чынкі. Убачыўшы яго, яны адразу перасталі балбатаць і смяяцца і спыніліся, як укопаныя, разглядаючы яго з вялікай цікавасцю; потым пачалі шаптацца; потым падышлі бліжэй і зноў спыніліся; зноў паглядзелі на яго і зашапталіся. Мала-па-малу яны набраліся храбрасці і пачалі гаварыць аб ім досыць гучна. Адна сказала:
— У яго твар прыгожы.
Другая дадала:
— І валасы кучаравыя.
— Але ён адзеты вельмі дрэнна.
— І які галодны на выгляд.
Яны падышлі бліжэй, сарамліва абышлі некалькі разоў вакол яго, уважліва яго разглядаючы, нібы ён быў нейкім дзіўным, нябачным зверам; баязліва і пільна назіралі за ім, нібы баючыся, што гэты звер, чаго добрага, можа і ўкусіць. Нарэшце яны спыніліся перад ім, трымаючыся за рукі, нібы шукаючы абароны адна ў адной, і вытарашчылі на яго свае прастадушныя вочы; потым старэйшая, сабраўшы ўсю храбрасць, прама спыталася:
— Хто ты такі?
— Я кароль, — адказаў ён з гонарам.
Дзеці трохі адхінуліся, шырока раскрыўшы вочы, і поўмінуты не маглі выгаварыць ні слова; потым дапытлівасць узяла верх.
— Кароль? Які кароль?
— Кароль Англіі.
Дзяўчынкі паглядзелі адна на адну, потым на яго, потым зноў адна на адну — здзіўлена, збянтэжана.
Затым адна з іх сказала:
— Ты чуеш, Мэрджэры? Ён гаворыць, што ён кароль. Ці праўда гэта?
— Як-жа гэта можа быць няпраўдай, Прыссі? Хіба ён будзе маніць? Ты-ж разумееш, Прыссі, калі гэта няпраўда, значыць, гэта мана. Мана, вядома! Ты падумай! Усё, што няпраўда, тое — мана; з гэтым ужо нічога не зробіш.
Довад быў слушны і бясспрэчны, — сумненні Прыссі адразу рассеяліся.
Яна падумала хвіліну і, усклаўшы адказнасць на чэснасць караля, прастадушна сказала:
— Калі ты сапраўды кароль, я табе веру.
— Я сапраўды кароль.
Такім чынам справа наладзілася. Каралеўскі стан яго вялі-