Перайсці да зместу

Альгердаўскі паяс

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Альгердаўскі паяс
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 42
Манэта тураўскага князя Сьвятаполка (X ст.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Альгердаускі паяс. У полацкім Барыса-Глебскім, (?) (што у цэнтры гораду мужскім монастыры), у цёплай манастырскай дамовай царкве, бачыў я (у 1916 годзе) 16 кавалкаў (зьвенняў) сярэбранага паяса, прымацаваныя да сярэбранай рызы старасьвецкага абраза М. Божай. Паяс ў штодзенным манастырскім жыцьці называўся „княжым“, або „альгердаўскім“. На чым апіралася гэта традыцыйная назова, мне не ўдалося даведацца. Паяс па стылю напамінаў некаторыя застаўкі тураўскага Эвангельля ХІ ст. Кождае зьвяно было ажурнай работы; матыў рысунку-пераплеценыя зьмямвікі. Зьвеньні былі адліваныя, з рысункам з аднэй стараны, якія, пасьля ачышчаны былі гравіроўкай. Адно зьвяно было значна большае са сьледам адламаньня падысподам; праўдападобна адламаны быў кручок да зашпіляньня, а само зьвяно было палавінай пражкі. З гэтай падысподнай стараны быў рысунак, выабражаючый ў кружку цэнтаўра з молатам у аднэй і стралой, ці наканечнікам копія (суліцай) у другой руцэ. Пададзены тут рысунак зьнят у натуральную яго велічыню (зьнімак зроблен пры помачы паперы наложанай на арыгінал і нашараванай зьверху канцом алуўка).

Прымітыўна зьняты рысунак, за некалькі гадоў часу замазаўся, так што пры перарысоўцы на клішэ рысаўніку, магчыма было праўдна азначыць контуры, але нельга было ўхапіць ценяваньняў, а разам з гэтым і стылю.

Два зьвяны гэтага паяса былі набыты ад манахаў для беларускага музэю вядомым беларускім грамадзкім дзеячом і архэолёгам Іванам Луцкевічам. Думаю, што ў музэі імені гэтага заслужанага дзеяча ў Вільні, яны маюцца і цяпер. Вельмі было-бы пажадана каб Віленскае Беларускае Навуковае Таварыства, зфотаграфаваўшы гэту рэдкую памятку, памесьціла ў друку.

Л-кі.