Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел III Айвенго. Раздзел IV
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел V

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ІV

АБАТ Эймер і рыцар храма ўжо справіліся пераапрануцца і апрануць сваю лепшую вопратку.

Следам за ганаровымі гасцямі ўвайшла іх прыслуга і за імі, на некаторой адлегласці, сціпла ўступіў у залу і праваднік, у знадворным выглядзе якога нічога не было асаблівага, акрамя таго, што ён насіў звычайную вопратку пілігрымаў. Яго фігура была ўхутана прасторным плашчом з грубай чорнай саржы. Тоўстыя камашы, прымацаваныя паскамі да босых ног, шырокаполы капялюш, абшыты па краях ракавінамі, і доўгі кій з прывязанай да верхняга канца пальмавай галінкай дапаўнялі гарнітур пілігрыма. Ён сціпла ўвайшоў ззаду ўсіх і, бачачы, што каля ніжняга стала наўрад ці знойдзецца месца для ўсёй прыслугі Седрыка і для дружыны яго гасцей, адышоў да аднаго з вялікіх камінкоў. Ён сеў на ўслон пад яго балдахінам і ўзяўся, відаць, прасушваць сваё адзенне, чакаючы, калі за сталом выпадкова аслабаніцца месца ці буфетчык дасць яму што- небудзь паесці тут, у кутку.

Седрык устаў прыняць гасцей з паважнай ветлівасцю, сышоў з ганаровага памоста і, ступіўшы тры крокі ім насустрач, спыніўся.

— Шкадую, — сказаў ён, — высокашаноўны прыёр, што дадзены зарок забараняе мне далей прайсці па гэтай падлозе майго дома насустрач нават такім гасцям, як ваша вялебнасць і гэты мужны рыцар. Прашу вас таксама выбачыць, што буду гаварыць з вамі на маёй роднай мове і вас прашу зрабіць тое-ж, калі вы настолькі знаёмы з ёю, што гэта вам не будзе цяжка. У супраціўным выпадку я сам настолькі разумею па-нармандску, што разбяру тое, што вы будзеце ласкавы мне сказаць.

— Зарокі, — сказаў абат, — трэба выконваць шаноўны франклін, або, калі дазволіце так сказаць, шаноўны тан, хоць гэты тытул некалькі састарэў. Што-ж тычыцца мовы, я вельмі ахвотна гавару на той гаворцы, на якой гаварыла мая пакойная бабулька, Хільда Мідльгемская.

Калі прыёр скончыў гэту прамову, выказаную з самымі прымірэнчымі намерамі, храмоўнік сказаў адрывіста і ўнушальна:

— Я заўсёды гавару пафранцузску, але настолькі ведаю паанглійску, што магу гаварыць з тубыльцамі гэтай краіны.

Седрык рухам рукі запрасіў гасцей сесці на крэслы ніжэй яго ўласнага, але побач з сабою, пасля чаго падаў знак, каб падавалі яду.

Пакуль прыслуга кінулася выконваць загад, Седрык убачыў у ніжнім канцы залы толькі што ўвайшоўшых свінапаса Гурта і яго спадарожніка Вамбу.

— Паклікаць сюды гэтых гультаёў! — крыкнуў Седрык раздражнёна. — Гэта што значыць, нягоднікі? Чаму вы сёння забавіліся да такой позняй пары? Што-ж, прыгнаў ты свой статак дахаты, ці пакінуў яго валацугам і разбойнікам?

— Статак цэлы, як жадана вашай мосці, — сказаў Гурт.

— Але мне зусім нежадана, шальмец, — сказаў Седрык, — каб ты бітых дзве гадзіны прымушаў мяне чакаць гэтай весткі, а я тут сядзеў і думаў адпомсціць суседзям за такія крыўды, якіх яны мне нарабілі. Памятай, што калі гэта яшчэ раз здарыцца, я загадаю закаваць цябе у кайданы, і ты ў мяне пасядзіш у турме.

Ведаючы запальчывы нораў гаспадара, Гурт і не спрабаваў апраўдвацца, але блазен, які дазваляў сабе куды большую волю ў абыходжанні, адказаў за сябе і за свайго таварыша:

— Сапраўды, дзядзечка Седрык, ты сёння зусім не да справы гаворыш.

— Што такое? — адгукнуўся гаспадар. — Я цябе пашлю ў старожку і загадаю адлупцаваць, калі будзеш даваць волю свайму блазенству.

— А ты спярша скажы мне, мудры чалавек, ці справядліва караць аднаго за правіннасць другога.

— Вядома, не, дурань.

— Дык што-ж ты пагражаеш закаваць у кайданы беднага Гурта, дзядзечка, калі ва ўсім вінаваты адзін сабака Фангс?

— Дык павесіць Фангса! — абвясціў Седрык, паспешна звяртаючыся да Гурта.

— Пачакай, пачакай, дзядзечка, — сказаў блазен, — і такое-ж рашэнне не зусім справядлівае. Чым-жа вінен Фангс, калі ён кульгае і не можа сабраць статак так хутка, як трэба? Гэта віна таго, хто вырваў яму кіпці на пярэдніх лапах.

— Хто-ж асмеліўся так скалечыць сабаку, якая належыць майму слузе? — запытаў раззлаваны саксонец.

— Стары Губерт яго скалечыў, — адказаў Вамба, — Губерт, начальнік палявання ў сэра Філіпа дэ-Мальвуазен. Ён злавіў Фангса у лесе і пачаў гаварыць, быццам сабака палюе на аленя, парушаючы тым правы яго гаспадара.

— А каб яго чорт забраў гэтага Мальвуазена, ды і вартаўніка яго! — ускрыкнуу Седрык. — Я ім пакажу, што гэты лес не ўваходзіць у тую мяжу, якая разумеецца паводле планаў запаведных лясоў… Але досыць аб гэтым. Ідзі, шэльма, садзіся на сваё месца… А ты, Гурт, дастань сабе другога сабаку, і калі вартаўнік адважыцца хоць пальцам яго крануць, я адвучу яго страляць з лука. Няхай я пропадам-прападу, калі не адсяку яму вялікага пальца на правай руцэ!.. Прашу выбачыць мяне, высокашаноўныя госці… Прашу есці, і хай добрыя пажаданні, з якімі прапануецца вам гэта яда, узнагародзяць вас за іх убоства і прастату.

Усе толькі што сабраліся брацца за яду, як дварэцкі ўзняў посах і голасна прыказаў:

— Гонар і месца лэдзі Равене!

У верхнім канцы залы, па той бок ганаровага стала, адчыніліся бакавыя дзверы, і на памост увайшла лэдзі Равена з чатырма служанкамі.

Седрык здзіўлены і непрыемна ўражаны тым, што яго выхаванка ўсё-ж пажадала паказацца гасцям, тым не менш паспяшаў ёй насустрач і, узяўшы за руку, з пачцівай урачыстасцю падвёў яе да ўзвышанага крэсла па правую руку ад свайго месца. Усе ўсталі пры яе з’яўленні; яна-ж, агульным паклонам без слоў адказаўшы на агульную ласкавасць, грацыёзна пайшла да свайго месца за сталом. Але не паспела сесці, як храмоўнік шапнуў абату:

— Не насіць мне вашай залатой маністы на турніры, а хіёскае віно за мною.

— А што я вам гаварыў? — адказаў абат такім-жа шэптам. — Але суцешце свае захапленні, франклін сочыць за вамі.

Не звярнуўшы ўвагі на перасцярогу прыёра і прывыкшы дзейнічаць толькі пад уплывам уласных жаданняў, Брыян де-Буагільбер не спускаў вачэй з саксонскай красуні, якая, напэўна, тым больш уздзейнічала на яго, што была так непадобна на жанчын Усхода.

Равена была надзвычай добрага складу і стройная. Колер яе скуры адрозніваўся асляпляючай белатою. Ясныя блакітныя вочы яе, апухначаныя цёмнымі расніцамі, глядзелі з-пад тонкіх брывей каштанавага колеру, якія рабілі выразістым яе лоб. Калі звычайным выразам яе твара была лагоднасць, дык прывычка ўладарыць і прымаць усеагульнае пакланенне надавала абліччу гэтай саксонскай дзяўчыны нейкі велічны характар. Густыя валасы светларусага адцення былі завіты у мноства локанаў, якія грацыёзна былі апушчаны на яе плечы — адзнака прыналежнасці да свабоднага саслоўя. На адкрытых руках яе былі бранзалеты. Адзенне складалася з ніжняга шоўкавага плацця бледна-зялёнага колеру марской вады, паверх якога надзета было другое, доўгае і прасторнае, што даставала да самай зямлі, з вельмі шырокімі рукавамі, даходзячымі аж да локцяў. Гэта верхняе плацце было пунцовае, сатканае з самай тонкай шэрсці. Да верхняй часткі яго было прымацавана лёгкае шоўкавае пакрывала з залатым узорам, якое па жаданню можна было накінуць на твар і грудзі, як іспанскую мантыллю, або проста накрыць толькі плечы.

Калі Равена заўважыла ўстаўленыя на яе вочы храмоўніка, яна паважна апусціла пакрывала на твар у адзнаку таго, што пільны і вольны погляд ёй непрыемны. Седрык убачыў яе рух і адгадаў яго прычыну.

— Сэр рыцар, — сказаў ён, — шчокі нашых саксонскіх дзяўчат бачаць так мала сонечных праменняў, што не могуць вытрымаць пільных поглядаў крыжаносца.

— Калі я правініўся, — адказаў сэр Брыян, — прашу пра- бачення ... гэта значыць прашу лэдзі Равену выбачыць мяне; далей гэтага не можа ісці мая пакорнасць.

— Паднімаю гэты бакал за ваша здароўе, сэр прыёр, — прагаварыў Седрык, — спадзяюся, што віно маё вам да смаку, і дзякую вам за ласку. Калі-ж вы строга прытрымліваецеся манастырскага статута, — дадаў ён, — маеце за лепшае піць кіслае малако, спадзяюся, што вы не будзеце сароміцца і не станеце піць віна толькі з-за ветлівасці.

— Не, — засупярэчыў прыёр, рассмяяўшыся, — мы толькі ў сцянах манастыра прытрымліваемся салодкага ці кіслага малака, а сярод свецкіх людзей мы робім як свецкія людзі. Я адкажу на ваш ласкавы тост такім-жа чэсным віном, а менш моцныя напіткі аддаю майму паслушніку.

— А я, — сказаў храмоўнік, — напаўняючы свой келіх, — п’ю за здароўе прыгожай Равены, таму што ні адна жанчына ў Англіі не была больш вартая пакланення…

— Я злітуюся над вашай ласкавасцю, сэр рыцар, — сказала Равена, не ўзнімаючы пакрывала, — або лепш пакарыстаюся ёю, каб папрасіць вас паведаміць нам апошнія весткі аб Палестыне, таму што гэты прадмет больш цікавы, чым усе кампліменты, якія вы выказваеце, дзякуючы вашаму французскаму выхаванню.

— Няшмат магу паведаміць цікавага, цудоўная лэдзі, — адказаў Брыян дэ-Буагільбер, — магу толькі пацвердзіць, што з Саладзінам заключана перамір’е…

Тут яго перапыніў Вамба: ён усеўся на свой асобны стул, спінка якога была ўпрыгожана параю асліных вушэй, і змясціўся крокі на два ззаду крэсла гаспадара. Седрык час-ад-часу даваў яму туды яду са свае талеркі.

— Ужо гэтыя мне перамір’ї з бязбожнікамі! — ускрыкнуў блазен, не звяртаючы ўвагі на тое, што перабіў гутарку гордага храмоўніка, — яны мяне зусім састарылі!

— Як так, шальмец, што гэта значыць? — сказаў Седрык, з відавочным задавальненнем чакаючы новага жарту.

— А то як-жа, — адказаў Вамба, — на маім вяку было ўжо тры такіх перамір’і і кожнае на пяцьдзесят год; падлічы-ж, і атрымліваецца, што мне ўжо стукнула год паўтараста.

— Ну, я ручаюся, што ты памрэш не ад старасці, — сказаў храмоўнік, спазнаўшы ў ім чалавека, якога яны сустрэлі ў лесе, — табе на раду напісана памерці гвалтоўнай смерцю, калі будзеш так-жа збіваць з дарогі праезджых, як сёння збіваў нас з абатам.

Гутарка была перапынена з’яўленнем слугі, які прыйшоў далажыць, што каля варот стаіць яшчэ адзін вандроўнік і просіцца пусціць яго нанач.

— Упусціць яго, — сказаў Седрык, — хто-б ён не быў, усёроўна! У такую бурную ноч, якая бушуе цяпер на дварэ нават дзікія зверы шукаюць апекі ў самага злога ворага свайго, чалавека, абы толькі не загінуць ад разышоўшайся стыхіі. Дайце яму ўсяго, у чым ён мае патрэбу. Освальд, прыгледзець добра за гэтым.

Краўчы мігам выйшаў з залы.