Перайсці да зместу

Алёша (1927)/Малайцы землякі/Характар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кожны раз на „эфтом самом месте“ Характар
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
Думайце, браты мае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХАРАКТАР…

Ёсьць добрая, зразумелая для ўпаўнаважанага Наркампаштэлю Беларусі расійская прыказка:

„Ударь раз, ударь два, но нельзя же до бесчувствия!“

Гэта я пра штэмпэль, які восем год пасьля рэвалюцыі ставіцца на лістах, якія прыходзяць у Менск — „Минскъ — губ.“.

Нават губэрскі, нават з цьвёрдым знакам.

Я гэты штэмпэль „Минскъ — губ.“ узяў у коскі. Каб і Наркампаштэль зрабіў гэта, дык было-б сабе і нічога, грамадзяне падумалі-б дый сказалі: „Наш Наркампаштэль не пазбаўлены гумару“ дый усё-б…

Але Наркампаштэль дык саўсім сур‘ёзна і, як кажуць, „да ручкі“ рашыў ставіць гэты штэмпэль.

— Характар!

Тут табе і акупацыі, і Нэп, і новая арфаграфія, а для Наркампаштэлю ўсёроўна — „Минскъ“ з цьвёрдым знакам.

— Характар!

Тут табе і падняцьце прамысловасьці, і тварам да вёскі, і нацыянальнае пытаньне, адным словам, як піша Чарот, — Веснаход, а Менск усёроўна з цьвёрдым знакам.

— Характар!

Раёнаваньне Беларусі, Меерхольдаўскі тэатр у Менску, Менск — акруговы горад, а для Наркампаштэлю ўсёроўна — Менск з цьвёрдым знакам, ды і не які небудзь там акруговы Менск, а „Минскъ — губ.“.

Слухайце, таварышы з Наркампаштэлю.

Ну, стукніце яшчэ раз, ну, яшчэ два, ну яшчэ год, яшчэ два, але нельга „до бесчувствия“.

Толькі, таварышы, ва ўсім гэтым асаблівай бяды няма, бо ўсё гэта рабілася не па злому ўмыслу, а таму, што ня было каму думаць.

Уся бяда толькі ў тым, што ніхто аб гэтым не падумаў, а ўжо час, бо нават і ў замежных часопісах пачалі з гэтага сьмяяца.

Таварышы, наркампаштэлеўцы. Ну, а калі я ўжо ўзяўся за вас думаць, дык дазвольце мне прадставіць (каб ня склікаць конкурсу) два праэкты новага штэмпэля. Мне здаецца трэба было-б ставіць гэткі штэмпэль: альбо „Менск — Беларусь“, альбо „Менск“ — дый толькі. Але гэта, бязумоўна, выключна мой асабісты погляд. Гэты погляд, бязумоўна, нікога не абавязвае; можна сабе заказаць і гэткі штэмпэль: „Минск — окружной-то“.

Тут справа густу. У мяня густ гэткі, у другіх іншы, а праэкты свае я высунуў толькі так — на выпадак, каб бяз цьвёрдага знаку.