Гэта старонка не была вычытаная
Глядзіць пусткаю ніва,
Пустка ў пуні і клеці.
Думкі скрыты памрокай:
То прасьветласьць, то цьма там;
Уздыхаеш глыбока
Над сабою, над братам.
Нікне з сэрца надзея,
Праўдзе верыць марудзіш…
Надта ж гора дадзене —
На сьвет цэлы забудзеш.
Сьцежкі росіш сьлязою,
Гляне труд без патолі,
Варажба варажбою,
А нядоля нядоляй.
Недзе ў далі палае
Наша сонца-багацьце, —
Бусел стуль вылятае
Бедакоў прывітаці.
Людзі бусла пусьцілі
Чысьціць сьвет з брыды ўсякай,
Дый ці-ж птушынай сіле
Усіх зьнішчыць вужакаў.
Зводзімся забабонам,
Як бяду напаткаем,
Няма долі даўно нам, —
Варажбой намагаем.
Чалавеку бясконца
Шчасьце ў прышласьці сьніцца,
Покі-ж выгляне сонца,
Грызе вочы расіца.
1905 г.
|}