Акадэмік Шахматов аб імені «Русь»
← Аб найменьні «Крывічы» | Акадэмік Шахматов аб імені „Русь“ Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1924 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 101-102 |
Пачайнская друкарня → |
АКАДЭМІК ШАХМАТОВ АБ ІМЕНІ „РУСЬ“. Памершый ў часе ўсясьветнай вайны сябра Расійскай Акадэміі Навук, праф. Шахматов, апублікаваў ў 1914 годзе праз Расійскую Акадэмію Навук сваю працу: „Сказаніе о призваніи Варяговъ“, у якой на 56 балонцы аб назове „Русь“ кажа:
„Яшчэ ў XVIII ст. Тунманн зьвязаў гэту назову з фінскім найменьнем для Швэціі Ruotsi. Найменьне гэтае можна прызнаць агульным дая ўсіх заходна-фінскіх дыялектаў: зраўняй Эстонск. Rôts, ў мове Воді (каля Нарвы)—Rôtsi, Ліўскае—Rùotsi.
Швэдаў Фіны называюць Ruotsalainen, Эстонцы—Rôtslane, Водь—Rôtslainê, Лівы—Rùotsli.
Форма „Русь“, як заўважыў і Томсен, так адносіцца да Ruotsi, як старасьвецкае Сумь (якое сустрачаецца ў летапісных артыкулах XIII ст, Сынод. нар. сьпісках Ноўгародзк. I-й) да фінскага Suomi.
Мне здаецца, што элемэнтарныя мэтодолёгічныя мяркаваньні не пазваляюць адалучыць сучаснае фінскае Ruotsi ад імя „Русь“.
З аднэй стараны ясна, што Варагаў, г. зн., Скандынаўцаў запраўды на ўсходзе называлі „Русь“, Rós… Зраўняй зьменку Бэрцінскіх анналаў аб тым, што людзі, якія зьявіліся ў Канстантынопалі ў 839 годзе і якія самі сябе называлі Ros, аказаліся, пасьля патрэбных выведаў, швэдзкага паходжаньня (eos gentis esse Sueonum); пісьменнік X ст. Ліудпранд двойчы атожсамлюе Русаў (Ros) з Норманамі: (Nordmanni); Канстантын Багранародны процістаўляе Русі (Ros) славянаў (Крывічоў, Лучанаў і др), а падаючы назовы Дняпроўскіх парогаў, пад rosioli разумее стара-скандынаўскую мову, што відаць і з самых гэтых назоў; арабскія пісьменнікі, прыкл. Ібн-Даст, так-жа процістаўляюць Русь (Rūs) славянам.
З другой стараны бачым, што краіна Варагаў, г. зн. Швэція, называецца „Русь“ Фінамі (Ruotsi) і дагэтуль.
Дзеля гэтага, ня можа быць, як здаецца, ніякага сумневу, што да тожсамнасьці назову „Русь“, дадзенага Варагамі Славянам, з назовам Ruotsi, які знача у Фінаў краіну гэтых самых Варагаў.
Нас можа не цікавіць этымолёгія імя „Русь“; этымолёгія гэтага імя, якой-бы яна ня была, ня можа нарушыць вываду, што Фіны і Славяне назвалі Скандынаўцаў „Русьсю“.
Пакажу на праўдападобнасьць запазычаньня акурат ад Фінаў гэтага імя для азначаньня Варагаў. Фіны былі тым пасярэднім цэнтрам, праз які Варагі пранікалі да Славянаў. Ўспомнім, што берагі Балтыцкага-Варажскага мора былі заселены фінскімі плямёнамі; па Няве сядзела Водь, якая займала і палуднёвы бераг фінскай затокі, а на усьцях Дзьвіны і па ўзьбярэжжу Рыжскай затокі сядзелі Зямігала, Летгала і Лівы. Ўспомнім, што нават рачны шлях з Варагаў у Грэкі ішоў на поўначы праз фінскія краіны, толькі часьцю заселеныя Славянамі, якія ўрэзаліся клінам, сьпярша, відаць, вельмі вузкім, ў суцэльнае фінскае жыхарства, якое цягнулася ад берагоў Балтыцкага мора да Волгі і далей да ўсходу. Славяне запазычылі у Фінаў імя „Русь“ для азначаньня Варагаў так сама, як яны запазычылі у іх-жа назовы рэк і вазёраў, засіляючы сабой пракавечна-фінскія землі. Гэтае імя „Русь“ для азначаньня Варагаў перададзена Словенамі і Крывічамі так-жа і палуднёвым славянскім плямёнам, перададзена так, як перадаюцца наагул запазычаныя словы“.
А. С.