сяч людзей: «ня хочаш працаваць на маіх умовах, - ідзі, куды ведаеш, у мяне рабочых і так болей, чым трэба». Беспрацоўе, як заўсёды, ішло адразу за крызісам. «Першай справай зойдзеш на які-небудзь завод або фабрыку, скрозь толькі чуеш, што разьлічаюць, - пісала «Рабочая Газэта» народавольцаў у канцы 1880 г. Напрыклад, у Голубева, у Лесьнэра разьлічылі чацьвертую частку ўсіх рабочых; у Пуцілава, у Нобэля, на Бальтыцкім - трэцюю частку; у Расьцераева, на патронным, у Пятрова-палавіну; завод Берда зусім спыніўся, а было ў ім 1500 рабочых. Тое самае і на фабрыках. Выходзіць, значыцца, што і пастаянным піцерскім рабочым няма куды дзецца, а тут на няшчасьце неўраджай нагнаў з провінцыі нямала рабочага люду. Як цяпер паглядзім на ўсё гэта, дык табе і зробіцца відаць, чаму на некаторых вуліцах няма праходу ад жабракоў, чаму паліцыя, хоць і высылае тысячамі жабракоў з гораду, усё-ткі ня можа ачысьціць вуліцу ад іх».
Крызіс захапіў усю першую палавіну 1880-х гадоў і за 6 год (1881-1886) гісторыкі расійскага рабочага руху налічваюць 48 вялікіх забастовак, у якіх прымала ўдзел больш 80 тысяч рабочых. Самай слыннай з іх засталася вядомая «Марозаўская забастоўка» - забастоўка ў студзені 1885 году на фабрыцы Цімафея Марозава ў Орэхава-Зуеве, фактычны першы посьпех расійскага рабочага руху, як угледзім ніжэй, хоць скончылася яна нібы перамогай фабрыканта. У Марозава, як і скрозь, карыстаючыся крызісам, рэзка зьменшылі заработную плату (адразу на 25 проц.); адначасна адміністрацыя фабрыкі атрымала ад гаспадара загад так нялітасна штрафаваць рабочых, што з кожнага рубля яшчэ 25 проц. заставалася у гаспадарскай скарбніцы ўжо ў выглядзе штрафу. Штрафавалі за ўсё: за курэньне быў вызначаны штраф ад 3 да 5 рублёў, за 1 прагульны дзень вылічалі 3-дзённы заработак і г. д. Для зьдзельнай працы паставілі такія ўмовы, што, як прызнаўся сам гаспадар на судзе, іншы ткач зарабляў ня больш 2 р. 50 к. у месяц. Апрача таго яшчэ вылічалі за ўсё: і за баню, і за асьвятленьне каморак, і за вугольлі для самавару. З жыхароў каморак бралі плату з усіх чыста, так што за кожнае дзіця ў сям'і прыходзілася плаціць.
Пры такіх умовах забастоўка павінна была выбухнуць стыхійна, сама па сабе - тым больш, што ў Цімафея Марозава, жорсткага эксплёататара, рабочыя, можна сказаць, прывыклі баставаць: першая забастоўка ў яго на фабрыцы была яшчэ ў 1865 годзе. Але асаблівай рысай марозаўскай забастоўкі 1885 году было іменна тое, што яна ня была стыхійнай. На чале яе стаялі сьвядомыя рабочыя, Мосеенак і Волков; першы быў старым барацьбітом пецярбурскага рабочага руху канца 70-х гадоў і за ўдзел у пецярбурскіх забастоўках быў у ссылцы, ва Ўсходняй Сібіры. Волков, як угледзім ніжэй, здолеў так добра перадаць вымаганьні рабочых, што з волкаўскай «цятрадзі» сёе-тое проста перайшло ў расійскія фабрычныя законы