Апавяданні (Тургенеў, 1937)/Бірук
← Бурмістр | Бірук Апавяданьне Аўтар: Іван Тургенеў 1937 год Арыгінальная назва: Бирюк (1847) |
Льгоў → |
Я ехаў з палявання вечарам адзін, на бегавых дрожках. Дадому было яшчэ вёрст з восем; мая добрая рысістая кабыла бадзёра бегла па пыльнай дарозе, зрэдку пахрапваючы і паводзячы вушамі; змораны сабака, нібы прывязаны, ні на шаг не адставаў ад задніх калёс. Навальніца набліжалася. Наперадзе велізарная ліловая хмара павольна падымалася з-за лесу: нада мною і насустрач мне несліся даўгія шэрыя воблакі; ракіты трывожна варушыліся і шалясцелі. Душная спякота раптам змянілася вільготным холадам; раптам пачало цямнець. Я ўдарыў лейцамі па кані, спусціўся ў аўраг, перабраўся цераз сухі ручэй, што ўвесь зарос хмызняком, падняўся ўгару і ўехаў у лес. Дарога перада мною ішла звілінамі між густых кустоў арэшніка, ужо залітых змрокам; я з цяжкасцю прасоўваўся наперад. Дрожкі скакалі па цвёрдых карэннях стагадовых дубоў і ліп, якія бесперапынна перасякалі глыбокія даўгія выбоіны — сляды калёсаў; конь мой пачаў спатыкацца. Страшэнны вецер раптам загуў у вышыні, дрэвы забушавалі, буйсныя кроплі дажджу рэзка забарабанілі, пасыпаліся па лісцях, бліснула маланка, і пачалася навальніца. Дождж паліў ручаямі. Я ехаў павольна і хутка прымушан быў спыніцца: конь мой загразаў, была страшэнная цемра. Сяк-так дабраўся я да шырокага куста. Згорбіўшыся і захутаўшы твар, чакаў я цярпліва канца непагоды, як раптам, пры блеску маланкі, мне здалося, што на дарозе стаіць высокая постаць. Я пачаў добра прыглядацца ў той бок, — гэтая-ж постаць нібы вырасла з зямлі каля маіх дрожак.
— Хто гэта? — спытаў гучны голас.
— А ты хто сам?
— Я тутэйшы ляснік.
Я назваў сябе.
— А, ведаю! Вы дадому едзеце?
— Дадому. Ды бачыш, якая навальніца…
— Так, навальніца, — адказваў голас.
Белая маланка асвяціла лесніка з галавы да ног; траскучы і кароткі ўдар перуна раздаўся ўслед за ёй. Дожджык паліўся з падвоенай сілай.
— Не хутка пройдзе, — гаварыў ляснік.
— Што рабіць!
— Ды я магу вас, калі хочаце, прывесці ў сваю хату, — коратка праказаў ён.
— Зрабі ласку.
— Прашу сядзець.
Ён падышоў да галавы каня, узяў яго за вуздэчку і зрушыў з месца. Мы паехалі. Я трымаўся за падушку дрожак, якія гойдаліся, „як у моры човен“, і клікаў сабаку. Бедная. мая кабыла цяжка хлюпала нагамі па гразі, слізгалася, аступалася; ляснік пакачваўся перад аглаблямі ўправа і ўлева, нібы здань. Мы ехалі даволі доўга; нарэшце мой праваднік спыніўся. — „Вось мы і дома, барын“, — праказаў ён спакойным голасам. — Калітка зарыпела, некалькі шчанятак дружна забрахалі. Я прыўзняў галаву і, пры святле маланкі, ўбачыў невялікую халупку сярод прасторнага двара, які абнесен быў частаколам. З аднаго акенца цмяна блішчэў аганёк. Ляснік падвёў каня да ганку і пастукаў у дзверы. — „Січас, січас“, — адказаў тоненькі галасок, пачуўся тупат босых ног, засаўка зарыпела, і дзяўчынка год дванаццаці, у кашульцы, падпяразанай пад кромкай, з ліхтаром у руцэ, паказалася на дарозе.
— Пасвяці барыну, — сказаў ён ёй: — а я вашы дрожкі пад паветку пастаўлю.
Дзеўчына глянула на мяне і пайшла ў хату. Я пайшоў услед за ёй.
Хата лесніка была з аднаго пакоя, закуранага, нізкага і пустога, без палацей і перагародак. Падраны кажух вісеў на сцяне. На лаўцы ляжала аднаствольная стрэльба, у кутку валялася куча рыззя; два вялікія гаршкі стаялі ля печкі. На стале гарэла лучына, яна, сумна ўспыхнуўшы, патухала зноў. На самай сярэдзіне хаты вісела калыска, прывязаная на канцы доўгай жэрдкі. Дзяўчынка пагасіла ліхтар, прысела на маленькі зэдлічак і пачала правай рукой калыхаць дзіця, левай папраўляць лучыну. Глянуў я навакол, — сэрца маё заныла: нявесела ўвайсці ноччу ў мужыцкую хату. Дыханне дзіцяці, якое ляжала ў калысцы, было цяжкім і скорым.
— Хіба ты адна тут? — спытаў я дзяўчынку.
— Адна, — адказала яна ледзь чутна.
— Ты леснікова дачка?
— Леснікова, — прашаптала яна.
Дзверы рыпнулі, і ляснік шагнуў, нахіліўшы галаву, праз парог. Ён падняў ліхтар з падлогі, падышоў да стала і запаліў газніцу.
— Напэўна, не прызвычаіліся да лучыны? — прагаварыў ён і страсянуў курчавымі валасамі.
Я глянуў на яго. Не часта мне здаралася бачыць такога малайца. Ён быў высокага росту, плячысты і статны. З-пад мокрай кашулі яскрава вырысоўваліся яго магутныя мышцы. Чорная курчавая барада закрывала да паловы яго суровы і мужны твар; з-пад густых брывей смела глядзелі невялікія карыя вочы. Ён злёгку ўпёрся ў бакі рукамі і спыніўся перада мной.
Я падзякаваў яго і спытаў яго імя.
— Мяне завуць Фамой, — адказаў ён: — а мянушка — Бірук[1].
— А! ты Бірук!
Я з большай зацікаўленасцю паглядзеў на яго. Ад майго Ермалая і ад іншых я часта чуў расказы пра лесніка Бірука, якога ўсе навакольныя мужыкі баяліся, як агню. Паводле іх слоў, не бывала яшчэ на свеце такога майстра сваёй справы: „Бярэма галля не дасць украсці; у любы час, хоть а поўначы, упадзе, як снег на галаву, і ты не думай супраціўляцца, — дужы вельмі і спрытны, як чорт… І нічым ты яго не возьмеш: ні віном, ні грашыма; ні на якую прынаду не пойдзе. Ужо не раз добрыя людзі яго зжыць са свету збіраліся, ды не — не даецца“.
Вось як адзываліся суседнія мужыкі аб Біруку.
— Дык ты Бірук, — паўтарыў я: — я, брат, чуў пра цябе. Кажуць, ты нікому не даеш спуску.
— Абавязак свой выконваю, — адказаў ён пахмура: — дарэмна панскі хлеб есці не даводзіцца.
Ён дастаў з-за пояса сякеру, прысеў на падлогу і пачаў шчапаць лучыну.
— Ці гаспадыні ў цябе няма? — спытаў я яго.
— Не адказаў ён і моцна ўзмахнуў сякерай.
— Памерла, вядома?
— Не… так… памерла, — дадаў ён і адвярнуўся.
Я замаўчаў; ён падняў вочы і паглядзеў на мяне.
— З зайшоўшым да мяне мешчанінам уцякла, — сказаў ён з жорсткай ухмылкай. Дзяўчынка панурылася; дзіцё прачнулася і закрычала; дзяўчынка падышла да калыскі. — На, дай яму, — прагаварыў Бірук, сунуўшы ёй ў руку запэцканы ражок. — Вось і яго кінула, — працягваў ён далёй у поўголаса, паказваючы на дзіцё. Ён падышоў да дзвярэй, спыніўся і павярнуўся.
— Вы, напэўна, барын, — пачаў ён: нашага хлеба есці не будзеце, а ў мяне акрамя хлеба…
— Я не галодны.
— Ну, як знаеце. Самавар-бы я вам паставіў, ды заваркі ў мяне няма… Пайду, зірну, як ваш конь.
Ён вышаў і стукнуў дзвярыма. Я ў другі раз азірнуўся. Хата паказалася мне яшчэ больш сумнай. Ад горкага паху астыўшага дыму непрыемна сціскалася дыханне. Дзяўчынка не краталася з месца і не падымала вачэй; час ад часу разгойдвала яна калыску, боязна насоўвала на плячо кашулю; яе голыя ногі віселі, не кратаючыся.
— Як цябе завуць? — спытаў я.
— Улітай, — праказала яна, яшчэ больш панурыўшы свой засмучаны твар.
Ляснік увайшоў і сеў на лаўку.
— Навальніца сціхае, — заўважыў ён, крыху памаўчаўшы: — калі загадаеце, я вас з лесу праводжу.
Я ўстаў. Бірук узяў стрэльбу і агледзеў паліцу.
— Гэта навошта? — спытаў я.
— А ў лесе сваволяць… Ля Кабылляга Верху[2] дрэва сякуць, — дадаў ён у адказ на мой запытальны погляд.
— Няўжо адгэтуль чутно?
— На дварэ чуваць.
Мы вышлі разам. Дожджык сціх. Далёка яшчэ тоўпіліся цяжкія грамады хмар, час ад часу ўспыхвала маланка, але над нашымі галовамі ўжо дзе-ні-дзе прабівалася цёмнасіняе неба, зорачкі праглядвалі праз рэдкія, быстра ляцеўшыя воблакі. Абрысы дрэў, апырсканых дажджом і ўсхваляваных ветрам, пачыналі вырысоўвацца з цемры. Мы пачалі прыслухоўвацца. Ляснік зняў шапку і панурыўся. — „Во… вось, — праказаў ён раптам і працягнуў руку: — бач, якую ночку выбраў“. — Я нічога не чуў, акрамя шолаху лісця. Бірук вывеў каня з-пад паветкі. „А гэтак я, бадай, — дадаў ён уголас: — і праміргаю яго“. — „Я з табой пайду… хочаш?“ — „Добра“, — адказаў ён і асадзіў каня назад: — „мы яго адразу-ж зловім, а там я вас праваджу. Хадзем“.
Мы пайшлі: Бірук наперад, я следам за ім. Бог яго ведае, як ён пазнаваў дарогу, але ён спыняўся толькі калі-ні-калі і то для таго, каб прыслухоўвацца да стуку сякеры. „Бачыш, — мармытаў ён скрозь зубы: — чуеце? чуеце?“ „Ды дзе?" Бірук паціскаў плячыма. Мы апусціліся ў аўраг, вецер крыху сціх — роўныя ўдары ясна даходзілі да мяне. Бірук глянуў на мяне і пакруціў галавой. Мы пайшлі далей па мокрай папараці і крапіве. Глухі і працяглы стук данёсся…
— Паваліў… — прамармытаў Бірук.
Між тым, неба праяснялася; у лесе пачынала святлець. Нарэшце мы выбраліся з аўрага. — „Пачакайце тут“, — шапнуў мне ляснік, прыгнуўся і, падняўшы стрэльбу ўверх, знік між кустоў. Я пачаў прыслухоўвацца з напружаннем. Скрозь нясціхлы шум ветру здаваліся мне неўдалёку слабыя гукі: сякера асцярожна стукала па суках, колы рыпелі, конь пырхаў… „Куды? стой!“ — загрымеў раптам жалезны годас Бірука. — Другі голас закрычаў жаласна, нібы заяц… Пачалася барацьба. „Брэшаш, брэшаш, — паўтараў, задыхаючыся, Бірук: — не ўцячэш“… Я кінуўся ў той бок, адкуль даносіўся шум, і, аступаючыся на кожным шагу, прыбег на месца бойкі. Каля ссечанага дрэва, на зямлі, корпаўся ляснік; ён трымаў пад сабой злодзея і закручваў яму рэмнем рукі за спіну. Я падышоў. Бірук прыўзняўся і паставіў яго на ногі. Я ўбачыў мужыка мокрага у лахманах, з доўгай ускудлачанай барадой. Мізэрны каняка, да паловы пакрыты вуглаватай рагожкай, стаяў тут-жа разам з цялежным ходам. Ляснік не гаварыў ні слова; мужык таксама маўчаў і толькі пакручваў галавой.
— Пусці яго, — шапнуў я на вуха Біруку, — я заплачу за дрэва.
Бірук моўчкі левай рукой узяў каня за грыўку: правай ён трымаў злодзея за пояс. „Ну, паварочвайся, варона!“ — прамовіў ён сурова. — „Сякерку-ж вазьміце“, — прамармытаў мужык. — „Навошта ёй прападаць?“ — сказаў ляснік і падняў сякеру. Мы пайшлі. Я ішоў ззаду… Дождж пачаў зноў накропваць і хутка паліўся ручаямі. Ледзь дабраліся мы да хаты. Бірук кінуў злоўленага каняку сярод двара, увёў мужыка ў хату, адпусціў вузел рэменя і пасадзіў яго ў кут. Дзяўчынка, якая заснула ўжо ля печкі, ускочыла і моўчкі спалохана пачала глядзець на нас. Я сеў на лаўку.
— Глядзі як льецца, — заўважыў ляснік: — пачакаць прыдзецца. Ці не хочаце прылегчы?
— Дзякую.
— Я-б яго, для вашай міласці, у кладоўку запёр, — гаварыў ён, паказваючы на мужыка: — ды, бачыш, засоўка…
— Пакінь яго тут, не чапай, — спыніў я Бірука.
Мужык глянуў на мяне спадылба. Я моўчкі даў сабе слова, чаго-б гэта ні каштавала, вызваліць бедняка. Ён нерухома сядзеў на лаўцы. Пры святле ліхтара я мог разгледзець яго спіты маршчыністы твар, навісшыя жоўтыя бровы, неспакойныя вочы, худыя члены… Дзяўчынка лягла на падлозе ля самых яго ног і зноў заснула. Бірук сядзеў ля стала, абапёршыся галавой на рукі. Цвіркун крычаў у кутку… дождж стукаў па страсе і сцякаў па вокнах; мы ўсе маўчалі.
— Фама Кузьміч, — раптам загаварыў мужык голасам глухім і дрыжачым: — а Фама Кузьміч.
— Чаго табе?
— Вызвалі.
Бірук не адказваў.
— Вызвалі… з голаду… вызвалі.
— Ведаю я вас, — пахмурна адказаў ляснік: — уся ваша слабада такая — злодзей на злодзеі.
— Вызвалі, — паўтараў мужык; прыкашшык… спустошаны, во-як… вызвалі!
— Спустошаны!.. Красці нікому не дазволена.
— Вызвалі, Фама Кузьміч… не губі. Ваш-жа, сам знаеш, загрызе, во-як.
Бірук адвярнуўся. Мужык дрыжэў, нібы ліхаманка яго калаціла. Ён устрахваў галавой і дыхаў няроўна.
— Вызвалі, — паўтараў ён у роспачы — пусці, далібог, пусці! я заплачу, во-як, далібог. Далібог, з голаду… дзеці енчаць, сам знаеш. Цяжка, во-як, даводзіцца.
— А ты ўсё-ж красці не ідзі.
— Каняку, — працягваў мужык: — каняку-та хоць яе ўжо… адзін жывот і ёсць… пусці!
— Кажу, нельга. Я таксама чалавек падначалены: з мяне спагоняць. Вам патураць таксама не варта.
— Вызвалі! Беднасць, Фама Кузьміч, беднасць, як ёсць таго… пусці!
— Знаю я вас!
— Ды пусці!
— Э, ды што з табой гаварыць; сядзі сціха, а то ў мяне, ведаеш? Не бачыш, хіба, барына?
Бядняк панурыўся. Бірук пазяхнуў і паклаў галаву на стол. Дожджык усё не сціхаў. Я чакаў, што будзе.
Мужык раптам выпрастаўся. Вочы ў яго заблішчэлі, твар пачырванеў. „Ну, на, еш, на ўдавіся, на“, — пачаў ён, прыжмурыўшы вочы і апусціўшы вуглы вуснаў: — „на, душагуб пракляты, пі хрысціянскую кроў, пі…“
Ляснік павярнуўся.
— Табе кажу, табе, азіят, крывасмок, табе!
— П‘яны ты, ці што, чаго надумаўся лаяцца? — здзіўлена загаварыў ляснік. — Звар‘яцеў, ці што?
— П‘яны!.. ці не на твае грошы, душагуб пракляты, звер, звер, звер!
— Ах ты… ды я табе!
— А мне што? Усё адно — гінуць; куды я без каня кінуся? Прыдушы — адзін канец; што з голаду, што так — усё адно. Згінь усё: жонка, дзеці, — здыхай усё… А да цябе, пачакай, дабярэмся!
Бірук прыўзняўся.
— Бі, бі, — крычаў мужык жорсткім голасам: — бі, на, на, бі… (Дзяўчынка хуценька ўскочыла з падлогі і ўставілася на яго.) Бі! бі!
— Маўчаць! — загрымеў ляснік і зрабіў два шагі да яго.
— Даволі, даволі, Фама, — закрычаў я: — пакінь яго… бог з ім.
— Не буду больш маўчаць я, — гаварыў няшчасны. — Усёадно — здыхаць-жа. Душагуб ты, звер, пагібелі на цябе няма… Ды пачакай, нядоўга табе ганарыцца! Зацягнуць табе глотку, пачакай!
Бірук схапіў яго за плячо… Я кінуўся на дапамогу мужыку…
— Не чапайце, барын! — крыкнуў мне ляснік.
Я не спалохаўся-б яго пагрозы і ўжо працягнуў руку, але, што мяне вельмі здзівіла, ён імгненна сарваў з рук мужыка рэмень, схапіў яго за каўнер, насунуў яму на вочы шапку, адчыніў дзверы і выштурхнуў яго вон.
— Пайшоў ты прэч з сваім канём! — закрычаў ён яму ўслед: — ды глядзі, у другі раз у мяне…
Ён вярнуўся ў хату і пачаў корпацца ў кутку.
— Ну, Бірук, — праказаў я, нарэшце: — здзівіў ты мяне: ты, бачу я, слаўны чалавек.
— Э, ды што там, барын, — спыніў ён мяне з крыўдай у голасе: — толькі ўжо, будзьце ласкавы, не кажыце нікому. Ды ўжо я лепш вас праваджу, — дадаў ён: — відаць, дожджыка-ж вам не перачакаць…
На дварэ загрукацелі колы мужыцкай цялегі.
— Бач, паплёўся! — прамармытаў ён: — ды я яго!..
Праз поўгадзіны ён развітаўся са мной на ўскрайку лесу.