Перайсці да зместу

Апавяданні (Тургенеў, 1937)/Льгоў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бірук Льгоў
Апавяданьне
Аўтар: Іван Тургенеў
1937 год
Арыгінальная назва: Льгов (1847)
Хор і Каліныч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Льгоў

— Давайце паедземце ў Льгоў, — сказаў мне аднойчы ўжо вядомы чытачам Ермалай: — мы там качак настраляем многа.

Хаця для сапраўднага паляўнічага дзікая качка не прадстаўляе нічога асабліва прывабнага, але, за адсутнасцю пакуль што іншай дзічыны (справа была ў пачатку верасня: вальдшнепы яшчэ не прыляталі, а бегаць па палях за курапаткамі мне надакучыла), я паслухаўся майго паляўнічага і накіраваўся ў Льгоў.

Льгоў — вялікае стэпавае сяло з вельмі старадаўняй каменнай царквой і двума млынамі на балоцістай рэчцы Расоце. Гэтая рэчка, вёрст за пяць ад Льгова, ператвараецца ў шырокі пруд, берагі якога сям-там і дзе-ні-дзе пасярэдзіне зараслі густым чаротам, па-орлоўску — аірам. На гэтым-та пруду, у завадзях ці зацішшах між чаратамі, выводзілася і жыла, незлічоная колькасць качак самых рознастайных парод: крыжанак, поўкрыжанак, шылахвостых, чыркоў, ныркоў і іншых. Невялікія стаі адна за другой пералётвалі і насіліся над вадой, а ад стрэлу нібы хмары падымаліся, што паляўнічы міжвольна хапаўся адной рукой за шапку і працягла гаварыў: фу-у! — Пайшлі гэта мы з Ермалаем удоўж пруда, але, па-першае, ля самага берагу качка, птушка асцярожная, не трымаецца; па-другое, калі нават якая-небудзь адсталая і неспрактыкаваная чырка, папаўшы на наш стрэл, і гінула, дык дастаць яе з гэтага густога аіру нашы сабакі не маглі, не гледзячы на самаадданасць, яны не маглі ні плаваць, ні ступаць па дну, а толькі дарэмна рэзалі свае каштоўныя насы аб самую вастрыню чарота.

— Не, — прамовіў, нарэшце, Ермалай: — справа не ладна: трэба дастаць лодку… Хадземце назад у Льгоў.

Мы пайшлі. Не паспелі мы ступіць некалькі шагоў, як насустрач нам з-за густой ракіты выбег мізэрны лягавы сабака, і ўслед за ім паявіўся чалавек сярэдняга росту, у сінім, моцна пацёртым сурдуце, жоўтай жылетцы, у штанах колера гры-дэ-лень або блё-д-амур, наспех засунуты у дзіравыя боты, з чырвонай хусткай на шыі і аднаствольнай стрэльбай за плячыма. Пакуль нашы сабакі, са звычайным, уласцівым іх пародзе, кітайскім цыраманіялам, знюхваліся з новай для іх асобай, якая відаць пужалася, прыціскала хвост, закідвала вушы і хутка перакручвалася ўсім целам, не згінаючы каленак і шчэрачы зубы, — незнаёмы падышоў да нас і надзвычай ветліва пакланіўся. На выгляд яму было год дваццаць пяць; яго даўгія русыя валасы, ад якіх моцна пахла квасам, тырчэлі нерухомымі касічкамі, — невялікія карыя вочкі ветліва міргалі, увесь твар яго, павязаны чорнай хусткай, нібы ад зубнога болю, салодка ўсміхаўся.

— Дазвольце сябе рэкамендаваць, — пачаў ён мяккім і ліслівым голасам: — я тутэйшы паляўнічы Владзімір… Пачуўшы аб вашым прыбыцці і даведаўшыся, што вы мелі ласку накіравацца на берагі нашага пруда, асмеліўся, калі для вас гэта не будзе непрыемным, прапанаваць вам свае паслугі.

Паляўнічы Владзімір загаварыў ні з таго, ні з сяго, як той малады правінцыяльны актор, які займае ролі першых палюбоўнікаў. Я згадзіўся з яго прапановай і, не дайшоўшы яшчэ да Льгова, ужо ведаў яго гісторыю. Ён быў вольнаадпушчаны дваровы чалавек; будучы юнаком, навучаўся музыцы, потым служыў камердынерам, быў пісьменным, пачытваў, наколькі я мог заўважыць, сякія-такія кніжкі і, жывучы цяпер, як многія жывуць на Русі, без граша наяўнага, без сталых заняткаў, карміўся бадай маннай нябеснай. Гутарку ён вёў надзвычай далікатна і відаць фарсіў сваімі манерамі; валацугай таксама быў заўзятым і, відаць, меў поспех: рускія дзяўчаты любяць красамоўства. Між іншым, ён пастараўся звярнуць маю ўвагу на тое, што ён наведвае іншы раз суседніх памешчыкаў, і ў горад ездзіць у госці, і ў прэферанс іграе, і с сталічнымі людзьмі знаецца. Усміхаўся ён майстэрскі і надзвычай рознастайна; асабліва яму была да твару скромная, стрыманая ўсмешка, якая з‘яўлялася на яго губах, калі ён уважліва слухаў чужыя прамовы. Ён вас выслухаў, ён зусім згаджаўся з вамі, але ўсё-такі ўвесь час думаў а сабе і нібы хацеў вам даць зразумець, што і ён можа, калі гэта спатрэбіцца, выказаць сваю думку. Ермалай, як чалавек не вельмі адукаваны і ўжо зусім не „субцільны“, пачаў быў яго „тыкаць“. Трэба было бачыць, з якой насмешкай Владзімір гаварыў яму: „вы“…

— Навошта вы абвязаны хусткай? — спытаў я яго. — Зубы баляць?

— Ды, — засупярэчыў ён; — гэта дрэнны вынік неасцярожнасці. Быў у мяне прыяцель, добры чалавек, але зусім не паляўнічы, як гэта здараецца. Вось, аднаго дня гаворыць ён мне: любы друг мой, вазьмі мяне на паляванне: я цікаўлюся ведаць — у чым састаіць гэтая забава. Я зразумела, не закацеў адмовіць таварышу: дастаў яму стрэльбу і ўзяў яго на паляванне. Вось, мы, як след, палявалі; нарэшце, уздумалася нам адпачыць. Я сеў пад дрэвам; ён-жа, наадварот, са свайго боку, пачаў вырабляць стрэльбай розныя штукі, прычым цэліўся ў мяне. Я папрасіў яго спыніць глупства, але, па-сваёй неспрактыкаванасці, ён не паслухаўся. Ён выстраліў, і я астаўся без падбародка і ўказацельнага пальца правай рукі.

Мы дайшлі да Льгова. І Владзімір, і Ермалай, абодва вырашылі, што без лодкі паляваць было немагчыма.

— У Сучка ёсць дашчанік[1], — заўважыў Владзімір: — ды я не ведаю, куды ён яго схаваў. Трэба збегаць да яго.

— Да каго? — спытаў я.

— А тут чалавек жыве, па мянушцы Сучок.

Владзімір накіраваўся да Сучка з Ермалаем. Я сказаў ім, што буду чакаць іх ля царквы. Разглядаючы магілы на могільніку, наткнуўся я на пачарнелую, чатырохвугольную урнў з наступнымі надпісамі: на адным баку, французскімі літарамі: Ci git Thèophile Henri, vicomte de Blangy; на другім: „Под сим камнем пагребено тело французского подданого, графа Бланжия; родился 1737, умре 1799 г., всего жития его было 62 года“; на трэцім: „мір его праху“; а на чацвертым:

„Под камнем сим лежит французский эмигрант;
Породу знатную имел он и талант.
Супругу и семью оплакав избиянну,
Покинул родину, тиранами попранну;
Российские страны достигнув берегов,
Обрел на старости гостеприимный кров:
Учил детей, родителей покоил…
Обрел на старости гостеприимный кров:
Всевышний судия его здесь успокоил“.

Прыход Ермалая, Владзіміра і чалавека з дзіўнай мянушкай Сучок — спыніў мае разважанні.

Басаногі, абарваны і ўскудлачаны Сучок сваім выглядам нагадваў адстаўнога дваровага год шасцідзесяці.

— Ёсць у цябе лодка? — спытаў я.

— Лодка ёсць, — адказаў ён глухім і разбітым голасам: — ды вельмі дрэнная.

— А што?

— Расклеілася; ды з дзюрак клёпкі павыкідаліся.

— Невялікая бяда! — падхапіў Ермалай: — пакляй заткнуць можна.

— Вядома, можна, — пацвердзіў Сучок.

— Ды ты хто?

— Панскі рыбалоў.

— Як-жа гэта ты рыбалоў, а лодка ў цябе нікуды няварта?

— Ды ў нашай рэчцы і рыбы-ж няма.

— Рыба не любіць іржы балотнай, — сур‘ёзна заўважыў мой паляўнічы.

— Ну, — сказаў я Ермалаю: — ідзі дастань паклі і папраў нам лодку, ды толькі хутчэй.

Ермалай пайшоў.

— А з гэтага можа здарыцца, мы і на дно пойдзем? — сказаў я Владзіміру.

— Бог памілуе, — адказаў ён. — Ва ўсякім разе трэба думаць, што пруд неглыбокі.

— Так, ён не глыбокі, — заўвакыў Сучок, які гаварыў неяк дзіўна, нібы спрасонку: — ды на днe ціна і трава, і ўвесь ён травой зарос. Між іншым, ёсць таксама і калдобіны[2].

— Аднак-жа, калі трава такая густая, — заўважыў Владзімір, — дык і веславаць нельга будзе.

— Ды хто на дашчаніках вяслуе? Трэба папіхацца. Я з вамі паеду; у мяне там ёсць шосцік, — а то і лапатай можна.

— Лапатай нязручна, ды і дна ў іншым месцы не дастанеш, — сказаў Владзімір.

— Яно праўда, што нязручна.

Я прысеў на магілу, чакаючы Ермалая. Владзімір адышоўся, з далікацтва, некалькі ўбок і таксама сеў. Сучок усё стаяў на месцы, апусціўшы галаву і склаўшы, па старай прывычцы, рукі за спіну.

— Скажы, калі ласка, — пачаў я: — даўно ты тут рыбаком?

— Сёмы год пайшоў, — адказаў ён, схамянуўшыся.

— А раней чым ты займаўся?

— Раней ездзіў фурманам.

— Хто-ж цябе змясціў з гэтай пасады?

— А новая барыня.

— Якая барыня?

— А што нас-та купіла. Вы не ведаеце яе: Алёна Цімафееўна, тоўстая такая… немаладая.

— З чаго-ж яна надумалася цябе рыбаловам зрабіць?

— А бог яе ведае. Прыехала да нас са сваёй бацькаўшчыны, з Тамбова, загадала ўсю дворню склікаць, ды і вышла да нас. Мы спачатку да ручкі, і яна нічога: не злуе… А потым і пачала нас па парадку распытваць: чым займаўся, на якой пасадзе састаяў? Дайшла чарга да мяне вось і пытае: ты чым быў? Кажу: фурманам. — Фурманам? Ну, які ты фурман, паглядзі на сябе: які ты фурман? Не павінен ты быць фурманам, а будзь у мяне рыбаловам і бараду абстрыжы. У выпадак, калі я буду прыязджаць, да панскага стала рыбу пастаўляй, чуеш?.. З таго часу вось я ў рыбаловах і лічуся. — Ды пруд у мяне, глядзі, трымаць у парадку… А як яго трымаць у парадку?

— Чые-ж вы раней былі?

— А Сяргея Сяргеевіча Пехцерава. У спадчыну яму дасталіся. Ды і ён намі нядоўга валодаў, усяго шэсць гадоў. У яго-ж вось я фурманам і ездзіў… ды не ў горадзе — там у яго другія былі, а ў вёсцы.

— І ты змоладу ўвесь час быў фурманам?

— Якое ўсё фурманам! У фурманы-ж я трапіў пры Сяргеі Сяргеічу, а раней поварам быў, — але не гарадскім, а так, у вёсцы.

— У каго-ж ты быў поварам?

— А ў ранейшага пана, у Афанасія Няфёдыча, у Сяргея Сяргеічына дзядзькі. Льгоў-жа ён купіў, Афанасій Няфедыч купіў, а Сяргею Сергеічу маёнтак гэты ў спадчыну дастаўся.

— У каго купіў?

— А ў Тацяны Васільеўны.

— У якой Тацяны Васільеўны?

— А вось, што ў пазалеташнім годзе памерла, каля Болхава… гэта значыць каля Карачэва, у дзеўках… І замужам не бывала. Не ведаеце? Мы да яе паступілі ад яе бацькі, ад Васілія Сямёныча. Яна такі доўга намі валодала… годзікаў дваццаць.

— Што-ж ты і ў яе быў поварам?

— Спачатку так, быў поварам, а то і ў кафішэнкі трапіў.

— Куды?

— У кафішэнкі.

— Гэта што за пасада такая?

— А не ведаю, бацюхна. Пры буфеце састаяў і Антонам называўся, а не Кузьмой. Так барыня загадаць вялела!

— Тваё сапраўднае імя Кузьма?

— Кузьма.

— І ты ўвесь час быў кафішэнкам?

— Не, не ўвесь час; быў і ахцёрам.

— Няўжо?

— Як-жа, быў… на кеятры граў. Барыня наша кеятр у сябе зрабіла.

— Якія-ж ты ролі займаў?

— Што вы гаворыце?

— Што ты рабіў на тэатры?

— А вы не ведаеце? Вось мяне возьмуць і прыбяруць; я так і хаджу прыбраны, або стаю, ці сяджу, як там давядзецца. Гавораць: вось што кажы, — я і гавару. Аднаго разу сляпым прымусілі быць. Пад кожнае павека мне па гарошыне паклалі… як-жа!

— А потым чым быў?

— А потым зноў поварам стаў.

— За што-ж цябе зноў у павары перавялі?

— А брат у мяне збег.

— Ну, а ў бацькі тваёй першай барыні чым ты быў?

— А ў розных пасадах састаяў: спачатку ў казачках знаходзіўся, фалетарам быў, садоўнікам, а то і даязжачым.

— Даязжачым?.. І з сабакамі ездзіў?

— Ездзіў і з сабакамі, ды пакалечыўся: з канём упаў і каня скалечыў. Стары-ж барын у нас быў вельмі строгі; загадаў мне розаг даць ды ў вучэнне аддаць у Маскву, да шаўца.

— Як у вучэнне? Ды ты-ж, пэўне, не дзіцём у даязжачыя трапіў?

— Ды гадоў, гэтак, мне было больш дваццаці.

— Якое-ж тут вучэнне ў дваццаць год?

— Стала быць, нічога, можна, калі барын загадаў. Ды добра, што ён хутка памёр, — мяне ў вёску і вярнулі.

— Калі-ж ты поварскаму майстэрству навучыўся?

Сучок узняў свой худзенькі і жоўты твар і ўсміхнуўся.

— Ды хіба гэтаму вучацца? Гаспадыняць-жа бабы!

— Ну, — праказаў я: — бачыў ты, Кузьма, розныя віды на сваім вяку! Што-ж ты цяпер у рыбаловах робіш, калі ў вас рыбы няма?

— А я, бацюхна, не скарджуся. І дзякуй богу, што рыбаловам зрабілі. А то вось другога, такога-ж, як я, старога — Андрэя Пупыра — у папяровую фабрыку, у чарпальную, барыня загадала паставіць. Грэх, кажа, дарэмна хлеб есці… А Пупыр-жа яшчэ на літасць спадзяваўся: у яго стрыечны пляменнік у барскай канторы сядзіць канторшчыкам: далажыць абяцаў пра яго барыні, напомніць. Вось табе і напомніў!.. А Пупыр у маіх вачах пляменніку-ж у ножкі кланяўся.

— Ёсць у цябе сям‘я? Быў жанаты?

— Не, бацюхна, не быў. Тацяна Васільеўна нябожцыца — царства ёй нябеснае! — нікому не дазваляла жаніцца. Барані божа! Бывала, гаворыць: жыву-ж я так, у дзеўках, што за свавольства! чаго ім трэба?

— Чым-жа ты жывеш цяпер? Пенсію атрымліваеш?

— Якую, бацюхна, пенсію!.. Харч выдаецца — і за гэта дзякуй табе, госпадзі! Вельмі задаволены. Дай божа доўгага жыцця нашай пані!

Ермалай вярнуўся.

— Лодка гатова, — сказаў ён сурова. — Ідзі прынясі шост, ты!..

Сучок пабег па шост. Увесь час маёй гутаркі з бедным старым паляўнічы Владзімір паглядаў на яго з зняважлівай усмешкай.

— Дурны чалавек, — прамовіў ён, калі той пайшоў: — зусім неадукаваны чалавек, мужык, больш нічога. Дваровы чалавек яго назваць нельга… і ўсё выхваляўся… Дзе-ж яму быць акторам, самі падумайце! Дарэмна турбаваліся, гаворачы з ім.

Праз чвэртку гадзіны мы ўжо сядзелі на дашчаніку Сучка. (Сабак мы пакінулі ў хаце пад наглядам фурмана Іегудзііла). Нам не вельмі было ёмка, але паляўнічыя народ непераборлівы. Ля тупога задняга краю стаяў Сучок і „папіхаўся“; мы з Владзімірам сядзелі на перакладзіне лодкі; Ермалай памясціўся спераду, ля самага носу. Не гледзячы на паклю, вада хутка паявілася ў нас пад нагамі. На шчасце, надвор‘е было ціхае, і пруд нібы заснуў.

Мы плылі досыць павольна. Стары з цяжкасцю выцягваў з грузкай ціны свой доўгі шост, увесь пераплецены зялёнымі ніцямі падводных траў: густыя, круглыя лісці балотных лілій таксама перашкаджалі ходу нашай лодкі. Нарэшце, мы дабраліся да чаротаў і пайшла пацеха. Качкі шумна падымаліся, „зрываліся“ з пруда, спалоханыя нашым нечаканым паяўленнем у іх уладаннях, стрэлы дружна чуліся ўслед за імі, і весела было бачыць, як гэтыя куртатыя птушкі перакульваліся ў паветры, цяжка хлюпаючы аб ваду. Усіх падстрэленых качак мы, безумоўна, не дасталі: лёгка параненыя ныралі; іншыя, забітыя напавал, падалі ў такі густы аір, што нават рысіныя вочы Ермалая не маглі адшукаць іх; але ўсё-ж такі к абеду лодка наша праз край напоўнілася дзічынай.

Владзімір, што вельмі спадабалася Ермалаю, страляў зусім не так ужо добра і пасля кожнага няўдалага стрэлу здзіўляўся, аглядаў і прадуваў стрэльбу, не разумеючы ў чым справа і, нарэшце, выкладаў нам прычыну, чаму ён не папаў. Ермалай страляў як заўсёды, пераможна, я — досыць дрэнна, як звычайна. Сучок паглядаў на нас вачыма чалавека, змоладу састаяўшага на барскай службе, зрэдку крычаў: „вунь, вунь яшчэ качачка!“ — і ўвесь час чухаў спіну — не рукамі, а прыведзенымі ў рух плячыма. Надвор‘е было добрае: белыя, круглыя воблакі высока і ціха плылі над намі, ясна адлюстроўваючыся ў вадзе; чарот гаманіў навокал; пруд месцамі, нібы сталь, блішчэў на сонцы. Мы збіраліся вярнуцца ў сяло, як раптам з намі вышла досыць непрыемнае здарэнне.

Мы ўжо даўно маглі заўважыць, што вада да нас патрошку ўсё набіралася ў дашчанік. Владзіміру было даручана выліваць яе каўшом, скрадзеным, на ўсякі выпадак, маім прадбачлівым паляўнічым у зазяваўшайся бабы. Справа ішла, як належыць быць, пакуль Владзімір не забыўся на свой абавязак. Але пад канец палявання, нібы на развітанне, качкі пачалі падымацца такімі стаямі, што мы ледзьве паспявалі заражаць стрэльбы. Захопленыя перастрэлкай, мы не звярталі ўвагі на наш дашчанік, — як раптам, ад моцнага руху Ермалая (ён стараўся дастаць забітую птушку і ўсім целам наваліўся на край), наша спарахнелае судно нахілілася, зачэрпнулася і ўрачыста пайшло на дно, на шчасце, не на глыбокім месцы. Мы ўскрыкнулі, але ўжо было позна: праз момант мы стаялі ў вадзе па горла, абкружаныя ўсплыўшымі целамі мёртвых качак. Цяпер я без рогату ўспомніць не магу спалоханых і збялелых твараў маіх таварышоў (відаць, і мой твар не адрозніваўся тады румянцам); але ў тую мінуту, прызнаюся, мне было не да смеху. Кожны з нас трымаў сваю стрэльбу над галавой, і Сучок, мабыць па прывычцы рабіць так як паны, падняў шост свой уверх. Першым парушыў маўчанне Ермалай.

— Тфу ты бездань! — прамармытаў ён, плюнуўшы ў ваду: — якая нечаканасць. А ўсё ты, стары чорт! — дадаў ён са злосцю, звяртаючыся да Сучка: — што гэта ў цябе за лодка?

— Выбачайце, — прамармытаў стары.

— Да і ты добры, — гаварыў далей мой паляўнічы, павярнуўшы галаву ў напрамку Владзіміра: — чаго глядзеў? чаго не чэрпаў? ты, ты, ты…

Але Владзіміру ўжо не прыходзілася супярэчыць: ён дрыжэў, як ліст, зуб на зуб не пападаў, і зусім бессэнсоўна ўсміхаўся. Куды знікла яго красамоўства, яго пачуццё гонкай далікатнасці і павагі да самаго сябе!

Пракляты дашчанік слаба калыхаўся пад нашымі нагамі… У момант караблекрушэння вада нам паказалася надзвычай халоднай, але мы хутка абцярпеліся. Калі першы страх прайшоў, я азірнуўся; навокал у дзесяці шагах ад нас раслі чараты, уводдалі, над іх верхавінкамі, віднеўся бераг. „Дрэнна!“ — падумаў я.

— Як нам быць? — спытаў я Ермалая.

— А вось, паглядзім: не начаваць-жа тут, — адказаў ён. — На, ты, трымай стрэльбу, — сказаў ён Владзіміру.

Валадзімір, не кажучы слова, скарыўся.

— Пайду адшукаю брод, — працягваў Ермалай з упэўненасцю як быццам у кожным прудзе абавязкова павінен быць брод, — узяў у Сучка шост і накіраваўся ў напрамку берагу, асцярожна шукаючы дна.

— Ды ці ўмееш ты плаваць? — спытаў я яго.

— Не, не ўмею, — пачуўся яго голас з-за чаротаў.

— Ну, дык утопіцца, — спакойна заўважыў Сучок, які і раней спалохаўся не небяспекі, а нашага гневу, і цяпер, зусім заспакоены, толькі зрэдку аддуваўся і, здавалася, не адчуваў ніякай патрэбы змяніць сваё становішча.

— І без усякай карысці загіне ён, — жаласна дадаў Владзімір.

Ермалая небыло больш за гадзіну. Гэтая гадзіна нам здалася вечнасцю. Спачатку мы пераклікаліся з ім вельмі старанна; потым ён пачаў радзей адказваць на нашы выгукі, нарэшце змоўк зусім. У сяле зазванілі да вячэрні. Між сабой мы не размаўлялі, нават стараліся не глядзець адзін на другога. Качкі насіліся над нашымі галовамі; іншыя наважваліся сесці каля нас, але раптам падымаліся ўверх, як кажуць, „колам“, і з крыкам уляталі. Мы пачыналі касцянець. Сучок хлопаў вачыма, нібы спаць збіраўся.

Нарэшце, к нечаканай для нас радасці, Ермалай вярнуўся.

— Ну, што?

— Быў на беразе; брод знайшоў… Хадземце.

Мы хацелі было адразу-ж пайсці; але ён спачатку дастаў пад вадой з кішэні вяроўку, прывязаў забітых качак за лапкі, узяў абодва канцы ў зубы і паплёўся ўперад; Владзімір за ім, я за Владзімірам. Сучок замыкаў шэсце. Да берагу было каля двухсот шагоў, Ермалай ішоў смела і не спыняючыся (так добра вывучыў дарогу), толькі зрэдку пакрыкваючы: „лявей, — тут направа калдобіна!“ або: „правей, — тут налева загрузнеш“… Іншы раз вада даходзіла нам да горла і разы два бедны Сучок, будучы ростам ніжэй за нас усіх, захлёбваўся і пускаў бурбалкі. „Ну, ну, ну!“ грозна крычаў на яго Ермалай, — і Сучок карабкаўся, боўтаў нагамі, падскокваў і так выбіраўся на больш мелкае месца, але нават у крайнім выпадку не адважваўся хапацца за крыло майго сурдута. Змораныя, брудныя, мокрыя, мы дасягнулі, нарэшце, берагу.

Праз гадзіны дзве мы ўжо ўсе сядзелі, па магчымасці абсушаныя, у вялікай пуні і збіраліся вячэраць. Фурман Іегудзііл, чалавек надзвычай марудны, цяжкі на ўздым, разважлівы і заспаны, стаяў каля брамы і старанна частаваў табаком Сучка. (Я заўважыў, што фурманы ў Расіі вельмі хутка сябруюць.) Сучок нюхаў з прагнасцю, пакуль не пачало нудзіць: пляваў, кашляў, і, як


  1. Плоская лодка, скалочаная з старых барачных дошак. (Заўвага аутара.)
  2. Глыбокае месца, яма ў прудзе або рэчцы. (Заўвага аутара.)