Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/VI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел V Айвенго. Раздзел VI
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел VII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VI

КАЛІ пілігрым разам з слугой з факелам праходзіў па заблытаных пераходах дома, яго здагнала пакаёўка лэдзі Равены і валадарным тонам абвясціла, што яе пані хоча пагутарыць з пілігрымам.

У канцы невялікага калідора яны падняліся на сем ступеней, кожная з якіх была з тоўстага дубовага ствала, ўвайшлі ў пакой Равены.

Тры пакаёўкі, стоячы за спіною гаспадыні, прыбіралі нанач яе валасы. Пілігрым моўчкі апусціўся на калена.

— Устаньце, шаноўны вандроўнік, — сказала яна ветліва, — той, хто заступаецца за адсутных, мае права на ласкавы прыём з боку кожнага, хто даражыць ісцінай і цэніць мужнасць.

Звяртаючыся да свае дружыны, яна сказала:

— Адыдзіце ўсе, акрамя Эльгіты.

Лэдзі Равена памаўчала з хвіліну, як-бы абдумваючы, з чаго пачаць, потым сказала:

— Пілігрым, сёння ўвечары вы прагаварылі адно імя… ну словам, вы назвалі Айвенго ў доме, дзе гэта імя павінна было мець водгук ва ўсіх сэрцах, але такая ўжо дзіўная нясталасць лёсу, што хоць у шмат каго, напэўна, здрыганулася сэрца, пры гэтым імені, адна я адважваюся запытаць, дзе і ў якім становішчы пакінулі вы таго, аб кім успамянулі? Мы чулі, што ён, з прычыны дрэннага здароўя, затрымаўся ў Палестыне, і што пасля ўходу адтуль англійскага войска яго праследуе французская партыя, да якой належаць і храмоўнікі.

— Я мала ведаю аб рыцары Айвенго, — адказаў збянтэжаны пілігрым. — Здаецца, ён пазбавіўся ад праследвання сваіх ворагаў у Палестыне і збіраўся звярнуцца ў Англію. Тут вам павінна быць вядома лепш за мяне, ці ёсць у яго надзея на шчасце.

— Калі-б ён даехаў шчасліва, — сказала лэдзі Равена, — і здолеў прыняць удзел у надыходзячым турніры, дзе ўсё рыцарства тутэйшай краіны збіраецца паказаць сваё майстэрства і адвагу! Калі прыз дастанецца Атэльстану Конінгсбургскаму, Айвенго можа пачуць нядобрыя весткі пасля звароту ў Англію… Скажыце мне, вандроўнік, якім быў знадворны выгляд яго ў той час, як вы яго бачылі ў апошні раз? Ці не налажыла хвароба цяжкую руку на яго сілы і хараство?

— Ён быў смуглей, — адказваў пілігрым, — і хударлявей, чым у той час, як прыбыў з вострава Кіпра ў дружыне Львінага Сэрца. Відаць было, што ён моцна замаркочаны душэўнымі клопатамі.

— Баюся, — прагаварыла лэдзі Равена, — што на бацькаўшчыне чакае яго нешта такое, што не пазбавіць ад душэўных клопатаў і не згоніць з яго аблічча змрочнага ценю… Дзякую, добры пілігрым, за весткі аб таварышу майго дзяцінства. Дзяўчаты, — звярнулася яна да служанак, — падыдзіце, падайце вячэрні кубак. Час ужо даць гэтаму чалавеку супакой, я не хочу яго затрымліваць далей.

Адна з дзяўчат прынесла срэбны келіх гарачага віна з прыправаю, да якога Равена толькі дакранулася губамі, пасля чаго яго падалі пілігрыму. Ён нізка пакланіўся і адпіў некалькі кропель.

— Прымі міластыню, сябра, — прадаўжала лэдзі Равена, падаючы яму залатую манету, — гэта адзнака мае павагі да твае працы.

Пілігрым узяў падарунак, яшчэ раз нізка пакланіўся і пайшоў за Эдвінай вон з пакоя…

У сенцах яго чакаў слуга. Узяўшы факел з рук служанкі, ён, спяшаючыся, павёў госця ў знадворную пабудову, якая была самай дрэннай часткай будынка, дзе цэлы рад невялічкіх каморак або келляў служыў для начлега слугам і нязнатным гасцям.

— Дзе тут начуе яўрэй? — запытаў пілігрым.

— Поруч з вамі.

— А дзе спіць Гурт, свінапас? — спытаўся вандроўнік.

— Гурт спіць у той каморы, што па правую руку ад вас.

Пілігрым увайшоў у прызначаную для яго камору і ўзяў факел з рук слугі. Прычыніўшы дзверы свае келлі, ён уваткнуў факел у драўляны падсвечнік, зроблены ў сцяне, акінуў вокам гэту спальню, абстаноўка якой адрознівалася надзвычайнай прастатой. Яна складалася з аднаго вельмі груба зробленага стула і яшче больш грубага ложка або драўлянай плоскай скрыні, напоўненай чыстай саломай, на якой замест пасцелі разасланы былі дзве ці тры авечыя скуры.

Пілігрым патушыў факел, не распранаючыся, расцягнуўся на гэтай першабытнай пасцелі і заснуў. Ён прачнуўся, калі першыя праменні сонца заглянулі ў аконца з кратамі. Тады ён устаў, паправіў на сабе вопратку і, вышаўшы з каморы, асцярожна прыўзняў завалу на дзвярах у суседнюю камору і нячутнаю хадою ўвайшоў да яўрэя.

— Не бойся мяне, Ісаак, — сказаў пілігрым, — я прыйшоў да цябе, як сябра.

— А што-ж трэба вашай мосці ад мяне і ў такі ранні час?

— Я хацеў табе сказаць, — адказаў пілігрым, — што калі ты не пойдзеш з гэтага дома і не пастараешся адысці як можна далей і як можна хутчэй, з табою можа здарыцца ў дарозе вялікая бяда.

— Ды каму-ж цікава нападаць на такога нікчэмнага бедняка, як я! — ускрыкнуў яўрэй.

— Калі рыцар храма ўчора ўвечары праходзіў праз залу, ён звярнуўся да сваіх мусульманскіх нявольнікаў на сарацынскай мове, якая мне добра вядома, і загадаў ім сёння раніцою сачыць за тым, куды ты паедзеш, схапіць цябе і адвезці ў замак Філіпа дэ-Мальвуазен або да Рэджынальда Фрон дэ-Бёф.

Цяжка апісаць жах, які авалодаў старым пры гэтай вестцы. Рукі яго бяссільна павіслі па баках, галава ўпала на грудзі.

— Слухай, Ісаак, што я табе скажу, — сказаў пілігрым, гледзячы на яго з жалем, — ты праў, што ўсяго баішся, успамінаючы, як прынцы і ўсякія дваране абыходзяцца з людзьмі, ад якіх яны хочуць выціснуць грошы. Але я табе кажу: уставай, і навучу цябе як пазбавіцца ад бяды. Ідзі з гэтага дома зараз жа, пакуль не прачнуліся слугі. Я правяду цябе



патаемнымі сцежкамі праз лес, які мне гэтак-жа добра вядомы, як любому з лясных вартаўнікоў. Я цябе не пакіну, пакуль не здам з рук на рукі каму-небудзь едучаму на турнір.

Пілігрым прайшоў у наступную каморку, дзе спаў свінапас Гурт.

— Уставай, Гурт, — сказаў пілігрым, — уставай хутчэй. Адамкні фортку задняй брамы і выпусці адсюль мяне і яўрэя. У нас не дазволена, каб госці выязджалі патаемна, — прагаварыў той, узняўшыся на адным локці і не ўстаючы з саломенага ложка.

— Як-бы та ні было, — сказаў пілігрым валадарна, — я думаю, што ты адамкнеш мне заднюю фортку.

З гэтымі словамі ён нагнуўся да лежачага свінапаса і прашаптаў яму нешта на вуха пасаксонску. Гурт ускочыў на ногі, быццам ад электрычнага ўдару, а пілігрым, падняўшы палец у знак таго, што трэба захоўваць асцярожнасць, дадаў:

— Гурт, сцеражыся!.. Ты заўсёды быў асцярожны. Чуеш, адамкні фортку… Астатняе пасля скажу.

Гурт скарыўся з незвычайнай хуткасцю.

— Мой мул… Дзе-ж мой мул? — ускрыкнуў яўрэй, як толькі яны вышлі з форткі.

— Прывядзі сюды яго мула, — сказаў пілігрым, — ды слухай… дастань мне таксама мула, я паеду з ім, пакуль не выбярэмся з тутэйшай ваколіцы. Пасля я дастаўлю мула цэлым каму-небудзь з дружыны Седрыка, у Ашбі. І вось што яшчэ: ты сам…

Нахіліўшыся, пілігрым прашаптаў штосьці Гурту на вуха.

— З ахвотаю, з найвялікшай радасцю ўсё выканаю, — адказаў Гурт і пабег выконваць даручэнне.

Калі з’явіўся Гурт з двума муламі, пілігрым сеў на аднаго з іх і працягнуў Гурту руку, якую, той пацалаваў з найвялікшай пашанай.

Свінапас стаяў, гледзячы ўслед падарожнікам, покуль яны не схаваліся пад навесам галля, у глыбіні лясной сцежкі.

Падарожнікі імчаліся ўперад з такой хуткасцю, якая паказвала на крайнюю трывогу яўрэя. Пілігрым, як відаць, да тонкасці вывучыў усе лясныя сцежкі і павароты, ехаў наперадзе, трымаючыся самых вакольных шляхоў, так што Ісаак некалькі разоў падумаў, ужо ці не завёз яго вандроўнік у пастку і ці не мае намеру аддаць у рукі ворагаў.

Ад’ехаўшы па акольных сцежках на досыць далёкую адлегласць, пілігрым урэшце перапыніў маўчанку.

— Бачыш гэты стары ўсохшы дуб? Гэта мяжа ўладанняў Фрон дэ-Бёф; мы даўно і далёка ад’ехалі ад зямель Мальвуазена. Цяпер табе больш няма чаго баяцца пагоні.

— Хай паломяцца колы іх калясніц! — сказаў яўрэй. — Не пакідай мяне, добры пілігрым. Успомні аб ярасці буйнага храмоўніка і яго сарацынскіх нявольнікаў… Яны не паглядзяць ні на якія межы, не уважаць нічых правоў.

— З гэтага месца, — сказаў пілігрым, — трэба нам разысціся ў розныя бакі. Я для цябе дрэнная абарона: што ў сіле зрабіць мірны багамолец супроць двух узброеных рабаўнікоў?

— А, добры юнак, — ускрыкнуў яўрэй, — ты можаш заступіцца за мяне, і я ведаю, што заступішся. Як я ні бедны, а змагу ўзнагародзіць цябе…

— Ні грошай тваіх, ні ўзнагароды мне не трэба, — перапыніў яго пілігрым. — Правадзіць цябе я магу, і нават да некаторай ступені я змагу абараніць… Я праводжу цябе да такога месца, дзе ты можаш сабе набыць больш падыходзячы канвой. Мы цяпер недалёка ад горада Шэфільда. Там табе няцяжка знайсці многіх сваіх сародзічаў і можаш знайсці ў іх прытулак.

— Дзякую табе, дзякую, добры юнак!..

— Добра, значыцца ў Шэфільдзе мы расстанемся, а праз поўгадзіны нам будзе відзен гэты горад.

У працягу гэтай поўгадзіны абодва не праказалі ні аднаго слова. Спыніўшыся на вяршыне пакатага бугра, пілігрым паказаў на горад Шэфільд, і сказаў:

— Вось дзе мы расстанемся.

— Але не раней, чым бедны яўрэй выкажа вам сваю падзяку, — сказаў Ісаак, — таму што я не адважваюся прасіць вас праводзіць мяне да майго родзіча Зарэта, які мог-бы даць мне сродкі, каб заплаціць вам за паслугу.

— Я ўжо гаварыў табе, — сказаў пілігрым, — што ніякай узнагароды мне не трэба.

— Стой, пачакай! — ускрыкнуў старык, хапаючы яго за крысо. — Я хацеў-бы зрабіць што-небудзь для цябе. Але прабач, калі я вазьмуся адгадаць тое, што ў гэту хвіліну для цябе больш усяго патрэбна.

— Калі-б ты і адгадаў, што мне больш усяго патрэбна, — сказаў пілігрым, — ты не мог-бы даставіць мне гэта.

— Не! Я ведаю, чаго табе нестае, і, можа, змагу табе даставіць усё, што трэба. У гэту хвіліну табе больш усяго хочацца мець каня і зброю.

Пілігрым здрыгануўся і, нечакана павярнуўшыся да яго, таропка запытаў:

— Чаму ты адгадаў?

— Усёроўна, чаму-б ні адгадаў, абы толькі здагадка мая была верная… Але, калі я даведаўся, што табе трэба, я табе ўсё дастану.

Спешна выняўшы з сумкі свае канцэлярскія прылады, стары Ісаак, не злазячы з мула, паставіў перад сабою ўверх дном сваю жоўтую шапку і, распрастаўшы на ёй аркушок паперы, пачаў пісаць.

Дапісаўшы ліст на яўрэйскай мове, ён перадаў яго пілігрыму.

— У горадзе Лейстэры, — сказаў ён, — ёсць усім вядомы багаты яўрэй Кірджат Джайрам з Ламбардыі, перадай яму гэты ліст. У яго ёсць цяпер шэсць узбраенняў міланскай работы: з іх горшае годна і для царской асобы, і яшчэ ёсць у яго дзесяць коняй, на горшым з іх і не сорам-бы выехаць і самому каралю, калі-б давялося яму змагацца за валоданне сваёю ўладаю… З гэтых коняй і зброі ён дасць табе на выбар, якое пажадаеш, і, акрамя таго, дасць усяго, што можа спатрэбіцца ў надыходзячым турніры. Калі міне патрэба, звярні яму цэлым тавар, або калі зможаш, заплаці поўнасцю яго кошт.

— Хіба ты не ведаеш, Ісаак, — сказаў пілігрым з усмешкаю, — што калі рыцара выб’юць з сядла ў часе турніру, то яго конь і зброя паступаюць ва ўласнасць таго, хто яго перамог? Такое няшчасце і са мною можа здарыцца, і тады я страчу дабро, якое ні звярнуць, ні аплаціць не змагу.

— Не, не, не! — таропка загаварыў старык. — Гэта немагчыма! Я і чуць гэтага не хачу. Кап’ё тваё будзе мець такую-ж сілу, як і посах Маісея.

Сказаўшы гэта, ён павярнуў мула ў бок, але пілігрым злавіў яго за плашч і затрымаў:

— Пачакай, Ісаак, ты яшчэ не ведаеш, чым рызыкуеш. Можа здарыцца, што каня заб’юць, панцыр пасякуць, таму што я не буду шкадаваць ні каня, ні чалавека.

— Усёроўна… пусці мяне… Калі здарыцца страта, ты за яе не будзеш адказваць. Калі дабро пойдзе на карысць пераможцы, Кірджат Джайрам даруе табе гэты доўг, дзеля Ісаака, свайго сваяка. Бывай і будзь здароў… Аднак паслухай, добры юнак, — прадаўжаў ён, яшчэ раз аглянуўшыся, — не сунься ты занадта ўперад, калі пачнецца гэта калатня!.. Я гэта не для таго гавару, каб ты шчадзіў каня і панцыр, але толькі дзеля захавання твайго жыцця і дзеля цэласці твайго цела.

— Дзякую за апеку нада мною, — адказаў пілігрым, усміхаючыся, — я пакарыстаюся тваёю ласкавасцю, і толькі асаблівае няшчасце можа перашкодзіць мне ўзнагародзіць цябе.

Яны расталіся і рознымі шляхамі накіраваліся ў горад Шефільд.