Перайсці да зместу

Барвенак (1924)/Трывогі і надзеі/На сьмерць брата

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Новаму году На сьмерць брата
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Дзе ты, доля…
Іншыя публікацыі гэтага твора: На сьмерць брата.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СЬМЕРЦЬ БРАТА.

Памяці Андрэя Гурло.

Сярод магіл, так блізкіх майму сэрцу,
І ты, апошні брат, знайшоў сабе спакой;
Змагаўся доўга ты ўсёй сілаю са сьмерцю,
Але яна змагла цябе кастляваю рукой.

Ў краёх чужых, ў пуцінах незнаёмых,
Прымушаны цярпець няласкі непагод,
Бадзяўся доўга ты, адорваны ад дому,
Каб скласьці галаву за шчасьце і народ.

І з кволымі грудзьмі да роднай сваёй хаты
Вярнуўся ты бяз спогадзі людзей,
І ў ёй ты не знайшоў ні бацькі, маткі, брата,
І стогн глухі ты выпусьціў з грудзей.

А лёс — удары слоў, а цемра — навальніцы:
Ты, кветка сьвежая — ахвяра віхуры —
Знайшоў спакой ў глыбі сырой зямліцы.
Ў той час, як жыць хацеў, загінуў без пары…

Нас ўсіх парознаму крышылі, рвалі буры,
Ў нас сілы аднялі чужынскія куты;
І вось, спраўляючы так цяжкія хаўтуры,
Я плачу па табе ўсім жалем сіраты.

1922 г.