Байкі, гумар, сатыра/Байкі/Прошаны абед

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прарок Прошаны абед
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1928 год
Арыгінальная назва: Обед у Медведя
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Сяляне і рака

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прошаны абед.

Ня ведаю з якой прычыны
Былі памінкі то ці імяніны —
Мядзьведзь абед даваў.

І на абед ня толькі сваякоў-мядзьведзяў —
Усіх сваіх суседзяў
Здалёку нават паспрашаў.
Аддаць мядзьведзю трэба чэсьць:
Было што й піць і есьць,
Сталы ламалісь аж ад стравы,
Руччом лілась гарэлка, піва,
Зусім тады няма тут дзіва,
Што госьці ў міг абселі лавы,
Мядзьведзь, як сьлед —
Частуе ўсіх, піць-есьці запрашае
І бачыць з радасьцяй: абед —
Усім да смаку прыпадае!

Вось каб гасьцей шчэ болей разахвоціць
Здароўя ўсіх узносіць,
Застольны песьні стаў пяяць,
Пусьціўся ўрэшце на’т скакаць,

Ліса ў далоні біць пачала:
„Вось танцавей: такіх тут мала!
Вось дык Міша! як прыгожа,
Зграбна й лёгка скакаць можа!
Ну шчэ-кж крышку! Ўперад! Сьмела“!

—„Кума мусіць звар’яцела?“ —
Воўк лісе на вуха шэпча:
Дзе тут пекнасьць? То-ж ён дрэпча
Усё на месцы, дый адно
Быццам таўчэць талакно!

Хараство знайшла! І ў чым?
Хіба сьмяешся ты над ім?“

„Эх, кумок! — ліса ў адказ:
А абед хто даў для нас?
Сама бачу: скача блага,
Аднак-жа мусім быць з увагай:

Бо як дружна, ўсе, як сьлед,
Яго пахвалім за абед —
Ён ў пахвальбе, як засмакуе —
Яшчэ й вячэрай пачастуе“.