Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел IV Айвенго. Раздзел V
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел VI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ V

ОСВАЛЬД вярнуўся і, нахіліўшыся да вуха свайго гаспадара, прашаптаў:

— Гэта Ісаак з Іёрка. Прывесці яго проста сюды?

— Як! — ускрыкнуў храмоўнік. — Нейкага там Ісаака ўпусціць у адзін пакой з абаронцамі святой труны.

— Бачыш ты, — сказаў Вамба, — храмоўнікі, значыцца, любяць толькі грошыкі яўрэяў, а кампаніі іх не любяць.

— Супакойцеся, ганаровыя госці, — сказаў Седрык, — мая гасціннасць не можа кіравацца вашымі антыпатыямі. Дайце яму столік і накарміце.

У залу ўвайшоў хударлявы стары высокага росту. Рысы яго твара былі тонкія і правільныя, арліны нос, пранікальныя чорныя вочы, высокі, у дробных маршчынках лоб, доўгія сівыя валасы і вялікая барада былі прыгожыя.

Вопратка яўрэя, моцна пацярпеўшая ад буры, была з простага бурага плашча паверх цёмна-чырвонага хітона. На ім былі вялікія скураныя боты, аблямованыя футраю, і шырокі пояс, за якім заткнуты быў невялікі нож і скрынка з пісьмовым матэрыялам, але не было ніякай зброі. На галаве ён насіў высокую чатырохраговую шапку жоўтага колеру прадпісанага фасону. Пры ўваходзе ў залу ён пакорліва зняў яе.

Седрык у адказ на шматразовыя паклоны госця кіўнуў яму галавою і паказаў гэстам на канец ніжняга стала.

Пілігрым, які сядзеў на ўслоне каля камінка, устаў і сказаў:

— Стары, мая адзежа падсохла, я спатоліў свой голад, а ты увесь прамок і галодны.

Сказаўшы гэта, ён згроб на сярэдзіну агня раскіданыя і патушаныя паленні і ажывіў яркае полымя; потым пайшоў да стала, узяў міску гарачай поліўкі з вараным казлянём і перадаў яе яўрэю.

Абат гутарыў з Седрыкам; лэдзі Равена, як відаць, углыбілася ў нейкія разважанні з адной з сваіх прыслужніц, а ганарысты рыцар храма глыбока задумаўся.

— Вып’ем з вамі па шклянцы віна, сэр рыцар, — сказаў Седрык, — ды дарэчы і абату наліце такі-ж, а я загляну ў сваёй памяці за трыццаць год назад і што-кольвек раскажу вам. У тыя часы Седрык-Саксонец быў такі, што яго простая ангельская мова не мела патрэбы ва ўпрыгожваннях французскіх трубадураў[1] і ўсё-ж была прыемна для вуха красунь. Баявы покліч саксонцаў быў чутны ў радах шатландскага войска не горш, чым і самага адважнага з нармандскіх баронаў. Памянём келіхам віна адважных байцоў! Выпіце разам са мною, дарагія госці!

Ён выпіў сваю шклянку разам і пачаў зноў гаварыць з узрастаючым захапленнем:

— Але няма больш нашых бардаў! Нашы вялікія ўчынкі сцёрты чыннасцю другога народу… наша мова вымірае… самыя нашы імёны хутка будуць адданы забыццю… І ніхто не пашкадуе аб гэтым, акрамя мяне, адзінокага старога!.. Краўчы, што-ж ты стаіш? Напаўняй шклянкі. За здароўе адважных у бойцы, сэр рыцар! П’ю за здароўе тых, хто адважна ваюе ў Палестыне.

— А ведаеш, дзядзечка Седрык, — умяшаўся Вамба, — калі-б Рычард Львінае Сэрца быў разумнейшым ды паслухаўся мяне, дурня, няхай-бы ён сядзеў дома са сваімі вясёлымі англічанамі, а Іерусалім пакінуў-бы вызваляць тым самым рыцарам, якія яго празявалі.

— Хіба ў англійскай арміі нікога не было, — сказала раптам лэдзі Равена, — чыё імя было-б вартым стаць побач з імёнамі рыцараў храма?

— Прабачце, — адказаў дэ-Буагільбер, — англійскі кароль сапраўды прывёў с сабою ў Палестыну натоўп адважных воінаў, якія ўступалі ў адвазе толькі тым, хто ўвесь час абараняў святую зямлю.

— Нікому яны не ўступалі! — сказаў пілігрым, які ўвесь час з прыкметным нецярпеннем услухоўваўся ў гутарку.

Усе погляды павярнуліся ў той бок, адкуль так нечакана пачуўся яго голас.

— Я сцвярджаю, — паўтарыў пілігрым цвёрдым і сільным голасам, — што англійскія рыцары не ўступалі нікому.

Хмурная ярасць адлюстравалася на пацямнеўшым твары смуглага храмоўніка. Дрыжачыя пальцы яго міжвольна хапаліся за рукаятку мяча і, напэўна, толькі таму не вымалі яго, што ён разумеў, як небяспечна зачынаць бойку ў такім месцы і пры такіх сведках. Але Седрык, дзякуючы сваёй шчырасці, нават не заўважыў гнеўнага замяшання свайго госця.

— Я-б з ахвотаю аддаў табе залаты поручань, пілігрым, — сказаў ён, — калі-б ты пералічыў мне імёны тых рыцароў, якія падтрымлівалі славу нашай Англіі.

— З радасцю назаву іх па імёнам, — адказаў пілігрым, — і ніякага падарунку мне не трэба. Я даў зарок яшчэ некаторы час не датыкацца да золата.

— Хочаш, сябра пілігрым, я за цябе буду насіць гэты поручань? — сказаў Вамба.

— Першы па ваеннаму майстэрству, — пачаў пілігрым, быў Рычард, кароль Англіі.

— Я яму дарую! — ускрыкнуў Седрык. — Дарую нават тое, што ён — патомак тырана, герцага Вільяма нармандскага.

— Другім быў граф Лейстэр, а трэцім — сэр Томас Мультон з Гільсленда.

— Гэты, прынамсі, саксонец! — сказаў Седрык у захапленні.

— Чацверты — сэр Фульк Дойлі.

— Таксама саксонец! Ну, а хто-ж быў пяты?

— Пяты быў сэр Эдвінд Торнхэм.

— Чыстакроўны саксонец! — ускрыкнуў Седрык. — А шосты? Шостага-ж як завуць?

— Шосты, — адказаў пілігрым, памаўчаўшы і як-бы збіраючыся з мыслямі, — быў зусім юны рыцар, мала вядомы… Імя яго я запамятаў.

— Сэр пілігрым, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер з пагардаю, — такое прытворнае запамятанне найшло на вас вельмі позна, і вы паспелі прыпамятаць так многа, што вашы хітрыкі не дасягнуць мэты. Я сам назаву імя рыцара, якому пасшчасціла, спужаўшы майго каня, выбіць мяне з сядла сваім кап’ём. Яго звалі рыцар Айвенго; прымаючы пад увагу яго моладасць, ні адзін з яго паплечнікаў не перагнаў яго ў майстэрскім валоданні зброяй. І ўсё-такі я скажу, і голасна пры ўсіх паўтараю, будзь ён у Англіі і пажадаў-бы ён на надыходзячым турніры зрабіць той выклік, які паслаў мне ў Сен-Жан-д’Акры, я, маючы цяпер такога каня і такую зброю, якімі валодаю, гатоў схапіцца з ім, якой ён захоча зброяй і тады яшчэ паглядзім, чыя возьме.

— Хуткі адказ быў-бы на ваш выклік, — адказаў пілігрым, — калі-б ваш праціўнік тут прысутнічаў. Калі Айвенго калі-небузь вернецца з Палестыны, я вам ручаюся, што ён будзе біцца з вамі.

— Добрая зарука! — з пагардаю праказаў храмоўнік. — А які заклад можаце вы мне прапанаваць?

— Хоць-бы гэты каўчэг, — сказаў пілігрым, выняўшы з-за пазухі маленькую скрынку з слановай касці.

Храмоўнік у сваю чаргу зняў з шыі залаты ланцугі кінуў яго на стол, гаворачы:

— Прашу абата Эймера прыняць на захаванне мой заклад і заклад гэтага безыменнага вандроўніка, у пасведчанне таго што, калі рыцар Айвенго ўступіць на зямлю, амываемую чатырма марамі Брытаніі, ён будзе выкліканы на бойку з Брыянам дэ-Буагільберам, і калі не адкажа на гэты выклік, я абзаву яго трусам з вышыні сцен кожнага з існуючых у Еўропе камандорстваў ордэна храмоўнікаў.

— Да гэтага не дойдзе справа, — умяшалася лэдзі Равена, перарываючы сваё доўгае маўчанне. — Няхай хоць мой голас будзе ў абарону Айвенго, калі ніхто ў гэтым доме не жадае за яго заступіцца. Я абвяшчаю, што ён прыме ўсякі выклік на чэсную бойку…

У душы Седрыка ўзнялася такая завіруха супярэчлівых адчуванняў і мыслей, што ён быў не ў сіле прараніць ні слова. Радасная гордасць, гнеў, замяшанне змяняліся на яго адкрытым і чэсным твары, быццам цені ад воблакаў, што перабягаюць над каласістаю ніваю. Хатняя прыслуга, на якую адно імя Айвенго зрабіла ўражанне электрычнай іскры, прытаіўшы дыханне, чакала, што будзе далей, не спускаючы вачэй з гаспадара. Але калі загаварыла Равена, яе голас як быццам прымусіў яго ачнуцца і апрытомнець.

— Лэдзі Равена, — сказаў ён, — калі-б спатрэбіўся яшчэ заклад, я сам, як ні адчуваю нанесеную мне крыўду, гатоў сваім уласным гонарам паручыцца за гонар Айвенго.

— Ну, сэр Седрык, — сказаў абат, — ваша добрае віно такое моцнае, што ў мяне ў вушах ужо звоняць да вячэрні. Дазвольце нам яшчэ раз выпіць за здароўе лэдзі Равены і адпусціце нас на супачынак.

Краўчы разліў усім па апошняму, так званаму „развітальнаму“ келіху віна, пасля чаго госці нізка пакланіліся гаспадару і лэдзі Равене, усталі і разышліся па залу, а Седрык і яго выхаванка выйшлі ў двое розных дзвярэй, накіроўваючыся ў свае „палавіны“, разам з сваімі бліжэйшымі слугамі.

— Б’юся аб заклад, — сказаў храмоўнік Ісааку, праходзячы міма яго, — што твая каліта бітком набіта шэкелямі[2].

— Ні аднаго шэкеля, ні аднаго срэбнага пені… ні поўграша няма! — адказаў спужаны яўрэй. — Я іду прасіць дапамогі ў некаторых сабратаў, каб набраць дастатковую суму для ўплаты падатку, наложанага на мяне палатай[3].

Храмоўнік кісла ўсміхнуўся, прагаварыўшы:

— Хлусіць! — і, прайшоўшы міма, звярнуўся да сваіх мусульманскіх нявольнікаў і сказаў ім штосьці на мове, невядомай нікому з прысутных.

Храмоўнік і абат накіраваліся ў адведзеныя ім спальні. Праводзілі іх дварэцкі і краўчы, пры кожным з іх ішло па двое слуг з факеламі, а яшчэ два неслі на падносах асвяжальныя закускі і напіткі.


  1. Трубадур — сярэдневяковы вандроўны спявак.
  2. Шэкель — манета.
  3. Палата — установа, якая займалася зборам мытаў і падаткаў з яўрэйскага насельніцтва. Гэта палата ўжывала самыя нечалавечыя спосабы спагнання грошай і законнага рабунку яўрэяў.