Перайсці да зместу

Барвенак (1924)/Родныя вобразы/Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шляхам жыцьця Беларусі
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Беларуская сялянка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусі (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСІ.

Хоць народ твой жыве небагата,
Бо ярмо ён адвеку цягнуў,
Бо глумілісь над ім паны, каты, —
Ўсё ніжэй беларус шыю гнуў.

Ён паслушным радзіўся для працы,
Ім і вырас на ніве сваей;
Жыў, як быдла, ў закуранай хаце
І рабіў ўсяго больш на людзей…

На балотах радзімай старонкі
Ён канавы прарыў, загаціў
І дзярну ўсю павыдраў баронкай
І саку ўжо на плуг замяніў.

І адрокшысь ад панскага хлеба,
Ён пазбыўся нядолі ліхой,
Ласкавей яму глянула неба
Посьле зьдзеку і цемры глухой…

Можна дацца цяперака дзіву,
Не паверыць і нават вачам, —
Як чароўна красуецца ніва:
Тут азімае поле, яр — там,

Серабрыстыя рэчкі, як стужкі,
Распаўзьліся па шыры лугоў,
І шчабечуць ў лясох стройна птушкі,
Гоман чуцен усюды руччоў…

Сонца-ж зырка праменьні кідае
І загляне часамі ў вакно,
Дзе прыветна усё выглядае, —
Супакоіўшысь, зойдзе яно…

Глуш адна, і жывуць ў ёй мядзьведзі, —
Звалі нашых калісь мужыкоў —
Ўжо-ж завідуюць нашы суседзі,
А што будзе праз колькі гадкоў!

1921 г.