Перайсці да зместу

«Сялянка» В. Дуніна-Марцінкевіча на менскай сцэне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Сялянка» В. Дуніна-Марцінкевіча на менскай сцэне
Артыкул
Аўтар: Альберт Паўловіч
1929
Крыніца: Полымя, 1929 - №8-9

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„СЯЛЯНКА“ В. ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧА НА МЕНСКАЙ СЦЭНЕ

(Гістарычная спраўка)

Альбэрт Паўловіч

„Сялянка“ — гэта двухактовая комэдыя-опэра: выдана яна была ў Вільні, у 1846 годзе (16°. 109); музыку да яе скомпанаваў Станіслаў Манюшка, выдатны беларускі композытар.

Гэтая опэра карысталася вялікім посьпехам і ставілася яна ў Менску, у Бабруйску і Слуцку; на провінцыі, як мне вядома, яна ставілася на кватэры ў нашага далёкага сваяка Валерага Паўловіча, у Глуску.

Валеры Паўловіч сам быў беларускі поэта[1] і быў блізка знаёмы з Дунін-Марцінкевічам.

Склад трупы В. Марцінкевіча быў звыш 20 чалавек, у тым ліку сам аўтар і дзьве яго дачкі.

Апрача аўтара, вельмі чынны ўдзел прымалі яго два таварышы: Авэр‘ян Васільеў і Ляўданскі. Вось на гэтых двух асобах я мушу спыніць увагу.

А. Васільева я пазнаў дзякуючы таму, што з ягоным сынам, Якавам, мне давялося служыць на Лібава-Роменскай чыгунцы.

Я. Васільеў нарадзіўся і памёр у Менску, быў шчырым беларусам. Нацыянальнае пачуцьце перайшло да яго ад яго бацькі, Авар‘яна. Шмат гадоў мы з ім служылі і таварышкавалі. Неяк раз зусім выпадкова пачалі паміж сабой гутарыць пабеларуску. Тутака выкрылася сама сабой наша прыхільнасьць да роднае мовы і мы пасьля таго ўжо так гутарыць не пакідалі.

На нас, праўда, зьвярталі ўвагу,—некаторыя казырыліся, некаторыя высьмейвалі і толькі лічаныя асобы: А. С. Шыманскі, браты А. і І. Каспэрскія, П. Малішэўскі і П. Астанковіч зусім шчыра нас разумелі і нам спагадалі і ахвотна гутарылі на „простай“ мове. Ведама, у той час,—гэта 20—25 гадоў назад,—лічылася дрэнным тонам гаварыць папросту.

Я. Васільеў меў добрую памяць і шмат вершаў даўгіх, як „Евгений ОнегинПушкіна, „Stare Wrota“—Сыракомлі (Л. Кандратовіча) казаў з памяці, ведаў многа беларускіх вершаў.

На запытаньне мае—адкуль у яго такі багаты запас матарыялу для даклямацыі на беларускай мове,—ён мне расказаў наступнае:

Яго бацька, Авэр‘ян, быў таварышом Вінцука Марцінкевіча і Ляўданскага (імя апошняга ня помню). У той час Васільеў быў пісарам у міравога судзьдзі, а Ляўданскі старшым нейкім у друкарні. Абодва гэтыя прыяцелі Марцінкевіча разам з апошнім прымалі гарачы ўдзел у спэктаклях, якія адбываліся ў Менску ў тэатры Поляка, а пасьля забароны беларускіх твораў (у 1852 г.), на кватэрах прыватных асоб (у Сьвіды і Лапіцкай). А. Васільеў выконваў ролю адміністратара, а Ляўданскі—артысты на ўсе амплуа.

Між іншым, Якаў Васільеў адзначаў вельмі ўдалую ролю Ляўданскага, які, маючы нязвычайную, проста фэномэнальную памяць, станавіўся да выконваньня ролі бяз жаднае падрыхтоўкі. Досыць яму было перад выступленьнем прачытаць тэкст адзін раз і ўсё моцна ўкладалася ў яго галаве. Ён помніў кожнае слова і мала пільнаваўся суфлёра.

Да таго і фігура яго была высокая, статная, быў вельмі рухавы, прыгожы, меў добрую вымову і ўсё гэта рабіла яго пажаданым гасьцём—у гасьціне і дасканалым артыстым—на сцэне. Ролі сабе ён не выбіраў, але у кожнай ролі быў удалым выканаўцам, на сваім месцы.

Афішу аб пастаноўцы ў Менску 9 лютага 1852 г. комэдыі Дунін-Марцінкевіча—„Сялянка“[2] мне падараваў Якаў Васільеў.

Захавалася гэтая афіша выпадкова. Ляўданскі, які меў беспасрэднае дачыненьне да друкарань, заўсёды стараўся як найхутчэй атрымаць афішы. Разам з бацькам Якава Васільева, удвох яны абыходзілі знаёмых і запрашалі ў тэатр.

У часе забароны мясцоваю ўладаю беларускіх спэктакляў, яны пісалі афішы ад рукі, а спэктаклі адбываліся ці на кватэры ў Ляўданскага ці ў самога В. Марцінкевіча, або у знаёмых. Улетку Марцінкевіч над'яжджаў з Люцынкі.

У афішы адзначана, што ролю Наума Прыгаворкі—войта—граў сам аўтар, поэта-драматург, а сялянак—дочкі яго. Гэты ўдзел усёй сям‘і Вінцука Марцінкевіча ясна сьведчыць аб тым, што ўсе, а асабліва сам поэта любілі беларускае слова.

Між іншым Васільеў казаў, што гэтая афіша была першай і апошняй абвесткай аб ужываньні на сцэне беларускай мовы: у той-жа дзень быў, выданы слоўны загад (а пасьля і пісоўны) аб забароне спэктакляў на „простонародном языке“. Усё-ж такі ў той дзень, 9 лютага 1852 г., спектакль адбыўся, бо дазваленьне на той дзень было ўжо мясцовай уладай дана, але была толькі нейкая замінка з расклейкаю афішы,—яе меліся зьнішчыць.

Афіша ня была расклеена, яе давялося саматугам разносіць па знаёмых, як запрашэньне. Вестка аб забароне хутка разьнеслася па Менску і дзякуючы гэтаму збор быў нябывалы.

І вось пасьля разноскі афіш некалькі асталося яшчэ на руках, але захавалася ўсяго толькі адна, якая і была мне Я. Васільевым падаравана.

Карыстаючыся выпадкам, хачу адзначыць цікавасьць гатай афішы „Сялянка“ яшчэ і з другога боку. Вядома, што для гэтай опэры „Сялянка“ музыку ўлажыў Станіслаў Манюшка—асабовы прыяцель Марцінкевіча з удзелам композытараў Крыжаноўскага і др.

Композыцыя, на жаль, нідзе не захавалася, страчана, прапалі ўсе сьляды, а разам з тым упала і вера ў тое, што рэч гэта ім, Манюшкай, была напісана.

І вось выпадкова захаваны экзэмпляр афішы пацьвярджае самы факт, які пачынаўся брацца грамадзянствам ужо пад сумненьне.

Аб тым, што мне пашчасьцілася атрымаць рэдкі экзэмпляр афішы, я паведаміў Яна Луцкевіча і Рамуальда Зямкевіча.

Вельмі зацікавіўся тады афішай і кореспондент газэт—„Kurjera Wileńskiego“ і „Gońca Porannego“, Дворжачак, які ў абедзьвюх газетах[3] адначасова даў абвестку, што бачыў у мяне афішу, зазначыўшы, што „опэра гэта, здаецца, зусім невядома і ў ніякім сьпісу твораў Манюшкі ня лічыцца“. Між іншым, Дворжачак пасьля прапанаваў мне прадаць гэтую афішу Гэнрыку Опіньскаму (?), які зьбіраў увесь матэрыял, які датыкаўся твораў Ст. Манюшкі.


  1. В. Паўловіч быў вайсковы і ў 1860 г. жыў у Бабруйскім павеце (між іншым, у Глуску і Парычах). Аб ім часта мне ўспамінаў дзядзька Апалінары Паўловіч, які спатыкаўся з ім у Парычах і расказваў, што ён пісаў вершы і папольску, і пабеларуску ім вельмі быў зацікаўлены Ян Луцкевіч, які меў рукапісы яго, і мой бацька дакладна яму даў весткі аб радні, у каго-б Луцкевіч мог дастаць яшчэ што-колечы з рукапісаў (перапіска з Іванам Луцкевічам у мяне захавалася, у ёй-жа ён цікавіўся і аб афішы „Сялянка“).
  2. Гл. Запіскі Аддзелу гуманітарных навук, кн. 2. Працы клясы і філёлёгіі, т. 1. ІБК 1928 г., стар. 314—315 (адбітак).
  3. „Gonec Powanny“ № 496, 1911 r.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.