Перайсці да зместу

Байкі, гумар, сатыра/Байкі/Асёл

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Оўцы і сабакі Асёл
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1928 год
Арыгінальная назва: Осёл
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Прысуд
Іншыя публікацыі гэтага твора: Асёл (Крылоў/Друцкі-Падбярэскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Асёл.

Калі ўвесь сьвет Юпітэр насяляў,
І развадзіў там твараў розных племя,
Дык і асёл на сьвет у ліку іх папаў.

Ня ведаю: ці зумысьля, ці маючы бярэмя
Справаў розных — не дагледзіў бог —
— Асёл наш ростам з векшу аказаўся,
І мала хто яго прыкмеціць мог.

Дзеля таго-ж, што пыхай ён вялікай ад’значаўся,
Дык наравіў прад іншымі наса задраць.
Аднак-жа, чым тут было ўзвышацца?
Каб росту крыху хоць дадаць…
А то… ну проста стыдна паказацца!

І вось — к Юпітэру асёл ідзець
І просіць ўзрост яму падбавіць.

„Ах, зьлітуйся, Тварэц! Крыўдна! Не магу цярпець,
Усякі львоў, сланоў ды барсаў славіць,

Аб іх ўсе гутараць з вяліка й да малога,
А вось аб нас, аслох, ніяк ня чуць нічога.

Ні гонару, ні славы! Ну, проста дзіва!
Ці-ж гэта добра, справядліва?

Тымчасам я, каб хоць з цялё узросту быў —
Дык пыхі-бы са львоў ды барсаў я пазьбіў,
І аба мне-б ўвесь сьвет загаманіў!“

Так, што ні дзень асёл да Бога лез,
І так яму урэшце надаеў,
Што зазлаваўшыся Зэвэс —
Аслу быдлём вялікім быць вялеў,

І даў яму пры гэтым голас дзікі;
Ды да таго, што новы гэркулес
Жах голасам на ўсіх навёў вялікі,
Аж дрыгануў ўвесь лес.

Пытаецца тут кожны: што за зьвер? З якога роду?
Ма’быць зубасты? А рагоў, дык мусіць бяз чысла?
Ну, словам—толькі й гутаркі, што пра асла!

Аднак-жа, не прайшло і году,
Як добра ўсе асла пазналі,
Бязглузьдзе і упартасьці асловы —
Ўвайшлі ў народныя прысловы,
А ім самім — ваду вазіць пачалі!


Калі хто розуму ня мае ад раджэньня,
Дык не паможа ўзрост ці палажэньне.

Здабыўшы іх — вялікім нейкі час здаецца,
Аднак — заўсёды дурань дурнем застаецца!