— Мой выратоўца!
Джон Белью недаверліва настаражыўся. Яму і ў галаву не прыходзіла, што Кіт прыме яго запрашэнне.
— Ты жартуеш! — сказаў ён.
— Калі мы едзем?
— Падарожжа будзе цяжкае. Ты нам перашкодзіш.
— Не перашкоджу. Я буду працаваць. Я навучыўся працаваць з таго часу, як паступіў у «Хвалю».
— Кожны павінен узяць з сабой прыпасаў на цэлы год. Туды нахлыне столькі народа, што індзейцы не справяцца з пераноскай багажа. Хэлу і Роберту прыдзецца на сваіх плячах перацягваць сваё снаражэнне. Вось для чаго я еду: хачу даламагчы ім несці груз. Калі ты паедзеш з намі, табе прыдзецца рабіць тое-ж самае.
— Вось пабачыце.
— Але-ж ты не зможаш пераносіць цяжары, — заўважыў Джон Белью.
— Калі мы едзем?
— Заўтра.
— Не думайце, калі ласка, што на мяне так падзейнічалі вашы словы, — сказаў Кіт на развітанне. — Мне проста неабходна знікнуць як-небудзь, куды-небудзь ад О’Гара.
— Што яшчэ за О’Гара? Япошка?
— Не. Ён ірландзец. Наглядалькік за рабамі, мой лепшы сябра. Гэта выдавец, уласнік і вялікі тыран «Хвалі». Усё падпарадкоўваецца яму. Ён умее прымусіць іншых працаваць.
У гэты-ж вечар Кіт Белью напісаў О’Гара запіску.
«Еду ў водпуск на некалькі тыдняў, — растлумачыў ён. — Падшукайце на гэты час каго-небудзь, хто мог-бы пісаць працяг рамана. Мне вельмі шкада, сябра, але справа ідзе аб маім здароўі. Вярнуўшыся, я прыналягу на працу з падвоенай энергіяй».
ІІ
Кіт Белью высадзіўся сярод шалёнай таўкатні на бераг Дайе, завалены тысячапудовым багажом тысяч людзей. Гэтыя вялізныя масы снаражэння і харчавання, якія выгружаліся з параходаў на бераг, пачыналі пакрыху перапраўляцца ўгару па даліне Дайе і праз Чылькут. Пераход працягласцю ў дваццаць восем міль можна было зрабіць толькі на ўласных нагах, пераносячы груз на спіне. Хоць цана за пераноску фунта багажа паднялася з васьмі цэнтаў да сарака, індзейцы-насільшчыкі былі нарасхват, і ўсім было ясна, што надыходзячая