чуваў сябе, як чалавек, які вышаў палюбавацца вясёлкай, а замест таго яго ўдарыла маланка.
Але мала-па-малу яго блытаныя мыслі прышлі ў парадак, і тады ён пачаў размышляць аб Юдзіфі. Ён абдумваў яе паводзіны, разглядаў іх з усіх бакоў, але ні да чога не дадумаўся. Пазнала яна яго ці не пазнала? Гэта труднае пытанне доўга займала яго розум; нарэшце ён прышоў да вываду, што яна яго пазнала і адраклася ад яго з-за матэрыяльных выгод. Цяпер ён гатоў быў асыпаць яе пракляццямі; але яё імя было так доўга для яго свяшчэнным, што ён не мог прымусіць сябе абразіць яе.
Загарнуўшыся ў турэмныя коўдры, парваныя і брудныя, Гендон і кароль правялі трывожную ноч. За хабар турэмшчык здабыў гарэлкі для некаторых арыштантаў, і, вядома, гэта скончылася лаянкай, калатнёй, непрыстойнымі песнямі. Пасля поўначы адзін з арыштантаў напаў на жанчыну, стаў біць яе па галаве кайданамі, і толькі падаспеўшы турэмшчык выратаваў яе ад смерці. Турэмшчык устанавіў згоду, ударыўшы па галаве нападаўшага. Тады бойка спынілася, і тыя, хто не звяртаў увагі на енк і скаргі абодвух раненых, маглі заснуць.
На працягу наступнага тыдня дні і ночы праходзілі з тамлівай аднастайнасцю. Днём з’яўляліся людзі (іх твары былі больш- менш знаёмыя Гендону), каб зірнуць на «самазванца», адрачыся ад яго і паздзеквацца з яго; а па начах паўтараліся папойкі і бойкі. Аднак пад канец нешта змянілася. Турэмшчык прывёў у камеру нейкага дзеда і сказаў яму:
— Злачынца ў гэтым пакоі. Разгледзь усіх сваімі старымі вачыма. Можа ты пазнаеш яго.
Гендон падняў вочы і першы раз за ўсё прабыванне ў турме ўзрадаваўся.
Ён сказаў сабе:
«Гэта Блэк Эндрус. Ён усё жыццё служыў сям’і майго бацькі; ён добры, чэсны чалавек, сэрца ў яго добрае. Вярней, раней у яго было добрае сэрца. А цяпер чэсных людзей зусім не асталося; усе сталі ілгунамі. Гэты чалавек пазнае мяне і адрачэцца ад мяне, як і ўсе іншыя».
Стары абвёў вачыма пакой, паглядзеў у твар кожнаму вязню і нарэшце сказаў:
— Я не бачу тут нікога, апрача нізкіх нягоднікаў, вулічнага зброду. Каторы ён?