Перайсці да зместу

Безназоўнае (1925)/Голад

З пляцоўкі Вікікрыніцы
* * * (Вяртаюцца з выраю…) Голад
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Хаўтурны марш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Голад (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГОЛАД

Праз поле, праз хаты і сёлы,
Ў кароне з касьцей чалавечых,
Іду, разбуялы, вясёлы,
З хатомкай мярцьвячай на плечах.
Паклоны б‘е стар мне і молад
І дзетак рой босых і голых,—
Бо Голад я, Голад!

З прадсьмертных сьлязінаў і поту
Брыльлянты на мне мігацяцца,—
Абвёў іх з крыві пазалотай…
А з сілай маёю зраўняцца
Ня ў сілах ні сьпека, ні холад,
А шлях мой бяз рыцьваў і плоту,—
Бо Голад я, Голад!

Іду. Прада мной зазірае
Жывым сьмерць галодная ў вочы
І косе ў рад, не разьбірае—
Ў дні белыя, ў чорныя ночы.
Ці слаб хто, ці дужы, як волат—
Груган яго косьці зьбірае,—
Бо Голад я, Голад!

Іду. А за мной сьледам-лазам
Паўзуць зьністажэньні, руіны.
Я—мору тварэц бязупынны,
Я—сейбіт бязьмежнай заразы,
Мой скіпетр—лядзянячы молат,
Ім рабству дыхтую указы,—
Бо Голад я, Голад!

Пад чорным маім уладаньнем
Сіроцтва гне корна калені,
І ўдоўства галосіць літаньнем
На голым магільным каменьні.
Мне гымны складае вякоў лад—
Мне, сытаму лудаў кананьнем,—
Бо Голад я, Голад!

1—X—21 г.