Перайсці да зместу

Апавяданні (Тургенеў, 1937)/Бурмістр

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бурмістр
Апавяданьне
Аўтар: Іван Тургенеў
1937 год
Арыгінальная назва: Бурмистр (1847)
Бірук

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бурмістр

Вёрст за пятнаццаць ад майго маёнтку жыве адзін мой знаёмы чалавек, малады памешчык, гвардзейскі афіцэр у адстаўцы, Аркадзій Паўлыч Пеначкін. Дзічыны ў яго ў маёнтку водзіцца шмат, дом пабудаваны па плану французскага архітэктара, людзі апрануты па-англійску, абеды наладжвае ён надзвычайныя, прымае гасцей ласкава, а ўсё-ж такі едзеш да яго без ахвоты. Ён чалавек разважлівы, станоўчы, выхаванне атрымаў, як належыць, вельмі добрае, служыў сярод людзей вышэйшага кругу, бывалы, а цяпер гаспадаркай займаецца з вялікім поспехам. Аркадзій Паўлыч, гаворачы ўласнымі яго словамі, строгі, але справядлівы, аб жыцці падданых сваіх клапоціцца і карае іх — дзеля іхняй-жа карысці. „З імі трэба абыходзіцца як з дзецьмі“, — гаворыць ён у такім выпадку: — „невуцтва, mon cher; il faut prendre cela en consideration[1]. Сам-жа, у выпадку так званай сумнай неабходнасці, рэзкіх і парыўчатых рухаў унікае і голасу ўзвышаць не любіць, але больш тыцкае рукой прама, спакойна прыгаварваючы: „я-ж цябе прасіў, даражэнькі мой“, або „што з табой друг мой, апамятайся“; між іншым толькі злёгку сціскае зубы і крывіць рот. Росту ён невялікага, складзены прыгожа, сабой даволі прыемны, рукі і ногці ў вялікай акуратнасці трымае; з яго румяных вуснаў і шчок так і нясе здароўем. Смяецца ён гучна і бесклапотна, ветліва жмурыць светлыя, карыя вочы. Апранаецца ён вельмі добра і з густам; выпісвае французскія кнігі, рысункі і газеты, але да чытання невялікі ахвотнік: „Вечнага жыда“ ледзьве асіліў. У карты гуляе па-майстэрску. Наогул Аркадзій Паўлыч лічыцца адным з найбольш адукаваных дваран і найбольш паважаных жаніхоў нашай губерні; дамы ад яго ў захапленні і асабліва хваляць яго манеры. У яго надзіва добрыя паводзіны, асцярожны, як кошка, і ні ў якую гісторыю ніколі ў свеце замешан не быў; хаця, калі захоча паказаць сябе і палахлівага чалавека азадачыць і збіць з толку любіць. Дурным асяроддзем рашуча грэбуе — баіцца скампраметаваць сябе; затое ў часы вeсялосці абвяшчае сябе прыхільнікам Эпікура, хоць наогул аб філасофіі адзываецца дрэнна, лічачы яе туманнай ядой германскіх розумаў, а іншы раз і проста недарэчнасцю. Музыку ён таксама паважае, гуляючы ў карты, спявае праз зубы, але з пачуццем; з Лючыі і Сомнамбулы таксама што-ні-што памятае, але чамусьці ўсё высока бярэ. Кожную зіму ён ездзіць у Пецербург. Дом у яго ў парадку незвычайным; нават кучары падначаліліся яго ўплыву і кожны дзень нe толькі выціраюць хамуты і армякі чысцяць, але і самі сабе твары мыюць. Дваровыя людзі Аркадзія Паўлыча паглядваюць, праўда, чамусьці спадылба, — але ў нас на Русі пахмурага ад заспанага адрозніць цяжка. Аркадзій Паўлыч гаворыць голасам мяккім і прыемным, з расстаноўкай і нібы з задавальненнем, прапускаючы кожнае слова праз свае прыгожыя, надушаныя вусы; таксама ўжывае шмат французскіх выразаў, як напрыклад: „Mais c‘est impayable!“, „Mais comment danc!“[2] і іншыя. Не гледзячы на ўсё гэта, я, прынамсі, не вельмі ахвотна яго наведваю, і калі-б нe цецерукі і не курапаткі, магчыма, зусім-бы з ім раззнаёміўся. Дзіўны нейкі непакой авалодвае вамі ў яго доме; нават камфорт вас не радуе, і кожны раз, увечары, калі перад вамі паявіцца з завітымі валасамі камердынер у блакітнай ліўрэі з гербавымі гузікамі і пачне лісліва сцягваць з вас боты, вы адчуваеце, што калі-б замест яго бледнай і сухапарай постаці раптоўна паявіліся перад вамі дзіўна шырокія скулы і непамерна тупы нос маладога дужага хлопца, якога толькі што барын узяў ад сахі, але які паспеў ужо ў дзесяці месцах распароць па швах нядаўна падароны нанкавы кафтан, — вы-б незвычайна ўзрадваліся і з большай-бы ахвотай сустрэлі небяспеку пазбавіцца разам з ботам і ўласнай вашай нагі аж да самага вертлюга…

Не гледзячы на маю непрыхільнасць да Аркадзія Паўлыча, давялося мне аднойчы правесці ў яго ноч. На другі дзень я раніцай загадаў запрэгчы сваю каляску, але ён не хацеў мяне адпусціць без снедання, па англійскаму звычаю, і павёў да сябе ў кабінет. Разам з чаем падалі нам катлеты, яйкі ў смятку, масла, мёд, сыр і інш. Два камердынеры, у чыстых белых пальчатках, вельмі хутка і моўчкі папярэджвалі ўсе нашы жаданні. Мы сядзелі на персідскай канапе. Аркадзій Паўлыч быў апрануты ў шырокія шоўкавыя шаравары, чорную аксамітную куртку, прыгожы фес з сіняй кісцю і кітайскія жоўтыя пантофлі без задкоў. Ён піў чай, смяяўся, разглядваў свае ногці, курыў, падкладваў сабе падушкі пад бок і наогул быў у вельмі добрым настроі. Сытна і з вялікай прыемнасцю паснедаўшы, Аркадзій Паўлыч наліў сабе чарку чырвонага віна, паднёс яго да губ і раптам нахмурыўся.

— Чаму віно нe нагрэта? — спытаў ён досыць строгім голасам аднаго з камердынераў.

Камердынер замяшаўся, спыніўся, як скамянелы, і збялеў у твары.

— Я-ж цябе пытаю, любы мой? — спакойна працягваў Аркадзій Паўлыч, не зводзячы з яго вачэй.

Няшчасны камердынер недарэчна патаптаўся на месцы, павярцеў сурвэткай і не сказаў ні слова. Аркадзій Паўлыч нахіліў галаву і задуменна паглядзеў на яго спадылба.

— Pardon, mon сher[3], — прагаварыў ён з прыемнай усмешкай, па-прыяцельску дакрануўшыся рукой да майго калена, і зноў утаропіўся вачыма на камердынера. — Ну, ступай, — дадаў ён, крыху, памаўчаўшы, прыўзняў бровы і пазваніў.

Увайшоў чалавек тоўсты, смуглы, чорнавалосы, з нізкім ілбом і зусім заплыўшымі вачыма.

— Наконт Фёдара… распарадзіцца, — прыказаў Аркадзій Паўлыч упоўголаса і зусім спакойна.

— Слухаю вас, — адказаў тоўсты і вышаў.

— Voila, mon cher, les dèsagréments de la campagne[4], — весела заўважыў Аркадзій Паўлыч. — Ды куды-ж вы? — астанцеся, пасядзіце яшчэ крыху.

— Не, — адказаў я: — мне пара ісці.

— Усе на паляванне! Ох, ужо гэта мне паляўнічыя! Ды куды вы цяпер едзеце?

— За сорак вёрст адсюль, у Рабава.

— У Рабава? Ах, божа мой, ды ў гэткім выпадку я з вамі паеду. Рабава ўсяго пяць вёрст ад маёй Шыпілаўкі, а я-такі даўно ў Шыпілаўцы не бываў: усё часу вылучыць не мог. Вось як трапна атрымалася: вы сёння ў Рабаве зоймецеся паляваннем, а вечарам да мяне. Ce sera charmant[5]. Мы разам павячэраем, — мы возьмем з сабой повара, — вы ў мяне пераначуеце. Цудоўна! Цудоўна! — дадаў ён, не дачакаўшыся майго адказу. — C‘est arrangé[6]… Гэй, хто там? Каляску нам загадаць запрэгчы, ды хутчэй. Вы ў Шыпілаўцы не бывалі? Мне было-б сорамна прапанаваць вам правесці ноч у хаце майго бурмістра, ды вы, я ведаю, непераборлівы, і ў Рабаве ў пуні-б начавалі… Едзем, едзем!

І Аркадзій Паўлыч заспяваў якісьці французскі раманс.

— Магчыма вы і не ведаеце, — працягваў ён, гойдаючыся на абодвух нагах: — у мяне там мужыкі на аброку. Канстытуцыя, — што будзеш рабіць? Аднак, аброк мне плацяць акуратна. Я-бы іх, прызнацца, даўно на паншчыну ссадзіў, ды зямлі мала! Я і так дзіўлюся, як яны канцы з канцамі зводзяць. Між іншым, c‘est leur affaire[7]. Бурмістр у мяне там — малайчына, une forte tête[8], дзяржаўны чалавек! Вы ўбачыце… Як, дарэчы, гэта добра прышлося!

Рабіць было нечага. Замест дзевяці гадзін раніцы мы выехалі а другой. Паляўнічыя зразумеюць маю нецярплівасць. Аркадзій Паўлыч любіў, як ён казаў, пры выпадку пабалаваць сябе і набраў з сабой такую безліч бялізны, запасаў, пітва, духоў, падушак і розных несесераў, што іншаму беражліваму і з розумам немцу хапіла-б усёй гэтай раскошы на год. Кожны раз, спускаючыся з гары, Аркадзій Паўлыч трымаў кароткую, але моцную прамову перад кучарам, што ўпэўніла мяне ў тым, што мой знаёмы добры трус. Між іншым падарожжа адбылося вельмі добра, толькі на адным нядаўна адрамантаваным мосціку цялега з поварам перакулілася, і заднім колам яму прыціснула страўнік.

Аркадзій Паўлыч, убачыўшы, як падае домарошчаны Карэм, спалохаўся не на жарт і зараз-жа загадаў спытаць: ці цэлыя ў яго рукі? Атрымаўшы-ж адказ сцвярджальны, адразу супакоіўся. З усім гэтым, ехалі мы досыць доўга; я сядзеў у адной калясцы з Аркадзіем Паўлычам, і пад канец падарожжа мяне агарнула нуда смяротная тым больш, што на працягу некалькіх гадзін мой знаёмы зусім выдахся і пачынаў ужо ліберальнічаць. Нарэшце, мы прыехалі, толькі не ў Рабава, а прама ў Шыпілаўку; неяк вось яно так здарылася. У той дзень я і без таго не мог ісці на паляванне і таму, сціснуўшы сэрца, скарыўся перад сваім лёсам.

Повар прыехаў на некалькі мінут раней за нас і, як відаць, паспеў ужо распарадзіцца і папярэдзіць каго след, таму што толькі мы ўяжджалі ў ваколіцу, нас сустрэў стараста (сын бурмістра), дужы і рыжы мужык у касы сажэнь ростам, конна і без шапкі, у новым армяку нараспашку. — „А дзе-ж Сафрон?“ — спытаў яго Аркадзій Паўлыч. Стараста спачатку спрытна саскочыў з каня, пакланіўся пану ў пояс, прамовіў: „Дзень добры, бацюхна Аркадзій Паўлыч“, потым прыўзняў галаву, устрасануўся і далажыў, што Сафрон адправіўся ў Пероў, але па яго паслалі ужо. — „Ну, ступай за намі“, — сказаў Аркадзій Паўлыч. стараста па далікацтву адвёў каня ўбок, узваліўся на яго і падаўся трушком за каляскай, трымаючы шапку ў руцэ. Мы ехалі вёскай. Некалькі мужыкоў у пустых цялегах папаліся нам насустрач; яны ехалі з гумна і спявалі песні, падскокваючы ўсім целам і боўтаючы нагамі ў паветры; але, заўважыўшы нашу каляску і старасту, раптам змоўклі, паздымалі свае зімовыя шапкі (справа была летам) і прыўзняліся, нібы чакаючы загадаў. Аркадзій Паўлыч міласціва ім пакланіўся. Трывожнае хваляванне, як відаць, распаўсюджвалася па сялу. Бабы ў клятчатых спадніцах кідалі трэскамі ў нездагадлівых ці занадта старанных сабак; кульгавы стары з барадой, якая пачыналася пад самымі вачыма, адарваў недапоенага каня ад калодзежа, ударыў яго невядома за што па баку, а ўжо затым пакланіўся. Хлапчукі ў доўгіх кашулях з лямантам беглі ў хаты, клаліся брухам на высокі парог, звешвалі галовы, закідвалі ногі ўгару і такім чынам вельмі спрытна перакідваліся за дзверы, у цёмныя сенцы, адкуль ужо і не паказваліся. Нават куры імкнуліся паскораным бегам у падваротні; адзін спрытны певень з чорнай груддзю, падобнай на атласную жылетку, і чырвоным хвастом, закручаным на самы грэбень, астаўся быў на дарозе і ўжо зусім сабраўся крычаць, але раптам засароміўся і таксама пабег. Хата бурмістра стаяла ўбаку ад іншых, сярод густога зялёнага канапляніка. Мы спыніліся перад брамай. Пан Пеначкін устаў, жывапісна скінуў з сябе плашч і вышаў з каляскі, ветліва азіраючыся навакол. Бурмістрава жонка сустрэла нас з нізкімі паклонамі і падышла да ручкі барына. Аркадзій Паўлыч даў ёй нацалавацца ўволю і ўзышоў на ганак. У сенцах, у цёмным кутку, стаяла старасціха і таксама пакланілася, але да рукі падыйсці не адважылася. У так званай халоднай хаце — з сенцаў направа — ужо мітусіліся дзве другія бабы; яны выносілі адтуль усякую дрэнь, пустыя збаны, здзервянелыя тулупы, масляныя гаршкі, калыску з кучай анучаў і стракатым дзіцём, падмяталі баннымі венікамі смецце. Аркадзій Паўлыч пагнаў іх вон і размясціўся на лаўцы пад абразамі. Фурманы пачалі ўносіць куфры, ларцы і іншыя рэчы, стараючыся як можна цішэй стукаць сваімі цяжкімі ботамі.

Між тым Аркадзій Паўлыч распытваў старасту пра ўраджай, сяўбу і пра іншыя гаспадарчыя прадметы. Стараста адказваў здавальняюча, але неяк млява і нялоўка, нібы замарожанымі пальцамі кафтан зашпільваў. Ён стаяў ля дзвярэй і ўвесь час настарожваўся і азіраўся, даючы дарогу спрытнаму камердынеру. З-за яго магутных плячэй давялося мне ўбачыць, як бурмістрава жонка ў сенцах цішком лупцавала нейкую другую бабу. Раптам загрукацела цялега і спынілася перад ганкам: увайшоў бурмістр.

Гэты, паводле слоў Аркадзія Паўлыча, дзяржаўны чалавек быў росту невялікага, плячысты, сівы, моцны, з чырвоным носам, маленькімі блакітнымі вачыма і барадой накшталт веера. Дарэчы, заўважым, што з таго часу, як Русь існуе, не бывала яшчэ на ёй прыкладу раздабрэўшага і разбагацеўшага чалавека без шырокай барады; іншы ўсё свае жыццё насіў бародку рэдкую, клінам, — раптам, глядзіш, абклаўся барадой нібы ззяннем, — адкуль волас бярэцца! Бурмістр, мабыць, у Перове падгуляў: і твар у яго азызлы парадкам, ды і віном ад яго несла.

— Ах, вы, айцы нашы, дабрадзеі вы нашы, — загаварыў ён нараспеў і з такім замілаваннем на твары, што вось-вось, здавалася, слёзы пырснуць: — насілу-та ўважылі адведаць!.. Ручку, бацюхна, ручку, — дадаў ён, ужо загадзя працягваючы губы.

Аркадзій Паўлыч задаволіў яго жаданне.

— Ну, што, брат Сафрон, як у цябе справы ідуць? — спытаў ён ласкавым голасам.

— Ах вы, айцы нашы! — адказаў Сафрон: — ды як-жа ім дрэнна ісці, справам тым! Ды вы, нашы айцы, вы дабрадзеі, вёску нашу прасвяціць уважылі прыездам-та сваім, ашчаслівілі да канца дзён! Слава табе, госпадзі, Аркадзій Паўлыч, слава табе, госпадзі! Дзякуючы міласці вашай усё ідзе добра.

Тут Сафрон памаўчаў, паглядзеў на барына і, нібы зноў захоплены парывам пачуццяў (пры гэтым-жа і хмель браў сваё), у другі раз папрасіў рукі і заспяваў яшчэ больш старанна.

— Ах, вы айцы нашы дабрадзеі… і… ужо што! Далібог, зусім дурнем ад радасці зрабіўся… Далібог, гляджу, ды не веру… Ах, вы айцы нашы!..

Аркадзій Паўлыч зірнуў па мяне, усміхнуўся і спытаў: N‘est-ce pas que c‘est touchant[9]?

— Да, бацюхна, Аркадзій Паўлыч, — працягваў неўгамонны бурмістр: — як-жа вы гэта? Сакрушаеце вы мяне зусім, бацюхна; паведаміць мяне не ўважылі аб вашым прыездзе. Дзе-ж вы ночку-та правядзеце? Бо тут нечыстота, смецце…

— Нічога, Сафрон, нічога, з усмешкай адказваў Аркадзій Паўлыч, — тут добра.

— Ды айцы-ж вы нашы — каму добра? Нашаму брату мужыку добра, а вы… ах, вы айцы мае!… дабрадзеі, ах вы, айцы мае!.. Даруйце мне, дурню, звар‘яцеў далібог, розум страціў, зусім здурнеў.

Між тым падалі вячэру; Аркадзій Паўлыч пачаў есці. Сына свайго стары прагнаў — значыць духаты напушчаеш.

— Ну, што, размежаваўся, старына? — спытаў пан Пеначкін, які яўна жадаў падрабіцца пад мужыцкую гаворку і мне падміргваў.

— Размежаваліся, бацюхна, усё тваёй ласкай. Трэцяга дня сказку падпісалі. Хлынаўскія-ж перш супярэчылі… не згаджаліся, бацюхна, пэўна. Патрабавалі… патрабавалі… і бог ведае, чаго патрабавалі; ды дурні, бацюхна, народ неразумны. А мы, бацюхна, ласкай тваёй падзяку заявілі і Мікалая Мікалаіча пасрэдніка задаволілі; усё па твайму загаду дзейнічалі, бацюхна; як ты меў гонар загадаць, так мы і дзейнічалі, і з ведама Егора Дзмітрыча ўсё дзейнічалі.

— Егор мне дакладваў, — важна заўважыў Аркадзій Паўлыч.

— Як-жа, бацюхна, Егор Дзмітрыч, як-жа.

— Ну, і стала быць, вы цяпер задаволены?

Сафрон толькі таго і чакаў. — Ах, вы, айцы нашы, дабрадзеі нашы! — заспяваў ён зноў… Ды даруйце вы мне… ды мы за вас, айцы нашы, днём і ноччу госпаду богу молімся… Зямлі, канешне, малавата…

Пеначкін спыніў яго. — Ну, добра, добра, Сафрон, ведаю, ты для мяне старанны слуга… А што, як умалот?

Сафрон уздыхнуў.

— Ну, айцы вы нашы, умалот вось не надта добры. Ды што, бацюхна Аркадзій Паўлыч, дазвольце вам далажыць справа якая вышла. (Тут ён наблізіўся, разводзячы рукамі, да пана Пеначкіна, прыгнуўся і прыжмурыў адно вока.) Мёртвае цела на нашай зямлі аказалася.

— Як так?

— І сам да розуму не дайду, бацюхна, айцы вы нашы; відаць, нячысцік паплутаў. Ды добра што каля чужой мяжы аказалася; а толькі, што граха таіць, на нашай зямлі. Я яго адразу на чужы-ж клін і загадаў сцягнуць, пакуль можна было, ды варту прыставіў і сваім загадаў: маўчаць! — кажу. А станавому на ўсякі выпадак вытлумачыў: вось якія парадкі, кажу; ды чайком яго, ды падзяка… Дык што, бацюхна, думаеце. Асталося ў чужакоў на шыі; а мёртвае цела, што дзвесце рублёў — як калач.

Пан Пеначкін многа смяяўся з хітрыка свайго бурмістра і некалькі разоў сказаў мне, паказваючы на яго галавой: „Quel gaillard, ah?[10]

Miж тым, на дварэ зусім сцямнела; Аркадзій Паўлыч загадаў са стала прыбраць і сена прынесці. Камердынер пасцяліў нам простыні, расклаў падушкі; мы ляглі. Сафрон пайшоў да сябе, атрымаўшы загад на наступны дзень. Аркадзій Паўлыч, засынаючы, яшчэ пабалакаў крыху аб добрых якасцях рускага мужыка і тут-жа заўважыў мне, што, з часу кіраўніцтва Сафрона, за шыпілаўскімі сялянамі не водзіцца ні граша нядоімкі… Вартаўнік застукаў у дошку, дзіцё, якое яшчэ не паспела пранікнуцца пачуццем належнай самаадданасці, запішчала недзе ў хаце… Мы заснулі.

На другі дзень мы ўсталі даволі рана. Я быў ужо сабраўся ехаць у Рабава, але Аркадзій Паўлыч хацеў паказаць мне свой маёнтак і ўпрасіў мяне астацца. Я і сам не меў нічога супроць упэўніцца на справе ў добрых якасцях дзяржаўнага чалавека — Сафрона. З‘явіўся бурмістр. На ім быў сіні армяк, падпяразаны чырвоным кушаком. Гаварыў ён значна менш учарайшага, глядзеў пільна і ўважліва ў вочы пану, адказваў складна і дзельна. Мы разам з ім накіраваліся на гумно. Сафронаў сын, трохаршыновы стараста, па ўсіх адзнаках чалавек вельмі дурны, таксама пайшоў за намі, ды яшчэ далучыўся да нас земскі Федасеіч, адстаўны салдат з велізарнымі вусамі і з пэўным дзіўным выразам твару, нібы яго вельмі штосьці незвычайна здзівіла, ды з таго часу ўжо і не апамятаўся. Мы агледзелі гумно, пуню, вятрак, хлявы, скотны двор, рунь канаплянікі; усё было сапраўды ў добрым парадку: адны сумныя твары мужыкоў прыводзілі мяне ў некаторае недаўменне. Апрача карыснага Сафрон клапаціўся яшчэ аб прыемным: усё канавы абсадзіў ракітнікам, між скірдамі на гумне сцежачкі правёў і пясочкам пасыпаў, на ветраку зрабіў флюгер у выглядзе мядзведзя з разяўленай пасцю і чырвоным языком, да цаглянага скотнага двара прычапіў нешта накшталт грэчаскага франтона і пад франтонам бяліламі напісаў: „Пастроен вселе Шипилофке втысеча восем Сод саракавом году. Сей скотный дфор“. — Аркадзій Паўлыч расчуліўся зусім, пачаў ізлагаць мне на французскай мове выгады аброчнага стану, прычым, аднак, заўважыў, што паншчына для памешчыкаў больш выгадна, — ды ці мала чаго не стае… Пачаў даваць бурмістру парады, як сеяць бульбу, як для жывёлы корм загатаўляць і інш. Сафрон выслухоўваў барскую прамову з увагай, іншы раз супярэчыў, але ўжо не велічаў Аркадзія Паўлыча ні айцом, ні дабрадзеем і ўсё націскаў на тое, што зямлі, значыць, у іх малавата, прыкупіць-бы не пашкодзіла. „Што-ж, купіце“, — гаварыў Аркадзій Паўлыч: — „на маё імя я нічога супроць не маю“. — На гэтыя словы Сафрон нічога не адказаў, толькі бараду пагладжваў. — „Аднак цяпер-бы не пашкодзіла з‘ездзіць у лес“, — заўважыў пан Пеначкін. Адразу-ж нам прывялі верхавых коней; мы паехалі ў лес або, як у нас гаворыцца, у „заказ“. У гэтым „заказе“ знайшлі мы глуш і дзічыну страшэнную, за што Аркадзій Паўлыч пахваліў Сафрона і патрапаў яго па плячу. Пан Пеначкін прытрымліваўся наконт лесаводства рускіх разуменняў, і тут-жа расказаў мне вельмі цікавы, паводле яго слоў, выпадак, як адзін жартаўнік-памешчык навучыў свайго лесніка, выдраўшы ў яго палову барады, у доказ таго, што ад падсечкі лес гусцей не вырастае… Між іншым, у другіх адносінах, і Сафрон, і Аркадзій Паўлыч — абодва не чураліся новаўвядзенняў. Па звароце ў вёску, бурмістр павёў нас паглядзець веялку, якую нядаўна ён выпісаў з Масквы. Веялка, праўда, працавала добра, але калі-б Сафрон ведаў, якая непрыемнасць чакала і яго, і барына на гэтай апошняй прагулцы, ён, напэўна, астаўся-б з намі дома.

Вось што здарылася. Выходзячы з пуні, убачылі мы наступнае відовішча. У некалькіх шагах ад дзвярэй, каля бруднай лужыны, у якой бестурботна пляскаліся тры качкі, стаялі ўкленчыўшы два мужыкі: адзін — стары год шасцідзесяці, другі — хлопец год дваццаці, абодва ў залатаных кашулях, босыя і падпяразаныя вяроўкамі. Земскі Федасеіч старанна клапаціўся каля іх і, відаць, успеў-бы ўгаварыць іх пайсці адсюль, калі-б мы затрымаліся ў пуні, але, убачыўшы нас, ён выцягнуўся ў струнку і замёр на месцы. Тут-жа стаяў стараста з разяўленым ротам і недаўменна сцятымі кулакамі. Аркадзій Паўлыч нахмурыўся, закусіў губу і падышоў да прасіцеляў. Абодва, моўчкі пакланіліся яму ў ногі.

— Што вам трэба? Аб чым вы просіце? — спытаў ён суровым голасам і некалькі ў нос. (Мужыкі зірнулі адзін на аднаго і слаўца не прамовілі, толькі прыжмурыліся, нібы ад сонца, ды больш хутка дыхаць пачалі.)

— Ну, што-ж? — працягваў Аркадзій Паўлыч і тут-жа звярнуўся да Сафрона: — з якой сям‘і?

— З Табалеевай сям‘і, — павольна адказаў бурмістр.

— Ну, што-ж вы? — загаварыў зноў пан Пеначкін: — языкоў у вас няма, ці што? Сказвай ты, чаго табе трэба? — дадаў ён, крутнуўшы галавой на старога. — Ды не палохайся, дурань.

Стары выцягнуў сваю цёмна-бурую, зморшчаную шыю, крыва разявіў пасінеўшыя губы і сіплым голасам праказаў: „Заступіся, гасударь!“ — і зноў стукнуў ілбом у зямлю. Малады мужык таксама пакланіўся. Аркадзій Паўлыч з гонарам паглядзеў на іх патыліцы, закінуў галаву і расставіў крыху ногі. — Што такое? На каго ты скардзішся?

— Даруй, гасудар! Дай уздыхнуць… Замучаны зусім. (Стары гаварыў з цяжкасцю.)

— Хто цябе замучыў?

— Ды Сафрон Якаўліч, бацюхна.

Аркадзій Паўлыч памаўчаў.

— Як цябе завуць?

— Анціпам, бацюхна.

— А гэта хто?

— А сынок, мой, бацюхна.

Аркадзій Паўлыч памаўчаў зноў і вусамі павёў.

— Ну, дык чым-жа ён цябе замучыў? — загаварыў ён, гледзячы на старога праз вусы.

— Бацюхна, спустошыў ушчэнт. Двух сыноў, бацюхна, без чаргі ў некруты аддаў, а цяпер і трэцяга адбірае. Учора, бацюхна, апошнюю кароўку з двара звёў і гаспадыню маю збіў — вон яго міласць. (Ён паказаў на старасту.)

— Гм? — вымавіў Аркадзій Паўлыч.

— Не дай ушчэнт спустошыць, кармілец.

Пан Пеначкін нахмурыўся.

— Што-ж гэта, аднак, значыць? — спытаў ён у бурмістра ўпоўголаса і з нездаволеным выглядам.

— П‘яны чалавек, — адказаў бурмістр, у першы раз ужываючы „слова-ер“: — непрацавіты. З нядоімкі не выходзіць вось ужо пяты год.

— Сафрон Якаўліч за мяне нядоімку ўнёс, бацюхна, — працягваў стары: — вось пяты гадочак пайшоў, як унёс, а як унёс — у кабалу мяне забраў, бацюхна, ды вось і…

— А з чаго нядоімка за табой завялася? — грозна спытаў пан Пеначкін. (Стары апусціў галаву.) — Пэўна п‘янстваваць любіш, па шынках швэндацца? (Стары раскрыў было рот.) — Ведаю я вас, — запальчыва працягваў Аркадзій Паўлыч: — ваша справа піць ды на печы ляжаць, а добры мужык за вас адказвай.

— І грубіян таксама, — увярнуў бурмістр ў панскую прамову.

— Ну, ужо гэта само сабой зразумела. Гэта заўсёды так бывае; гэта ўжо я не раз заўважыў. Поўны год распуснічае, грубіяніць, а цяпер у нагах валяецца?

— Бацюхна, Аркадзій Паўлыч, — у адчаі загаварыў стары: — даруй, абарані, — які я грубіян. Як перад госпадам гавару, не пад сілу мне. Не спадабаў мяне Сафрон Якаўліч, за што не спадабаў — гасподзь яму суддзя! Спустошвае ўшчэнт, бацюхна… Апошняга вось сыночка… і таго… (На жоўтых і зморшчаных вачах старога паказалася слязінка.) — Даруй, гасудар, заступіся…

— Ды і не нас адных, — пачаў было малады мужык…

Аркадзій Паўлыч раптам абурыўся:

— А ў цябе хто пытае, га? У цябе не пытаюць, дык ты маўчы… Гэта што такое? Маўчаць, гавораць табе маўчацыь!.. Ах, божа мой! — ды гэта, проста, бунт. Не, браток, у мяне бунтаваць не раю… у мяне… (Аркадзій Паўлыч шагнуў уперад, ды ўспомніў аб маёй прысутнасці, адвярнуўся і паклаў рукі ў кішэні)… — Je vous demande bien pardon, mon cher, — сказаў ён з вымушанай ухмылкай, значна знізіўшы голас. — C‘est le mauvais côté de la médaille[11]… Ну, добра, добра, — працягваў ён, не гледзячы на мужыкоў: — я загадаю…добра, ступайце. (Мужыкі не падымаліся.) — Ну, я-ж вам сказаў… добра. Ступайце-ж, я загадаю, кажуць вам.

Аркадзій Паўлыч павярнуўся да іх спіной. — „Заўсёды незадавальненні“, — прагаварыў ён скрозь зубы і пайшоў буйным шагам дамоў. Сафрон адправіўся ўслед за ім. Земскі вытарашчыў вочы, нібы кудысьці вельмі далёка скакануць збіраўся. Стараста выгнаў качак з лужыны. Прасіцелі пастаялі крыху на месцы, паглядзелі адзін на другога і папляліся, не аглядаючыся, дадому.

Гадзіны дзве пазней я ўжо быў у Рабаве і разам з Анпадыстам, знаёмым мне мужыком, збіраўся на паляванне. Да самага майго ад‘езду Пеначкін дуўся на Сафрона. Загаварыў я з Анпадыстам аб шыпілаўскіх сялянах, пра пана Пеначкіна, спытаў яго, ці не ведае ён тамтэйшага бурмістра.

— Сафрона-та Якаўліча?… вона!

— А што ён за чалавек?

— Сабака, а не чалавек: такога сабаку да самага Курска не знойдзеш.

— А што?

— Ды Шыпілаўка-ж толькі што лічыцца за тым, як біш яго, за Пенкіным-та, бо не ён ею валодае; Сафрон валодае.

— Няўжо?

— Як сваім дабром валодае. Сяляне яму кругом вінаваты; працуюць на яго, нібы парабкі: каго з абозам пасылае, каго куды… — замучыў зусім.

— Зямлі ў іх, здаецца, нямнога?

— Нямнога? Ён у адных Хлынаўскіх восемдзесят дзесяцін наймае, ды ў нашых сто дваццаць; вось і цэлых паўтараста дзесяцін. Ды ён не адной зямлёй прамышляе: і конямі прамышае, і жывёлай, і дзёгцем, і маслам, і пянькой, і чым-чым… Разумны, надта разумны, і багат-жа, д‘ябал! Ды вось чым дрэнны — б‘ецца. Звер — не чалавек; сказана: сабака, пёс, як ёсць, пёс.

— Ды чаму-ж яны на яго не скардзяцца?

— Экста! Барыну-та што за бяда! Нядоімак не бывае, дык яму што? Ды, падзі, ты, — дадаў ён памаўчаўшы: — паскардзіся. Не, ён цябе… ды, падзі-ка… Не, ўж ён цябе вось як, таго…

Я ўспомніў пра Анціпа і расказаў яму, што бачыў.

— Ну, — прамовіў Анпадыст: — загрызе ён яго цяпер; загрызе чалавека зусім. Стараста цяпер яго заб‘е. Які бяздольнік, падумаеш, небарака! І за што церпіць… На сходзе з ім паспрачаўся, з бурмістрам-та, не вытрымаў, відаць… Вяліка справа! Вось ён яго, Анціпа-та, кляваць і пачаў. Цяпер даедзе. Бо ён такі пёс, сабака, даруй, госпадзі, мой вялікі грэх, ведае, на каго націснуць. Старыкоў-та, якія багацейшыя, ды сямейныя, не чапае, лысы чорт, а тут вось і разышоўся! Ён Анціпавых-та сыноў без чаргі ў некруты аддаў, круцель беспардонны, пёс, даруй, госпадзі, вялікі грэх.

Мы адправіліся на паляванне.

Зальцбрун, у Сілезіі,
ліпень 1847 г.

  1. Мой дарагі, трэба прыняць гэта пад увагу.
  2. Але гэта невераемна! Але як-жа так!
  3. Прабачце, мой дарагі.
  4. Вось, мой дарагі, вясковыя непрыемнасці.
  5. Гэта будзе чароўна.
  6. Гэта наладжана.
  7. Гэта іх справа.
  8. Разумная галава.
  9. Ці не праўда — гэта чулліва?
  10. Які малайчына, га?
  11. Я прашу ў вас прабачэння, мой дарагі. Гэта адваротны бок медаля.