Перайсці да зместу

І залацісьцей і сталёвей (1926)/Адыйшоўшым/Песьня недапетая…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маліліся пад крыжам Песьня недапетая…
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
Максіму Багдановічу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ НЕДАПЕТАЯ…

Песьня недапетая… Песьня абарваная…
кволая і стромкая ў ясных фарбах раньня.
Вось такою песьняй, каб аж думкі стыглі,
ўзьняцца, захлынуцца і жыцьцё ўсё выліць.
Каб рассыпаць сэрца яснымі каралямі,
празьвінець вясёлкаю па-над сінім краем —
не адзін загінуў, не адзін загіне
з песьняй лебядзінаю пра сваю краіну.
Сіні край з балотамі, ды з лугамі роснымі,
з ценьмі бурштыновымі, з шэрымі пракосамі…
Мы ўжо не заблудзім ў сьцежках палыновых,
бо буяней песьні і сталёвей словы.
Ўсё аддаць прыгожаму… Ўсё жыцьцё убогае.
Распыліцца ў радасным, а сабе — нічога.
Што ў жыцьці жаданьней хараства і сьвету —
радасьці бязьмежнай сінякрылых ветраў…
Адару краіну я сэрца свайго скарбамі;
змалку і да сьмерці — ў залацістых фарбах…
Можа і загіну… Можа ўспомняць людзі…
Мо‘ заплача любая, а пасьля… забудзе.