Акерманскія стэпы (Міцкевіч/Жылка)
Jump to navigation
Jump to search
Акерманскія стэпы Вершы Аўтар: Адам Міцкевіч Арыгінальная назва: Stepy Akermańskie Пераклад: Уладзімір Жылка |
Ўязджаю на прастор сухога акіяну.
Воз гіне ў зелені, як чайка на вадзе;
У хвалях шумных траў, між кветкамі брыдзе,
Мінаючы кусты калючага бур’яну.
Змяркаецца. Не знаць ні шляху, ні кургану.
Гляджу на небасхіл: мо зорка блісне дзе...
Вось хмарка там – на ёй свет водбліскі кладзе:
То за Днястром маяк мігціць ля Акерману.
Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы,
А іх і сокала не згледзіць быстры зрок.
Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша,
Як слізкі вуж паўзе і крыецца у змрок.
Таю спакой, што, каб паклікаў хто ў Літве,
Пачуў бы я... Дарма! – Ніхто не пазаве.