Перайсці да зместу

Алёша (1927)/Малайцы землякі/Сіла ў ведах

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Думайце, браты мае Сіла ў ведах
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
Хай жыве!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СІЛА Ў ВЕДАХ…

Украінізацыя, беларусізацыя, татарызацыя… — Ну скажыце, што рабіць чалавеку, які любіць выключна толькі мову Пушкіна і падазрона адносіцца да ўсіх тых моваў, на якіх „отнюдь“ ня пісаў Аляксандр Сяргеевіч?

— „Вы понимаете, мы из-за этой самой украйнизации приехали из Украины сюда в Минскую губернию, а тут оказывается белоруссизация. Но ведь украинского и белорусского языков нет. Ведь мы же проехали всю Украину и Белоруссию и нигде этого языка не слыхали“. Спрачацца з таварышамі, якія казалі гэтыя словы, я не хачу. Іх словы мы прыпішам якасьці іх вушэй, якія хаця-ж і маюць нахіл перарасьці разьмер чалавечых вушэй, але так пабудаваны, што ня ўсё могуць чуць…

Я нават і ня злуюся на гэтых людзей.

Мне проста іх шкада.

Людзі ехалі ў Менскую губэрню, а прыехалі ў Беларусь.

— „Такая знаете ли досада…“

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

А мараль з гэтага фэльетону вось якая:

У ведах — сіла!“

Каб прыехаўшыя таварышы хаця-б крыху ведалі карту Савецкага Саюзу, гэткая няпрыемнасьць з імі бязумоўна не здарылася-б. Бо калі „чэмпіёны“, што выступаюць у цырку, імянуюцца ў афішах чэмпіёнамі і „Западного края“ і „Северо-Западного“, і іншымі архіўнымі вяліцтвамі, дык на тое-ж яны і чэмпіёны… Чэмпіёнам — ім можна!

Але сумленнаму савецкаму працаўніку трэба ўсё-ж такі ведаць карту Саведкага Саюзу. Вучыцеся-ж, дарагія таварышы. А для першага разу, дык я вам і параду дам:

У выпадку чаго, дык вы ўжо ў Казань не яжджайце, бо там татарызацыя ідзе.

І наогул, каб ня траціць шмат грошай на дарогу, дык вы ўжо самі добра паглядзіце ў карту Савецкага Саюзу, ды тады ўжо з богам і паяжджайце сабе з Беларусі.