Перайсці да зместу

Барвенак (1924)/Родныя вобразы/Шляхам жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Родны край Шляхам жыцьця
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Беларусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шляхам жыцьця (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХАМ ЖЫЦЬЦЯ.

Наш шлях — жыцьця дарога —
Была заросшы палыном,
І блудам нейкім і трывогай
На сэрца клалася сыном

Айчыны нашай — Беларусі.
Ніхто ня знаў, дзе пэўны шлях,
І скрозь цяжар і скрозь прымусы
Таіўся голас у грудзях;

Таіўся доўга злосьцю нейкай:
На тых ён помстай клекатаў,
Хто імя, славу чалавека
Ў гразі нагамі затаптаў.

Ўсё-ж пыл вякоў сьціралі дзеці,
Каб паглядзець на цень бацькоў,
І як-бы вешчая камэта
Скрозь змрок начэй і звон акоў

Ўсё выплывала наша слава,
Будзіўся дух і крэп і рос,
І родным шумам лес, дубравы
Сушылі сьлед гарачых сьлёз.

Парой нясьмела, баязьліва
На ніве панскай і сваёй
Лілася голасам зычлівым
Магутна песьня родных жней.

Са шляху зблуканых, з дарогі
Званамі моцна зваў званар,
І памаленьку посьле змогі
Нам дораг родны стаў абшар…

Хоць і цяпер яшчэ нядолі
Заходні сьцелецца туман,
І паляць хаты, топчуць поле, —
Ўсё шлях ўжо блізкім бачым свой;

Мы чуем песьню — песьню-гудку,
Яе іграе нам дудар…
Дык грай-ка шчасьцю ты пабудку,
Свабодны песьняю пясьняр!..

1921 г.