Перайсці да зместу

Апавяданні (Тургенеў, 1937)/Хор і Каліныч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Льгоў Хор і Каліныч
Апавяданьне
Аўтар: Іван Тургенеў
1937 год
Арыгінальная назва: Хорь и Калиныч (1847)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хор і Каліныч

Каму здаралася з Болхаўскага павета перабірацца ў Жыздрынскі, таго, магчыма, здзіўляла вялікая розніца між пародай людзей у Орлоўскай губерні і калужскай пародай. Орлоўскі мужык невялікага росту, сутулы, пахмуры, глядзіць спадылба, жыве ў дрэнных асінавых хацінках, ходзіць на паншчыну; гандлем не займаецца; харчуецца дрэнна, носіць лапці; — калужскі аброчны мужык жыве ў прасторных хваёвых хатах, ростам высокі, глядзіць смела і весела, з твару чысты і белы, гандлюе маслам і дзёгцем, і ў святочныя дні ходзіць у ботах. Орлоўская вёска (гутарка ідзе пра ўсходнюю частку Орлоўскай губерні) звычайна знаходзіцца сярод узоратых палёў, непадалёку ад аўрага, дзе-ні-дзе ператворанага ў брудную сажалку. Апрача нешматлікіх ракіт, якія заўсёды гатовы да паслуг, ды двух-трох мізэрных бяроз, дрэўца на вярсту навакол не ўбачыш; хата лепіцца да хаты; стрэхі закіданы гнілой саломай… Калужская вёска, наадварот, большай часткай абкружана лесам; хаты стаяць больш прасторна і прама, пакрыты гонтамі; брама шчыльна замыкаецца, плот на задворку не раскіданы і не паламаны, не кліча ў госці ўсякую прабягаючую свінню… І для паляўнічага ў Калужскай губерні лепей. У Орлоўскай губерні апошнія лясы і плошчы[1] знікнуць гадоў праз пяць, а балот і не памятуе ніхто; у Калужскай, наадварот, засекі цягнуцца на сотні, балоты на дзесяткі вёрст, і не перавялася яшчэ благародная птушка — цецярук, водзіцца добрадушны дупель і клапатлівая курапатка сваім парывістым узлётам весяліць і палохае стралка і сабаку.

У якасці паляўнічага, наведваючы Жыздрынскі павет, сустрэўся я ў полі і пазнаёміўся з адным калужскім дробным памешчыкам, Палутыкіным, заўзятым паляўнічым і, значыць, вельмі добрым чалавекам. Былі ўласцівы яму і некаторыя слабасці: ён, напрыклад, сватаўся да ўсіх багатых нявест у губерні і, калі яму адмаўлялі ў гэтым, з разбітым сэрцам давяраў сваё гора ўсім прыяцелям і знаёмым, а бацькам нявест пасылаў па-ранейшаму ў падарунак кіслыя персікі і іншыя сырыя прадукты з свайго саду; любіў паўтараць адзін і той-жа анекдот, які, не гледзячы на павагу, якой карыстаўся Палутыкін да ўласнай асобы, рашуча нікога не смяшыў; хваліў творы Акіма Нахімава і аповесць: „Пінну“, заікаўся, называў свайго сабаку Астраномам; замест „аднак“, гаварыў „аднача“, і завёў у сябе ў доме французскую кухню, сакрэт якой, паводле разуменняў яго повара, быў у поўным змяненні натуральнага смаку кожнай стравы: мяса ў гэтага выдатнага майстра пахла рыбай, рыба грыбамі, макароны — порахам; затое ні адна моркаўка не трапляла ў суп, не прыняўшы выгляду ромба ці трапецыі. Але за выключэннем гэтых дробных і нязначных недахопаў пан Палутыкін быў, як ужо гаварылася, вельмі добры чалавек.

У першы-ж дзень майго знаёмства з панам Палутыкіным, ён запрасіў мяне начаваць да сябе.

— Да мяне вёрст пяць будзе, — дадаў ён: — пешшу ісці далёка; зойдзем спачатку да Хора. (Чытач дазволіць мне не перадаваць яго заікання).

— А хто такі Хор?

— А мой мужык… Ён адсюль блізенька.

Мы накіраваліся да яго. Сярод лесу, на расцярэбленай і распрацаванай паляне, узвышалася азінокая сядзіба Хора. Яна складалася з некалькіх хваёвых зрубаў, злучаных парканамі; перад галоўнай хатай была паветка, падпёртая тоненькімі слупкамі. Мы ўвайшлі. Нас сустрэў малады хлапец, год дваццаці, высокі і прыгожы.

— А, Федзя! Дома Хор? — спытаў яго пан Палутыкін.

— Не. Хор у горад паехаў, — адказваў хлапец, усміхаючыся і паказваючы рад белых, як снег, зубоў. — Каляску запрэгчы загадаеце?

— Так, браце, каляску. Да прынясі нам квасу.

Мы ўвайшлі ў хату. Ні адна суздальская карціна не заляпляла чыстых бярвенчатых сцен; у куце перад цяжкім абразом у срэбранай аправе свяцілася лампадка; ліпавы стол нядаўна быў выскрабаны і вымыты, між бярвеннямі і на вушаках акон не поўзалі рэзвыя прусакі і не хаваліся задумлівыя тараканы. Малады хлапец хутка паявіўся з вялікім белым кубкам, напоўненым добрым квасам, з вялікай лустай пшанічнага хлеба і з дзюжынай салёных агуркоў у драўлянай місцы. Ён паставіў усе гэтыя прыпасы на стол, прытуліўся да дзвярэй і пачаў з усмешкай на нас паглядаць. Не паспелі мы даесці нашай закускі, як ужо цялега затарахцела перад ганкам. Мы вышлі. Хлопчык год пятнаццаці, кучаравы і чырвонашчокі, сядзеў за фурмана і з цяжкасцю стрымліваў сытага буланага жарабца. Вакол цялегі стаяла чалавек шэсць маладых веліканаў, вельмі падобных адзін на другога і на Федзю. — „Усе дзеці Хора!“ заўважыў Палутыкін. — „Усё Харкі“, падхапіў Федзя, які вышаў следам за намі на ганак: „ды яшчэ не ўсе; Патап у лесе, а Сідар паехаў са старым Харом у горад… Глядзі-ж, Вася“, — працягваў ён, звяртаючыся да фурмана: — „у момант замчы: барына вязеш. Толькі на штуршках-жа, глядзі, цішэй: і цялегу-ж папсуеш, да і панскае чэрава патурбуеш!“ — Астатнія Харкі ўсміхнуліся ад выдумкі Федзі. — „Падсадзіць Астранома!“ урачыста выгукнуў пан Палутыкін. Федзя, не без задавалення, падняў у паветра прымушанага ўхмыляцца сабаку і паклаў яго на дно цялегі. Вася нацягнуў лейцы каню. Мы пакацілі. — „А вось гэта мая кантора“, — сказаў мне раптам пан Палутыкін, паказваючы на невялікую нізенькую хатку: — „хочаце зайсці?“ — „Калі ласка“. — „Яна цяпер скасавана“, заўважыў ён, злазячы: — „а ўсё паглядзець варта“. — Кантора складалася з двух пустых пакояў. Вартаўнік, крывы дзед, прыбег з задворку. — „Здароў, Міняіч“, прагаварыў пан Палутыкін: „а дзе-ж вада?“ — Крывы дзед знік і адразу-ж вярнуўся з бутылкай вады і двума шклянкамі. „Пакаштуйце“, сказаў мне Палутыкін: — „гэта ў мяне добрая, крынічная вада“. Мы выпілі па шклянцы, а дзед нам усё кланяўся ў пояс. — „Ну, цяпер, здаецца, мы можам ехаць“, заўважыў мой новы прыяцель. „У гэтай канторы я прадаў купцу Алілуеву чатыры дзесяціны лесу за выгадную цану“. — Мы селі ў цялегу і праз поўгадзіны ўжо ўязджалі ў двор панскага дома.

— Скажыце, калі ласка, — спытаў я Палутыкіна ў часе вячэры: — чаму ў вас Хор жыве асобна ад іншых вашых мужыкоў?

— А вось чаму: ён у мяне мужык разумны. Гадоў дваццаць пяць таму назад хата ў яго згарэла; вось і прышоў ён да майго нябожчыка бацькі і гаворыць: дазвольце мне, Нікалай Кузьміч, пасяліцца ў вас у лесе на балоце. Я вам буду аброк плаціць добры. — Ды навошта табе сяліцца на балоце? — Ды ўжо-ж так; толькі вы, бацюхна, Нікалай Кузьміч, ні ў якую работу мяне, будзьце ласкавы, не ўжывайце, а аброк вызначце, які самі ведаеце. — Пяцьдзесят рублёў у год! — Калі ласка. — Ды без нядоімкі ў мяне глядзі! — Вядома, без нядоімкі… Вось ён і пасяліўся на балоце. З таго часу Хорам яго і празвалі.

— Ну, і разбагацеў? — спытаў я.

— Разбагацеў. Цяпер ён мне сто рублёў аброку плоціць, ды я яшчэ, магчыма, накіну. Я ўжо яму не раз казаў: адкупіся, Хор, адкупіся! А ён, хітрэц, мяне запэўняе, што няма чым; грошай, значыць, няма… Ды, як-бы не так!..

На другі дзень, адразу выпіўшы чаю, зноў мы накіраваліся на паляванне. Праязджаючы праз вёску, пан Палутыкін загадаў фурману спыніцца ля нізенькай хаты і гучна ўскрыкнуў: „Каліныч!“ — „Зараз, бацюхна, зараз“, пачуўся голас са двара: — „лапаць падвязваю“. — Мы паехалі шагам; за вёскай дагнаў нас чалавек гадоў сарака, высокага росту, хударлявы, з невялікай адкінутай назад галоўкай. Гэта быў Каліныч. Яго дабрадушны смуглы твар, дзе-ні-дзе адзначаны вяснушкамі, мне спадабаўся з першага-ж погляду. Каліныч (як даведаўся я пазней) кожны дзень хадзіў з барынам на паляванне, насіў яго сумку, іншы раз і стрэльбу, прыкмячаў, дзе садзіцца птушка, даставаў вады, набіраў суніцы, рабіў шалашы, бегаў за дрожкамі; без яго пан Палутыкін шагу ступіць не мог. Каліныч быў чалавек самага вясёлага, самага ціхага нораву, бесперапынна спяваў упоўголаса, бесклапотна паглядаў на ўсе бакі, гаварыў крыху ў нос, усміхаючыся, прыплюшчваў свае светла-блакітныя вочы і часта браўся рукою за сваю рэдкую, клінападобную бараду. Хадзіў ён не хутка, але вялікімі шагамі, злёгку падпіраючыся доўгай і тонкай палкай. На працягу дня ён не раз загаварваў са мною, прыслугоўваў мне, не трацячы павагі да сябе; але за барынам наглядаў, як за дзіцём. Калі нясцерпная паўднёвая спякота прымусіла нас шукаць прытулку, ён завёў нас на сваю пасеку, у самы гушчар лесу. Каліныч адчыніў нам халупку, завешаную пучкамі сухіх пахучых траў, улажыў нас на свежым сене, а сам надзеў на галаву штосьці накшталт мяшка з сеткай, узяў нож, гаршчок і галавешку і накіраваўся на пасеку выразаць нам сотаў. Мы запілі чысты, як шкло, цёплы мёд крынічнай вадой і заснулі пад аднастайнае гудзенне пчол і лапатлівае шалясценне лісцяў. Лёгкі парыў вецерка разбудзіў мяне… Я расплюшчыў вочы і ўбачыў Каліныча: ён сядзеў на парозе на палову адчыненых дзвярэй і нажом вырэзваў лыжку. Я доўга любаваўся яго тварам, прыемным і ясным, як вячэрняе неба. Пан Палутыкін таксама праснуўся. Мы не адразу ўсталі. Прыемна пасля доўгай хады і глыбокага сну ляжаць нерухома на сене: цела нежыцца і робіцца млявым, лёгкім жарам пылае твар, салодкая стома прыплюшчвае вочы. Нарэшце, мы ўсталі і зноў пайшлі блукаць да вечара. У часе вячэры я загаварыў зноў пра Хора і Каліныча. „Каліныч — добры мужык“, — сказаў мне пан Палутыкін: — „старанны і прыслужлівы мужык; гаспадарку ў спраўнасці аднак трымаць не можа: я яму ўсё перашкаджаю. Кожны дзень са мной на паляванне ходзіць… Якая тут гаспадарка, — памяркуйце самі“. — Я з ім згадзіўся і мы ляглі спаць.

На другі дзень пан Палутыкін прымушан быў паехаць у горад па справе з суседам Пічуковым. Сусед Пічукоў заараў у яго зямлю і на заворанай зямлі адлупцаваў яго-ж бабу. На паляванне паехаў я адзін і надвечар зайшоў да Хора. На парозе хаты сустрэў мяне стары — лысы, нізкага росту, плячысты і каранасты — сам Хор. Я з цікавасцю паглядзеў на гэтага Хора. Склад яго твара нагадваў Сакрата: гэткі-ж высокі, шышкаваты лоб, гэтакія-ж маленькія вочкі, гэткі-ж курносы нос. Мы ўвайшлі разам у хату. Той-жа Федзя прынёс мне малака з чорным хлебам. Хор прысеў на лаўку і, спакойна пагладжваючы сваю кучаравую бараду, распачаў са мною гутарку. Ён, здавалася, адчуваў павагу да сябе, гаварыў і рухаўся павольна, зрэдку пасмейваўся з-пад доўгіх сваіх вусоў.

Мы з ім гаварылі пра пасеў, пра ўраджай, пра сялянскі быт… Ён са мной нібы згаджаўся; толькі потым мне рабілася сорамна, і я адчуваў, што гавару не тое… Так яно неяк дзіўна выходзіла. Хор выказваўся іншы раз мудра, мабыць асцерагаўся… Вось вам узор нашай гутаркі:

— Паслухай, Хор, — казаў я яму: — чаму ты не адкупішся ад свайго барына?

— А навошта мне адкупляцца? Цяпер я свайго барына ведаю і аброк свой ведаю… Барын у нас добры.

— Усё-ж лепей на волі, — заўважыў я.

Хор паглядзеў на мяне збоку.

— Вядома, — праказаў ён.

— Ну, але чаму-ж ты не адкупляешся?

Хор пакруціў галавой.

— Чым, бацюхна, адкупіцца загадаеш?

— Ну, добра, старына…

— Трапіў Хор у вольныя людзі, — працягваў ён ўпоўголаса, нібы гаворачы сам з сабою: хто без барады жыве, таго Хор больш і паважае.

— А ты сам бараду збрый.

— Штобарада? барада — трава: скасіць можна.

— Ну, дык што-ж?

— А, відаць, Хор проста ў купцы трапіць; купцам-жа жыццё добрае, ды і тыя з бародамі.

— А што, ты таксама гандлем займаешся? — спытаў я яго.

— Гандлюем памалу маслішкам ды дзёгцішкам… Што-ж, каляску, бацюхна, загадаеш запрэгчы?

„Востры-ж ты на язык і чалавек, які пра сябе не забывае“, падумаў я. — Не, — сказаў я ўголас: — каляскі мне не трэба; я заўтра каля тваёй сядзібы пахаджу і, калі дазволіш, астануся начаваць у цябе ў пуні.

— З прыемнасцю просім. Ды ці спакойна табе будзе ў пуні? Я загадаю бабам паслаць табе простыню і пакласці падушку. — Гэй, бабы! — выгукнуў ён, падымаючыся з месца: — сюды, бабы!.. А ты, Федзя, хадзі з імі. Бабы — народ неразумны.

Праз чвэртку гадзіны Федзя з ліхтаром праводзіў мяне ў пуню. Я кінуўся на пахучае сена, сабака лёг у мяне ў нагах; Федзя пажадаў мне добрай ночы, дзверы зарыпелі і зачыніліся. Я досыць доўга не мог заснуць. Карова падышла да дзвярэй, шумна дыхнула разы два; сабака важна на яе забурчэў; свіння прайшла міма, задумліва хрукаючы; конь недзе блізка пачаў жаваць сена і фыркаць… Я нарэшце задрамаў.

На золаку Федзя разбудзіў мяне. Гэты вясёлы жвавы хлапец вельмі мне падабаўся; ды і на колькі я мог заўважыць, у старога Хора ён таксама быў любімцам. Яны абодва вельмі ласкава адзін з другога кпілі. Стары вышаў мне насустрач. Ці ад таго, што я пераначаваў у яго, ці з якой іншай прычыны, толькі Хор значна ласкавей, чым учора, абышоўся са мной.

— Самавар для цябе гатоў, — сказаў ён мне з усмешкай: — пойдзем чай піць.

Мы ўселіся за стол. Здаровая баба, адна з яго нявестак, прынесла гаршчок з малаком. Усе яго сыны па чарзе ўваходзілі ў хату. — „Што ў цябе за рослы народ!“ — заўважыў я старому.

— Так, — прамовіў ён, адкусваючы малюсенькі кавалачак цукру: — на мяне, ды на маю старую скардзіцца, здаецца, ім няма чаго.

— І ўсе з табой жывуць?

— Усе. Самі хочуць, так і жывуць.

— І ўсе жанатыя?

— Вунь адзін, свавольнік, не жэніцца, — адказваў ён, паказваючы на Федзю, які па-ранейшаму стаяў прытуліўшыся да дзвярэй. — Васька, той яшчэ малады, яму пачакаць можна.

— А чаго мне жаніцца? — засупярэчыў Федзя: мне і так добра. Навошта мне жонка? Сварыцца з ёй, ці што?

— Ну, ужо ты… я цябе знаю! — пярсцёнкі срэбныя носіш… Табе-б усё з дваровымі дзеўкамі нюхацца… „Ну, ну, сораму на вас няма!“ — працягваў стары, перадражніваючы пакаёвак. — Ужо я цябе добра ведаю, беларучка ты гэткі!

— А што-ж у бабы ёсць добрага?

— Баба — работніца, — сур‘ёзна заўважыў Хор. — Баба мужыку слуга.

— Ды навошта мне работніца?

— Тота-ж чужымі рукамі жар заграбаць любіш. Знаем мы вашага брата.

— Ну, ажані мяне, калі так. Га? Шта! Чаму-ж ты маўчыш?

— Ну, досыць, досыць, балагур. Бач, барына мы з табой непакоім. Ажаню, нябось… А ты, бацюхна, не гневайся: дзіцё, бачыш, малое, розуму не паспела набрацца.

Федзя пакруціў галавой…

— Дома Хор? — пачуўся за дзвярыма знаёмы голас, — і Каліныч увайшоў у хату з пучком палявой суніцы ў руках, якую нарваў ён для свайго прыяцеля, Хора. Стары прыветліва яго сустрэў. Я здзіўлена паглядзеў на Каліныча: прызнаюся, я не чакаў такой „чуласці“ ад мужыка.

Я ў гэты дзень пайшоў на паляванне гадзіны на чатыры пазней звычайнага і наступныя тры дні правёў у Хора. Мяне цікавілі новыя мае знаёмцы. Не ведаю, чым я заслужыў у іх давер‘е, але яны смела гаварылі са мною. Я з задаваленнем слухаў іх і назіраў за імі. Абодва прыяцелі ніколькі не былі падобны адзін на другога. Хор быў чалавек станоўчы, практычны, адміністрацыйная галава, рацыяналіст; Каліныч, наадварот, належаў да ліку ідэалістаў, рамантыкаў, людзей, якія любілі захапляцца і марыць. Хор разумеў сапраўднасць, г. зн. абжыўся, сабраў грошай, умеў з барынам жыць у згодзе і з іншымі прадстаўнікамі ўлады; Каліныч хадзіў у лапцях і перакідваўся як-небудзь. Хор распладзіў вялікую сям‘ю, пакорную і аднадушную; у Каліныча была калісь жонка, якой ён баяўся, а дзяцей і зусім не было. Хор наскрозь бачыў пана Палутыкіна; Каліныч пакорна скланяў галаву перад сваім панам. Хор любіў Каліныча і аказваў яму ласку; Каліныч любіў і паважаў Хора. Хор гаварыў мала, пасмейваўся і больш разважаў моўчкі; Каліныч заўзята спрачаўся, хоць і не спяваў салаўём, як спрытны фабрычны чалавек… Але Калінычу былі ўласцівы некаторыя перавагі, якія прызнаваў сам Хор; напрыклад: ён загаварваў кроў, спалох, шаленства, выганяў чарцей; пчолы яму даліся, рука ў яго была лёгкая. Хор пры мне папрасіў яго ўвесці ў канюшню новакупленага каня, і Каліныч з добрасумленнай важнасцю выконваў просьбу старога скептыка. Каліныч больш любіў прыроду; Хор-жа — людзей, грамадства; Каліныч не любіў разважаць і ўсяму верыў слепа; Хор узвышаўся нават да іранічнага пункту гледжання на жыццё. Ён многа бачыў, многа знаў, і ад яго я шмат чаму навучыўся. Напрыклад, з яго расказаў даведаўся я, што кожнае лета, перад пакосам, паяўляецца ў вёсках невялікая каляска нейкага асаблівага выгляду. У гэтай калясцы сядзіць чалавек у кафтане і прадае косы. Наяўнымі грашыма ён бярэ рубель дваццаць пяць капеек — паўтара рублі асігнацыямі; напавер — тры рублі і цалковы. Усе мужыкі, зразумела, бяруць у яго напавер. Праз два-тры тыдні ён паяўляецца зноў і патрабуе грошай. У мужыка авёс толькі што скошаны, значыць, заплаціць ёсць чым; ён ідзе з купцом у карчму, і там ужо разлічваецца. Некаторыя памешчыкі надумаліся былі купляць самі косы за наяўныя грошы і раздаваць напавер мужыкам па той-жа цане; але мужыкі аказаліся незадаволенымі і нават сум іх агарнуў: іх пазбаўлялі асалоды здавалення званіць па касе, прыслухоўвацца, пакручваць яе ў руках і разоў дваццаць спытаць у хітраватага мешчаніна-прадаўца: „а што, малы, каса не надта таго?“ — Тыя-ж самыя штукі адбываюцца і пры пакупцы сярпоў, з той толькі розніцай, што тут бабы ўмешваюцца ў справу і даводзяць іншы раз самога прадаўца да неабходнасці, дзеля іхняй-жа карысці, пабіць іх. Але больш за ўсё церпяць бабы вось у якім выпадку. Пастаўшчыкі матэрыялу на папяровыя фабрыкі даручаюць закупку рыззя асобнага роду людзям, якія ў некаторых паветах называюцца „арламі“. Такі „арол“ атрымлівае ад купца рублёў дзвесце асігнацыямі і адпраўляецца на здабычу. Але, у процівагу благароднай птушцы, ад якой ён атрымаў сваё імя, ён не нападае адкрыта і адважна: наадварот, „арол“ пускаецца на хітрыкі. Ён пакідае сваю каляску дзе-небудзь у кустах каля вёскі, а сам ходзіць па задворках ды па загуменнях нібы падарожны або чалавек, які не мае пэўных заняткаў. Бабы чуццём угадваюць яго набліжэнне і крадучыся ідуць яму насустрач. Спехам адбываецца гандлёвая згода. За некалькі медных грошаў баба аддае „арлу“ не толькі ўсякую непатрэбную анучку, але часта нават мужніну кашулю і ўласную спадніцу. У апошні час бабы ўпэўніліся, што больш карысным будзе красці ад саміх сябе і збываць такім чынам пяньку, асабліва „замашкі“, — важнае распаўсюджванне і ўдасканаленне прамысловасці „арлоў“. Але затое і мужыкі, у сваю чаргу, навастрыліся, і пры малейшай падазронасці, пры нават далёкіх чутках аб паяўленні „арла“, хутка і жвава прыступаюць да папраўчых і папярэджваючых мер. І, на самай справе, ці не крыўдна? Пяньку прадаваць іх справа, — і яны яе нібы прадаюць — не ў горадзе, — у горад трэба самім цягнуцца, а прыезджым гандлярам, якія, не маючы бязмена, лічаць пуд у сорак жменяў, — а вы ведаеце, што за жменя і што за далонь у рускага чалавека, асабліва, калі ён „стараецца“! — Такіх расказаў я, чалавек неспрактыкаваны і ў вёсцы не „жывалы“ (як у нас у Орле гаворыцца), наслухаўся многа. Але Хор не ўсё расказваў, ён сам мяне распытваў пра многае. Даведаўся ён, што я бываў за граніцай, і цікавасць яго разгарэлася… Каліныч ад яго не адставаў; але Каліныча больш цікавілі апісанні прыроды, гор, вадаспадаў, незвычайных будынкаў, вялікіх гарадоў; Хора цікавілі пытанні адміністрацыйныя і дзяржаўныя. Ён перабіраў усё па парадку: — „Што, у іх гэта там ёсць таксама, як у нас, ці іначай?.. Ну, кажы, бацюхна, — як-жа?..“ — „А! ах, госпадзі, твоя воля!“ — выкрыкваў Каліныч у часе майго апавядання; Хор маўчаў, хмурыў густыя бровы і толькі зрэдку рабіў заўвагі, што „вось гэта ў нас не ішло-б, а вось гэта добра — гэта парадак“. — Усіх яго запытанняў я перадаць вам не магу, ды і няма ў гэтым патрэбы, але нашы гутаркі мяне ўпэўнілі ў тым, чаго, магчыма, ніяк не чакаюць чытачы, — упэўненасць, што Пётр Вялікі быў пераважна рускі чалавек, рускі іменна ў сваіх рэформах. Рускі чалавек так упэўнен у сваёй сіле і моцнасці, што ён не адмовіцца і паламаць сябе: ён мала займаецца сваім мінулым і смела глядзіць уперад. Што добра — тое яму і падабаецца, што разумна — тое яму і падавай, а адкуль яно ідзе, — яму ўсёроўна. Яго здаровы розум ахвотна пакпіць над сухарлявым нямецкім рассудкам; але немцы, як кажа Хор, цікавы народзец, і павучыцца ў іх ён заўсёды рады. Дзякуючы выключнасці свайго становішча, сваёй фактычнай незалежаасці, Хор гаварыў са мною шмат аб чым, чаго ад другога сілком не выцягнеш, як кажуць мужыкі, жорнамі не вымелеш. Ён сапраўды разумеў сваё становішча. Разважаючы з Хорам, я ў першы раз пачуў простую, разумную гутарку рускага мужыка. Яго веды былі досыць, па-свойму, абшырны, але чытаць ён не ўмеў; Каліныч — умеў. „Гэтаму шалапаю грамата далася“, — заўважыў Хор: — „у яго і пчолы спрадвеку не паміралі“. — „А дзяцей ты сваіх навучыў грамаце?“ — Хор прамаўчаў. — „Федзя ведае“. — „А іншыя?“ — „Іншыя не ведаюць“. — „Га, што?“ — Стары не адказваў і перамяніў гутарку. Між іншым, як ён ні быў разумны, але і яму былі ўласцівы шмат якія забабоны і прадузятыя погляды. Баб ён, напрыклад, ненавідзеў ад усяе душы, а ў вясёлы час спацяшаўся і здзекваўся з іх. Жойка яго, старая і сварлівая, увесь дзень не злазіла з печы і бясконца бурчэла і лаялася; сыны не звярталі на яе ўвагі, але нявестак яна трымала ў страху божым. Нездарма-ж у рускай песенцы свякруха пяе: „Які ты мне сын, які сем‘янін! — не б‘еш ты жонкі, не б‘еш маладой…“ Я аднаго разу быў надумаў заступіцца за нявестак, паспрабаваў абудзіць спачуванне Хора, але ён спакойна адказаў мне, што „ці варта вам такім… глупствам займацца, — няхай бабы сварацца… Іх што разнімаць — то горш, ды і рук пэцкаць не варта“. Іншы раз сярдзітая старая злазіла з печкі, выклікала з сенцаў дваровага сабаку, прыгаварваючы: „сюды, сюды, сабачка!“ і біла яго па худой спіне качаргой або станавілася пад паветку і „лаялася“, як казаў Хор, з усімі праходзячымі. Мужа свайго яна, аднак, баялася і, па яго загаду, ішла да сябе на печ. Але асабліва цікава было паслухаць, як спрачаліся Каліныч з Хорам, калі справа даходзіла да пана Палутыкіна. — „Ты ўжо, Хор, у мяне яго не чапай“, — гаварыў Каліныч. — „А што ён табе ботаў не пашые?“ — супярэчыў той. — „Падумаеш, боты!… навошта мне боты? Я мужык…“ — „Ды вось і я мужык, а бачыш“… Пры гэтым слове Хор падымаў сваю нагу і паказваў Калінычу бот, скроены, мабыць, з мамантавай скуры. — „Эх, ды ты хіба наш брат!“ адказваў Каліныч. — „Ну, хоць-бы на лапці даў: бо ты з ім на паляванне ходзішь; напэўна, што дзень, то лапці“. — „Ён мне дае на лапці“. — „Так, у мінулым годзе грыўню падарыў“. — Каліныч з прыкрасцю адварачваўся, а Хор заліваўся смехам, прычым яго маленькія вочкі знікалі зусім.

Каліныч спяваў досыць прыемна і паігрываў на балалайцы. Хор слухаў, слухаў яго, схіляў раптам на бок галаву і пачынаў падпяваць жаласлівым голасам. Асабліва любіў ён песню: „Доля ты мая, доля!“ Федзя не ўпускаў выпадку пасмяяцца з бацькі. „Чаго, стары, разжаліўся?“ Але Хор падпіраў шчаку рукой, заплюшчваў вочы і скардзіўся на сваю долю… Затое, у другі час, не было чалавека больш стараннага, чым ён: заўсёды корпаецца дзе-небудзь — цялегу папраўляе, плот падпірае, збрую пераглядае. Асаблівай чыстаты ён, аднак, не прытрымліваўся і на мае заўвагі адказаў мне аднойчы, што „трэба, значыць, каб у хаце жыццём пахла“.

— Паглядзі ты, — сказаў я яму: — як у Каліныча на пасецы чыста.

— Пчолы-б жыць не сталі, бацюхна, — сказаў ён уздыхнуўшы.

— „А што“, — спытаў ён мяне ў другі раз: — „у цябе свая бацькаўшчына ёсць?“ — „Ёсць“. — „Далёка адсюль?“ — „Вёрст сто“. — „Што-ж ты, бацюхна, жывеш на сваёй бацькаўшчыне?“ — „Жыву“. — „А больш, напэўна, стрэльбай прабаўляешся?“ — „Прызнацца, так“. — „І добра, бацюхна, робіш: страляй сабе на здароўе цецерукоў, ды старасту змяняй часцей“.

На чацверты дзень, увечары, пан Палутыкін прыслаў па мяне. Шкода мне было расставацца са старым. Разам з Калінычам сеў я ў цялегу. „Ну, бывай, Хор, будзь здароў“, — сказаў я… „Бывай, Федзя“. — „Бывай, бацюхна, бывай, не забывайся на нас“. Мы паехалі. На зару толькі пачало браць. — „Добрае надвор‘е заўтра будзе“, — заўважыў я, гледзячы на светлае неба. — „Не, дождж пойдзе“, — адказаў мне Каліныч: — „качкі вунь плёскаюцца, ды і трава надта моцна пахне“. — Мы ўехалі ў кусты. Каліныч заспяваў упоўголаса, падскокваючы на перадку, і ўсё глядзеў, ды глядзеў на зару…

На другі дзень я пакінуў гасціннае жыллё пана Палутыкіна.


  1. „Плошчамі“ называюцца ў Орлоўскай губерні вялікія суцэльныя гушчары кустоў. Орлоўская гутарка адрозніваецца наогул мноствам своебытных, часам вельмі трапных, часам досыць непрыстойных слоў і зваротаў. (Заўвага аутара.)