Ігнат і п’яўкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ігнат і п’яўкі
Байка
Аўтар: Янка Купала
1909
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/46543



Лет шмат
      Таму назад
      Ігнат
Гарачынёй, здаецца,
      Купаўся ў рэчцы
      І, як на грэх
(Бадай, што заяц,
      Паганец,
      Сьцежку перабег),
К адной зь дзьвюх ног
Прынадзіў п’явак трох.
      Прыліплі, цягнуць, як мага,
      Аж сохне, корчыцца нага.
Бяда! Ўжо кінуўся і сяк і так,
      Заціснуўшы кулак,
Да іхняй скуры небарак, —
      Яны ж каб дбалі:
      Смокчуць далей!..
"Э, годзе, кіньце ўжо даіць, сястрыцы,
      Ці ж мала вам сваёй вадзіцы? —
      І сьмех, і грэх, і стыд, скажу я,
      Смактаці кроў чужую!» —
      Так ім навучна ён талкуе,
      І ў той жа час
(Ня першы п’яўкам, відна, раз)
      Пачуў адказ:
      «Мае суседкі вінаваты», —
Кіўнула зь іх адна Ігнату,
Як ёсьць уся ў бліскучых латах,
      І пацягнула цёплы смок,
Аж колька ў крук згібала бок.
«Ня мне, а гэным дзьвюм крывёй
      Жыць хочацца чужой», —
      Пачуў ён ад другой
      Таўстой, таўстой,
Ды сёрб, ад першага ямчэй,
Даць мусіў з жыліны сваей.
      «Я? я так толькі, з дабраты,
А вось за тых вазьміся ты!» —
З чароду трэйцяя хлюснула,
Найболей кемкага агулу,
І смагла, смагла смактанула…

                        *

      Што далей там было, —
      Да байкі не дайшло.
П’яўкі ж (ой, чорт недзе рад!),
Хоць дней сышло — праходзіць шмат,
      Жывуць як бы ні ў чым, —
А толькі, як даць раду ім,
      Варожа ўсё Ігнат!..

(1909)