Антыгона (1926)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Юльян Дрэйзін
1926 год
Уступ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Пераклад драмы Софокля „Антыгона“ зроблены па тэксту проф. А. Н. Дзеравіцкага (Иллюстрированное собрание греческих и римских классиков под ред. А. Георгиевского и С. Манштейна), як тэксту старанна перагледжанаму й поўнаму. Пры дзяленьні драмы на паасобныя дзеі перакладчык карыстаўся перакладам Антыгоны на расійскую мову проф. Ф. Ф. Зелінскага (Софокл. Драмы. Т. II. Изд. Сабашниковых „Памятники мировой литературы“ Москва, 1915 г.). Але што тычыцца самога перакладу Зелінскага, дык ён, таксама, як і пераклад Меражкоўскага, занадта далёкі ад першатвору. Беларускі-жа перакладчык меў на мэце зрабіць такі пераклад, які, побач з поўнай літаратурнасьцю беларускае мовы, быў-бы як магчыма бліжэй да першатвору. Дзеля гэтага расійскімі перакладамі Зелінскага і Меражкоўскага беларускі перакладчык бадай што зусім не кіраваўся, тым больш, што ў разуменьні некаторых месц грэцкага тэксту перакладчык дазволіў сабе не згадзіцца з паважанымі расійскімі псракладчыкамі.

Пераклад дыалёгаў драмы зроблены разьмерам першатвору (trimeter iambicus) з нязначнымі адхіленьнямі, як, напрыклад, адкідваньнем апошняга складу ці цэлага ямбу, альбо-ж, наадварот, дадаткам аднаго складу ці цэлага (сёмага) ямбу. У перакладзе-ж лірычных (харавых) частак перакладчык некалькі адступаў ад першатвору ў самым вершаваньні (ужываньне ня тых стоп, што ў першатворы), каб зрабіць пераклад лягчэйшым дзеля чытаньня чытачом—беларусам, не знаёмым з грэцкім орыгіналам Антыгоны. Анапесты захаваны ўсе без выключэньня.

Усім, хто дапамагаў мне ў маёй працы сваімі парадамі альбо наогул спачуваньнем да яе, прыношу шчырую падзяку.

Ю. Дрэйзін.