Перайсці да зместу

Алесь Гарун (Краўцоў, 1927)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Алесь Гарун (Успамін у 20-я ўгодкі з дня яго нараджэньня)
Успаміны
Аўтар: Макар Краўцоў
1927
Крыніца: Газэта «Беларускі Дзень», № 3, 19 сакавіка 1927 г., б. 3-5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(Успамін у 20-я ўгодкі з дня яго нараджэньня).

Першы раз я ўбачыў нябожчыка Алеся Гаруна, калі адбываўся Ўсебеларускі Конгрэс, г. знач. у сьнежні 1917 году.

У менскім гарадзкім тэатры адбываўся пленум Конгрэсу. Старшыня, даючы слова Аляксанару Прушынскаму (праўдзівае імя Гаруна), зарэкамандаваў яго вялікаму Народнаму Сходу.

І ўмеў такі гаварыць наш нябожчык-поэт. А час быў такі, што вар‘ята сярод беларусаў можа й лягчэй было-б знайсьці, як інтэлігэнта, які гаварыў-бы пабеларуску. Нас, гаварыўшых роднаю моваю, на Конгрэсе было ўсяго некалькі чалавек. І сярод гэтых некалькіх адзінак Алесь Гарун выдзяляўся тым, што найлягчэй з роднаю моваю спраўляўся.

Аб Прушынскім, як поэце, я пісаў у 1921 годзе ў „Нашай Думцы“. Цяпер мне хаделася-б сказаць аб ім, як аб чалавеку.

Падчас таго самага Конгрэсу я пазнаёміўся з Гаруном і фармальна.

Я ня ведаў тады аб яго цяжкай хваробе, ня ведаў, што точаць яго сухоты, і мне неяк адразу кінулася ў вочы нязвычайвая духовая роўнавага даволі высокае, тонкае чалавечае фігуры, каменны спакой зямлістага на колер твару, на якім я ніразу не ўлавіў хоць-бы найменшага руху мускулаў. Поэт насіў даўжэнны сыбірскі тулуп, па якім як-бы й відаць было, скуль ён вярнуўся на Бацькаўшчыну. У гутарцы з намі нябожчык неяк пасвойму—роўненька, спакойна гаварыў свае словы і словы гэтыя гаварыліся з гэткім лагодным манерам, што дзівіцца толькі трэ‘ было яго прыроджанай нейкай інтэлігэнтнасьці.

І гэтая рыса яго характару была аднолькавай заўсёды, незалежна ад таго, дзе мне даводзілася яго бачыць: за сталярскім варстатам побач з рэдакцыяй „Вольнай Беларусі“ на Захараўскай вуліцы 9, дзе ён жыў, на паседжаньні, калі старшыняваў ў менскім нацыянальным камітэце, у друкарні пры выпуску першае штодзеннае газэты „Беларускі Шлях“, якую рэдагаваў Прушынскі і ў якой я рабіў (а праўдзівей: вучыўся рабіць) карэктуру, даючы туды і рэцэнзіі аб беларускіх спэктаклях, якія менская моладзь беларуская ладзіла больш, як часта, бо ніводнае напэўна сьвята, ні адна субота не абходзілася без таго, каб недзе ня гралі беларускія артысты. Ой, ня тое цяпер тут у Вільні!

Аднаго разу толькі ўдалося мне бачыць на Гаруновым твары праўдзівы мамэнт шчасьлівай усьмешкі. Неяк у друкарні Грынблята я пачаў разьбіраць яго верш „На Віціме“, выказваючы проста пашану да яго таленту. Алесь Гарун усьмяхнуўся. Толькі таго… Але гэтым разам я заўважыў, як ажывіўся яго вечна-ледзяны твар… на мяне глянулі вочы поэта. Ён заўсёды мне раіў пісаць якнайболей і меней плёхацца ў палітыцы.

Магу з пэўнасьцю сказаць, што хворая натура нябожчыка Гаруна душу мела зусім здаровую. Зусім неваенны чалавек ён быў выбраны старшынёю Беларускае Вайсковае Камісіі—гэтага дзівачнага „совдэпу“ ў нашай нацыянальна-вайсковай штуцы. Пры гэтай камісіі лічаўся нечым інспэктар быўшага віленскага ваеннага вучылішча палкоўнік гэнэральнага штабу Кальвэйт (венец). Гэты палкоўнік зрабіў цэлы плян адбываньня ў Беларусі вайсковае павіннасьці і зрабіў так, як-бы Беларусь была ўжо зусім незалежнаю дзяржаваю. Кальвэйт далажыў свой плян старшыні Прушынскаму. Пасьля я часта чуў, як вучоны палкоўнік казаў: «Ну, вось—Прушынскі. Ён не вайсковы, але ён разумны чалавек і на-дзіва інтэлігэнтные.

Ды не давялося Прушывскаму будаваць нацыянальных аддзелаў. Сухоты адарвалі яго ад гэтае, праўда досіць няўдалае, нашае справы і, працуючы ў камісіі, я ніразу яго ня бачыў за ўсесь час лета 1920 году, праведзены ў Менску.

У сярэдзіне ліпня 1920 году мне давялося бачыць Алеся Гаруна ў часе польскага адступленьня ад Беразіны ўжо ў Ваўкавыску. Помню нас некалькі чалавек—адпачывалі сабе ў нейкім ваўкавыскім доміку. Былі, апрача мяне, там сябар камісіі Аўсянік, вураднік Міхалевіч і, здаецца, капітан Кушаль (тады ўжо старшыня камісіі). Зайшоў і Прушынскі: відочна хворы, жаліўся на жывот, казаў, што ад смагі еў ў цягніку вішні. Коратка было вырашана памясьціць Гаруна ў які-нібудзь санітарны цягнік. Але хто тады думаў, што мы бачымся з ім апошні раз! Каюся, я нават, па звычаю свайму, нешта вострае аб „вішнёвай“ (як мне здавалася) хваробе свайго парнаскага колегі тады выпаліў, пэўна-ж верачы ў тое, што ўсё было глупствам і спадзяючыся хуткага яго выздараўленьня. Але-ж ня тое мусі чуў тады поэт! Ён нават і не спрабаваў усьмяхнуцца падчас нашага апошняга разьвітанывя…

27 мінулага лютага (на стары стыль) споўнілася 40 гадоў з дня нараджэньня Прушынскага; радзіўся ён у 1887 тодзе ў Менску ў сям‘і чорнарабочага, як сказана ў „Гісторыі літэратуры“ М. Гарэцкага. Маючы 5 гадоў навучыўся чытаць папольску і памаскоўску. На сёмым годзе жыцьця пачаў хадзіць ў 3-ю прыходзкую школу (вучылішча), прасядзеўшы ў 3 аддзяленьні два гады, таму што як недалетку, яго не дапушчалі да экзаменаў. Скончыў ён гэту школу у 1897 г. і, пачакаўшы спаўненьня гадоў, паступіў у 1899 годзе ў рамесьленую менскую школу, якую скончыў, як сталяр, у 1902 г.

Далей пайшло цяжкае гаротнае жыцьцё поэта самым найфатальнейшым шляхам. Не дарма ён выбраў сабе псэўдонім—Гарун. Падробней з яго біографіяй і творчасьцю кожны беларус можа азнаёміцца, прачытаўшы „Гісторыю Беларускае Літэратуры“ М. Гарэцкага (выд. Б. Клецкіна. Вільня 1921 г.).

З 16-х гадоў Гарун працуе, ак сталяр. У 1904 г. ўваходзіць у арганізацыю соцыялістых-рэвалюцыянэраў, церпіць правал і ў нелегальнай друкарні яго накрывае царская паліцыя… менскі астрог, пасьля нашы віленскія „Лукішкі“. Вясною 1908 г. суд, катарга, замененая ссылкаю, якую ён адбываў у Сыбіры 9 гадоў і вярнуўся стуль, толькі дзякуючы лютаўскай расейскай рэвалюцыі.

І якая іронія лёсу! Вярнуўшыся ў Менск і маючы ашчэджаныя ад свайго сыбірскага заробку невялікія грошы, Прушынскі ўлажыў іх у запушчаную беларускую кнігарню. Заходзячы туды да яго і няраз застаючы разам з яго, гадкоў 19-цёх, брацікам за міскаю убогае заціркі, я жартуючы называў яго „Фаустам“. Поэт толькі лёгка усьмяхаўся на гэта.

Бальшавікі не пастыдаліся «знацыяналізаваць кнігарню соцыялістага-рэвалюцыянэра і перавезьці яе ў „Белтрэстдрук“. Укладзеная туды праца поэта і яго працоўныя грошы—ўсё разам ляснула…

Але жыў ён віхрам Беларускае грамадзкае працы і віхар гэты закінуў яго ў адзін з вайсковых шпіталяў Кракава. Там 28-га ліпня 1920 году ён адыйшоў навекі туды, дзе няма ні Лукішак, ні Сыбіраў, ні рэвалюцыяў, ні нацыяналізацыяў…

З Лодзі, калі прабывала там Бел. Вайсковая Камісія, дык была ў Кракаў камандзірована Паўліна Грыбіха-Мядзёлка, якая ледзь знайшла яго сьвежую яшчэ тады магілку.

Ці велае яе хто з беларусаў сягоньня?

Краўцоў Макар