Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Ведзьміна Торба
← Пчала, Гарфа, Мыш і Прусак | Ведзьміна Торба Казка Аўтар: Шамас Макманус 1923 год Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі |
Ведзьміна Торба.
Жыла-была старая кабета. Было ў яе тры дачкі. Калі бацька іх памёр, маці ведала, што сіроты ні ў чым ня будуць мець нястачы, бо нябошчык пакінуў ім вялікую скураную торбу, набітую золатам і срэбрам. Але не пасьпелі яго, як трэба, пахаваць, як прыйшла Ведзьма, апранутая па жабрацку. Быццам просячы міласьціны, яна паціхеньку ўкрала торбу з золатам і срэбрам, дый так хуценька некудысь згінула, што ніхто ня ведаў, па якой дарозе яна пайшла.
Вось гэткім спосабам удава са сваімі дочкамі адразу зьбяднела і ёй прышлося без адпачынку працаваць, каб пракарміць і выхаваць сваіх дачок.
Калі дзяўчынкі падрасьлі, старэйшая кажа ёй аднойчы:
— Матуля, я ўжо вялікая і мне сорамна сядзець бяз ніякае работы і без карысьці дома. Сьпячы мне аўсяную ляпешку, і я пайду ў сьвет шукаць шчасьця.
Маці сьпякла ёй ляпешку і запыталася ў яе, ці яна хоча атрымаць палову ляпешкі з матчыным благаславенствам, ці ўсю ляпешку без благаславенства. Дачка згодзілася лепш узяць цэлую ляпешку, хоць і бяз матчынага благаславенства.
І вось яна пайшла ў дарогу.
— Калі я не вярнуся праз год і дзень, дык вы ўжо ведайце, што я жывая і здаровая і знайшла сваё шчасьце, — сказала яна.
Доўга яна йшла, пакуль ня прыйшла ў невядомую старонку. Па дарозе яна зайшла ў маленькую
хатку і ўбачыла ў ёй старую Ведзьму. Ведзьма запыталася ў яе, куды яна йдзе, а дзяўчына адказала, што йдзе шукаць шчасьця.— Мо’ ты засталася-б у мяне, — сказала Ведзьма. — Мне якраз патрэбна цяпер служанка.
— А што я буду ў цябе рабіць?
— Будзеш умываць мяне, апранаць, замятаць печку. Але-ж вялікую будзеш мець бяду, калі ўздумаеш паглядзець у комін.
— Згаджаюся, — сказала дзяўчына.
На другі дзень, як Ведзьма прадзёрла свае вочы, дзяўчына памыла і апранула яе, а калі Ведзьма выйшла з хаты, яна чыста падмяла пячурку і падумала пры гэтым: ня будзе вялікае бяды, калі я адным вокам гляну ў комін. Яна падняла вочы, і ўбачыла, што ў коміне вісела скураная торба з золатам і срэбрам, украдзеная ў яе маці. Яна схапіла яе, закінула на плечы і, як мага, пабегла да хаты.
Не пасьпела яна далёка адбегчыся ад ведзьмінай хаткі, як спаткала каня, які пасьвіўся ў полі. Убачыўшы дзяўчыну, конь загаварыў чалавечым голасам: — Паскрабі мяне, паскрабі мяне! Вось ужо сем гадоў, як мяне ніхто ня скроб.
Але яна толькі ўдэрыла яго кіем, які мела ў рукох, і прагнала з дарогі.
Скора спаткалася яна з авечкай, якая сказала: — Пастрыжы мяне, пастрыжы мяне! Ужо сем гадоў, як мяне ня стрыглі.
Але дзяўчына ўдэрыла аўцу і сагнала яе з дарогі.
Далей спаткала яна спутанага казла, каторы прасіў яе: — Зьмяні мае путы, зьмяні мае путы! Вось ужо сем гадоў, як мне не зьмянялі путаў.
Яна шыбанула каменем у казла і пайшла далей.
Яшчэ далей па дарозе да яе зьвярнулася печка: — Вычысьці мяне, вычысьці мяне! Ужо сем гадоў, як мяне ніхто ня чысьціў.
Але дзяўчына злосна глянула на печку і пабегла далей.
Потым спаткала яна карову: — Падой мяне, падой мяне! Мяне не даілі ўжо сем гадоў, — сказала карова.
Дзяўчына сьпіхнула карову з дарогі і пабегла далей.
Нарэшце падыйшла дзяўчына да млыну.
— Пакруці мяне, пакруці мяне, — прасіў млын, — во, будзе ўжо сем гадоў, як мяне ніхто ня круціў.
Дзяўчына нават ня слухала, увайшла ў млын і лягла за дзьвярыма, падклаўшы пад галаву торбу, бо ўжо настала ноч.
Вярнуўшыся дамоў і ўбачыўшы што дзяўчыны няма, ведзьма кінулася да пячуркі, глянула ў комін і пераканалася, што торба згінула. Яна з вялікай злосьцю пусьцілася ўздагон.
Скора яна ўбачыла каня і запыталася ў яго:
— Косю, Косю, ці ня бачыў ты маей служанкі, якая маець пры сабе скураную торбу з срэбрам і золатам, што я назьбірала за маладых гадоў?
— Яна толькі што прабегла тутака, — адказаў конь.
Ведзьма зноў пабегла і сустрэла авечку.
— Авечка, авечка, ці ня бачыла ты мае дзяўчыны са скураной торбай і срэбрам-золатам?
— Бачыла, — адказала аўца, — яна нядаўна тутака каля мяне прабегла.
Тое-ж самае сказалі ёй казёл, печка і карова. Нарэшце, убачыла яна млын.
— Млынок, млынок, ці ня бачыў ты мае дзяўчыны са скураной торбай і з золатам-срэбрам, што я за маладых дзён назьбірала.
І млын сказаў:
— Бачыў. Яна вунь сьпіць за маімі дзьвярмі.
Ведзьма ўвайшла, удэрыла дзяўчыну сваёй белай кульбакай і перавярнула яе ў камень. Забраўшы торбу з грошамі, яна пайшла дамоў.
Прайшоў год і дзень з таго часу, як старэйшая дачка ўдавы пакінула матчыну хату. Бачучы, што сястры няма, сярэдняя дачка сказала матцы;
— Відаць, што сястра недзе добра жывець. Ці ня сорам мне, матулька, сядзець дома, склаўшы рукі. Сьпячы ты мне аўсяную ляпешку, і я пайду шукаць шчасьця па беламу сьвету.
Маці запыталася, ці яна хоча цэлую ляпешку без матчынага благаславенства, ці палову, але затое з благаславенствам.
Дачка захацела цэлую і на разьвітаньні сказала:
— Калі я не вярнуся праз год і дзень, дык ведайце, што я жывая і здаровая і знайшла сваё шчасьце.
Але і яе спаткаў такі самы лёс, як і старшую сястру.
Прайшоў год і дзень, а яна ўсё не варочалася.
І тады сказала малодшая дачка ўдавы:
— Сёстры знайшлі сваё шчасьце, няўжо-ж мне прыдзецца сядзець тутака ўвесь свой век бяз працы і бяз ніякае карысьці для сябе і другіх. Сьпячы ты мне, матуля, ляпешку; пайду і я шукаць сабе шчасьця.
Маці запыталася, ці яна хоча цэлую ляпешку без матчынага благаславенства, ці палову з благаславенствам.
І дачка адказала:
— Дай мне палову ляпешкі і паблагаславі мяне, матулька.
Маці паблагаславіла яе і дала ёй палову ляпешкі.
Пасьля доўгае дарогі, таксама, як і старэйшыя сёстры, падыйшла яна да ведзьмінай хаткі. Ведзьма ўзяла і яе за служанку. Убачыўшы ў комінку торбу з золатам і срэбрам, яна схапіла яе і пусьцілася уцякаць.
Прабягаючы каля каня, яна пачула яго жальбу:
— Паскрабі мяне, паскрабі мяне! Ужо сем гадоў мяне не скраблі.
— Бедны мой косінька, — сказала добрая дзяўчына. І, паклаўшы торбу, яна скробкаю паскрабла каня.
Далей сустрэлася ёй авечка і жаласна прасіла:
— Пастрыжы мяне, пастрыжы мяне! Ужо сем гадоў, як мяне ня стрыглі.
— Бедная, бедная авечка! — сказала дзяўчына. — Я пастрыгу цябе. І яна пастрыгла авечку.
Казлу яна зьмяніла путы, пачысьціла печку і падаіла карову. Урэшце, дабегла яна да млыну.
— Пакруці мяне, пакруці мяне! Вось, ужо сем гадоў, як мяне ня круцілі. — Папрасіў млын.
— Ах ты бедны мой млынок! — пашкадавала яна. І пакруціла яго.
Тым часам ужо надыйшла ноч, і яна ўвайшла ў млын, дый паклалася спаць за дзьвярыма.
Ведзьма, вярнуўшыся да хаты, не знайшла ўжо там дзяўчыны. Кінулася яна да коміну і ўбачыла, што торба зчэзла.
Яна страшэнна зазлавалася і кінулася даганяць дзяўчыну:
Дабегла яна да каня, дый пытаецца:
— Косю, косю, ці ня бачыў ты маей служанкі са скураной торбай, з срэбрам-золатам?
— Табе мусіць здаецца, што ў мяне толькі і работы, што сьцерагчы тваіх служанак, — адказаў конь. — Ідзі, шукай сабе ў другім мейсцы.
Тое самае сказалі авечка, казёл, печка і карова. Урэшце, убачыла яна млын.
— Млын-млынок, ці не бачыў ты маей служанкі са скураной торбай, а ў ёй срэбра-золата?
— Падыйдзі бліжэй і скажы мне на вуха, — адказала мельніца.
Ведзьма падышла да млыну бліжэй, а ён закруціў яе ў свае колы і змалоў на муку.
Падаючы, Ведзьма ўпусьціла з рук сваю белую кульбаку. Млын загадаў дзяўчынцы, каб яна гэтаю кульбакаю ўдэрыла па двом каменям, што ляжалі за дзьвярыма.
Тая паслухалася, і стаўся цуд! — перад ею апынуліся яе згінуўшыя сёстры. Тутака яна ўсклала торбу з золатам і срэбрам на свае плечы, і ўсе тры яны пайшлі дамоў.
Дома маці, ня сьціхаючы, плакала і сумавала па згінуўшых дачкох. Як-жа яна ўзрадавалася, калі ўбачыла іх жывых і здаровых, ды яшчэ з торбай золата і срэбра!