„Дзядзенька мілы, прадай мне шпака!“
Хлапчук так на рынку прасіў лясьніка,
Зірнуў той: на малым, бедным дзіцяці
Рваная вопратка, лата на лаце… — „Пяць злотых, паночку… І то толькі вам“.
Дзядзенька, злоты з паловай я дам!
Урэшце і два дам!“ — хлапчук адазваўся:
„Ты-ж столькі прасіў, як са мной таргаваўся
Ты-ж слова мне даў, павінен стрымаць,
Бяры, бо я часу ня маю чакаць!“
А пан у карэце са злосьцяй рагоча:
— „Ха-ха! бачыў?… шчанюк нейкі… хоча
Дзічыну з-пад носа ў мяне падхапіць!“
„Паночку вяльможны, дазвольце купіць…
Прашу вашай ласкі“… хлапец узмаліўся.
— „Ласкі? Каму? — пан шчыра зьдзівіўся.
„Дазвольце мне, пане, апошніх два злоты
Аддаць за дзічыну. Ў мамкі сухоты,
Ёй доктар казаў“…
Тут пан той з карэты,
Вочы прышчурыўшы, кажа на гэта.
— „Я з рынку, браточак, цябе не ганю,
Што матку кахаеш, — шаную й цаню.
Аднак-жа, каб згінуці меў увесь сьвет —
Я шпакам дапоўню свой сяньня абед!
Смачная штука! У роце аж тае!
Вы-ж жабракі, вы, нэндза сьвятая,
Ня можаце гэтага на’т зразумець,
Чаго-ж на дзічыну вам гэту ляцець!
Ідзі-ка да хаты да маткі сваей,
Ідзі без шпака, але з радай маей,
Каб ела капусту, кашу ды сала,
А дзеля смаку — перцу больш клала;
І будзе здарова праз век увесь свой.
Шпака-ж не аддам ёй. Пардон, братка мой!“
Пан кінуў паперку ў руку лясьніка
І шпарка ад’ехаў, забраўшы шпака.
Хлапец з плачам-енкам пабег за карэтай…
А панскі хурман, убачыўшы гэта:
„Ты што гэта, — крыкнуў, — прыліп-увязаўся,
Ці мала ласкавым мой пан аказаўся? Дык вось-жа табе!“ І сьвіснуў канчук,
І кроўю заліўся наш бедны хлапчук…
Сьмяецца лясьнік: „Які ты няздара!
Чаго задаешся? Ці-ж пан табе пара?
Уздумаў, а як-жа, дурною галоўкай —
З панам цягацца сваёй двузлатоўкай!
Ідзі вось да хаты бяз большай тугі,
А я пайду цяпнуць кілішак-другі!“
Далёка карэта багатая скача,
Хлапец шчэ стаіць ўсё на месцы і плача…
Што яму трэба? Чаго ён чакае?
Лясьнік п’е гарэлку, вясёла сьпявае…
Што-ж далей было?
У дзень нек пануры,
Разам спраўлялісь па трох аж хаўтуры.
У немаляванай, сасновай труне,
На просьценькім возе, аб тошчым кане,
Памёршая сьлесара жонка ляжыць…
Ёй не за што было дзічыны купіць,
Каб сілы набрацца, хваробу змагаць…
За ёю — калоду другую відаць:
У ёй на спачынак вязьлі лясьніка.
Ён пану прадаў не аднога шпака,
За панскія грошы ён надта куціў
Аж п’яны са стрэльбы сябе падстраліў.
Дзівіўся ўвесь натаўп з апошняга гроба,
Ляжала ў ім важная відна асоба.
Такіх дамавін — ня убачыш ніколі!
У ёй на магільны спачынак, паволі,
Пана вязьлі, што калісь хлапчука
Скрыўдзіў так моцна, забраўшы шпака.
Са сьмерці ягонай усяк падзівіўся:
Ён косьцяй шпака за сталом падавіўся…
Усе трое прадсталі на страшным судзе,
Дзе кожны адчот дасьць за ўсе справы свае,
Там ў кнігу быцьця анёл бяз сумліву
Упісаў аб шпаку ўжо аповесьць праўдзіву.
|