Перайсці да зместу

Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Пчала, Гарфа, Мыш і Прусак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прыгоды Сіада Пчала, Гарфа, Мыш і Прусак
Казка
Аўтар: Шамас Макманус
1923 год
Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі
Ведзьміна Торба

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пчала, Гарфа, Мыш і Прусак.

Жыла сабе ўдава з сынам, якого звалі Джэк. Мелі яны тры каровы і жылі ня бедна. Але вось надыйшоў і на іх цяжкі час — здарыўся неўраджай і беднасьць пастукалася да іхняе хаты. Цяжка прыйшлося ім, бедным, жыць.

— Нічога ня зробіш, — думала старая, — прыдзецца прадаць карову.

Адзін раз увечары яна й кажа Джэку:

— Устань, сынку, заўтра раней і вядзі на кірмаш нашую пярэстую, там яе прадасі.

Што сказалі, тое й зрабілі. Раніцай, яшчэ досьвіту падняўся наш Джэк, узяў кіёк, і пагнаў пярэстую на кірмаш.

На кірмашы Джэк убачыў на вуліцы вялікую купу людзей. Каб даведацца што там такое, Джэк пралез наперад і ўбачыў маленькага чалавечка з пчалой, мышкай, прусаком і маленечкай гарфай.

Чалавек спусьціў сваіх зьвяркоў на зямлю і сьвіснуў. У тую-ж мінютку пчала зайграла на гарфе, а мышка і прусак, стаўшы на заднія лапкі і абняўшыся пярэднімі, пачалі скакаць. Як толькі пчала зайграла на гарфе, а мышка з прусаком пачалі скакаць, дык за імі заскакаў увесь кірмаш. Мужыкі і бабы, гаршкі і колы, вазы і рандэлькі пусьціліся ў скокі па ўсяму месту. Джэк з пярэстай не адставалі ад іншых. Ніколі яшчэ ні раней, ні пазьней горад ня меў такога забаўнага выгляду, як цяпер.

Праз нейкі час маленькі чалавечак падняў з зямлі сваіх зьвяркоў, паклаў іх у кішэнь — і ўсё спынілася: мужыкі і бабы, Джэк са сваёй пярэстай, гаршкі і цэбры, вазы і колы, ды такі на ўсіх напаў сьмех, што мала жываты не палопаліся. Раптам незнаёмы чалавечак зьвярнуўся да Джэка.

— Джэк, ці хочаш ты мець гэны зьвярынец?

— Не адмовіўся-бы, — сказаў Джэк.

— Калі так, дык што-ж табе перашкадае?

— У мяне няма грошай.

— Затое — ёсьць карова. Я аддам табе за яе пчалу і гарфу.

— Не, — сказаў Джэк, — бедная матуля мая сядзіць дома і плача, і я мушу прадаць карову, каб хоць трохі разьвесяліць яе.

— Ці-ж табе патрэбна лепшае вясельле, — адказаў незнаёмы. — Як толькі яна ўбачыць пчалу, што грае на гарфе, дык так будзе сьмяяцца, як яшчэ ніколі не сьмяялася.

— Гэта добрая думка! — згодзіўся Джэк. Удэрылі па руках. Незнаёмы забраў карову, а Джэк пайшоў дамоў з пчалой і гарфай у кішэні. Дома маці з радасьцю спаткала сына.

— Прадаў такі кароўку, Джэк?

— Прадаў, матуля.

— І ці з карысьцю прадаў яе?

— Дужа карысна, мамачка.

— А колькі-ж ты дастаў за яе?

— Я прадаў яе не за грошы, а выменяў на тавар, яшчэ лепшы за грошы.

— Што-ж ты, сынку, нарабіў?!

— Памаўчы трохі, матуля, пакуль ня ўбачыш сама, бо калі ўбачыш, дык будзеш хваліць мяне.

Джэк дастаў з кішэні пчалу і гарфу, паставіў іх на падлогу і сьвіснуў. Пачуўшы сьвіст, пчала стала граць на гарфе. Бачучы гэткае дзіва, старэнькая ня вытрымала, голасна зарагатала і пачала скакаць. Разам з ёй заскакаў і Джэк, а за імі гаршкі і міскі, вожаг і цэбры, — адным словам, уся хата пусьцілася ў скокі.

Джэк падняў з падлогі пчалу і гарфу, і ўсё спынілася, толькі старэнькая яшчэ доўга сьмяялася. Заспакоіўшыся, яна доўга лаяла Джэка, празываючы яго

Ён пагнаў карову на кірмаш.


Ён пагнаў карову на кірмаш.

дурнем і прастаком, які спусьціў лепшую карову за глупства у той час, калі ў хаце няма ні скарынкі хлеба, ні грошай.

— Мы-ж ня маем чым жыць, — сказала яна. — Заўтра раніцай завядзі Чарнушку на кірмаш і прадай яе. Са сьветам Джэк падняўся і пагнаў на кірмаш Чарнушку. Там ён ізноў убачыў вялікі натоўп людзей.

— Што гэта значыць? — падумаў Джэк. Парасьпіхаўшы людзей і пралезшы наперад, убачыў ён учорайшага незнаёмага чалавечка з мышкай і прусаком. Ізноў было тое, як учора: зьвяркі скакалі, а з імі ўвесь кірмаш. Потым незнаёмы запытаўся ў Джэка:

— Мо’ купіш маіх зьвяркоў?

— І рады-бы купіць, ды не магу, — адказаў Джэк.

— Чаму так?

— Няма грошай. А бедная мая матуля сядзіць забітая горам дома і не можа дачакацца грошай, якія я прынясу, калі прадам карову. Трэба-ж яе хоць чым-небудзь абрадаваць.

— Для гэтага найлепшае — мая мышка. Калі пчала зайграе на гарфе, а мышка заскача, дык твая маці так разьвесяліцца, як яшчэ ніколі ў жыцьці.

— Ды ў мяне-ж няма грошай, каб заплаціць табе за мышку, — цьвердзіў сваё Джэк.

— І ня трэба. Я аддам сваю мышку за тваю карову.

Беднаму Джеку так захацелася меці мышку, што ён з ахвотай аддаў незнаёмаму карову, а сабе забраў мыш.

Як толькі Джэк з мышкай у кішэні падыходзіў да хаты, маці радасна спаткала яго.

— Прадаў кароўку, сынок?

— Як-жа не прадаць, — прадаў!

— І з карысьцю прадаў?

— З вялікай, матулька.

— Ці шмат-жа грошай дастаў?

— На што тыя грошы, мамка. Я ўзяў тавар, лепшы за грошы.

— Ах, Джэк, Джэк, — аж заплакала старая. — Ну што-ж ты нарабіў!

— Ды ты ня плач, матулька.

І Джэк пачаставаў сваю маці заместа хлеба, — музыкай і скокамі ад свайго зьвярынца.

Апамятаўшыся старая накінулася на Джэка.

— Дурны ты, нягодны хлапец. У нас у хаце гроша няма, кавалачка хлеба няма, а ты дарма аддаў двух кароў. Цяпер у мяне засталася адна лысая. Завядзі яе заўтра на кірмаш і прадай. Парадуй мяне хоць разок.

Але на другі дзень Джэк прамяняў лысую на прусака і прынёс да хаты. Насьмяяўшыся і наскакаўшыся, старая доўга лаяла Джэка і скончыла тым, што пачала плакаць.

Тут ужо бедны Джэк зразумеў, што ён нарабіў глупстваў. І пайшоў ён, куды вочы глядзяць, і ўсё думаў, як-бы тут дапамагчы бядзе сваей беднае маткі.

Спаткала яго старая кабетка, якая спыталася:

— Што-ж ты, Джэк ня хочаш спрабаваць шчасьця ў дачкі Ірляндзкага караля.

— Як гэта? — запытаўся Джэк.

— Дык ці-ж ты ня ведаеш, што дачка караля ўжо сем гадоў як ні разу не засьмяялася, і кароль абяцаў аддаць і каралеўну і ўсё каралеўства таму, хто зможа рассьмяшыць яе тры разы у рад.

— Калі гэта праўда, — сказаў Джэк. — Дык я выграю.

Ён пабег дамоў, забраў пчалу, гарфу, мыш і прусака ў кішэнь і разьвітаўся з маткай, абяцаючы даць ёй ў скорым часе аб сабе вестку. А сам пусьціўся ў дарогу.

Падыходзячы да каралеўскага замку, Джэк прымеціў, што ён абсаджаны каламі, на якіх тырчэлі чалавечыя галовы.

— Што гэта за штука? — запытаўся ён у каралеўскага стражніка.

— Кожнаму, хто адважыцца рассьмяшыць каралеўну тройчы падрад і ня зробіць гэтага, сьцінаюць галаву і саджаюць яе на кол. Гэта ўсё галовы такіх няздатных людзей, — адказаў стражнік.

— Кампанія досыць вялікая, — сказаў Джэк і папрасіў, каб аб ім паведамілі караля і каралеўну.

Скора выйшлі кароль, каралева, каралеўна і ўвесь двор і расселіся на залатых і срэбных крэслах. Потым загадалі прывясьці Джэка.

Гатуючыся стаць перад каралеўскімі вачыма, Джэк выцягнуў з кішэні пчалу з гарфай, мышку і прусака, прывязаў іх шнурком адзін да аднаго, а сам узяў канец шнурка ў рукі і так пайшоў да каралеўскага палацу.

Калі кароль, каралева і ўсе прыдворныя ўбачылі Джэка ў лахманах з мышкай, пчалой і прусаком, які поўз усьлед, дык усе ажно пакаціліся ад сьмеху. Каралеўна падняла галаву, каб паглядзець над чым гэта ўсе сьмяюцца, і ўбачыўшы Джэка з яго зьвярынцам, адчыніла рот і пачала так рагатаць, як ніколі за ўсё сваё жыцьцё не сьмяялася.

Джэк нізка пакланіўся каралеўне і сказаў:

— Дзякую каралеўне; на адну трэць ты ўжо мая.

Потым ён сабраў сваіх зьвяркоў у кружок і сьвіснуў. У тую-ж хвіліну пчала зайграла на гарфе, а мыш з прусаком сталі на заднія лапкі, абняліся перэднімі і і пачалі скакаць. Кароль, каралева, ўсе дваровыя, і чэлядзь, і замак, — ўсё чыста закруцілася ў скоках. Бачучы гэта, каралеўна ня вытрымала і засьмяялася яшчэ галасьней, чым у першы раз. Джэк зноў пакланіўся ёй і сказаў:

— Дзякую табе, пані, ты ўжо на дзьве-трэці мая.

Джэк і яго зьверы скакалі і круціліся, але каралеўна ўжо больш не сьмяялася. Беднаму Джэку ўжо здалося, што яго галава тырчыць на кале пасярод тых, якіх ён бачыў. Але лоўкая мышка дапамагла яму. Яна стала на пяткі і папала канцом хвосьціка ў нос прусаку, той пачаў чыхаць і доўга ня мог супакоіцца. Тут ужо каралеўна так засьмяялася, як яшчэ на сьвеце ня чулі.

— Вось дзякую табе, мілая каралеўна, — сказаў Джэк, — цяпер ты ўжо мая.

Чые гэта галовы? — запытаўся Джэк.


Чые гэта галовы? — запытаўся Джэк.

Джэк падняў свой зьвярынец з зямлі, і кароль павёў яго ў свой палац. Тут яго памылі і прычасалі, апранулі ў пекную дарагую вопратку і прывялі да каралеўны. Каралеўна сказала, што ніколі яшчэ ня бачыла малайца больш прыгажэйшага і мілейшага за Джэка і з радасьцю згодзілася пайсьці за яго.

Джэк паслаў людзей за сваей старэнькай маткай. Вясельле спраўлялі дзевяць дзён і дзевяць ночаў і кожны дзень быў вясёльшы, чым папярэдні. Усе купцы, шляхта і ўвесь ірляндзкі народ былі запрошаны на вясельле. І я там быў, мёд-піва піў, па вуснам цякло, а ў рот не папала.