1880-х гадоў. Забастоўка была праведзена з вялікай вытрыманасьцю і наможлівасьцю; ткачы, якія пачалі забастоўку, здолелі зьняць з працы спачатку ткачых, потым прадзільнікаў, потым фарбавальнікаў; усё прадпрыемства стала. Масеенак і Волков умаўлялі таварышоў не рабіць ніякіх гвалтаў, але злосьць пролетарскай масы супроць адміністрацыі была вельмі вялікая, і памяшканьням галоўных падручных Марозава добра-ткі дасталася. Рух быў настолькі грозны, што ўладзімерскі губарнатар выклікаў на месца два батальёны пяхоты і полк казакаў (рабочых баставала каля 8 тысяч чалавек). Але рабочыя і перад войскам не пашлі на ўмовы фабрыканта (Марозов пачаў здавацца, угледзіўшы згодны націск рабочых). 11 студзеня (забастоўка пачалася 7-га) яны пайшлі з чырвоным сьцягам, а калі ўпаўнаважаныя рабочых пасьля гэтага былі заарыштаваны, адбілі іх ад арышту. Толькі пасьля шэрагу боек з казакамі і пяхотай і арышту 600 чалавек, геройскае супраціўленьне забастоўшчыкаў было зломана. Праца пачалася 14 студзеня, але да яе прыступіла толькі 800 чалавек з 8 тысяч.
Ад такіх здарэньняў вельмі пахла рабочай рэволюцыяй, каб урад Аляксандра ІІІ, які наагул браў ня столькі адвагай, колькі хітрыкамі, не занепакоіўся. У лютым таго самага 1885 году, г.-зн. пад непасрэдным уражаньнем іменна марозаўскай забастоўкі, міністэрства ўнутраных спраў пісала міністру фінансаў (які загадваў тады і фабрыкамі: міністэрства гандлю і прамысловасьці ўтворана было куды пазьней гэтага часу): «Дасьледзіны мясцовай уладай прычын забастовак рабочых паказалі, што яны (забастоўкі) пагражалі набыць разьмеры сур'ёзных забурэньняў і адбыліся, галоўным чынам, з прычыны адсутнасьці ў нашым законадаўстве агульных пастаноў, на аснове якіх маглі-б вызначацца ўзаемныя адносіны фабрыкантаў і рабочых». Далей ішлі гутаркі аб рэчах, добра нам знаёмых: аб «надмерна вялікіх штрафах», якія «часта служылі ў руках фабрыкантаў спосабам штучнага зьніжэньня заработнай платы» (тут толькі імя Цімафея Марозава не хапала), і «высокай цаны ў фабрычных крамах», і недахваце дакладнасьці пры складаньні ўмоваў» і г. д., усё вельмі добра знаёмае ня толькі нам, але й царскаму ўраду яшчэ з 1870 году, як мы бачылі. Цяпер, пасьля хвалі забастовак канца 1870 і пачатку 1880 г.г., бяспраўнасьць рабочых пачынала быць небясьнечная для самога ўраду; каб Аляксандар ІІІ адчуваў сябе больш бясьпечна на прастоле, трэба было даць якія-небудзь «правы» рабочым.
На шлях фабрычнага законадаўства ўрад Аляксандра ІІІ стаў яшчэ ў 1882 годзе, але першы крок яго быў такі нясьмелы, што з боку фабрыкантаў ён нічога ня выклікаў, апрача пагарды. Законам 3 ліпня гэтага году была абмежавана эксплёатацыя малалеткаў на фабрыках і для нагляду за выкананьнем закону была організавана інспэкцыя. Але, папершае, закон адважыліся ажыцьцявіць толькі цераз два гады, з 1 траўня 1884 году.