Перайсці да зместу

Алёша (1927)/Малайцы землякі/Думайце, браты мае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Характар Думайце, браты мае
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
Сіла ў ведах

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМАЙЦЕ, БРАТЫ МАЕ…

У весцы Качына настаўнік ня хоча ўжываць беларускую мову, бо лічыць гэта ўхілам да шавінізму (з вясковых лістоў).

Дык вы, дзядзька Мухніцкі, кажаце, што калі гаворыш пабеларуску, дык гэта ўжо ўхіл, да шавінізму.

Значыцца, беларускі селянін, які ня ведае іншай мовы апрача беларускай, „ухіліўся да шавінізму“.

Даруйце яму, дзядзька Мухніцкі, калі ласка даруйце, ну хоць-бы па несьвядомасьці яго і пралетарскаму пахаджэньню.

Даруйце, ён вам з часам падзякуе.

Эх, дзядзька Мухніцкі, ведаеце, — Тарас Шэўчэнка некалі пісаў:

— Думайце, браты мае, вучыцеся, чытайце
І, чужому навучайцеся, свайго ня цурайцеся.

Дзядзька Мухніцкі, вы можаце сабе і не навучацца чужому, можаце сабе цурацца і свайго, але думаць вы абавязкова павінны, бо гэта грамадзянскі абавазак кожнага настаўніка.

Думайце, дзядзька Мухніцкі, думайце, хоць трошкі думайце, бо галава-ж ня толькі выключна дзеля таго, каб капэлюш насіць.

Дык па вашаму, дзядзька Мухніцкі, калі вучань беларускай школы замест „пуговица“ гаворыць „гузік“, дык гэта ўжо будзе — злосны шавініст.

Даруйце і яму, дзядзька Мухніцкі, бо ён малы ды несьвядомы.

Вось каб ён апрача беларускай ды ведаў іншую мову, а галоўнае — каб у яго была гэткая галава, як у вас, дык ён, вядома ніколі не гаварыў-бы на „шавіністычнай“ мове бацькоў.

Эх, дзядзька Мухніцкі, дзядзька Мухніцкі. Пазваў-бы я вас так, як вы гэтага варты, ды не назаву, бо мая галава так пабудавана, што апрача таго, што капэлюш носіць, можа думаць.

Назавеш, бывае, якога падглупаватага падглупаватым, а ён праўды не зразумее, абразіцца — адпавядаць будзеш. Але вось калі падглупаватага ды разумным назавеш, дык за гэта адпавядаць саўсім ня будзеш, бо законам гэткія выпадкі не прадбачаны.

Эх, і разумны-ж вы чалавек, дзядзька Мухніцкі.