Перайсці да зместу

Агні (1930)/Людзі/Лернік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Інвалід Лернік
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1930 год
Аргентынскаму сябру
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лернік (Таўбін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕРНІК

На плошчы — і грукат, і гуд…
Па бруку — аўтобусы роем
Ён стаў на шумлівым рагу
З пахіленаю барадою.
Глядзіць на фабрычную рань
Ў адценьнях ружовых і шэрых.
І вось — пачынае іграць
Старая вясковая лера…
Ці „Лазарам“ сум саштурхне,
Ці кіне „Лявоніхай“ покліч…
А людзі ідуць, як раней,
Глядзяцца ў люстраныя вокны…
І горбіцца сьмешна пастаць, —
За дзень гэтак мала прыбытку…
Дзівуюцца людзі, глядзяць
На дзедаву шэрую сьвітку,
Так пойдзе дадому дзядок —
Паціху, нясьмела пакрочыць,
А зоры зашэпчуць у змрок
Старому спакойнае ночы.
Спакойным ня зробіцца сон: —
У ім ён пабачыць сягоньня
Сьляды ад сваіх баразён
На шэрых палетках і гонях.
Успомніць на тыя плугі,
Што сілу ўзялі неўзваротна…
І мо‘ прасьлязіцца благі
З бясьсільля, ў жалобе самотнай…
А заўтра — засьвеціцца рань
Ў адценьнях ружовых і шэрых.
І зноў будзе лернік іграць
На струнах вясковае леры.

Верасень 1928