзе, сіненькі.
Не, без, перад, пера і інш. падпадаюць пад агульнае правіла аб аканьні: няшчасьце, няволя, бяздомны, бязрадны, непачэсны, безгалосы, перадплата, перавоз і г. д. Так сама калі не, без, перад, цераз стаяць перад другім словам, але пішуцца асобна: ня дам, ня ве́даю, бяз хле́ба, бяз нас, перад ім, не даве́даўся, без гаворкі і г. д.
Задачка. Перапішы і заме́ста крыжыка пастаў а (я) або э (е)
НХ прыве́тна церХз вокны ночка пХзіраХ. ЦіхХ ў хацХ — ўся сяме́йка сьпіць ды спачываХ, натрудзіўшы добрХ рукі, натХміўшы пле́чы. Толькі матка з вХрХце́нцХм прытулілась к пе́чы і прадзе́, прадзе́ кудзе́льку. СкачХ вХраце́нцХ, а за ёй густыХ це́ні бе́гаюць па сьце́нцы. На камінку корч пылаХ, злотХм іскры скачуць. За ваконцХм ве́цХр ходзіць, глухХ ве́рбы плачуць. Зябнуць ве́рбы на марозХ, прытуліўшысь к стрэсХ: сьне́гам ве́цХр сыпХ ў дзьве́ры, ходзіць шум па ле́сХ. I пад гэты шум трывожны думаХ стараХ, а ў сьле́д думкам нХспакойна вецХр падпХваХ.
ВучысХ нХбожХ, вучэньнХ паможХ змагацца з нХдолХй, з нХволХй… Што мучыць сХгоньня, што думкі трывожХ, — зьбяжыць і нХ прыйдзХ ніколі.
Жаль згінХ, як мара; нХ будзХш нХздарай, нідзе́ і ні ў чым нХ заблудзіш; ты праўду ў нХпраўдзе, як сонца між хмарХў, спазнаХш, як цёмХн нХ будзХш.
ТакаХ прынука, як праца й навука, ці́-ж можХ нам сіл не дадаці? 3 такімі сХбрамі, знай, будзХ нХ штука і горХ сваё зваяваці.
Навука дае́ чХлаве́ку розум. Чужым розумам ве́к нХ пХрХжыве́ш. ВХўка ногі кормяць.
§ 95. У чыслах аканьне праве́дзена ня поўна. Чыслы складаныя пішуцца так, як кожная часьць, калі яна ўжываецца асобна: семнаццаць, восемнаццаць, шэсьцьсот, восемсот і інш. Толькі шаснаццаць мае а заме́ста э, што чуваць у слове шэсьць. Парадкавыя маюць такі галосны, як і у лічным: дзе́вяць — дзевяты; дзе́сяць — дзесяты і г. д.
§ 96. Галосныя ў канчатку дзеясловаў 1-га і 2-га спраж. Калі націск прыходзіцца на канчатак, то галосныя, будучы пад націскам, чуваць ясна і заўсёды аднолькава.
1 спраж. | Няс-у, няс-е́ш, няс-е́(ць), няс-ём, няс-іцё, няс-уць, бяр-у, бяр-эш, бяр-э, бяр-ом, бяр-ыцё, бяр-уць. |
2 спраж. | Сядж-у, сядз-іш, сядз-іць, сядз-ім, сядз-іцё, сядзяць; маўч-у, маўч-ыш, маўч-ыць, маўч-ым, маўч-ыцё; маўч-аць. |
Тутака трэба заўважыць толькі тое, што, калі націск на канцы, то ў 2 асобе мн. л. дзеясловы абодвух спражэньняў маюць у канчатку і, ы: нясіцё, бярыцё, так сама, як сядзіцё, гарыцё.
Калі-ж націск не на канцы, то ў першым спраж. маем е (пасьля цьвёрдых а), у другім і або ы: думаеце, кажаце; носіце, гаворыце і г. д.
Калі націск прыходзіцца на канчатак, то адразу відаць, якое спражэньне: ідзе́ш, сядзіш, гарэш, маўчыш і г. д. Тутака ясна, што пісаць.
Але калі націск ня прыходзіцца на канчатак, то тады трэба глядзе́ць, што стаіць у канчатку неазначальнае формы. Калі стаіць і або ы, то гэта дзеяслоў 2-га спраж.[4], і ўсюды трэба пісаць і, ы, а ў 3 ас. мн. л. а: маліць — моліш, моліць, молім, моліце, моляць; варыць — варыш, ва̀рыць, ва̀рым, ва̀рыце, вараць. У праціўным разе, гэта дзеяслоў 1-га спраж. і ўсюды трэба пісаць е (у цьвёрдым складзе а́), а ў 3 ас. мн. ліку уць: ве́даць — ве́даеш, ве́дае, ве́даем, ве́даюць; каза̀ць — кажаш, кажа, кажам, кажаце, кажуць.
Дзеяслоўныя прыме́ты і прыслоўі выводзяцца ад 3 асобы мн. л., дзеля чаго ў пе́ршым спраж. канчаюцца на — учы, — ючы, у другім на — ачы, — ячы: яны кажуць, мыюць — кажучы, мыючы, яны гавораць, стаяць — гаворачы, стоячы.
Аб формах загаднага ладу бач вышэй § 76.
- Увага. Калі націск на канчатку, то ў дзеясловах 2-га спр. ў форме 1-ае асобы мн. ліку побач з формамі на ім, ым могуць ужывацца формы на ём, ом, як у 1-ым спраж.: стаім, сядзім, маўчым, крычым і стаём, сядзём, маўчом, крычом і г. д.
Задачка. Перапішы і замяні крыжыкі літарамі:
Карагоды зорак у гары мігаХць, а ў нізе сьняжынкі срэбрам адліваХць. Маці свайго сына це́шыць, забаўляХ. Ты мне́ раскажХш, як будзХце робіць. Касцы пяялі апранаХчыся на пракосах. Цярпе́ньнем і працай горы пераносХць. ПадзярХце рызьзё на істужкі і сатчэче рызоўку. РасчынХце дзьве́ры. Разьве́йся туман, расплывХцеся хмары! Жалем сьціскаХцца грудзі. На Саракі мужык пытаХцца ці далёка да ракі. Калі не нае́ўся, то і не наліжХшся. I сава свае́ дзе́ці хвалХць. Кінь прад сабой, знойдзХш за сабой. Цыган, як гале́Х, то сьмяле́Х. Голад і холад мучХць людзе́й. Калі маХш гаруд жыта — будуйся. Новае сіта на калку вісіць, а старое пад лаўкай наваляХцца.
§ 97. Звонкія зычныя на канцы слова і перад глухім страцілі сваю звонкасьць. Але хоць і чуваць боп, лёт, лотка, дзяцька, мох, лёхка, дошч і г. д., аднолька-ж пішам боб, лёд, лодка, дзядзька, мог, лёгка, дождж і г. д. (бо у другіх разох, зьмяніўшы слова так, каб пасьля яго стаяў галосны, знойдзем бобу, лёду, лодачка, дзядзіна, магу, лёгенькі, дажджу і. г. д.)
Так сама трэба пісаць і прыйме́ньні ад, пад, над, прад, перад незале́жна ад таго ці яны пішуцца разам з якім словам ці асобна: ад хаты, адхінуць, пад сонцам, падцягнуць, над хатай, надхадзіць, пад сталом, прадстаўнік і г. д.
Усе́ прыйме́ньні, што канчаюцца на з — з, без, уз, раз, — калі яны пішуцца з якім словам разам, то перад глухім зычным (п, т, ц, ч, х, с, ш) замяняюць з на с, а перад звонкім пакідаюць з: схадзіць, усхадзіць, расьпіць, але — згінуць, бяздомны, узгадаваць, разьбіць і г. д. Значыцца тутака трэба пісаць, як чуваць.
Але калі з і без пішуцца асобна, то ніколі з на с не замяняецца: з хаты, бяз хле́ба і г. д. Так сама пішацца і цераз: цераз ток.
Задачка. Перапішы і заме́ста крыжыка пастаў літару.
У гародзе расьце́ боХ. ЦэХ вісіць у гумне́. У Адама̀ высокі лоХ. ЛоХ яго лаХкай па плячох. Поўная луХка збожжа. Хле́Х на стале́, рукі свае́. Важыш на рыХку, важ і на юшку. Не адарві почаХкі ад калыскі.
Іду па клаХцы. МёХ салоХкі. Сабака зьнюхаў сьле́Х. АХклаХ ня йдзе́ ў лаХ. Ты браХ мой, е́ж хле́б свой. Гэта кве́Хка не для твайго носу. I я быў калісь молаХ. У каваля цяжкі молаХ. Уле́тку люблю цябе́, дзе́тку, а зімой зье́м хле́б з свіньнёй.
Сёлета гарох стручны. Адзін нароХ прытупіўся. У медзьвядзя ёсьць бярлоХ. Для цяляці адгароджаны катуХ. ПастуX сьцяроХ аве́чкі. Мне́ лёХка на сэрцы. Ён е́дзе ўле́Хцы. Начле́жнікі пае́халі на начле́Х. Якая драХкая дарога. Ты моХ дзе́рці моХ.
У Слуцку ўсё палюХку. АХдай сваё грамаХкай справе. СлуХкія паясы вельмі харошыя. Тутака былі ваявоХкія палацы. ПолаХкія князі — беларускія. НавагруХкі і Ашмянскі паве́ты — суме́жныя між сабой. КсёнХ пае́хаў да хворага. Купе́Х купіў лён.
Ле́Х падняў гэты каме́нь. У восень капаюць рэХку. Хвалько нахваліцца, а буХка набудзецца. БаХкі гадуюць дзяце́й. Ме́Х дастаюць з зямлі. Ня ваХцеся, людзі, бо ўсім блага будзе.
На страсе́ мох выраХ, на моху бяроХка, міле́й свая хатка, як чужая вёХка. Бе́гала ліХка каля ле́су бліХка. Бабуля уме́е раХка́заваць цікаўныя каХкі. Вось уле́Х у густы ле́Х! ПолаХ прыме́рз да сьне́гу. БэХ пахне. Кожны бе́Х цягне ў ле́Х. Зьле́Х з таго дрэва. ГуХ крычыць на дварэ. У драбіне́ зламалася воХ.
Каб ня е́Хка, не адзе́Хка, дык была-бы грошай дзе́Хка. Праз Беларусь істуХкай ліе́цца рака Нёман. Жне́йка цяХка працуе. ПтуХка зачапілася ноХкай за волас сіла. Ля дарогі стаіць крыХ. У краме прадавалі рыХ. Пайшла гуляць качарэХка. Котка злавіла мыХку. Калі ўзяўся за гуХ, не кажы, што ня дуХ.
НаХ хатай лётае каршун. ПераХ імі пакланіся. Сноп аХ снапа на дзьве́ стапы. Жораў Х цяплом, ластаўка X лістом. ПаХ табой каня забілі. РаХмяні мне́ грошы. РаХкапай яму. Зоркі раХсыпаліся на не́бе. Бацька ўХхапіўся, абуў боты і, раХчыніўшы дзьве́ры, выйшаў на панадворак. БеХ дабра ня будзе дабра. БяХ часу ня будзе квасу.
§ 98. Глухія зычныя перад звонкімі чуваць, як звонкія: казьба, прозьба, гарадзьба, пядзьдзесят і г. д. Тутака пішам ня так, як чуваць: касьба, просьба, пяцьдзесят (за тое, што маем касіць, прасіць, пяць).
Задачка. Гарба, малаХба і каХба — цяжкія работы. Наш дзе́д ужо слабы ў хаХбе. Прасі Бога, каб проХба дайшла да не́ба. Дзядуля сядзіць на прыХбе. КаХбіт косіць се́на. МалаХбіты пайшлі дамоў. У капе́ шэХдзесят адзінак. Майму бацьку пяХдзесят шэХ гадоў.
§ 99. Перад мягкімі зычнымъ і ь з, с, ц, дз зьмягчаюцца: зьняць, сьляза, цьвіце́ц, дзьве́, зье́хаць і г. д. Толькі перад г, ж, к яны не зьмяняюцца.
Задачка. Перапішы і заме́ста крыжыка пастаў з, с, ц, дз або зь, сь, ць дзь.
Купе́ц зарабіў Хве́сьце рублёў. Маці Ххінулася над дзіцянём. Хвіршня штось папсавалася. Хкінь гэтае рызьзё. у прочкі Хбірайся, а жыта се́й. Пустой птушкі пустыя й пе́сьні. Вучань прачытаў Хве́ кнігі. Ні сьцяты, ні паве́шаны. Узімку Хве́ры хаваюцца ў норы. Хліна бывае зараХлівая. Ня рыпайце Хвярыма. Шкло якоесь Хмяннае. Яблыны Хвітуць бе́лым Хве́там.
§ 100. Злучэньні тц, чц чуваць як цц, а злучэньні тч, дч, як чч —
чуваць: | пішацца: |
маццы | матцы |
даццы | дачцы |
загаччык | загадчык |
і г. д. |
Злучэньне дс дае́ ў вымове ц, хоць пішацца дз —
чуваць: | пішацца: | заме́ста: |
люцкі | людзкі | людскі |
швэцкі | швэдзкі | швэдскі |
і г. д. |
Злучэньне тс дае́ ц —
чуваць і пішацца: | заме́ста: |
полацкі | полатскі |
брацкі | братскі |
брацтва | братсва |
і г. д. |
Злучэньні жс зс даюць с —
чуваць і пішацца: | заме́ста: |
боскі | божскі |
францускі | французскі |
і г. д. |
У злучэньнях стл і здн зьнікае т і д.
чуваць і пішацца: | заме́ста: |
пачэсны | пачэстны |
позны | поздны |
шчасны | шчастны |
шаснаццаць | шастнаццаць |
і г. д. |
Злучэньне нн ужываецца ў тых прыме́тах, што створаны ад іме́ньня, якое мае н у аснове: сьцяна — сьце́нны, каме́нь — каме́нны, вайна — вае́нны, палатно — палацѐнны і г. д. Але там, дзе́ ў аснове няма н, пішацца адно н: шкло — шкляны, дрэва — драўляны, гэтак сама зроблены, пабе́лены і г. д.
Злучэньне цц ужываецца ў чыслах і дзеяслове: адзінаццаць, дванаццапь і г. д.; мыцца, сьмяяцца, ён мыецца, сьмяе́цца і г. д.
§ 101. Галосныя у і і дзеля складнасьці замяняюцца на ў і й, калі папярэдняе слова канчаецца галосным: было ў бацькі тры сыны, яна ўжо пайшла; ён яго й поіць і корміць, яна йдзе́ і г. д. Але пасьля зычнага у і і не замяняюцца на ў і й: я тут ужо даўно, ён у хаце; ён ідзе сюды, брат і сястра і г. д.
Ад гэтага правіла дзеля ве́рша дужа часта адступаюць:
Чыстых хмарак валаконцы
Сталі у кружочак
Вышай ле́су, проці сонца
I сплялі вяночак.
§ 102. Прыйме́ньні з прыслоўямі пішуцца разам: упе́рад, назад, насустрэчу, дагары, зраньня, запраўды, наадзіноцы, уле́тку, узімку, ураньні, уве́чары, паасобку, уваччу, пабеларуску, пачэску, потым, загадзя, наўмысьля, спакваля, заўсёды, адкуль, дасюль і г. д.
Так сама разам з прыслоўямі пішуцца не, ні і усе́ складаныя прыслоўі: ніколі, нідзе́, не́калісь, няма, абе́руч, абыдзе́, абыяк, ажно і г. д.
§ 103. Злучок ужываецца ў гэткіх разох:
1) для злучэньня частак бы, б, жа, ж з папярэднім словам: добра было-бы, каму-б гэта даць, а мой-жа ты сусе́дзька! ды куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?
- Увага. Калі-ж бы, б і жа, ж сходзяцца разам, то яны паміж сабой злучком ня злучаюцца: калі-ж бы мне́ пайсьці, вось быу-бы ж ты рады і г. д.
2) для злучэньня складаных прыйме́ньняў з-за, з-пад — з-за стала, з-пад лому і г. д.
3) для злучэньня двух словаў, што азначаюць тую самую рэч — узьве́й-ве́цер, ве́цер-дуронік.
4) у падвойных фаміліях — Дуж-Душэускі, Сьвятаполк-Мірскі, Дунін-Марцінке́віч і г. д.
5) у складаных прыме́тах — сьне́жна-бе́лы, цёмна-сіні і г. д.
§ 104. Словы чужазе́мныя, узятыя з чужое мовы даўно, пішуцца так, як гэта чуваць у штодзе́нным ужытку: літара, аканом, арганісты, паляруш, калідор, леварвэр, камісія і г. д.
Словы чужазе́мныя, што ўжываюцца ў кніжках і ў кніжнай мове і да народу не дайшлі або дайшлі нядаўна, пішуцца так, як у тэй мове, скуль яны ўзятыя: тэлегра́ф, тэлеграма, літэратура, монолёг, тэа́тр, дынастыя, партыя, рэдакцыя, інспэктар, дырэктар, рэдактар[5] і г. д.
Заме́ста падвойных зычных пішуцца простыя: каса, маса, тэлеграма, Фінляндыя, Голяндыя — а ня касса, масса, тэлеграмма, Гольляндыя, Фіннляндыя і г. д.
Чужазе́мнае l, перадае́цца мягкім ль, а ня цьвёрдым л: Лёндон, філёзофія, монолёг і г. д.
Трэба заўважыць правапіс у такіх разох, як рэдакцыя, нацыя, Францыя, рацыя; рэдакцыйны, нацыянальны, рацыянальны, Голяндыя, Фінляндыя, Курляндыя.
- ↑ Гэта відаць зьмяніўшы слова: мёду, калода, падыйсьці, мыеш.
- ↑ але ў такіх старых формах, як вароцех, боцех пішацца е.
- ↑ такія словы, як перад, цераз, але, без, дзеля, свайго націску ня маюць, становячы быццам часьць таго слова, перад якім яны стаяць, дзеля гэтага над імі ня ставіцца знак націску: перад на̀мі, цераз хату, але так не́льга, бяз нас, дзеля таго і г. д. Калі-ж але азначае пацьвярджэньне, то яно мае націск: ці у цябе́ мая кніжка? — але́.
- ↑ Але ў такіх, як кры-ць, мы-ць, вы-ць, шы-ць, ры-ць, ы адносіцца да караня: гэтыя дзеясловы 1-га спраж. — крыеш, крые, крыем, крыеце, крыюць, мыеш, мне, мыем, мыеце, мыюць і г. д.
- ↑ у такіх разох ар заме́ста ор пад уплывам беларускіх слоў на — ар: пісар, знахар і г. д.