Перайсці да зместу

Байкі, гумар, сатыра/Байкі/Сяляне і рака

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прошаны абед Сяляне і рака
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1928 год
Арыгінальная назва: Крестьяне и Река
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Воўк на псарні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сяляне і рака (Крылоў/Друцкі-Падбярэскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сяляне і рака.

Ад разарэньня,
Якое прычынялі ім руччы штогодзьдзя
Вясной і восеньню у палаводзьдзе—
Ня стала у сялян цярпеньня.

Дык вось, сабраўшысь разам мужыкі,
Ўсю гэту справу абсудзілі
І парашылі:
Ураз з жалабай зьвярнуцца да ракі.
У гэтую раку усе руччы ўпадалі,
Дзеля таго яе сяляне пачыталі
Начальствам ўсіх руччоў суседніх,
І спадзявалісь ад яе
За шкоды ўсе свае
Адшкадаваньняў адпаведных.
А галоўнае: загаду ручаём усім,
Шкодзіць каб ня сьмелі ім.
А шкоды ўсе, што ручаі зрабілі,
Вялікія ўзапраўду былі:

У аднаго: падмочана і згніла жыта;
Запруда у млыне — размыта,
Пры самай вёсцы мост зьнясло,
На сенажаці — мулу нанясло;
Утопла шмат жывёлы з вёскі,
З двароў пазьнесены бярвёны, дошкі…

Словам, куды ні абярнешся —
На шкоду нейкую наткнешся.
А што найгорш і больш абідна,
У чым прызнацца нават стыдна —
Нікчэмныя руччы ўсё гэта нарабілі!
Хай глыбінёй багаты-б былі,
Ці многа мелі-бы вады…
А то… Ну проста абурэньне!
Чаму рака? Стаяць на ёй вось гарады,
А ня чуваць пра гэткія здарэньні.
Цячэ яна спакойна і ня псуець
Дабытку жыхаром бярэжым.
Відаць, як сьлед, яна закон шануець.
А як начальства, — дык ручаём мяцежным
Рака павінна паказаць,
Як трэ’ законы шанаваць.

Пайшлі з прашэньнем да ракі
Ад вёскі нашай хадакі.
Прыйшлі, глядзяць
І нос на квінт спусьцілі…

Убачылі яны між рэчаў, па рацэ што плылі,
Свае, руччамі зьнесеныя да ракі…
Пагледзілі на гэта бедныя, ўздыхнулі,
Дый моўчкі ў хаты павярнулі…


Прыклад, здаецца, ясны нам:
Дарэмна праўды хто шукае
І справядлівасьці ўзывае
Там,
Падуладнага дзе старшы пакрывае
І дзеліць ўсё з ім папалам!