Аратаму (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Аратаму
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/972



Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаце,
      Вясна заглядае ў вакно;
Ўжо птушка сьвяргоча, ўжо лісьцік шапоча,
      Цябе шнур чакае даўно.

Хай сошка крывая, кабылка худая
      І ты сам, крывы і худы,
Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,
      На тыя прадзедаў сьляды.

Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
      Ты ў крыўду ня даўся б другім:
Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,
      Дый сам ты галодзен зусім…

Дык выпрамся ж трошку, дый жыва за сошку,
      Ды ў поле – к вялікай арбе!
Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі
      Ты выараш, братка, сабе…

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —
      Любі сваю ніву, свой край
І, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
      Ары, барануй, засявай!..

(1908)