Старонка:Смок Белью.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзядзечка ледзь не захлынуўся ад абурэння. Авалодаўшы сабой, ён з цяжкасцю выгаварыў:

— Колькі табе год?

— Вы, напэўна, самі…

— Так, ведаю. Дваццаць сем. Калі ты скончыў універсітэт, табе было дваццаць два гады. Цэлых пяць год ты толькі і рабіў што маляваў, брынкаў і крыўляўся. Ну, прызнайся-ж перад богам і людзьмі: на што ты прыгодны? У тваім узросце ў мяне была адзіная змена бялізны. Я быў аб’езчыкам У Калюзе. Я быў моцны, як камень, і мог спаць на голым каменні. Харчаваўся я саланінай і медзвяжацінай. І вось нават цяпер я фізічна мацнейшы за цябе. Твая вага, можа быць, каля ста шасцідзесяці пяці фунтаў, а я хоць цяпер магу паваліць цябе і расплюшчыць вось гэтымі кулакамі.

— Для таго каб паглынаць кактэйлі і рэдкую гарбату, не патрабуецца цудаў фізічнай сілы, — запярэчыў Кіт. — Хіба вы не бачыце, дзядзечка, што час змяніўся? Ды і выхаванне маё было няправільнае. Мая дарагая неразважлівая маці…

—Джон Белью нездаволена паморшчыўся.

— … як вы самі сказалі, была залішне добрая да мяне, трымала мяне ў ваце, і таму падобнае. Калі-б я яшчэ хлапчуком прымаў удзел у тых сапраўдных мужных вылазках, якія вам так да сладобы… Дарэчы, чаму вы ніколі не бралі мяне з сабой? Вось-жа захапілі мы Хэла і Робі, калі накіраваліся ў Сьеру і Мексіку?

— Мне здавалася, што ты праз меру падобен на маленькага лорда Фаунтлероя[1].

— Па вашай віне, дзядзечка, і па віне маёй дарагой маці. Як-жа я мог загартаваць сябе? Мяне лічылі толькі дзіцем. Што мне заставалася, апрача гравюр, карцін і веераў? Хіба я вінен у тым, што мне ніколі не прышлося як след папацець?

Стары зірнуў на свайго пляменніка з яўным незадаволеннем. Ён не мог больш выносіць гэтага лёгкадум’я.

— Ну, добра, я якраз збіраюся прадпрыняць адну з тых вылазак, якія ты называеш сапраўды мужнымі. Што, калі-б я запрасіў цябе на гэты раз?

— З некаторым спазненнем, трэба прызнацца. Куды гэта?

— Хэл і Робі едуць у Кландайк, і я збіраюся праводзіць іх цераз перавал да азёр. Адтуль я павярну назад…

Ён не скончыў фразы, таму што малады чалавек ускочыў і схапіў яго за руку.

  1. Лорд Фаунтлерой — герой вядомай аповесці Бернет.