Адам Міцкевіч на Беларусі
Адам Міцкевіч на Беларусі Артыкул Аўтар: Аляксандр Ельскі 1924 год Арыгінальная назва: Adam Mickiewicz na Białorusi (1885) Пераклад: Францішак Грышкевіч Крыніца: Студэнская Думка. — Сьнежань 1924. — №1 |
Адам Міцкевіч на Беларусі.[1]
Паводле
Аляксандра Ельскага.
Калі гаворыцца аб Міцкевічу і яго сямейным гнязьдзечку, тагды, хочаш ня хочаш, высовываецца пытаньне: чаму столькі карыфэяў навукі і свойскага штукарства, чаму такіх Хадкевічаў, Несялоўскіх, Рэйтанаў, Касьцюшкаў, Багушэвічаў, Манюшкаў, Міцкевічаў, Чачотаў, Кандратовічаў, Занаў, Крашэўскіх і столькі столькі іншых, выдала адна зямелька. Напэўна, сапраўды-ж, гэта ніва ўраджайная, калі такі даець выплад! Дужа трафна выясьнілі гэта Поль і Сыракомля (польскія пісьменьнікі, Поль ― паляк; Сыракомля, сапраўднае імя яго Людвік Кандратовіч, na паходжаньню беларус. Рэд.); першы з іх пяець:
„Lud tam jeszcze nie zmieszany, |
Другіж дапаўняе думку:
„Tutaj chrobrym zapałem pierś męża oddycha, „Dęboróg“ |
Бо і надта-ж стары гэты люд, які засяляець аграмадныя прасторы ад калыскі Дняпровай да Бугу і Нарвы, ад Вяльі да Прыпяці ― гняздо старавечнага славянізму, старонка герояў, гусьляроў, адносін патрыаршых і ахвяраў дзеля сьвятых ідэалаў. Узята ўсё гэта разам зьлілося ў духу чыстага племені, на якога гістарычным пні прышчапляныя брацкія расьліны, разрасьліся ў магутныя, кшталтоўныя галіны, поўныя пахучага цьвету і салодкіх фруктаў!... Не дарма-ж аб гэтай роднай зямельцы, узяўшы ад Баяна аж да нашых дзён, пяялі з захопляньнем столькі разоў нашыя поэты, пачэрпуючы з песьняў, легэндаў і апавяданьняў народных поэтычныя натхненьні.
Сапраўды-ж, з роднае нівы вырас гэній Міцкевіча і з гэтае-ж нівы вычэрпываў ён крыніцы да шмат сваіх твораў, аб гэтым сьведчаць такія творы, як: „Switez“, „Switezianka“, „Dziady“, „Dudarz“, „To lubię“, „Lilje“, „Ucieczka", „Grażyna“, „Pan Tadeusz“ і іншыя, а надта шмат успомненых мейсцаў і назоваў поэтам, як: "Cyryn“, „Hreczechy“, „Jatra“, „Niemen“, „Naliboki“, „Nowogrodek“, „Niedzwiadka“, „Płużyny“, „Ruta“, „Soplicowo“, „Świteź“, „Tuhanowicze“, „Ździęcioł“ і г. д. паказваюць, кудою найахватней блудзіла думка поэта, якімі вобразамі яна любіла песьціцца. „Grażyna“ пачынаецца прыгожым, ночным выглядам наваградакага замку, „Pan Tadeusz“ апастрофай да наймілейшай Літвы; Нёман ёсьць „хатняй ракой“ поэта, удоўжкі якой прагуліваўся ад вёскі да вёскі затоплены ў поэзіі яго „Дудар“. У "Dziadach" бачым сапраўдны прыліў думак, які выплываець з грудзей глыбокай традыцыі і асабістых успамінаў поэта…
Бо меў-жа з чаго чэрпаць поэт, бо традыцыйнае жыцьцё аўтахтонаў яго родных старонак сканстатавана надта навукова. Вось об‘ектыўны дасьледчык беларускае мовы і песьні, Безсонов, проста цьвердзіць: што гэтая мова і песьні носяць на сабе рысы глыбейшае старадаўнасьці, як іншыя, ня толькі вялікарускае і украінскае, але і паўднёвых Славянаў; знаходзіць ён у беларускай мове найчысьцейшыя прототыпныя спадкі першае мовы агульна-славянскае, якіх старадаўнасьць удасца толькі зраўняць з песьнямі грэцка-лацінскімі; далей ён сьцьвярждаець, што беларуская мова, мала зразумела для расейцаў, маець толькі сваю, незалежную, дзіўна жыцьцёвую асобнасьць і ніколі ня была залежнай, як мыльна думаюць, ад уплыву мовы польскае або расейскае, нат наадварот, — глытала гэты уплыў і пераварывала яго ў сабе. Дзякуючы гэтаму, належыцца прызнаць ëй правы жыцця, як воргану духа некалькіх міліёнаў тыповага народу, а рознародны варожы наступ на гэтую сьвятую спадчыну славянізму можа толькі прынясьці маральную шкоду народу і літэратуры, перадусім расейскай, бо ў старадаўняй песьні беларусаў знаходзяцца самародныя скарбы поэзіі; а менскі говар - паводле ўспомнянага артара - ёсьць найчысьцейшым узорам мовы беларускай (Глядзі прадмову Безсонова да выданых у Маскве ў годзе 1871 ім „Песьні беларускія“).
Міцкевіч, будучы на вышыні славы ў сталіцы сусьвету і выкладаючы падзеі славянскае літаратуры, шмат разоў зварочываўся да роднай літоўскай Русі. Пры гэтым знаходзім пекны ўступ адносна этнографіі і говару народнага гэтай зямелькі ў пролекцыях ХХVI і XXVII з 1841 г. Узнаючы сілы і вялікай важкасьці говару народнага для культурнай мовы, Міцкевіч у пролекцыях VII і XX з 1842 году выгаварываець расейскім пісьменьнікам, апіраючыся на сьветлым сказе вядомага князя Вяземскага, што "калісь можа агледзяцца ў якім недагодным кірунку йшлі, стараючыся адлучыцца з говараў „провінцыяльных“, а прытасовываючы гэтую думку да польскай поэзіі, робіць сільную увагу ў пролекцыі ХI гэтага-ж году: дзякуючы таму, што Русь выдала найзнатнейшыя народныя песьні, таму слаўныя аўтары ідыліяў XVI веку выходзілі адсюль; Францішак Карпінскі ― дзіця кобрынскіх старонак, якога дух жывіўся народнай песьняй ― ёсьць аўтарам цуднай поэзіі, за каторы чакаець яго калісьці належная слава ў Русі. У пролекцыі VI з 1842 г. Міцкевіч выказываець вышэйшасьць у часы Пётры В. беларускае мовы, калісь у Літве урадавай і наддворнай, адносна дыялекту вялікарускага і ўкраінскага. Міцкевіч пачэрпуючы духа з песьняў народных, саўсім па беларуску ня пісаў, а паклоньнікі ягонай поэзіі, апрача малюсенкіх выняткаў, не знайшлі твораў поэты ў беларускай мове і гэта паміма факту, што Беларусь маець незапярэчныя правы хваліцца Міцкевічам, бо аграмадны дух вырас і асьвяціўся на ніве літоўскага славянізму. Адзін толькі пісьменьнік беларускі, сьв. пам. Вінцук Дунін-Марцінкевіч, выдрукаваў у Вільні 1859 году ў мове беларускай часьці „Pana Tadeusza“, якога аўтар жадаў бачыць пад кожнай страхой. Аўтар гэтага артыкулу то-ж прабаваў тлумачыць на мову беларускую нікаторыя творы Міцкевіча і трымаець іх у портфэлю, спроба перакладу праз яго „Pana Tadeusza“ была друкаванай у №-ры 6 „Краю“ з 1885 году. Разумеючы нясумерную важнасьць збаўленнага ўплыву на народ роднай літаратуры, няраз горача стараліся мы разбудзіць у добрай волі грамадзян хоць дзеля падмогі выдавецтвам у беларускай мове, але наш кліч не зрабіў пажаданага скутку. У выніку гэтага, супроць волі, прыходзіць мне на думку сумны зваротак „Дудара“:
„Як доўгі Неман, я з Лірай усьцяж іду |
16 лістапада 1885 г.
Пераклаў з польскага Ф. Гр.
- ↑ Зборная кніжка выданная дзеля сталетняй гадаўшчыны ураджэньня А. М-ча, Пецярбург 1898.
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |